«КА́ТОРГА И ССЫ́ЛКА»,

гістарычны часопіс, орган Усесаюзнага т-ва б. паліткатаржан і ссыльнапасяленцаў, які выдаваўся ў Маскве ў 1921—35. Асн. раздзелы: гісторыя рэв. руху ў Расіі; катарга, турма, ссылка і эміграцыя; некралогі; бібліяграфія; хроніка. Друкаваў даследчыя артыкулы (сярод аўтараў М.М.Дружынін, М.В.Нечкіна, Я.В.Тарле), мемуары, архіўныя матэрыялы. Ёсць публікацыі (пераважна ўспаміны) пра Цётку і А.Л.Бурбіса (1923, № 5), Курлоўскі расстрэл 1905 (1926, № 4), паўстанне 1863—64 у Польшчы, Беларусі і Літве (1924, № 3) і інш. матэрыялы з бел. гіст.-рэв. тэматыкі. Рэдактары: У.​Дз.​Віленскі (Сібіракоў; 1923—27), Ф.​Я.​Кон (1927—29), І.​А.​Тэадаровіч (1929—35). Выйшла 116 нумароў.

т. 8, с. 177

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАХЕ́ТЫ, Кахетыя,

гістарычная вобласць ва Усх. Грузіі ў вярхоўях рэк Іоры і Алазані (прытокі Куры). Да 8 ст. ўваходзіла ў склад Картлі. З 2-й пал. 8 ст. вылучылася ў незалежнае княства. У 1104 цар Давід Будаўнік пры дапамозе мясц. азнаураў заняў К. і ўключыў яе ў склад аб’яднанага Груз. царства. У 2-й пал. 15 ст. К. вылучылася ў самаст. царства, якое вяло ў 16—18 ст. барацьбу за сваю незалежнасць ад Ірана і Турцыі (гл. таксама Кахецінскае паўстанне 1659). У 1762 К. і Картлі аб’ядналіся ў адно царства, якое ў 1801 далучана да Расіі.

т. 8, с. 190

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЕ́МЕНАЎ (Уладзімір Сямёнавіч) (2.6.1908, г. Днепрапятроўск, Украіна — 14.6.1988),

расійскі мастацтвазнавец. Засл. дз. маст. Расіі (1968). Д-р мастацтвазнаўства (1958), правадз. чл. АМ СССР (1954; віцэ-прэзідэнт з 1966). Вучыўся ў 1-м Маскоўскім ун-це (1928—30). Выкладаў у Дзярж. ін-це тэатр. мастацтва (1933—38). У 1938—40 дырэктар Траццякоўскай галерэі. Нам. міністра культуры СССР (1954—56). У 1956—58 прадстаўнік СССР пры ЮНЕСКА. Работы па эстэтыцы, тэорыі, гісторыі рус., сав. і зах.-еўрап. мастацтва. Дзярж. прэмія СССР 1980.

Тв.:

Статьи об искусстве. М., 1956;

Историческая живопись Сурикова, 1870—1880-е гг. М., 1963;

Картины Веласкеса. М., 1969.

т. 8, с. 226

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЕЦЬ,

рака ў Краснаярскім краі і Томскай вобл. Расіі, правы прыток р. Об. Даўж. 1621 км, пл. бас. 94,2 тыс. км². Бярэ пачатак з балот Об-Енісейскага водападзелу. Цячэ па паўд.-ўсх. частцы Зах.-Сібірскай раўніны, рэчышча звілістае, шматлікія пратокі; упадае ў р. Об 2 рукавамі — Тагурскім і Нарымскім на адлегласці 160 км адзін ад аднаго. Гал. прытокі: Сачур, Арлоўка, Лісіца (справа), М. Кець, Мендэль, Яловая, Чачамга (злева). Жыўленне пераважна снегавое. Ледастаў з канца кастр. — пач. ліст. да канца крас. — пач. мая. Сярэдні расход вады 560 м³/с. Суднаходная на 737 км ад вусця. Сплаўная.

т. 8, с. 242

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІЛАГРА́М (франц. kilo ад грэч. chilioi тысяча + грам),

адзінка масы, адна з асн. адзінак Міжнароднай сістэмы адзінак (СІ). Абазначаецца кг.

К. роўны масе міжнар. прататыпа, які захоўваецца ў Міжнар. бюро мер і вагаў (у Сеўры каля Парыжа). Прататып К. — цыліндрычная гіра дыяметрам і вышынёй 39 мм, зробленая ў 1799 з плацінаірыдыевага сплаву Адносная хібнасць параўнання эталонаў-копій з гэтым прататыпам не перавышае 2∙10​−9. З 40 зробленых копій 2 (№ 12 і 26) былі перададзены Расіі. Эталон № 12 быў прыняты ў СССР за дзярж. першасны эталон адзінкі масы (зберагаецца ў Санкт-Пецярбургу).

