КАЗАЧЭ́НКА (Мікалай Міхайлавіч) (1.1.1916, в. Бярозаўка Чэрвеньскага р-на Мінскай вобл. — 21.3.1977),

Герой Сав. Саюза (1943). Скончыў Рэсп. парт. школу пры ЦК К.П(б)Б (1949). Удзельнік сав.-фінл. вайны 1939—40. У Вял. Айч. вайну з чэрв. 1941 на Зах., Паўд.Зах., Паўн.-Каўказскім, Сцяпным, 3-м Укр., 1-м Бел. франтах. Вызначыўся пры фарсіраванні Дняпра каля Ніжнедняпроўска (Украіна); у ноч на 3.10.1943 байцы аддзялення на чале са ст. сяржантам К. пад агнём праціўніка збудавалі прыстань на правым беразе ракі і пераправілі на пароме 1700 воінаў, 60 павозак з боепрыпасамі, 120 коней.

М.М.Казачэнка.

т. 7, с. 425

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЗЕ́Й (Марат Іванавіч) (10.10.1929, в. Станькава Дзяржынскага р-на Мінскай вобл. — 11.5.1944),

піянер-партызан.

Герой Сав. Саюза (1965). У Вял. Айч. вайну з ліст. 1942 у партыз. атрадзе «25 год Кастрычніка», са жн. 1943 разведчык штаба 200-й партыз. брыгады імя К.​К.​Ракасоўскага Мінскай вобл. У снеж. 1943 здабыў ваен. карты і планы камандавання праціўніка. 11.5.1944 пры выкананні баявога задання каля в. Хароміцкія Уздзенскага р-на К. быў акружаны карнікамі. Адстрэльваўся да апошняга патрона, потым гранатай падарваў сябе і гітлераўцаў, якія наблізіліся да яго. Пахаваны на радзіме, дзе ў 1987 створаны мемарыял. У Мінску К. пастаўлены помнік.

М.І.Казей.

т. 7, с. 426

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЗЛО́Ў (Георгій Кірылавіч) (1.1.1903, в. Селяхі Брэсцкага р-на — 21.12.1970),

генерал-лейтэнант (1944). Скончыў Ваен. акадэмію імя Фрунзе (1933), вышэйшыя акад. курсы пры Ваен. акадэміі Генштаба (1948). У Чырв. Арміі з 1918. Удзельнік грамадз. вайны 1918—21 на Зах. фронце. У 1933—39 у БВА. У Вял. Айч. вайну на Карэльскім, 2-м Бел. і 1-м Укр. франтах: нач. аддзела штаба арміі, камандзір дывізіі, нач. штаба арміі, камандуючы арміяй. Удзельнік вызвалення Сав. Запаляр’я, Чэхаславакіі, вайны з Японіяй. У 1946—65 нач. штаба ваен. акруг, на ваенна-пед. рабоце. Аўтар кн. «У лясах Карэліі» (1963).

т. 7, с. 430

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЗЛО́Ў (Пётр Міхайлавіч) (24.7.1893, в. Залесная Глыбоцкага р-на Віцебскай вобл. — 17.4.1944),

генерал-лейтэнант (1944), Герой Сав. Саюза (1944). У Чырв. гвардыі з 1917, потым у Чырв. Арміі. Удзельнік грамадз. вайны. Скончыў Ваен. акадэмію імя Фрунзе (1926). У Вял. Айч. вайну з 1941 на Паўд., Паўд.-Зах., Паўн.-Каўказскім і Цэнтр. франтах: нам. камандуючага, камандуючы арміяй, камандзір корпуса. Вызначыўся ў баях за Дняпро на Пн ад Кіева: у вер. 1943 корпус пад камандаваннем ген.-м. К. з ходу фарсіраваў раку, захапіў плацдарм і забяспечыў пераправу часцей арміі. У пас. Гарачаводскі Стаўрапольскага краю яму пастаўлены помнік.

П.М.Казлоў.

т. 7, с. 431

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛАКАТРО́НІС ((Kolokotronēs) Тэадорас) (14.4.1770, п-аў Пелапанес, Грэцыя — 15.2.1843),

дзеяч грэчаскага нац.-вызв. руху, военачальнік. З 1818 член падп. арг-цыі «Філікі Этэрыя». У грэчаскую нацыянальна-вызваленчую рэвалюцыю 1821—29 паўстанцы на чале з К. 8.10.1821 авалодалі г. Трыпаліс, летам 1822 разбілі тур. армію Махмудапашы Драмалі (30 тыс. чал.), якая ўварвалася на п-аў Пелапанес, у 1825—27 на чале грэч. атрадаў Пелапанеса вёў партыз. вайну супраць сіл егіп. палкаводца Ібрахіма-пашы. З 1827 прыхільнік І.Кападыстрыі, з 1831 лідэр прарасійскай паліт. групоўкі. У 1835—43 чл. Дзярж. савета пры грэч. каралю Атоне I. Аўтар мемуараў.

