АГРА́РНЫ КРЫ́ЗІС,

эканамічны крызіс перавытворчасці ў сельскай гаспадарцы. Абумоўлены характарам аграрных адносін: узнікае не ад празмернасці і непатрэбнасці атрыманага аб’ёму с.-г. прадукцыі, а з-за асаблівасцяў умоў яе вытв-сці і размеркавання.

Карыстанне зямлёй, асабліва ва ўмовах прыватнага землеўладання, абумоўлівае зямельную рэнту, якая ўплывае на ўзровень цэн на зямлю, арэнднай платы і г.д. Асваенне новых урадлівых зямель, тэхн. аснашчанасць агр. сектара, паляпшэнне транспартных зносін і інш. змены ва ўмовах вытв-сці і рэалізацыі с.-г. прадукцыі вядуць да змяншэння цаны на с.-г. прадукцыю. У выніку адбываецца канфлікт паміж новай цаной і старымі рэнтавымі адносінамі: знікае крыніца (дадатковы прыбытак) для выплаты рэнты. Гэта і выклікае аграрны крызіс, які характарызуецца ростам нерэалізаваных запасаў с.-г. прадукцыі, змяншэннем аб’ёму яе вытв-сці, паскарэннем працэсу дробных і сярэдніх вытворцаў, ростам беспрацоўя і зніжэннем аплаты працы работнікаў агр. сектара.

Аграрны крызіс мае пераважна зацяжны характар. Так, аграрны крызіс, які пачаўся адначасова з прамысловым у 1873 і ахапіў Зах. Еўропу, Расію, а потым і ЗША, працягваўся да сярэдзіны 1890-х г. Ён найб. закрануў краіны Еўропы, на рынкі якіх пайшлі патокі таннага збожжа з ЗША, Канады, Аўстраліі і інш. краін. На гэты час вытв-сць збожжа павялічылася і ў Расіі. У 5 зах. губернях (Віленскай, Віцебскай, Гродзенскай, Магілёўскай і Мінскай) сярэднегадавы збор збожжа ў 1871—80 у параўнанні з 1851—60 вырас на 62%. Беларусь стала адным з важнейшых рэгіёнаў Рас. імперыі па вытв-сці таварнага збожжа. Аднак у 1886—88 гандаль ім на Беларусі зусім разладзіўся. Скараціўся і вываз збожжа: прыкладна з 10,8 млн. пудоў у 1875—80 да 7,5 млн. пудоў у 1880-я г. А ў 1890-я г. Беларусь стала рэгіёнам завозу збожжа: пастаўлялася прыкладна 9,2 млн. пудоў (вываз 7,5 млн. пудоў). Нізкія цэны на збожжа, змяншэнне попыту на яго ў час аграрнага крызісу абумовілі перабудову сельскай гаспадаркі Беларусі — пачала хутка развівацца малочная жывёлагадоўля, пашырыўся выраб розных гатункаў малочных прадуктаў, павялічылася вытв-сць лёну, паскорылася развіццё вінакурэння. Гэтая прадукцыя пастаўлялася на рас. і замежныя рынкі. Больш хутка ўкаранялася с.-г. тэхніка. Адбыліся змены і ў землеўладанні.

Аграрны крызіс, што ўзнік у пач. 1-й сусв. вайны, быў пераадолены толькі ў час 2-й сусв. вайны. Перапляценне яго з прамысл. крызісам 1929—33 выклікала небывалае зніжэнне цэн на с.-г. прадукцыю (у ЗША за 1929—32 на 58%). Каб змякчыць вынікі аграрнага крызісу, знішчаліся запасы таварнага збожжа, каўчукавыя, кававыя і чайныя плантацыі, змяншалася пагалоўе жывёлы і г.д. Урад ЗША выплачваў вял. грашовыя сродкі фермерам, каб яны скарачалі пасяўныя плошчы пад асн. с.-г. культуры. Пасля 2-й сусв. вайны ў ЗША, Канадзе, Аўстраліі і інш. краінах пачаўся новы аграрны крызіс. У выніку ў ЗША з 1948 зноў пачало дзейнічаць заканадаўства аб скарачэнні пасяўных плошчаў. У розных формах ён выяўляецца і ў краінах Зах. Еўропы. Каб не дапусціць аграрнага крызісу ці зменшыць яго адмоўныя вынікі, у развітых капіталіст. краінах ажыццяўляецца дзярж. рэгуляванне агр. сектара — устанаўленне цвёрдых цэн на с.-г. прадукцыю, вызначэнне аб’ёмаў яе вытв-сці, экспарту і імпарту пры моцнай фін. падтрымцы фермераў і тэхн. перааснашчэнні с.-г. вытв-сці.

Л.​М.​Давыдзенка, У.​А.​Салановіч.

т. 1, с. 84

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АГРА́РНЫЯ АДНО́СІНЫ,

вытворчыя адносіны ў сельскай гаспадарцы, абумоўленыя характарам уласнасці на зямлю. Гэта адносіны паміж класамі і сац. групамі на аснове пэўных формаў землеўладання і землекарыстання, а таксама паміж дзяржавай і землекарыстальнікамі (с.-г. прадпрыемствамі, фермерамі і інш.) у сувязі з умовамі арганізацыі вытв-сці, рэалізацыі прадукцыі і размеркавання атрыманага даходу.

Сутнасць аграрных адносін пры феадалізме вызначала поўная ўласнасць феадала на зямлю і няпоўная на прыгонных сялян, з якіх спаганялася высокая адработачная, натуральная ці грашовая зямельная рэнта. Пры гэтым сяляне заставаліся ў надзвычай цяжкіх умовах. Такія адносіны спараджалі антаганізм, сял. паўстанні, якія часам перарасталі ў сял. войны з мэтай пераўтварэння сістэмы землеўладання на больш справядлівай аснове. Пры капіталізме характар аграрных адносін абумоўлены захаваннем прыватнай уласнасці на зямлю. Селянін, атрымаўшы свабоду ад прыгону, фактычна заставаўся залежны ад землеўладальніка. Таму выкарыстанне наёмнай працы ў сельскай гаспадарцы спалучалася з феад. рэнтавымі адносінамі.

Пасля 2-й сусв. вайны аграрныя адносіны ў развітых капіталіст. краінах характарызуюцца дзярж. рэгуляваннем у агр. сектары. На аснове т.зв. «зялёных планаў» дзяржава аказвае цвёрдую матэр.-фін. падтрымку буйному землеўладанню, што вядзе да масавага разарэння дробных гаспадарак. Адначасова з узнікненнем буйных фермерскіх гаспадарак з’явіліся вял. землеўладанні карпарацый, якія каля 40% сваіх зямель здаюць у арэнду фермерам і прысвойваюць частку дзярж. субсідый. Тым не менш у гэтых краінах створаны спрыяльныя ўмовы для выкарыстання дасягненняў навук.-тэхн. прагрэсу ў сельскай гаспадарцы, забеспячэння яе высокай эфектыўнасці і вырашэння харч. праблемы ў краіне.

На Беларусі, як і ва ўсёй Расійскай імперыі, асноўнай супярэчнасцю ў аграрных адносінах была наяўнасць буйнога землеўладання, з аднаго боку, і мноства малазямельных сялян і парабкаў — з другога. Сялянскі рух разгортваўся фактычна за ўсталяванне «амерыканскага» шляху развіцця капіталізму ў сельскай гаспадарцы — ліквідацыю памешчыцкага землеўладання і феад. перажыткаў, у той час як царскія ўлады падтрымлівалі «прускі» шлях, ажыццяўляючы сталыпінскую аграрную рэформу.

