ПОЛІЯМІЭЛІ́Т (ад грэч. polios шэры + myelos спінны мозг),
хвароба Гейнэ-Медзіна, эпідэмічны дзіцячы параліч, вострая інфекцыйная хвароба, якая пашкоджвае нерв. сістэму, пераважна шэрае рэчыва спіннога мозга. Бывае ад лёгкіх форм (катаральныя з’явы) да цяжкіх паралічаў. Пашыраны сярод дзяцей. Узбуджальнік — паліявірус (3 незалежных тыпаў). Крыніца інфекцыі — хворы на П. або вірусаносьбіт. Заражэнне адбываецца праз стрававальна-кішачны тракт і паветрана-кропельным шляхам. Вірус размнажаецца ў лімфатычным глотачным кольцы, рэгіянарных лімфатычных вузлах, пранікае ў кроў. Адрозніваюць непаралітычныя формы П., падобныя да менінгіту або да вострага кішачнага расстройства, і паралітычныя (спінальная, бульбарная, панцінная), калі развіваюцца вялыя парэзы і паралічы мышцаў, назіраюцца асіметрычныя паралічы ног, рук, плечавога пояса; аднаўленчы перыяд 2 гады, аднак у 50% хворых на П. развіваецца пажыццёвая інваліднасць (укарачаюцца канечнасці, адбываецца атрафія мышцаў). Для папярэджання П. праводзіцца вакцынацыя дзяцей. Лячэнне сімптаматычнае. На Беларусі значны ўклад у ліквідаванне П. зрабілі Э.Ф.Фельдман, Х.А.Протас. У канцы 1990 — пач. 2000-х г. П. ліквідуецца як інфекц. хвароба, што выклікаецца «дзікім» (завозным) штамам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫГО́ДЗІЧ (Зіновій Кірылавіч) (н. 15.10.1944, в. Лышча Пінскага р-на Брэсцкай вобл.),
бел. пісьменнік. Канд.філас.н. (1984). Скончыў БДУ (1967), Акадэмію грамадскіх навук пры ЦККПСС (1984). З 1960 працаваў у друку, на радыё. З 1967 у газ. «Звязда». У 1977—84 і з 1989 у ЦККПБ (у 1984—89 заг. кафедры Мінскай ВПШ). З 1989 рэдактар газ. «Советская Белоруссия», з 1992 гал. рэдактар час. «Гаспадыня», у 1996—99 1-ы нам. старшыні Дзяржкамдруку Беларусі. Адначасова з 2000 у БДУ. Друкуецца з 1960. Піша на бел. і рус. мовах вершы і апавяданні, нарысы, крытычныя артыкулы пра бел. л-ру. Першая кн. «Добры дзень, сад!» (1974). Аповесць «Журавы на далёкай пойме» (1984) прысвяціў студэнцкай моладзі, аповесць «Ноч перад нядзеляю» (1985) — сучаснай вёсцы, праблемам сям’і, прыгажосці ўнутр. свету людзей старэйшага пакалення. Аўтар дакумент. аповесцей «Строгая дабрата» (1976), «Крылы дужэюць у палёце» (1977), зб. нарысаў «Жменя зярнят» (1979).
Тв.:
Сучасная беларуская літаратура: Прывабнасць ідэалу. Мн., 1987;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫЕ́НА (Priēnē),
старажытнагрэчаскі горад на р. Меандр, на мысе Мікале ў М. Азіі. Засн. ў сярэдзіне 11 ст. да н.э.; уваходзіла ў саюз 12 іанійскіх гарадоў. У канцы 6 ст. да н.э. трапіла пад уладу Персіі. У 5 ст. да н.э. ў Складзе Дэлоскага саюза, потым — дзяржавы Аляксандра Македонскага. У 3—2 ст. да н.э. належала Селеўкідам, пазней увайшла ў Пергамскае царства, потым — правінцыяльны горад Рым. імперыі і Візантыі. Росквіту дасягнула ў 4—1 ст. да н.э., калі была буйным гандл. і рамесніцкім цэнтрам.
