палавыя клеткі, рэпрадукцыйныя клеткі жывёл і раслін. Забяспечваюць перадачу спадчыннай інфармацыі ад бацькоў патомкам. Ва ўсіх шматклетачных арганізмаў спелыя гаметы (сперматазоіды і яйцаклеткі) развіваюцца ў палавых залозах — ганадах (мужч. — семянніках і жан. — яечніках). Адрозніваюцца паміж сабой марфалагічнай будовай і паходжаннем. Гаметы аднолькавай велічыні наз. ізагаметамі, неаднолькавай — анізагаметамі, больш вял. — макрагаметамі, дробныя — мікрагаметамі. Гаметы маюць адзінарны (гаплоідны) набор храмасом, які фарміруецца ў працэсе гаметагенезу. Пры зліцці разнаполых гамет утвараецца зігота з дыплоідным наборам храмасом, якая дае пачатак новаму арганізму. Развіццё арганізма з неаплодненай гаметы — партэнагенез.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́РМАЛА (Peganum),
род кветкавых раслінсям. парналіснікавых. 6 відаў. Пашыраны на поўдні Еўропы, у Зах., Сярэдняй і Цэнтр. Азіі, Паўн. Афрыцы і Амерыцы (Мексіка). На Беларусі ў Цэнтр. батанічным садзе АН Беларусі вырошчваюць гармалу звычайную, або магільнік (P. harmala).
Шматгадовыя травяністыя расліны са стрыжнёвым коранем. Лісце рассечанае на ланцэтна-лінейныя сегменты Кветкі двухполыя, буйныя, адзіночныя, белыя. Плод — трохгнездавая каробачка. Фарбавальныя (з насення атрымліваюць трывалыя фарбы для шарсцяных і шаўковых тканін), лек.дэкар. і ядавітыя расліны. Маюць алкалоіды (гармалін, гармін і інш.), якія выкарыстоўваюць у медыцыне і ветэрынарыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕВЕ́Я (Hevea),
род раслінсям. малачайных. Больш за 10 відаў. Пашыраны ў лясах трапічнай Амерыкі. Гевею бразільскую (H. brasiliensis), якая расце ў басейне р. Амазонка (а таксама 2 інш. віды), культывуюць у вільготных тропіках як асн. крыніцу каўчуку натуральнага.
Дрэва выш. 30—40 м. Лісце трайчастаскладанае. Кветкі дробныя, аднаполыя, сабраныя ў мяцёлчатыя суквецці. Плод каробачкападобны. Насенне авальнае, буйное (да 3 см), з шчыльнай карычневай абалонкай. Млечны сок мае ў сабе каўчук, для атрымання якога дрэва падсочваюць з 10—12-гадовага ўзросту. З аднаго дрэва атрымліваюць да 7,5 кт каўчуку за год.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕКСАКІНА́ЗА,
фермент адэназінтрыфасфатнай к-ты — гексоза 6-фасфатрансфераза. Каталізуе перанос фасфатнай групы з адэназінтрыфосфарнай к-ты на гексозу (глюкозу і інш). Удзельнічае ў першых этапах пераўтварэння глюкозы пры браджэнні, гліколізе, біясінтэзе глікагену і пры акісленні па пентазафасфатным шляху. Гексакіназа ёсць амаль ва ўсіх клетках жывёл, раслін і бактэрый. У розных арганізмаў і ў розных тканках гексакіназа прадстаўлена разнастайнымі ізаформамі (аднак усе каталізуюць адну і тую ж рэакцыю). Кафактарам гексакіназы з’яўляецца магній (Mg2+). Актыўнасць гексакіназы рэгулюецца гармонамі (інсулінам, стэроіднымі гармонамі), рэзка тармозіцца прадуктам рэакцыі гексозафасфатам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІНАГЕНЕ́З (ад гіна... + ...генез),
развіццё зародка з генетычнага матэрыялу яйцаклеткі; тып палавога размнажэння. Пры гінагенезе мужчынская гамета з інактываваным ядром, пранікаючы ў яйцаклетку, актывуе яе да драблення, але ў далейшым развіцці не ўдзельнічае. З’яўляецца формай партэнагенезу, процілегласцю андрагенезу, адбываецца ў выніку незавершанага апладнення, часцей пры апладненні яец аднаго віду спермай іншага (роднаснага) віду. Назіраецца ў некаторых відаў нематодаў, касцістых рыб, земнаводных і пакрытанасенных раслін. У эксперыменце гінагенез, як спосаб кіравання развіццём і полам, можна выклікаць штучна тэрмашокам, апрамяненнем яйцаклеткі, мікрахірургічным выдаленнем з зіготы мужчынскага прануклеуса.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІПАДЭ́РМА (ад гіпа... + дэрма),
у пазваночных жывёл самы глыбокі слой скуры з рыхлай злучальнай тканкі, у якім назапашваюцца тлушчавыя клеткі, што ўтвараюць падскурную тлушчавую клятчатку. Гіпадэрма злучае скурнае покрыва з падлеглымі тканкамі, выконвае апорную, трафічную, пластычную, тэрмарэгулятарную, ахоўную функцыі. У беспазваночных жывёл гіпадэрма — тонкі слой прызматычнага эпітэлію, што знаходзіцца пад кутыкулай, створанай у выніку сакраторнай дзейнасці клетак гіпадэрмы. У раслін гіпадэрма — адзін ці некалькі слаёў клетак, што знаходзяцца пад эпідэрмісам сцёблаў, лісця, насення і пладоў; у каранях гіпадэрмы іншы раз называюць вонкавыя пласты клетак першаснай кары.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІРШФЕ́ЛЬДЫЯ (Hirschfeldia),
род кветкавых раслінсям. капуставых. 2 віды. Пашыраны пераважна ў Міжземнамор’і. На Беларусі як рэдкая занесеная расліна трапляецца гіршфельдыя шэрая (H. incana). Расце па чыгунках, на сухіх камяністых адхонах і ўздоўж дарог.