Агр. праграма бальшавікоў прадугледжвала ліквідацыю прыватнай уласнасці на зямлю, перадачу зямлі сялянству і знішчэнне на гэтай аснове антаганізму ў аграрных адносінах. У перыяд грамадз. вайны і ваен. інтэрвенцыі Сав. дзяржава, падтрымліваючы бядняцкія і серадняцкія слаі сялянства, вымушана праводзіла палітыку харчразвёрсткі, замененай у 1921 на харчпадатак. Пасля нацыяналізацыі зямлі, у выніку ліквідацыі памешчыцкага і абмежавання кулацкага землеўладання, зямельныя надзелы бядняцкіх і серадняцкіх гаспадарак былі істотна павялічаны. На гэтым этапе характар аграрных адносін вызначаўся фарміраваннем і развіццём сял. дробнатаварнай вытв-сці. Аднак з ажыццяўленнем калектывізацыі аграрныя адносіны прынцыпова змяніліся: заможныя гаспадары былі раскулачаны і сасланы, зямля перададзена калгасам і саўгасам. Сяляне, адчужаныя ад сродкаў вытв-сці і вынікаў сваёй працы, фактычна ператварыліся ў наёмных рабочых. Калектыўнымі гаспадаркамі кіравала дзяржава, якая хоць і дапамагала ім у матэрыяльна-тэхн. забеспячэнні, але пры гэтым значную частку іх даходаў накіроўвала на вырашэнне інш. сац.-эканам. праблем грамадства.

З пач. 1990-х г. у Рэспубліцы Беларусь заканадаўча дазволена арэнда зямлі, стварэнне фермерскіх гаспадарак, рэарганізацыя калгасаў, саўгасаў і інш. Сутнасць гэтых змен у тым, каб ператварыць сялян у паўнаўладных гаспадароў зямлі, стварыць у агр. сектары самастойных суб’ектаў рыначнай эканомікі. Для фарміравання стабільных, жыццядзейных аграрных адносін вырашаюцца таксама праблемы парытэту цэн на с.-г. і прамысл. прадукцыю, залучэнне замежных інвестыцый у агр. сектар, падатковых ільгот, субсідый і інш. формаў падтрымкі сельскай гаспадаркі, асабліва развіцця яе сац. сферы.

Л.​М.​Давыдзенка, У.​А.​Салановіч.

т. 1, с. 84

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУА́М (Guam),

уладанне ЗША у зах. ч. Ціхага ак. Уключае в-аў Гуам (найб. з Марыянскіх астравоў) і суседнія невял. астравы. Пл. 549 км². Нас. 143 тыс. чал. (1993). Адм. ц. — Аганья. Афіц. мова — англійская, пашырана мясц. мова чамора. Нац. свята — Дзень працы (3 вер.).

Прырода. Паўд., больш узвышаная (г. Ламлам, 405 м) частка вострава вулканічнага паходжання, складзена з андэзітаў, паўн., нізінная — з каралавых вапнякоў. Частыя землетрасенні. Клімат трапічны, пасатны. Сярэднія месячныя т-ры каля 26 °C. Гадавая колькасць ападкаў 2000—3000 мм. Дажджлівы сезон май—лістапад. У гэты сезон бываюць тайфуны. На паўд. і ўсх. схілах вільготна-трапічныя лясы, на Пн ксерафітна-злакавыя саванны. На паўн.-ўсх. канцы — запаведнік Паці-Пойнт (пл. 304 га).

Насельніцтва. 43% складае мікранезійскі народ чамора — карэнныя жыхары вострава, 29% — выхадцы з Філіпін (пераважна ілокі), 28% — амерыканцы (ваеннаслужачыя на ваен. базах і члены іх сем’яў). Больш за 80% вернікаў католікі. Амаль усё насельніцтва сканцэнтравана ў невял. гарадах і пасёлках на ўзбярэжжы.

Гісторыя. Карэнныя жыхары — абарыгены чамора здаўна называлі востраў Гуам. Першым з еўрапейцаў в-аў адкрыў у 1521 Ф.Магелан. Да канца 17 ст. Гуам каланізавалі іспанцы (пасля задушэння шэрагу паўстанняў мясц. насельніцтва ў 1670—95), на востраве размясцілася рэзідэнцыя ісп. губернатара Марыянскіх а-воў. Асн. заняткам карэннага насельніцтва было земляробства. У 1825 і 1828 у сувязі з заходам на Гуам брыт. і амер. кітабойных суднаў пачата стварэнне партовай службы (у Апры і Уматаку). У выніку ісп.-амер. вайны 1898 востраў стаў уладаннем ЗША, якія ператварылі яго ў апорны пункт на Ціхім ак. У 2-ю сусв. вайну тут 10.12.1941 высадзіўся яп. дэсант, які прымусіў капітуляваць невял. амер. гарнізон і служачых гуамскай марской паліцыі і добраахвотніцкай арміі. 21.7.1944 у межах ваен. аперацыі «Фуражыр» на востраў высадзіліся амерыканцы і ў ходзе жорсткіх 22-дзённых баёў амаль цалкам знішчылі яп. гарнізон. Да 30.5.1946 востравам кіравала амер. ваен. адміністрацыя, ён стаў буйнейшай ваен.-марской базай ЗША на Ціхім ак. У 1949 кіраванне Гуам перададзена грамадз. адміністрацыі. Пасля прыняцця ў 1950 у ЗША «Акта аб Гуаме» ўсе жыхары вострава, якія нарадзіліся пасля 11.4.1899, атрымалі амер. грамадзянства (без права ўдзелу ў нац. выбарах), абраны мясц. аднапалатны заканад. орган — Гуамскі кангрэс (21 дэпутат). У 1952 тут створана першая ВНУТэр. каледж Гуама. У 1970 гуамцам дадзена права выбіраць на 4 гады губернатара вострава (раней яго прызначаў прэзідэнт ЗША). З 1982 Гуам мае ўнутр. аўтаномію. Дзейнічаюць мясц. аддзяленні Рэсп. і Дэмакр. партый ЗША.

Гаспадарка. Аснова эканомікі — турызм. Штогод Гуам наведваюць 600—800 тыс. турыстаў (85% — японцы). Вял. значэнне маюць даходы ад ваен. аб’ектаў ЗША. На востраве 2 буйныя ваен. базы ЗША: паветраная Андэрсен, марская Апра-Харбар. Жыхары вырошчваюць агародніну, а таксама кукурузу, каву, бананы, цукр. трыснёг, тара і інш. трапічныя культуры. Гадуюць буйн. раг. жывёлу і свіней. Птушкагадоўля. Рыбалоўства. На невял. прадпрыемствах вырабляюць какосавы алей, мыла, цэмент, чарапіцу, штучны лёд, безалкагольныя напіткі, хлебабулачныя вырабы. З рамёстваў развіты пляценне, выраб сувеніраў і ўпрыгожанняў з ракавін і бісеру, разьбярства па дрэве. Унутр. транспарт аўтамабільны. Востраў — важны вузел паветр. і марскіх камунікацый. Гал. парты Апра-Харбар і Аганья. Экспарт нязначны, імпарт — прамысл. і харч. тавары. Грашовая адзінка — долар ЗША.

Літ.:

Малаховский К.В. Остров, открытый Магелланом (Гуам). М., 1975.

І.​Я.​Афнагель (прырода, гаспадарка), У.​Я.​Калаткоў (гісторыя).