П. мела прамавугольную сетку вуліц (сістэма Гіпадама). Падоўжныя вуліцы ішлі ўступамі; іх перасякалі 16 папярочных вуліц-лесвіц, што вялі ад падэшвы да вяршыні г. Мікале і падзялялі П. на роўныя прамавугольныя кварталы. У час раскопак адкрыты руіны будынкаў 4—2 ст. да н.э., размешчаных на тэрасах і ўмацаваных падпорнымі сценамі, у т. л. храмы Афіны (4 ст. да н.э., арх. Піфей) і Зеўса, эклесіястэрый (зала пасяджэнняў нар. сходу), тэатр, стадыён, 2 гімнасіі, рынкі, жылыя дамы перыстыльнага тыпу.
Прыена. Калоны храма Афіны. 4 ст. да н.э.Арх. Піфей.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫСЛО́ЎЕ,
часціна мовы, якая абазначае прыкмету дзеяння, стану або якасці. Асн. марфалагічная асаблівасць П. — адсутнасць форм скланення і спражэння. Можа мець формы ступеней параўнання.
У сказе П. прымыкаюць да дзеясловаў («сядзець моўчкі»), прыметнікаў («якасна новы»), лічэбнікаў («трэці злева»), радзей да назоўнікаў («сяўба па-новаму») і П. («позна ноччу»). Паводле значэння падзяляюцца на якасна-азначальныя, што ўказваюць на якасць («агніста»), меру («крыху»), ступень інтэнсіўнасці, мяжу дзеяння, прыкметы ці стану («датла», «уволю») і акалічнасныя, што ўказваюць на месца або напрамак («там», «уверх»), час («аднойчы»), прычыну («спрасонку»), мэту («наўмысна») дзеяння. Утвараюцца афіксальным (суфіксальным — «высока»; прэфіксальным — «некуды»; прэфіксальна-суфіксальным — «змалку») спосабамі, асноваскладаннем («штогод») і інш. Папаўняюцца за кошт пераходу ў іх склад інш. часцін мовы: назоўнікаў («страх»), дзеепрыслоўяў («спатыкаючыся»), часціц («абы-абы»), Могуць ужывацца ў якасці прыназоўнікаў («побач»), злучнікаў («калі»), часціц («ледзь»), мадальных слоў («напэўна»), У сказе выконваюць ролю акалічнасці (пераважна), азначэння, выказніка.
Літ.:
Шуба П.П. Прыслоўе ў беларускай мове: Марфал. нарыс. Мн., 1962;
Яго ж. Сучасная беларуская мова: Марфаналогія. Марфалогія. Мн., 1987;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАВІ́НСКІ (Вікенцій Паўлавіч) (1786, Духаўшчынскі р-н Смаленскай вобл. Расія — 1855),
паэт і драматург, найб. верагодны аўтар бел. паэмы «Энеіда навыварат». Удзельнік войнаў з французамі 1805—07, 1812, паходу рус. арміі ў Зах. Еўропу. З 1816 у адстаўцы, палкоўнік. З 1826 на цывільнай службе ў Арэнбургскай губ., у Пензе, Кастраме. З 1833 на радзіме. Сістэматычнай адукацыі не атрымаў, але сам набыў разнастайныя веды: валодаў франц. і ням. мовамі, цікавіўся гісторыяй і л-рай. Поглядамі блізкі да дзекабрыстаў. «Энеіда навыварат» (захаваўся толькі пачатак) магла быць напісана ім у 1816—25 у вёсцы ці ў 1827—28, калі ён стажыраваўся ў Смаленскай удзельнай канторы. Аўтар вершаванай камедыі «Шлюб паняволі», сатыры на аракчэеўскія парадкі «Вялікі муж субардынацыі», вершаў, у якіх высмейваў самадурства паноў і апісваў камічныя эпізоды з жыцця памешчыкаў, нататкаў па гісторыі. Тэксты іх (распаўсюджваліся ў рукапісах) не выяўлены.
