КАКІ́ЛЬ (франц. coquille літар. ракавіна, шкарлупіна),
металічная ліцейная форма для атрымання адлівак з каляровых сплаваў, чыгуну, сталі. Складаецца з двух і болей частак з гнёздамі (утвараюць вонкавую паверхню адліўкі) і літніковай сістэмы (каналаў для запаўнення рабочай поласці).
К. бываюць: плоскія і цыліндрычныя; суцэльныя (нераздымныя) і састаўныя (раздымныя); з паветр, вадкасным і камбінаваным ахаладжэннем. Устойлівасць да 10 тыс. залівак (павышаецца ахоўнымі пакрыццямі). Выкарыстоўваецца ў серыйнай і масавай вытв-сці. Ліццём у К. атрымліваюць адліўкі масай да некалькіх тон: простыя па форме (балванкі, утулкі, пліты), складаныя (картэры, галоўкі блокаў рухавікоў) і з асаблівымі ўласцівасцямі (з павышанай герметычнасцю, зносаўстойлівасцю і інш.).
Літ.:
Специальные способы литья: Справ. М., 1991.
Л.Р.Дудзецкая.
Какільз раздымам у вертыкальнай плоскасці: 1 — палавіны какіля; 2 — гняздо (рабочая поласць); 3 — выпар (для выхаду газаў); 4 — літнік для запаўнення формы вадкім металам пад ціскам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛО́МБА (сінгальскае Каламбу),
сталіца Шры-Ланкі. 2026 тыс.ж. (1993). Марскі порт у вусці р. Келані (90% імпарту і каля 50% экспарту краіны). Гал.эканам. і культ. цэнтр краіны. Міжнар. аэрапорт. У К. і яго наваколлі больш за палавіну прамысл. прадпрыемстваў Шры-Ланкі: харч. (па перапрацоўцы чаю, алейні), гарбарна-абутковыя, суднарамонтныя, па перапрацоўцы каўчуку; мех. майстэрні, 2 нафтаперапр., шынны з-ды, сталепракатны цэх. Млынкамбінат. Рамёствы па вырабах з металаў і высакародных камянёў. АН (з 1976). Дзярж.ун-т, Будыйскі ун-т. Нац. музей, галерэя мастацтваў.
Упершыню згадваецца ў 5 ст., у сярэднія вякі вядомы пад назвай Калантота, важны гандл. цэнтр у бас. Індыйскага ак. Пры партуг. панаванні (16—17 ст.) пабудаваны ваен. форт (1520). У 1656 заваяваны галандцамі. З 1796 каланізаваны англічанамі, з 1815 адм. ц. іх калоніі Цэйлон. З 1948 сталіца дзяржавы Цэйлон, з 1972 — Рэспублікі Шры-Ланка.
аўстрыйскі дыпламат.Сапр. прозвішча фон Маерн, з 1666 меў тытул барона М. У 1661 імператар Леапольд I адправіў яго паслом у Расію з мэтай садзейнічаць заключэнню міру з Рэччу Паспалітай (гл.Вайна Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67). На зваротным шляху М. правёў каля 9 месяцаў у ВКЛ, праехаў па Дняпры ад Смаленска да Магілёва, адтуль праз Мінск і Барысаў у Вільню. У 1663 апублікаваў кн. «Падарожжа ў Масковію» з апісаннем свайго пасольства, падрабязным экскурсам у гісторыю Маскоўскай дзяржавы, у т. л. яе ўзаемаадносін зВКЛ і Рэччу Паспалітай. Прывёў звесткі пра забойства гетмана В.Гасеўскага, пра архітэктуру, побыт жыхароў і прыроду Беларусі. Адзначаў, што пад Белай Руссю ў Расіі разумеюць «вобласці паміж Прыпяццю, Дняпром і Дзвіною, з гарадамі Навагрудкам, Мінскам, Мсціславам, Смаленскам, Віцебскам і Полацкам».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МО́ЛАДАЎСКІ ПАЛА́Ц.