т. 5, с. 512

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖЫВЁЛАГАДО́ЎЛЯ,

галіна сельскай гаспадаркі, якая займаецца развядзеннем с.-г. жывёл для вытворчасці жывёлагадоўчых прадуктаў. Забяспечвае насельніцтва прадуктамі харчавання (малочныя прадукты, мяса, яйцы, мёд і інш.), лёгкую і харч. прам-сць сыравінай (скура, воўна, мяса, малако і інш.), дае жывую цяглавую сілу (коні, валы, аслы, мулы, вярблюды, паўн. алені і інш.), асобныя кармы (касцявая мука і інш.), лек. сродкі (гармоны, сывараткі) і арган. ўгнаенні. Грунтуецца на заатэхніі. Цесна звязана з раслінаводствам. Гал. падгаліны: буйной рагатай жывёлы гадоўля, свінагадоўля, авечкагадоўля, конегадоўля, козагадоўля, аленегадоўля, птушкагадоўля, зверагадоўля, пчалярства, рыбагадоўля, трусагадоўля, шаўкаводства. Развіта ў большасці краін свету. Таварная мясная і малочная Ж., птушкагадоўля на прамысл. аснове развіты ў краінах Зах. Еўропы і Паўн. Амерыкі, мясная Ж. — у краінах Лацінскай Амерыкі, свінагадоўля — у Кітаі, авечкагадоўля — у Аўстраліі і Новай Зеландыі. У свеце налічваецца (1994; млн. галоў): буйн. раг. жывёлы — 1279,5, у т. л. ў Індыі — 193, Бразіліі — 151,6, ЗША — 101,8; свіней — 873,1, у т. л. ў Кітаі — 400,7, Бразіліі — 151,6, ЗША — 56,8; авечак — 1103, у т. л. ў Аўстраліі — 132, Кітаі — 112,4, Новай Зеландыі — 51. Вытв-сць асн. прадуктаў Ж. складае (1994; млн. т); мяса — 193,8 (гал. вытворцы Кітай, ЗША, Бразілія), малака — 460,1 (гал. вытворцы ЗША, Расія, Індыя), яец — 39 (гал. вытворцы Кітай, ЗША, Японія), воўны — 2,7 (гал. вытворцы Аўстралія, Новая Зеландыя, Кітай). Ж. развіта ва ўсіх краінах, якія ўтварыліся на тэр. б. СССР, асабліва ў Прыбалтыцы, на Украіне, у Расіі. Аднак пагалоўе жывёлы і аб’ёмы вытв-сці прадукцыі Ж. ў гэтых краінах у 1990-я г. набылі тэндэнцыю да скарачэння. У Беларусі мяса-малочная Ж. займае вядучае месца сярод галін сельскай гаспадаркі. Найб. актыўна яна развівалася ў 1960—80-я г. (гл. табл. 1). У сувязі са скарачэннем пагалоўя ў 1990-я г. знізілася і валавая вытв-сць усіх відаў прадукцыі Ж. (гл. табл. 2). Скараціліся вытв-сць і спажыванне прадукцыі Ж. ў разліку на душу насельніцтва. У 1990 было атрымана мясной прадукцыі на 1 чалавека 75 кг, а ў 1996—60,5 кг. У структуры мясной прадукцыі, атрыманай на Беларусі, ялавічына складае 44,4%, свініна — 43,8, птушынае мяса — 10,2, бараніна — 0,6, іншыя віды — 1%. Асноўная ч. атрыманага мяса, малака і яец прыпадае на грамадскі сектар, адпаведна 72, 59 і 60% (1996). Больш развіта Ж. на З рэспублікі — у Гродзенскай, Брэсцкай і на З Мінскай абласцей, якія лепш забяспечаны кармамі, прац. рэсурсамі і матэрыяльна-тэхн. сродкамі.

Н.​В.​Жураўская.

Н.​В.​Жураўская.
Табліца 1. Пагалоўе жывёлы ў Беларусі (на пачатак года, тыс. галоў)
Усе катэгорыі гаспадарак 1941 1970 1991 1995 1997
Буйная рагатая жывёла, 5077 6975 5404 4855 2844
у т. л. каровы 1956 2522 2362 2181 2043
Свінні 2520 3651 5051 4004 3715
Авечкі і козы 2578 670 445 284 214
Коні 1170 333 217 220 232
Птушкі, млн. галоў 24,3 50,6 45,3 40,8
Табліца 2. Вытворчасць асноўных прадуктаў жывёлагадоўлі ў Беларусі
Усе катэгорыі гаспадарак 1940 1970 1990 1995 1996
Мяса (у забойнай вазе), тыс. т. 275 710 1181 657 623
у т. л. свініны 134 335 438 263 273
Малака, тыс. т 2005 5296 7457 5070 4908
Яец, млн. шт. 612 1671 3657 3373 3441
Воўна, т 3285 1213 958 396 328

т. 6, с. 458

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНА́Л (ад лац. canalis труба, жолаб) у гідратэхніцы, штучнае рэчышча (вадавод) правільнай формы ў грунтавой выемцы або насыпе з безнапорным рухам вады; від гідратэхнічных збудаванняў. У папярочным сячэнні маюць трапецаідальную і паліганальную (у мяккіх грунтах), прамавугольную (у скальных пародах) і інш. формы. Памеры сячэння вызначаюць гідраўл. разлікам па прапускной здольнасці, дапушчальных скарасцях (якія не размываюць і не заглейваюць рэчышча) і г.д. Адкосы і дно ўмацоўваюць бетоннымі і гравійнымі пакрыццямі, каменным машчэннем (накідам), фашынна-галлёвым і плятнёвым мацаваннем, грунтавымі і плёначнымі экранамі, дзернаваннем і інш. На К. будуюць шлюзы, на К. з мех. пад’ёмам вады — помпавыя станцыі, у месцах перасячэння з вадатокамі — акведукі, дзюкеры, трубы, з шляхамі зносін — масты, віядукі, тунэлі, у месцах рэзкіх пераломаў рэльефу — спалучальныя збудаванні (перапады, быстратокі, пераходы), а таксама рэгуляцыйныя збудаванні.

К. бываюць: суднаходныя (злучальныя — злучаюць паміж сабой суднаходныя рэкі і азёры, моры; абводныя — для абыходу неспрыяльных участкаў воднага шляху; спрамляльныя — для скарачэння даўжыні звілістага шляху; падыходныя — для падыходу суднаў да партоў, гарадоў; энергетычныя (дэрывацыйныя — падводзяць ваду да гідраэлектрычных станцый, адводныя — адводзяць яе ад турбін); арашальныя, або ірыгацыйныя (сістэма магістральных, размеркавальных, уласна арашальных і вадаскідных К. для падачы вады на арашальныя землі); асушальныя (сістэма магістральных, падвадных, адводных, нагорна-лоўчых, скідных К., збіральнікаў, асушальнікаў для збору і адводу вады з забалочаных і залішне ўвільготненых тэрыторый); водаправодныя (для падачы вады ад крыніцы водазабеспячэння да прамысл. раёна, горада); абвадняльныя (забяспечваюць патрэбы с.-г. спажыўцоў, у асн. жывёлагадоўлі, у бязводных і засушлівых раёнах); лесасплаўныя, рыбаводныя і інш. Большасць К. комплекснага прызначэння. Буд-ва арашальных К. пачалося за 4400 г. да н.э. ў Егіпце, суднаходных — з 6 ст. да н.э. (К. ад Ніла да Чырвонага мора). Распачата да н.э. і ў 7 ст. закончана буд-ва часткі Вялікага канала ў Кітаі. У 8—6 ст. да н.э. арашальныя К. будавалі ў Харэзме, Урарту, у 12—13 ст. у Грузіі. У сярэдневякоўі суднаходныя К. будавалі пераважна ў Галандыі, Францыі, Англіі. Найб. значныя каналы міжнародныяСуэцкі канал, Панамскі канал; пабудаваныя ў СССРБеламорска-Балтыйскі канал. Волга-Данскі суднаходны канал, канал імя Масквы, Каракумскі канал.