т. 7, с. 448

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛДЫЧЭ́ЎСКІ ЛА́ГЕР СМЕ́РЦІ Створаны ням.-фаш. захопнікамі ў 1942 каля в. Калдычэва Баранавіцкага р-на Гродзенскай вобл. ў Вял. Айч. вайну. На абнесенай дротам тэрыторыі лагера вязняў марылі голадам, непасільнай працай на торфараспрацоўках, катавалі і забівалі. Тут існавала 12 турэмных камер і спец. камера для катаванняў. У ноч на 30.6.1944 перад падыходам Чырв. Арміі гітлераўцы расстралялі вязняў, узарвалі памяшканні, зраўнавалі з зямлёй пахаванні і засеялі травой. У лагеры за час яго існавання закатавана больш за 22 тыс. чал. На месцы лагера помнік ахвярам фаш. тэрору.

Літ.:

Шерман Б.П. Барановичское гетто;

Колдычевский лагерь смерти... Барановичи, 1997.

т. 7, с. 457

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛЕ́НІКАЎ (Іван Емяльянавіч) (1911.1912, г. Гомель — 14.8.1969),

Герой Сав. Саюза (1944). Працаваў на паравозарамонтным з-дзе ў Гомелі. Скончыў Саратаўскае бранятанк. вучылішча (1937), Акадэмічныя курсы пры Ваен. акадэміі бранятанк. войск (1944). У Чырв. Арміі з 1933. Удзельнік сав.-фінл. вайны 1939—40. У Вял. Айч. вайну з чэрв. 1941 на Зах., Калінінскім, Варонежскім, Бранскім, 1-м і 2-м Укр франтах. У час Лепельскага контрудару 1941 удзельнік баёў каля г. Сянно Віцебскай вобл. Нам. камандзіра танк. брыгады маёр К. вызначыўся ў баях на Кіеўскім напрамку ў 1943. Да 1957 у Сав. Арміі, палкоўнік.

І.Е Каленікаў.

т. 7, с. 461

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛЕ́ННІКАЎ (Васіль Фёдаравіч) (н. 10.1.1921, в. Насовічы Добрушскага р-на Гомельскай вобл.),

Герой Сав. Саюза (1945). Скончыў Вольскую ваен. авіяц.-тэхн. школу (1939), Ваен.-паветр. акадэмію (1955). У Вял. Айч. вайну з 1941 на Паўд., Цэнтр., Бел., 1-м Бел. франтах: камандзір звяна, нам. камандзіра эскадрыллі штурмавога авіяпалка. Удзельнік Курскай бітвы, вызвалення Гомеля, Рэчыцы, Рагачова, Бабруйска, Брэста, Варшавы, штурму Берліна. Забяспечыў і зрабіў 140 баявых вылетаў, збіў 5 варожых самалётаў, разбамбіў 5 эшалонаў, 4 пераправы, 56 танкаў, 180 аўтамашын, 66 гармат, 68 павозак з грузам, 26 мінамётных батарэй. Да 1960 у Сав. Арміі, падпалкоўнік.

В.Ф.Каленнікаў.

т. 7, с. 462

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛЕ́СНІК (Іван Іванавіч) (9.10.1932, в. Грычына Дзяржынскага р-на Мінскай вобл. — 10.6.1979),

бел. паэт, публіцыст, перакладчык. Скончыў БДУ (1958), Вышэйшыя літ. курсы ў Маскве (1967). Працаваў у час. «Бярозка», «Маладосць», на Бел. радыё. З 1972 у выд-ве «Мастацкая літаратура». Друкаваўся з 1951. Зб-кі вершаў «Белыя каштаны» (1959), «Пяць сузор’яў» (1963), «Калі разам мы» (1967), «Інтэрнат» (1971), «Юнацтва» (1975) пра подзвігі народа ў Вял. Айч. вайну, мірную працу, каханне. На бел. мову пераклаў паасобныя творы А.​Пракоф’ева, А.​Суркова, Л.​Украінкі, М.​Нагнібеды, Т.​Масэнкі, Я.​Райніса, М.​Ханінава, З.​Нуры, П.​Нэруды, І.​Давыдкава і інш.

т. 7, с. 462

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛІНКО́ЎСКІ (Сцяпан Антонавіч) (1918, в. Даколь Глускага р-на Магілёўскай вобл. — 2.2.1945),

Герой Сав. Саюза (1945). У Вял. Айч. вайну з 1941 на Паўн.-Зах., 1-м Укр., 1-м Бел. франтах. Механік-вадзіцель танка ст. сяржант К. вызначыўся ў 1945 пры вызваленні Польшчы: пры наступленні ў складзе экіпажа знішчыў 2 мінамётныя батарэі, 11 аўтамашын і 120 павозак з боепрыпасамі, шмат жывой сілы праціўніка; 22 студз. ў час разведкі ўварваўся ў нас. пункт Кольмар і захапіў склады; 23 студз. авалодаў пераправай цераз р. Нотаць і ўтрымліваў яе да падыходу падмацавання. Загінуў у баі.

С.А.Калінкоўскі.

т. 7, с. 469

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)