Існаваў з канца 18 ст. да 1940-х г. у в. Моладава Іванаўскага р-на Брэсцкай вобл. Пабудаваны ў 1798 паводле праекта арх. Ван-Гроса; меў рысы стылю ампір. Належаў Скірмунтам. Мураваны 1-павярховы прамавугольны ў плане на высокім цокалі будынак з 3 рызалітамі, накрыты вальмавым дахам. Сцены, аздобленыя рустам, завяршаліся антаблементам і карнізам на сухарыках. Цэнтр. рызаліт на гал. фасадзе вылучаны дарычным порцікам з 2 парамі калон і трохвугольным франтонам, на фасадзе, што выходзіў у парк, — 3-граннай галерэйкай з вальмавым пакрыццём. Бакавыя рызаліты на гал. і паркавым фасадах вылучаны 4-калоннымі порцікамі з трохвугольнымі франтонамі. Высокія прамавугольныя аконныя праёмы з франтончыкамі ў завяршэнні і скульпт. ўстаўкамі пад карнізамі. Каля палаца стаяў прамавугольны ў плане флігель з порцікамі на гал. фасадзе. Недалёка ад палаца размешчана Моладаўская капліца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУЛЬТЫЦЭ́ПС (Multiceps),
род стужачных чарвей. Больш за 20 відаў. Пашыраны ўсюды. Дарослыя чэрві паразітуюць у тонкіх кішках драпежных млекакормячых, пераважна сабачых і кашэчых, выклікаючы тэніідозы; лічынкі (цэнуры) — у мозгу, унутр. поласцях і органах, пад скурай і інш. у капытных, грызуноў, зайцападобных, прыматаў (зрэдку чалавека) і інш., выклікаюць цэнурозы. На Беларусі найб. пашыраны М. звычайны, або мазгавік авечы (M. multiceps), трапляецца М. серыйны (M. serialis).
Даўж. да 1 м. Цела мае да 250 членікаў, галоўку (сколекс) з прысоскамі і крукамі. Гермафрадыты. Спелыя членікі з яйцамі выдаляюцца з калам канчатковых гаспадароў. Яйцы з ежай трапляюць у кішэчнік прамежкавага гаспадара, з іх выходзяць зародкі (анкасферы), разносяцца з крывёю па арганізме і ператвараюцца ў цэнурусы — пузыры з вадкасцю і зародкавымі сколексамі (да некалькіх соцень у кожным). Трапляючы ў кішэчнік драпежніка, сколексы вырастаюць у дарослых паразітаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНСА́МБЛЬ ПЕ́СНІ І ТА́НЦА,
вялікі выканальніцкі калектыў, які складаецца з вакальнай, харэаграфічнай і аркестравай груп і аб’ядноўвае ў выступленнях розныя віды і жанры муз. і харэагр. мастацтва. Група нумароў часта ўтварае тэматычную вак.-харэагр. кампазіцыю, звычайна з элементамі тэатралізацыі. Вядзе гісторыю ад Ансамбля песні і танца Расійскай Арміі імя А.В.Аляксандрава (з 1928), набыў папулярнасць у многіх краінах («Мазоўша» і «Шлёнск» у Польшчы; «Слук» у Чэхіі; «Кола» ў Югаславіі і інш.). На Беларусі вядомы: Ансамбль беларускай народнай песні і танца Беларускай філармоніі, Бел. ансамбль песні і танца пад кіраўніцтвам Р.Шырмы (гл.Дзяржаўны акадэмічны народны хор Рэспублікі Беларусь), Ансамбль песні і танца Узброеных сіл Рэспублікі Беларусь, ансамбль «Белыя росы», шматлікія самадзейныя калектывы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКІ НАЦЫЯНА́ЛЬНЫ КАМІТЭ́Т (БНК) у Ігумене, Ігуменскі беларускі нацыянальны камітэт, прадстаўнічы орган бел.нац. арг-цый Ігуменскага пав. ў 1919—20. Створаны ў кастр. 1919 у Ігумене (цяпер г. Чэрвень) па ініцыятыве інструктара Часовага беларускага нацыянальнага камітэта М.