Літ.:
Кісялёў Г. Загадка беларускай «Энеіды». Мн., 1971;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУДАБЕ́ЛЬСКІЯ «ВАРО́ТЫ»,
разрыў у лініі ням. фронту групы армій «Цэнтр» шырынёй каля 10 км паміж Азарычамі і Парычамі з канца ліст. да канца снеж. 1943 у Вял.Айч. вайну. Утварыліся ў выніку Гомельска-Рэчыцкай аперацыі 1943 і баявых дзеянняў 123-й Акцябрскай партыз. брыгады. Подступы ўтрымлівалі 37-я (ген.-маёр Я.Р.Ушакоў) і 60-я (палк. А.В.Богаяўленскі) стралк. дывізіі 65-й арміі Бел. фронту, партызаны Палескага і Мінскага злучэнняў. Праз Р.«в.» ў тыл ворага накіроўваліся разведгрупы і сувязныя, дастаўляліся зброя, боепрыпасы, медыкаменты, л-ра. З акупіраванай тэрыторыі партызаны перадавалі камандаванню Чырв. Арміі разведданыя, забяспечвалі армейскія часці праваднікамі, перапраўлялі ў сав. тыл параненых і хворых, вывелі некалькі дзесяткаў тысяч мірных жыхароў, добраахвотнікаў, якія папоўнілі рады 65-й арміі, абозы з хлебам, жывёлу. Калі гітлераўцы прарвалі абарону і закрылі Р.«в.», падраздзяленні Чырв. Арміі, што засталіся ў тыле ворага, сфарміраваліся ў зводны полк, які каля 2 месяцаў разам з партызанамі вёў актыўныя баявыя дзеянні і 16.2.1944 прарваўся праз лінію фронту. У гонар Р.«в» каля в. Мікуль-Гарадок Акцябрскага р-на пастаўлены помнік.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭЛАКСАЦЫ́ЙНЫЯ ВАГА́ННІ,
від аўтаваганняў, якія па форме рэзка адрозніваюцца ад гарманічных ваганняў з-за рассеяння энергіі ў вагальных сістэмах. Узнікаюць пад уздзеяннем дысіпатыўных сіл, напр., сілы трэння ў мех. і актыўнага супраціўлення ў эл. сістэмах. Характэрная асаблівасць Р.в. — немагчымасць іх узнікнення пры адключэнні крыніцы сілкавання ад аўтавагальнай сістэмы.
Рассейванне энергіі вядзе да таго, што энергія, засяроджаная ў адным з двух (ці больш) назапашвальнікаў сістэмы, не перадаецца поўнасцю інш. назапашвальніку, як у сістэмах, дзе адбываюцца гарманічныя ваганні. Калі ў сістэме мае пераважнае значэнне толькі адзін з энергаёмістых параметраў (напр., ёмістасць пры нязначнай індуктыўнасці ці жорсткасць спружыны пры малой масе), то кожны перыяд Р.в. можна падзяліць на некалькі рэзка размежаваных прамежкаў часу, якія адпавядаюць павольнай і хуткай змене стану сістэмы, і разглядаць Р.в. ў такіх сістэмах, як разрыўныя ваганні. Эл. Р.в., якія ўтвараюцца, напр., у блокінг-генератарах, мультывібратарах, RC-генератарах, выкарыстоўваюцца ў вымяральнай тэхніцы, тэлекіраванні і інш.
Да арт.Рэлаксацыйныя ваганні: а — схема рэлаксацыйнага генератара; б — графік змены сілы току ў контуры; E — крыніца току; R — супраціўленне; C — кандэнсатар; Uc — напружанне на кандэнсатары; Ic — ток праз кандэнсатар; Λ — неонавая лямпа.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САГА́Н ((Sagan) Франсуаза) (н. 21.6.1935, г. Кажарк, Францыя),
французская пісьменніца. Вучылася ў Сарбоне. Зведала ўплыў М.Пруста, А.Жыда. Тыповы персанаж раманаў «Дзень добры, смутак» (1954, экранізаваны ў 1957), «Ці любіце вы Брамса?» (1959, экранізаваны ў 1961), «Крыху сонца ў халоднай вадзе» (1969), «Сінякі на душы» (1972), «Згублены профіль» (1974), «Надакучыла трываць» (1985), «Рыбіна кроў» (1987), «Павадок» (1989) і інш. — жанчына ў пошуках кахання, паразумення і шчасця. Яе творы адметныя аўтабіяграфічнасцю, паглыбленасцю ў душэўна-духоўны свет гераіні, драматызмам сітуацый, лірызмам. Аўтар шэрагу п’ес, у т. л. «Скрыпкі часам...» (1962), «Бэзавая сукенка Валянціны» (1963), «Піяніна ў траве» (1966), зб. навел «Аксамітавыя вочы» (1975), шматлікіх эсэ, кніг успамінаў. На бел. мову асобныя яе навелы пераклаў Л.Казыра. У Брэсцкім т-ры драмы і музыкі пастаўлена п’еса «Калі конь траціць прытомнасць» (1993).