На Беларусі адзін са старэйшых Агінскі канал; суднаходныя Дняпроўска-Бугскі канал і Мікашэвіцкі канал. З К. і вадасховішчаў складаюцца Вілейска-Мінская водная сістэма і Сляпянская водная сістэма. На вял. ЦЭС (Лукомскай, Бярозаўскай) па К. падводзіцца або скідваецца вада для ахаладжэння энергет. установак. Аўгустоўскі і Бярэзінскі (у складзе Бярэзінскай воднай сістэмы) К. страцілі гасп. значэнне. У раёнах масавага асушэння зямель вял. колькасць меліярац. К., сярод якіх вылучаюць самацёчныя (для скіду лішняй вады з с.-г. плошчаў) і падвадныя (для падачы вады ў наліўныя вадасховішчы, на арашэнне, абвадненне). Агульная даўжыня К. адкрытай асушальнай сеткі на Беларусі (1997) каля 160 тыс. км, больш за 16 тыс. км рэчышчаў (ці іх участкаў) малых і сярэдніх рэк каналізавана.

Г.​Г.​Круглоў, А.​А.​Макарэвіч.

Да арт. Канал. Найбольш пашыраныя формы папярочнага сячэння: а — трапецаідальная; б — поліганальная; в — прамавугольная; г — парабалічная. Мацаванне адкосаў і дна меліярацыйных каналаў; д — каменнай адмосткай (1 — адмостка, 2 — дзёран); е — жалезабетоннымі плітамі (1 — пліты і П-падобныя распоркі, 2 — засыпка грунтавая, 3 — дзёран); ж — камянямі ў клетках з жалезабетонных бэлек (1 — бэлькі, 2 — каменнае машчэнне, 3 — гравій, 4 — пясок).

т. 7, с. 566

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАНІ́ЛА (Manila),

горад, сталіца Філіпін. Знаходзіцца на в-ве Лусон, пры ўпадзенні р. Пасіг у Манільскі зал. Паўд.-Кіт. мора. М. — ядро канурбацыі Вял. М. з насельніцтвам 9,6 млн. чал. (1996). Марскі порт Батаан (грузаабарот каля 32 млн. т за год). Вузел чыгунак і аўтадарог. Міжнар. аэрапорт. Важны эканам. і культ. цэнтр краіны. У Вял. М. сканцэнтравана каля 90% прамысл. прадпрыемстваў краіны. Прам-сць: маш.-буд. (зборка аўтамашын, матацыклаў, радыётэхнікі), лёгкая, харч., дрэваапр., паліграф., хім., нафтаперапр., верфі. Саматужныя промыслы (вытв-сць драўлянага посуду, плеценых капелюшоў, вышывак, ювелірных вырабаў і інш.). АН. 18 ун-таў, у т. л. Манільскі (з 1585), Каталіцкі Санта-Томас (з 1611), Філіпінскі жаночы. Культ. цэнтр Філіпін (уключае тэатр, музей, маст. галерэю, б-ку). Філарманічны аркестр.

Да ісп. каланізацыі М. — умацаванае паселішча племя тагалаў. Пасля заваявання ў 1564 Іспаніяй — сядзібы губернатара і арцыбіскупа, крэпасць (пабудавана ў 1571), з 1574 адм. цэнтр ісп. калоніі. У 1574 і 1587 у горадзе адбыліся антыісп. паўстанні. У 17 ст. горад імкнуліся захапіць галандцы, у 1762—64 заняты брыт. войскамі, у Іспана-амерыканскую вайну 1898 — войскамі ЗША (тут знаходзілася амер. калан. адміністрацыя). У 1942—45 акупіравана яп. войскамі. Горад моцна пацярпеў у выніку баёў паміж філіпінскімі партызанамі і яп. войскамі. У 1946—48 і з 1976 сталіца рэспублікі Філіпіны.

Гіст. цэнтр М. — ісп. сярэдневяковы раён Інтрамурас (моцна пашкоджаны ў 2-ю сусв. вайну) у выглядзе няправільнага пяцівугольніка з нерэгулярнай сеткай вуліц і рысамі радыяльна-кальцавога плана. Раён быў абкружаны сценамі (захаваліся часткова): з Пд — «Каралеўскія вароты» (з вежамі, пад’ёмнымі мастамі; адноўлены), з боку мора — форт Сант’яга (цяпер музей; захавалася дэкар. разьба), абодва 16 ст. У канцы 16—17 ст. ўзніклі прыгарады М.: Бінонда, Тонда, Санта-Крус, Кіяпа. У 18 ст. цэнтр горада перамясціўся ў гандл. раёны Бінонда і Санта-Крус з параднай вул. Эскольта. Сярод помнікаў 16—18 ст.: царква Сан-Агусцін (пачата ў 1599, асн. буд-ва 1606—14, арх. А. дэ Эрэра; разныя дзверы 1606), ун-т Санта-Томас (1608—15), 1—2-павярховыя жылыя дамы з чарапічнымі дахамі, балконамі, галерэямі. У 19 ст. цэнтрам М. стаў раён Сан-Мігель, дзе пабудаваны палац ген.-губернатара (1863; зборы старой ісп. мэблі, жывапісу, скульптуры, прадметаў побыту; цяпер Палац прэзідэнта). Да помнікаў неаготыкі належаць касцёл і кляштар Санта-Дамінга, касцёл Сан-Ігнасіо (1875), дом Кармэн Рохас (усе арх. Ф.​Рохас), да эклектыкі — сабор у Інтрамурасе (1878—79, арх. Эрвас). Найб. значныя будынкі ў сучасных стылях: Далёкаўсх. ун-т (1934—51), Нац. банк Філіпін (1936—44), чыг. кампанія (1936—41, усе арх. П.​Антоніо), атэлі 22-павярховы «Хілтан» і «Савой» (арх. Л.​Лаксін), дзелавыя будынкі Аяла-авеню (усе 1950—60-я г.), культ. цэнтр Філіпін (1969, арх. Лаксін). Створаны гарады-спадарожнікі М.: Кесан-Сіці, Навотас (прамысловы), Малабон, Макаці (фешэнебельны дзелавы цэнтр з кварталам асабнякоў Форбс-парк) і інш. Помнікі: Х.​Рысалю ў парку Лунета (1912—18), А.​Баніфасіо (абодва скульпт. Г.​Таленціна), «П’ета» ў Мемар. парку Лаёлы (1969—70, скульпт. Э.​Кастрыльё). Музеі: Нац. музей Філіпін, музей Санта-Томас і інш.

Т.​Р.​Мартыненка (архітэктура).

Мост цераз раку Пасіг у Маніле.
Гістарычны цэнтр Манілы. Раён Інтрамурас.