І.Каспяровіча. У кіраўніцтва к-та ўваходзілі Я.Е.Макась (старшыня), І.М.Савіч, З.Харытановіч і інш. Арганізоўваў бел. школы, культ.-асв. гурткі і кааператывы. Ініцыятар стварэння павятовай Бел. школьнай рады Ігуменшчыны, разам з ёй выступіў у ліст. 1919 супраць закрыцця польск. акупантамі Будслаўскай бел. гімназіі. Знаходзіўся пад уплывам бел. эсэраў і Бел.камуніст. арг-цыі. Неафіцыйна падтрымліваў антыпольскі падп. і партыз. рух. Спыніў сваю дзейнасць з прыходам Чырв. Арміі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЎТАМАГІСТРА́ЛЬ,
аўтамабільная дарога для высокаінтэнсіўнага і скораснага руху аўтамаб. транспарту без перасячэння трансп. патокаў на адным узроўні. Мае 2 праезныя часткі, кожная з якіх размяшчаецца на агульным або асобным земляным палатне. Шырыня раздзяляльнай паласы паміж праезнымі часткамі не менш за 5 м. Аўтамагістралі звычайна пракладваюць у абход гарадоў і прамысл. цэнтраў, сувязь з якімі ажыццяўляецца па спец. пад’язных дарогах. Аўтамагістралі могуць абсталёўвацца спец. ахоўнымі агароджамі, мець пад палатном папярочныя праходы для перамяшчэння наземных дзікіх жывёл. На Беларусі пабудаваны ўчасткі аўтамагістраляў Масква—Мінск—Брэст, Санкт-Пецярбург—Віцебск—Гомель—Адэса, Мінск—Вільнюс, Бранск—Гомель—Брэст, Брэст—Ковель. Высокаразвітую сетку аўтамагістраляў маюць краіны Зах. Еўропы, Канады, ЗША (асобныя з іх утвараюць панамерыканскую і трансеўрапейскія аўтамагістралі).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЖЭ́ШКІ, Арэшкі,
шляхецкі род герба «Побуг» у ВКЛ. Найб. вядомыя:
Людвік, падкаморы пінскі, удзельнік Барскай канфедэрацыі. Антоні (1743—71), сын Людвіка. Маршалак пінскі, удзельнік Барскай канфедэрацыі. Леапольд (каля 1720—79), стольнік (1748), пісар гродскі (1750) і суддзя земскі пінскі, падпалкоўнік войска літ. (1754).
Верагодна, да гэтай лініі Ажэшак адносіліся:
Антоні (1800—77), удзельнік паўстання 1830—31, адзін з арганізатараў паўстанцкіх атрадаў у Пінскім пав. У 1831 арыштаваны, жыў пад наглядам паліцыі. У 1838 арыштаваны за сувязь з Ш.Канарскім і Саюзам польскага народа. Сасланы ў Томск на 20 гадоў. Пётр, уладальнік маёнтка Людвінова Кобрынскага пав. У 1858 ажаніўся з будучай польскай пісьменніцай Паўлоўскай (гл.Ажэшка Эліза). Фларыян, гл.Ажэшка Ф.Ф.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́МЕЛЬСКАЯ ІЛЬІ́НСКАЯ ЦАРКВА́,
помнік драўлянага дойлідства канца 18 ст. Пабудавана ў гіст. раёне Гомеля на беразе р. Сож. Раней тут быў храм старавераў пад назвай Спасаў. Пасля на яго месцы пабудавана драўляная Ільінская царква, у 1794 перабудавана. Побач з ёй існаваў мужчынскі і жан. скіт старавераў. У 1850 скіт і царква закрыты; абразы і рэдкія кнігі перададзены ў Гомельскую Петрапаўлаўскую царкву. З 1852 царква зноў дзейнічае, у 1853 пры ёй засн. аднаверскі прыход. Будынак царквы складаецца з трох зрубаў, пастаўленых адзін за адным па падоўжнай восі. Зрубы нефа і бабінца прамавугольныя ў плане, алтарнай апсіды — 5-гранны. Над бабінцам надбудавана шмат’ярусная вежа-званіца (васьмярык на чацверыку).