Тв.:
Бел.пер. — у кн.: Французская навела XX ст.Мн., 1992;
Рус.пер. — Избр. произв.Т. 1—4. М., 1992—93;
Ангел-хранитель: Романы, эссе. М., 1999;
Приблуда. М., 1999.
Літ.:
Уваров Ю.П. Современный французский роман, 60—80-е гг.М., 1985.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІНТЭТЫ́ЧНЫХ СМОЛ І ПЛАСТЫ́ЧНЫХ МАС ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,
галіна хімічнай прамысловасці па вырабе сінт. палімераў і пластмас. Базавая сыравіна для іх вытв-сці — вуглевадароды нафтаперапрацоўкі.
У 1872 у ЗША выраблены цэлулоід (пластмаса са штучнага палімера нітрату цэлюлозы). У 1906—10 у Расіі і Германіі наладжаны выпуск матэрыялаў на аснове фенола-фармальдэгіднай смалы, у 1930-я г. ў ЗША, Германіі, СССР і інш. — полівінілхларыду, поліамідаў, полістыролу. Шырокае развіццё прам-сці пачалося пасля 2-й сусв. вайны; з 1950-х г. выпускаецца поліэтылен.
На Беларусі станаўленне прам-сці адбылося ў 1960-я г., калі пачаў працаваць Полацкі хім. камбінат. У 1975 на яго базе створана Наваполацкае вытворчае аб’яднанне «Палімір», дзе выпускаюць поліэтылен высокага ціску. Прадукцыя галіны вырабляецца на Гродзенскім вытворчым аб’яднанні «Азот» (капралактам), Магілёўскім вытворчым аб’яднанні «Хімвалакно» (дыметылтэрафталат, поліэтылентэрафталат), Лідскім лакафарбавым заводзе (алкідныя і поліэфірныя смолы, полівінілацэтатная дысперсія). Асн. спецыялізацыя галіны — вытв-сць палімераў для выпуску сінт. валокнаў, нітак, лакафарбавых матэрыялаў. У 1990 выраблена 751 тыс.тсінт. смол і пластмас (у т. л. 138 тыс.т поліэтылену), у 2000—480 тыс.т (у т. л. 109 тыс.т поліэтылену).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКО́РАПІС,
тып пісьма, які развіўся ва ўсх. славян з паўустава ў выніку паскарэння працэсу пісання. Характарызаваўся звязаным напісаннем літар у слове, свабодным узмахам і націскам пяра. У старабел. дзелавой пісьменнасці пачаў ужывацца з канца 14 ст. 1м напісаны актавыя кнігі гарадскіх, земскіх і замкавых судоў, большая ч. дакументаў Метрыкі ВКЛ, Статуты ВКЛ 1529 і 1566. Асаблівага росквіту дасягнуў у 16—17 ст., калі шырока выкарыстоўваўся ў свецкіх («Аповесць пра Трышчана», «Аповесць пра Баву», «Гісторыя пра Атылу», 2-я пал. 16 ст.; бел. пераклады «Хронікі польскай, літоўскай, жамойцкай і ўсяе Русі» М.Стрыйкоўскага, «Александрыі», «Троі», «Рымскага летапісца» пач. 17 ст.) і рэліг. творах. С. напісана Баркулабаўская хроніка.
На аснове С. ў канцы 16 ст. створаны спец. шрыфт, якім у друкарні Мамонічаў выдадзены «Трыбунал...» (1586), Статут ВКЛ 1588, «Унія» І.Пацея (1595) і інш.Бел. С. быў больш каліграфічны і зручны для чытання, чым рускі, і ў 17 ст. прыкметна на яго ўплываў.
Літ.:
Карский Е.Ф. Славянская кирилловская палеография. М., 1979;