т. 10, с. 81

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НІЛ (сучасная егіпецкая назва Эль-Бахр; лац. Nilus, грэч. Neilos),

рака ў Афрыцы, адна з найб. доўгіх рэк свету. Даўж. 6671 км, пл. басейна 2870 тыс. км². Басейн Н. на тэр. Руанды, Бурундзі, Дэмакр. Рэспублікі Конга, Танзаніі, Уганды, Кеніі, Эфіопіі, Судана, Егіпта. Пачынаецца на Усх.-Афрыканскім пласкагор’і, на У ад возера Ківу, упадае ў Міжземнае м., утварае дэльту. Выток — р. Рукарара на ПдЗ Руанды, у сістэме р. Кагера; у межах Усх.-Афрыканскага пласкагор’я працякае праз воз. Вікторыя, на выхадзе з якога наз. Вікторыя-Ніл, перасякае скалістыя грады (парогі і вадаспады, затопленыя пры буд-ве плаціны Оўэн-Фолс), упадзіну воз. К’ёга, упадае ў воз. Мабуту-Сесе-Сека. З возера выцякае пад назвай Альберт-Ніл, цячэ па раўнінах паўд. Судана, перасякае забалочаны раён Сэд, дзе наз. Бахр-эль-Джэбель. Пасля сутокаў з р. Эль-Газаль рака наз. Белы Ніл (Бахрэль-Аб’яд), цячэ па паўпустыннай мясцовасці ў шырокай даліне. Каля г. Хартум прымае самы вялікі прыток — Блакітны Ніл (Бахр-эль-Азрак) і далей наз. ўласна Н. Ніжэй вусця р. Атбара цячэ па Сахары, перасякае крышталічнае плато, утварае парогі (часткова затоплены пры буд-ве Асуанскай плаціны). Ад Асуана да Каіра цячэ ў шырокай (да 20—25 км) даліне. За 20 км на Пн ад Каіра пачынаецца дэльта Н. (пл. 22—24 тыс. км²), дзе вылучаюцца 9 вял. і мноства дробных рукавоў і лагунныя азёры (у паўн. частцы). Гал. прытокі ў верхняй палавіне цячэння: Эль-Газаль (злева), Асва, Собат, Блакітны Н., Атбара (справа). Рэжым Н. складаны. У экватарыяльнай зоне павышаныя ўзроўні летам і зімой. У цэнтр. і паўн. Судане і Егіпце падняцце вады ў летне-асенні перыяд. Сярэдні расход вады каля г. Асуан 2,6 тыс. м³/с, макс. — да 15 тыс. м³/с, мінім. — каля 500 м³/с. Падняцце вады ў межах Егіпта пры звычайнай паводцы 6—7 м. Цвёрды сцёк каля г. Асуан 62 млн. м³ за год, большая частка якога ў выглядзе ілу асядае на палях, у арашальных каналах і вадасховішчах. Н. мае вял. эканам. значэнне: асн. крыніца арашэння і пітной вады, важная трансп. артэрыя. У даліне і дэльце Н. жыве амаль усё насельніцтва Егіпта (на 3% тэр. краіны). Для рэгулявання сцёку вады і барацьбы з паводкамі пабудаваны вял. плаціны: Старая Асуанская, Вышынная Асуанская (Егіпет), Сенарская (Судан) і шматлікія дробныя ГЭС: Асуанская, Наг-Хамады, Эль-Фаюм (на канале Юсуф), Оўэн-Фолс (на р. Вікторыя-Н.). Вял. сетка арашальных сістэм. Воды Н. арашаюць каля 2,4 млн. га у Егіпце і каля 1,1 млн. га у Судане. Праз канал Ісмалія забяспечваецца прэснай вадой з дэльты Н. раён Суэцкага канала, праз канал Эль-Махмудыя — г. Александрыя з наваколлем, праз канал Ібрахімія і рукаў Юсуф частка вады Н. паступае ў воз. Біркет-Карун і на арашэнне аазіса Фаюм. Вадасховішчы Насэр, Гебель-Аулія (на р. Белы Н.) і інш. Рыбалоўства. Прамысл. значэнне маюць нільскі акунь, тыгровая рыба, зубаты карп, балці (афр. карп). Даўжыня суднаходных шляхоў бас. Н. 3,2 тыс. км. Суднаходства па Н. (у сярэднім і ніжнім цячэнні), рукавах дэльты (Дум’ят і Рашыд), арашальных каналах, па азёрах Вікторыя, К’ёга, Мабуту-Сесе-Сека, Тана. Найб. гарады: Хартум (Судан), Асуан, Каір, Александрыя (Егіпет). Даліна Н. (асабліва яго густанаселеная дэльта) была адным з цэнтраў стараж. цывілізацыі, якая ўзнікла на базе арашальнага земляробства (гл. Егіпет Старажытны).

Рака Ніл каля Вышыннай Асуанскай плаціны.

т. 11, с. 346

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПТУШКАГАДО́ЎЛЯ,

галіна жывёлагадоўлі, якая займаецца гадоўляй с.-г. птушак (курэй, качак, гусей, індыкоў, цацарак і інш.) для атрымання яец, мяса, пер’я і пуху. Дае высокапажыўныя прадукты і каштоўную сыравіну для прам-сці. Харчовае значэнне маюць пераважна курыныя яйцы, для чаго гадуюць курэй яечнага кірунку. С.-г. птушка вылучаецца хуткаспеласцю, пладавітасцю, высокай аплатай адносна затрат на корм. Для атрымання 500—600 г яечнай масы неабходна менш за 2 кг, а на прыбаўку ў вазе 1 кг жывой масы — 2,5—3 кг поўнакаштоўнага корму.

П. ўзнікла каля 4—3 тыс. г. назад у Індыі. дзе пачалі гадаваць курэй, потым яна распаўсюдзілася на З і У. За некалькі стагоддзяў да н.э. у Еўропе гадавалі свойскіх курэй, гусей і качак. Індыкі прыручаны ў Амерыцы, у 16 ст. завезены ў Еўропу. Развіццё П. прывяло да з’яўлення высокапрадукц. культурных парод свойскай птушкі: сусекс і доркінг — пароды курэй (Вялікабрытанія), руанскія качкі і тулузскія гусі (Францыя), юрлаўскія галасістыя куры, халмагорскія і арзамаскія гусі (Расія). На Беларусі ў 19 ст. П. была малапрадукц. дадатковай галіной сельскай гаспадаркі. З 1930-х г. пачалося развіццё П. на калгасна-саўгасных фермах; заснаваны інкубатарна-птушкагадоўчыя станцыі, якія забяспечвалі фермы маладняком. З 1971 арганізаваны вытворчыя аб’яднанні па птушкагадоўлі.