т. 8, с. 257

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІСЛАВО́ДСК,

горад у Расіі, у Стаўрапольскім краі, у перадгор’ях В. Каўказа на выш. 720—1060 м, бальнеакліматычны курорт у групе Каўказскіх Мінеральных Вод. Гал. прыродныя лек. фактары — мінер. крыніцы (нарзаны), клімат, глеевыя гразі. Асн. профіль — кардыялагічны; лечаць таксама хваробы органаў дыхання, нервовыя, абмену рэчываў, у т. л. ў дзяцей і падлеткаў. Узнік з ваеннага ўмацавання і станіцы (засн. ў 1803), горад з 1830. 124,9 тыс. ж. (1996). Чыг. станцыя. Прадпрыемствы харчасмакавай (у т. л. з-д па разліве мінер. вады «Нарзан»), лёгкай, мэблевай прам-сці. Санаторыі, пансіянаты, турбаза. Маст. музей М.​А.​Ярашэнкі, Лермантаўскія мясціны, помнікі прыроды.

т. 8, с. 291

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІ́ШКА (Януш Станіслававіч) (каля 1568—13.1.1654),

вайсковы і дзярж. дзеяч ВКЛ. З роду Кішкаў. Вучыўся ў Падуі (Італія, 1624—26). Кальвініст, перайшоў у каталіцтва. З 1604 на вайск. службе. Удзельнік вайны Рэчы Паспалітай са Швецыяй 1600—29, у т. л. Кірхгольмскай бітвы 1605, вайны Рэчы Паспалітай з Расіяй 1609—18, вайны з Турцыяй, у т. л. Хацінскай бітвы 1621. З 1610 староста парнаўскі, з 1621 ваявода полацкі. У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1632—34 абараняў Полацк (1633), вёў баі пад Смаленскам. З 1635 гетман польны, з 1640 староста дрыскі, з 1646 гетман вялікі ВКЛ.

В.​С.​Пазднякоў.

т. 8, с. 314

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КНЯЖНІ́Н (Якаў Барысавіч [14.10.1742) (1740?),

г. Пскоў, Расія — 25.1.1791], рускі драматург; прадстаўнік рус. класіцызму. Чл. Рас. акадэміі (1750—55). Аўтар трагедый «Дыдона» (1769), «Уладзімір і Яраполк» (1772), «Рослаў» (1784) і інш., накіраваных супраць тыраніі, дэспатызму, прасякнутых патрыят. пафасам. Тыраж трагедыі «Вадзім Наўгародскі» (1782) за антыманархічную накіраванасць спалены па загадзе імператрыцы Кацярыны II у 1793. У камедыях «Хвалько» (1784—85), «Дзівакі» (1790) — актуальныя праблемы тагачаснага жыцця Расіі. Аўтар лібрэта 6 камічных опер. Пераклаў на рус. мову асобныя творы Вальтэра, П.​Карнэля, К.​Гальдоні і інш. На бел. мову асобныя творы К. пераклаў Э.​Валасевіч.

Тв.:

Избр. произв. Л., 1961.

т. 8, с. 365

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́ЛАСАВА (сапр. Няелава) Яўгенія Іванаўна

(26.12.1780—11.4.1869),

руская балерына. Скончыла Пецярбургскае тэатр. вучылішча (1799, педагог І.Вальберх). У 1799—1826 у Пецярбургскім імператарскім т-ры. Дасканала валодала тэхнікай класічнага танца і мастацтвам пантамімы. Сярод партый: Ізора («Рауль Сіняя барада» А.​Грэтры і К.​Каваса), Адэлаіда («Рауль дэ Крэкі...» Каваса і Ц.​Жучкоўскага), Медэя («Медэя і Ясон» Ж.​Ж.​Радольфа), Федра («Федра і Іпаліт» Каваса і П.​Турыка), Дзяўчына («Новы Вертэр» С.​Цітова). Заснавальніца рус. характарнага танца. Адна з першых у Расіі змяніла пышны стылізаваны касцюм на ант. хітон. Іграла ў оперных і драм. спектаклях.

т. 8, с. 385

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́ЛІНЗ ((Collins) Сэмюэл) (? — да 1671),

англійскі ўрач. Медыцыне вучыўся ў Кембрыджы і Оксфардзе, з 1650 д-р медыцыны. У 1659 запрошаны ў Расію і да 28.6.1666 урач цара Аляксея Міхайлавіча. Пакінуў запіскі, у якіх шмат звестак пра хваробы, а таксама пра царскі двор, побыт, гандаль, рэлігію, гарады і народы Расіі. Раздзелы 18-ы і 19-ы кнігі прысвечаны норавам шляхты Рэчы Паспалітай, дзе адзначаў адукаванасць і гасціннасць шляхты, асуджаў п’янства і свавольства, змясціў некалькі баек, у т. л. пра ўцёкі польскага караля і вял. князя ВКЛ Генрыка Валезы ў Францыю.

В.​С.​Пазднякоў.

т. 8, с. 391

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)