Апушаныя шэра-зялёныя аднагадовыя травяністыя расліны з моцнаразгалінаваным сцяблом, выш. да 0,6 м. Ніжняе лісце лірападобнае, з яйцападобнымі выемчата-зубчастымі сегментамі, у разетцы, верхняе — нешматлікае, маленькае, лінейнае. Кветкі дробныя, бледна-жоўтыя, з суцэльнымі пялёсткамі і трохлопасцевымі мядовымі залозкамі. Плод — цыліндрычны бугрысты стручок. Меданосныя расліны, месцамі — пустазелле.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЭ́БНІК, грабеннік (Cynosurus),
род кветкавых раслінсям. метлюжковых. Каля 10 відаў. Пашыраны пераважна ў краінах Міжземнамор’я, таксама ва ўмераных раёнах Еўропы. На Беларусі ўсюды трапляецца грэбнік звычайны (C. cristatus). Расце на лугах, лясных палянах, узлесках, пустках і каля дарог. Утварае густыя жоўта-зялёныя дзярнінкі.
Шмат- ці аднагадовыя травяністыя расліны без паўзучых падземных парасткаў. Лісце вузкае, пляскатае, лінейнае. Кветкі дробныя, сабраныя ў 2—5-кветныя каласкі, якія ўтвараюць агульнае аднабаковае коласа- ці яйцападобнае густое мяцёлчатае суквецце. Плод — зярняўка. Кармавыя і дэкар. расліны, прыдатныя для стварэння газонаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУМІ́НАВЫЯ КІСЛО́ТЫ,
сумесь прыродных арган. злучэнняў, найважнейшая састаўная частка гумусу, торфу (25—50%), бурых і каменных вуглёў (да 60%), глеб (да 10%).
Гумінавыя кіслоты — высокамалекулярныя аксікарбонавыя араматычныя к-ты, у сухім стане — аморфны цёмна-буры парашок. Элементны склад гумінавых кіслот: 50—70% вугляроду, 25—35% кіслароду, 4—6% вадароду. Утвараюцца пры біяхім. пераўтварэнні прадуктаў раскладання арган. рэшткаў у гумус (гуміфікацыя). Выкарыстоўваюць як кампанент раствораў для бурэння нафтавых і газавых свідравін, арганамінер. угнаенняў; як кіслотаўстойлівыя напаўняльнікі акумулятараў, стымулятары росту раслін; для паляпшэння структуры глебы і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАБРАПО́ЛЬ (Galeobdolon),
род кветкавых раслінсям. ясноткавых. 3 віды. Пашыраны ў Еўропе і М.Азіі. На Беларусі ўсюды трапляецца дабраполь жоўты (G. luteum). Расце ў шыракалістых і мяшаных лясах, у хмызняках.
Шматгадовыя травяністыя расліны з паўзучым галінастым карэнішчам. Гал. сцябло і неквітучыя парасткі сцелюцца, у вузлах укараняюцца, квітучыя парасткі прыўзнятыя. Лісце простае, супраціўнае, зімуе; ніжняе круглавата-яйцападобнае, верхняе яйцападобнае, завостранае. Кветкі залаціста-жоўтыя, двухгубыя, з прыкветкамі, па 3—10 у несапраўдных пазушных кальчаках. Плод — чатырохарэшак. Лек., меданосныя і дэкар. (ёсць формы з серабрыстым лісцем) расліны.