У аснове інтэнсіфікацыі П. — паглыбленая спецыялізацыя і стварэнне буйных птушкагадоўчых прадпрыемстваў — птушкафабрык па вытв-сці яец, гадоўлі на мяса бройлераў (куранят, качанят, гусянят, індычат). Тэхналогія інтэнсіўнай П. ўключае некалькі варыянтаў атрымання прадукцыі: на фермах-рэпрадуктарах на працягу года атрымліваюць інкубацыйныя яйцы; на бройлерных ф-ках гадуюць мясны маладняк, забіваюць і апрацоўваюць птушку; на прадпрыемствах яечнага кірунку гадуюць рамонтных курэй для папаўнення статка. У буйных спецыялізаваных гаспадарках і аб’яднаннях галаўныя прадпрыемствы забяспечваюць астатнія гаспадаркі гібрыднымі куранятамі або пародным маладняком інш. відаў свойскай птушкі; прамысл. гаспадаркі або фермы гадуюць гэты маладняк на мяса або для камплектавання статка нясушак (пры вытв-сці яец); птушкакамбінаты гадуюць птушку, забіваюць, апрацоўваюць і рэалізуюць яе; на некат. камбінатах ідзе перапрацоўка яец на яечны парашок, мяса — на кансервы, а таксама выпрацоўваюцца пуха-пер’евыя вырабы. У яечнай П. шырока выкарыстоўваюцца ўнутрыпародныя групы, створаныя на базе курэй пароды легорн, у бройлернай вытв-сці — на базе курэй парод корніш і плімутрок. Аналагічныя пародныя групы існуюць у развядзенні гусей, качак, індыкоў. Пагалоўем свойскай птушкі найб. вызначаюцца (млн. галоў, 2000): Кітай (3420), ЗША (1720), Інданезія (1000), Бразілія (950), Мексіка (420), Індыя (382), Расія (350), Японія (296), Францыя (241), Іран (230). На Беларусі 30,6 млн. галоў птушкі, у т. л. 20,3 млн. галоў на с.-r. прадпрыемствах, 10,3 млн. галоў — у асабістых гаспадарках насельніцтва (2000). У вытв-сці мяса на долю птушкі прыпадае 10—11% (у 1999—10,7%), яйцаноскасць адна з найб. у свеце (241 яйка на нясушку за год). Ва ўсіх катэгорыях гаспадарак атрымліваюць штогод каля 3,4 млрд. яец (у 1999—3395 млн. яец), з іх у калгасах і саўгасах каля 2,1 млрд. штук. Гадуюць таксама качак, гусей, індыкоў, цацарак, перапёлак. Ў 2000 пачалася ў невял. памерах эксперыментальная гадоўля страусаў. На Беларусі 39 птушкафабрык і 3 племзаводы, 5 племянных рэпрадуктараў (2000). Гл. таксама Куры свойскія, Гусі свойскія, Індыкі свойскія, Качкі свойскія.

Г.​С.​Смалякоў.

Да арт. Птушкагадоўля. Клетачнае ўтрыманне курэй на птушкафабрыцы.

т. 13, с. 110

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІБЕ́РЫЯ (Liberia),

Рэспубліка Ліберыя (Republic of Liberia), дзяржава ў Зах. Афрыцы, на ўзбярэжжы Атлантычнага ак. Мяжуе на З з Сьера-Леоне, на Пн з Гвінеяй, на У з Кот-д’Івуарам. Пл. 111,4 тыс. км² Нас. 3073,2 тыс. чал. (1995). Дзярж. мова — англійская. Сталіца — г. Манровія. Краіна падзяляецца на 13 графстваў. Нац. свята — Дзень Незалежнасці (26 ліпеня).

Дзяржаўны лад. Л. — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1986. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, якога выбірае насельніцтва на 6 гадоў. Вышэйшы прадстаўнічы і заканад. орган — двухпалатны парламент (Сенат і Палата прадстаўнікоў), выбіраецца на ўсеагульных выбарах. Выканаўчая ўлада належыць ураду, прызначанаму прэзідэнтам.

Прырода. Уздоўж узбярэжжа Атлантычнага ак. — вузкая (да 60 км) нізінная раўніна. Углыб краіны тэрыторыя паступова павышаецца і пераходзіць у Леона-Ліберыйскае ўзв. выш. каля 500 м. Над ім уздымаюцца асобныя астраўныя горы (г. Німба, на стыку межаў з Гвінеяй і Кот-д’Івуарам, 1752 м). Карысныя выкапні: жал. руда (больш за 3,5 млрд. т), алмазы, золата, баксіты і інш. Клімат субэкватарыяльны, гарачы і вільготны. Сярэднямесячныя т-ры паветра ад 23 °C у жн. да 27 °C у красавіку. Ападкаў за год да 1500—2000 мм ва ўнутр. раёнах, да 5000 км на ўзбярэжжы. Рэкі кароткія, паўнаводныя, з парогамі і вадаспадамі. У раслінным покрыве пераважаюць вечназялёныя экватарыяльныя лясы з каштоўнымі пародамі дрэў, саваннавыя рэдкалессі, участкі саваннаў. Пад лесам і хмызнякамі 39% тэрыторыі. Жывёльны свет разнастайны. У саванне трапляюцца буйвалы, антылопы, леапарды. У лясах шмат птушак, малпаў, змей, насякомых, у т. л. тэрмітаў, мух цэцэ. Нац. парк Сарпа (Сапа), лясныя заказнікі.

Насельніцтва. На тэр. Л. жыве больш за 20 этн. груп. Пераважаюць народы, якія размаўляюць на нігера-кангалезскіх мовах. Найб. народы: кпела, лома, мака, банды, кру, кісі, гола. Каля 5% складаюць амерыкана-ліберыйцы (нашчадкі неграў-рабоў з ЗША), жывуць пераважна ў гарадах. 70% насельніцтва вызнае нац. традыц. культы, ёсць мусульмане (20%) і хрысціяне (10%). Сярэднегадавы прырост насельніцтва 3,3%. Сярэдняя шчыльн. 27,6 чал. на 1 км². Найб. шчыльна заселена прыбярэжная паласа — 40—50 чал. на 1 км². У гарадах жыве 48% насельніцтва (1996). Найб. горад Манровія (962 тыс. ж., 1997). Каля 50 тыс. ж. у гарадах Б’юкенен, Робертспарт, Харбел. У сельскай гаспадарцы занята 70,5% працаздольных, у прам-сці і гандлі — 4,5%, у абслуговых галінах — 10,8%. Каля 700 тыс. — 1 млн. грамадзян Л. ў выніку грамадз. вайны (1989—96) вымушаны былі эмігрыраваць. З 1996—97 бежанцы паступова вяртаюцца з суседніх краін.

Гісторыя. Старажытная гісторыя Л. да з’яўлення ў сярэдзіне 15 ст. на яе тэрыторыі еўрапейцаў малавядома. У 1822 група б. неграў-рабоў з ЗША заснавала тут пасяленне Манровія. У 1820—30-я г. ўзніклі інш. пасяленні, якія 1.4.1839 аб’ядналіся ў Садружнасць пасяленняў Ліберыі. 26.7.1847 абвешчана Рэспубліка Л., улада ў якой належала выхадцам з ЗША — амерыкана-ліберыйцам, карэнныя жыхары былі пазбаўлены грамадз. правоў. З 1920-я г. Л. трапіла ў моцную эканам. залежнасць ад амер. кампаній. У студз. 1944 прэзідэнт У.​Табмен абвясціў «палітыку аб’яднання», паводле якой карэнныя жыхары ў 1945 атрымалі права голасу. Панаванне амер.-ліберыйскай эліты ў эканоміцы і палітыцы захоўвалася да забойства ў 1980 групай ваенных прэзідэнта У.​Толберта. Улада перайшла да Савета нац. выратавання на чале з С.​Доу, які ў кастр. 1985 быў выбраны прэзідэнтам Л. У выніку пагаршэння эканам. становішча ў 2-й пал. 1980-х г. і міжнац. спрэчак у грамадстве Л. павялічылася незадаволенасць. У снеж. 1989 узбр. група створанага эмігрантамі Нац.-патрыят. фронту Л. (НПФЛ) на чале з Ч.​Тэйларам уварвалася ў Л. з тэр. Кот-д’Івуар. Пасля гібелі Доу ў вер. 1990 пачалася барацьба за ўладу паміж НПФЛ, групамі, якія адкалоліся ад яго і б. прыхільнікамі Доу. У выніку грамадз. вайны 1989—96 загінула каля 150 тыс. чал., 1,2 млн. пазбавіліся прытулку, 700 тыс. уцяклі ў суседнія краіны. 2.8.1996 у г. Абуджа (Нігерыя) падпісана пагадненне пра спыненне агню і раззбраенне ўсіх бакоў канфлікту. На ўсеагульных выбарах у ліп. 1997 прэзідэнтам Л. выбраны Тэйлар.

