ФЛО́РА (ад імя багіні Флоры),
гістарычна складзеная сукупнасць відаў раслін, якія растуць або раслі ў мінулыя геал. эпохі на дадзенай тэрыторыі. Характарызуецца разнастайнасцю відаў (багацце Ф.), узростам, ступенню аўтахтоннасці, эндэмізмам і інш. Паводле тэрытарыяльных рангаў адрозніваюць Ф. Зямлі (каля 375 тыс. відаў, у т. л. каля 250 тыс. відаў кветкавых раслін), Ф. асобных мацерыкоў, іх частак, астравоў, горных сістэм, дзяржаў, пэўных рэгіёнаў. Усе віды Ф. па адзнаках падзяляюць на элементы. Напр., віды раслін, падобныя па геагр. распаўсюджванні, складаюць геагр. элемент Ф. — сярэднеазіяцкі, усх.-сібірскі і інш. Таксама вылучаюць Ф. сістэм. падраздзяленняў, напр., водарасцей, імхоў, выкапнёвых і інш. Адрозненні паміж Ф. вызначаюцца геал. гісторыяй, глебавымі і асабліва кліматычнымі ўмовамі. Па наяўнасці комплексаў эндэмічных сям. і родаў выяўляюць рэгіянальныя супадпарадкаваныя падраздзяленні Ф., найб. буйныя з якіх складаюць фларыстычныя царствы Галарктычнае, Палеатрапічнае, Неатрапічнае, Аўстралійскае, Капскае, Галантарктычнае (гл. Фларыстычны кадастр). У Ф. Беларусі апісана каля 1,7 тыс. сасудзістых раслін, 430 відаў мохападобных, больш за 2 тыс. відаў водарасцей, больш за 1,5 тыс. відаў грыбоў. У Ф. ўключаюць таксама культурныя расліны, пашыраныя на дадзенай тэрыторыі. Выяўленыя віды раслін пэўнага рэгіёна афармляюцца ў спец. спісы (з апісаннем іх пашырэння, месцазнаходжання, біял. асаблівасцей) і выдаюцца ў выглядзе кніг пад назвай «Ф.». Неабходна адрозніваць Ф. ад расліннасці. Напр., у Ф. ўмеранай зоны Паўн. паўшар’я многа відаў з сям. асаковых, злакаў, казяльцовых, складанакветных, а ў расліннасці — расл. згуртаванні тундры, тайгі, стэпу і інш. Вывучае Ф. фларыстыка. Тэрміналагічны аналаг для жывёл — фауна.
Літ.:
Флора БССР. Т. 1—5. М.; Мн., 1949—59;
Толмачев А.И. Методы сравнительной флористики и проблемы флорогенеза. Новосибирск, 1986.
Дз.І.Траццякоў.
т. 16, с. 430