Л. — чл. ААН (1945), Арг-цыі афр. адзінства. У краіне дзейнічаюць Нац.-патрыят. фронт Л., Незалежны Нац.-патрыят. фронт Л., Аб’яднанне незалежнага руху за дэмакратыю ў Л.

Гаспадарка. Л. — агр. краіна з развітой горназдабыўной прам-сцю. Значна пацярпела ад грамадз. вайны і ваен. дзеянняў. Валавы нац. прадукт на 1 чал. складае 770 дол. (1994). На сельскую і лясную гаспадарку разам з рыбалоўствам прыпадае 40%, на прам-сць — каля 30%, у т. л. на горназдабыўную — каля 20%. У сельскай гаспадарцы пераважае абшчыннае землеўладанне і дробныя сялянскія надзелы. Ёсць плантацыі, якія належаць замежным кампаніям або дзяржаве. Найб. развіта земляробства. С.-г. ўгоддзі займаюць каля 1 млн. га, у т. л. каля 0,5 млн. га пад ворывам, каля 0,3 млн. га пад шматгадовымі насаджэннямі, каля 0,2 млн. га пад лугамі і пашай. Асн. таварныя культуры: гевея, алейная пальма, кава, какава, цукр. трыснёг, тытунь. Штогод атрымліваюць каля 100 тыс. т пальмавага алею, 10 тыс. т кавы, 5 тыс. т какавы. На ўнутр. патрэбы вырошчваюць рыс (каля палавіны пасяўной плошчы), маніёк, тара, ямс, бананы, ананасы, арахіс, сою, цытрусавыя. Жывёлагадоўля развіта слаба. Пагалоўе (пач. 1990-х г., тыс. галоў): буйн. раг. жывёлы — каля 40, авечак і коз — каля 500, свіней — каля 100. Развіта лясная гаспадарка. Нарыхтоўка каштоўных парод драўніны складае штогод каля 1 млн. м³, працуе 19 лесапільных з-даў. Марское рыбалоўства (15—20 тыс. т рыбы штогод). У прам-сці гал. роля належыць здабычы карысных выкапняў, якую вядуць замежныя кампаніі. Штогод здабываюць каля 15—20 млн. т жал. руды (1-е месца ў Афрыцы), каля 0,3—0,4 млн. каратаў алмазаў, 3—4 т золата. Да пач. ваенных дзеянняў штогадовая вытв-сць электраэнергіі складала каля 1 млрд. кВтгадз, у 1993 атрымана 440 кВтгадз. Больш за палавіну электраэнергіі дае ГЭС Маўнт-Кофі на р. Сент-Пол. Апрацоўчая прам-сць развіваецца з 1960-х г. Найб. развіта харчасмакавая галіна (вытв-сць безалкагольных напіткаў, віна, піва, мукі, кансерваў, перапрацоўка рыбы, мяса, агародніны і інш.). Ёсць асобныя прадпрыемствы нафтаперапр., буд. матэрыялаў, хім., лёгкай, мэблевай прам-сці. Больш за 60% прамысл. прадпрыемстваў у г. Манровія. Развіты традыц. рамёствы: прадзенне і ткацтва, выраб цыновак, кошыкаў, скур, разьба па дрэве і інш. Транспарт пераважна аўтамабільны і чыгуначны. Аўтадарог 10,1 тыс. км, у т. л. асфальтавых і гравійных 5,8 тыс. км; чыгунак 490 км. Пад флагам Л. з прычыны нізкіх падаткаў і выгаднага для суднаўладальнікаў прац. заканадаўства плаваюць гандл. судны ЗША і краін Зах. Еўропы агульнай грузападымальнасцю 56,7 млн. брута-рэг. т (1997). Гал. парты — Манровія (разнастайныя грузы) і Б’юкенен (экспарт жал. руды). У краіне 59 аэрапортаў, у т. л. міжнар. аэрапорт Робертсфілд каля Манровіі. У 1989 экспарт склаў 505 млн. дол., імпарт — 394 млн. долараў. У экспарце пераважаюць жал. руда (61%), каўчук (20%), драўніна і лесаматэрыялы (11%), кава, у імпарце — паліва, хімікаты, машыны і прамысл. абсталяванне, харч. прадукты. Гал. гандл. партнёры — ЗША і краіны Зах. Еўропы. Знешні доўг Л. перавышае 1,7 млрд. долараў. Грашовая адзінка — ліберыйскі долар.

Літ.:

Френкель М. Гражданская война в Либерии (1989—1997) // Мировая экономика и междунар. отношения. 1998. № 7.

Ю.​В.​Ляшковіч (прырода, насельніцтва, гаспадарка).

Герб і сцяг Ліберыі.
Сталіца Ліберыі — горад Манровія.

т. 9, с. 235

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

О́РША,

горад абл. падпарадкавання, цэнтр Аршанскага р-на Віцебскай вобл. на р. Дняпро пры ўпадзенні ў яго р. Аршыца. За 80 км ад Віцебска, вузел 6 чыгунак (лініі на Мінск, Магілёў, Крычаў, Смаленск, Віцебск, Лепель) і 8 аўтадарог. 123,9 тыс. ж. (2000).

Упершыню ўпамінаецца ў «Аповесці мінулых гадоў» пад 1067 як горад Ръша. У 1320 у складзе Віцебскага княства далучана да ВКЛ. У 1398—1407 пабудаваны Аршанскі замак. Паводле гіст. крыніц за 1555, М.​К.​Радзівіл Чорны заснаваў у О. кальвінскі (пратэстанцкі) збор — адзін з першых на Беларусі. З 1560-х г. О. — дзярж. ўладанне, цэнтр Аршанскага павета. Упершыню пазначана на «Карце Вялікага княства Літоўскага, Лівоніі і Маскоўскага княства», складзенай у 1589 М.​Струбічам. У ходзе шматлікіх войнаў неаднаразова разбурана і спалена. Каля О. адбыліся Аршанская бітва 1514, Аршанская бітва 1564 і інш. Горад меў гандл. сувязі з Расіяй, Польшчай, Прыбалтыкай і Украінай. У 1612—1820 у О. дзейнічаў Аршанскі езуіцкі калегіум, дзе створаны рукапісны зб. «Аршанскі кодэкс». У 1620 горад атрымаў магдэбургскае права і герб — у блакітным полі залаты паўмесяц, паміж рагамі якога сярэбраны крыж. Складанне гар. статута, зацверджанага 3.3.1621, дапоўніла фарміраванне аршанскага права. У сярэдзіне 17 ст. ў О. каля 5 тыс. ж. У 16—18 ст. О. была значным рэліг. цэнтрам. З 1592 існавала правасл. брацтва. Дзейнічалі манастыры бернардзінцаў, базыльянак, дамініканцаў, францысканцаў, уніятаў, касцёлы трынітарыяў, місіянераў, марыявітак, базыльян, цэрквы. У 1630 пры Куцеінскім Богаяўленскім манастыры бел. асветнік С.Собаль заснаваў Куцеінскую друкарню, якая з’яўлялася асн. цэнтрам бел. кірылічнага кнігадрукавання. Пасля 1-га падзелу Рэчы Паспалітай (1772) О. ў складзе Рас. імперыі, цэнтр Аршанскай правінцыі. У 1776 горад пазбаўлены магдэбургскага права: 1700 ж., 309 будынкаў. У 1781 гораду дадзены новы герб: уверсе — палова герба Рас. імперыі, унізе — у блакітным полі пяць стрэл. З 1796 О. — цэнтр павета Беларускай, з 1802 — Магілёўскай губ. У вайну 1812 горад спалены франц. войскамі. У 2-й пал. 19 ст. пасля будаўніцтва чыгунак О. — буйны чыг. вузел, аршанская прыстань — значны трансп. пункт на Дняпры. У 17—19 ст існавалі Аршанскі кляштар бернардзінцаў, Аршанскі кляштар дамініканцаў, Аршанскі кляштар трынітарыяў, Аршанскі кляштар францысканцаў У пач. 1890 у горадзе 15 прамысл. прадпрыемстваў, 9 навуч. устаноў, бальніца, 2 аптэкі, 3 б-кі, 2 кнігарні, друкарня. У 1869 адкрыта тэлеграфная станцыя, у 1899 — публічная б-ка імя А.​С.​Пушкіна. У 1897 у О. 13 161 ж. З 1903 працавала Аршанская жаночая гімназія, з 1906 — рэальнае вучылішча, з 1911 — Аршанская жаночая настаўніцкая семінарыя. З 1915 выдавалася газ. «Оршанский вестник». У 1905 у О. пад кіраўніцтвам мясц. арг-цый РСДРП і сац.-дэмакр. к-та Бунда адбыліся выступленні працоўных. У лют.—кастр 1918 О. часткова акупіравана герм. войскамі. У перыяд усталявання сав. улады і грамадз. вайны (1917—20) у О. дзейнічалі органы і арг-цыі розных паліт. сіл: Савет рабочых, салдацкіх і сялянскіх дэпутатаў, к-т грамадз. бяспекі, саюз эсэраў-марксістаў, часовы ваенна-рэв. к-т і інш. З 2.2.1919 О. ў складзе Гомельскай, з 1920 — Віцебскай губ. РСФСР. З 1924 цэнтр Аршанскага раёна БССР, да 1930 — Аршанскай акругі. З 17.3.1938 горад абл. падпарадкавання. У 1939 у О. 37,6 тыс. ж. У пач. Вял. Айч. вайны ў баях пад О. 14.7.1941 упершыню былі выкарыстаны рэактыўныя ўстаноўкі «Кацюша». 16.7.1941 акупіраваны ням. фашыстамі, якія стварылі ў О. некалькі канцлагераў, дзе знішчылі 19 тыс. чал., у горадзе і раёне загубілі 37,4 тыс. чал. Дзейнічала Аршанскае патрыятычнае падполле. Горад вызвалены 27.6.1944 войскамі 3-га Бел. фронту ў ходзе Віцебска-Аршанскай аперацыі 1944 У 1970 у О. 100,6 тыс. жыхароў.

Працуюць (2000) прадпрыемствы маш.-буд. і металаапр., у т. л. Аршанскі станкабудаўнічы завод, Аршанскі інструментальны завод, адкрытае акц. т-ва «Орша», з-ды прылад аўтам. кантролю, форм і тэхнал. аснасткі для прадпрыемстваў зборнага жалезабетону, трактарарамонтны і інш. Развіты тэкст. (Аршанскі льнокамбінат, ф-кі трыкат. спарт. вырабаў, швейная, маст. вырабаў), харч. (Аршанскі мясакансервавы камбінат, камбінаты хлебапрадуктаў, піваварны, малочны і інш.), буд. матэрыялаў (Аршанскі камбінат зборных жалезабетонных вырабаў і канструкцый, камбінат сілікатных вырабаў, з-д жалезабетонных вырабаў і інш.) прам-сці. У горадзе тэхнікумы чыг. транспарту і механіка-тэхналагічны, мед. і пед. вучылішчы. Музеі: К.​С.​Заслонава, Музей гісторыі і культуры горада Оршы, этнагр. «Млыны», драўлянай скульптуры нар. майстра С.​С.​Шаўрова. Выдаецца «Аршанская газета».

У 14 ст. на месцы стараж. гарадзішча пабудаваны замак. У час шматлікіх войнаў 16 ст. горад неаднаразова быў разбураны. У 1623 у сутоках рэк Дняпро і Куцеінка засн. Аршанскі Куцеінскі Богаяўленскі манастыр, у 1631 пабудаваны Аршанскі Куцеінскі Успенскі манастыр. У 16—18 ст. у горадзе ўзведзены: драўляная царква Ільі Прарока (1505), мураваныя касцёл і 2-павярховы будынак калегіума (1690), манастыры бернардзінцаў (1636), базыльянак (1642), дамініканцаў (драўляныя будынкі пастаўлены ў 1649—50, мураваны касцёл — у 1819), францысканцаў (мураваныя будынкі ўзведзены ў 1680), саборная мураваная царква Раства Маці Божай (1691), касцёлы трынітарыяў (1714), місіянераў (1752), марыявітак (18 ст.), цэрквы Ушэсця (1757), Іаана Багаслова (1790; усе не захаваліся), Аршанскі манастыр базыльян (2-я пал. 18 ст.). У 1778 распрацаваны план забудовы О., які прадугледжваў рэгуляванне вулічнай сеткі, узбуйненне кварталаў, выраўноўванне паўкальцавых магістралей, стварэнне непадалёку ад цэнтр. ядра горада новай грамадскай плошчы з гасціным дваром і адм. установай, развіццё Задняпроўскага р-на. У вайну 1812 горад спалены франц. войскамі. У 1848 распрацаваны новы праект планіроўкі, які ў асн. рысах паўтараў папярэдні план. У 19 — пач. 20 ст. тэр. О. значна павялічылася, пераважала драўляная забудова. За 1,5 км ад горада забудаваўся прывакзальны раён, які ў 1878 злучыўся з гар. цэнтрам брукаванай магістраллю, у цэнтры О. закладзены парк. У 1880 пабудавана Аршанская Ільінская царква, у 1902 — вадзяны млын, у 1906 — рэальнае вучылішча. На плане 1911 горад падзелены Дняпром і Аршыцай на 3 часткі, рэгулярная планіроўка ўяўляла сабой сетку ўзаемна перпендыкулярных вуліц. Паводле генпланаў О. 1940, 1948 («Белдзяржпраект») разрозненыя раёны аб’яднаны. У 1957 распрацавана схема размяшчэння новага жыллёвага буд-ва (Віцебскі філіял ін-та «Белдзяржпраект»), у 1978 і 1980 — генпланы забудовы О. (БелНДІПгорадабудаўніцтва). Сучасны горад уключае цэнтр., прывакзальны, паўн., паўд. планіровачныя раёны, раёны льнокамбіната і Задняпроўя. Асн. жылы масіў з адм.-грамадскім і культ. цэнтрам размешчаны на правым беразе Дняпра, на месцы гіст. ядра О. з радыяльнай сістэмай вуліц. Асн. кампазіцыйныя восі — вуліцы Леніна (захаваўся фрагмент забудовы канца 19 — пач. 20 ст.), Астроўскага, Міру, праспект Тэкстыльшчыкаў. На скрыжаванні вуліц Леніна і Міру ўтворана цэнтр. плошча, з боку Дняпра да яе прылягае прыдняпроўскі парк. Цэнтр і мікрараёны (мікрараён Задняпроўе 1, Задняпроўе 2, па вуліцах Чырвонай і Леніна) забудоўваюцца 5—9-павярховымі дамамі. Сфарміраваны паўн. і паўд. прамысл. зоны. У О. брацкія могілкі і магілы сав. воінаў, падпольшчыкаў, ахвяр фашызму, ваеннапалонных. Помнікі: Вызваліцелям, Курган Славы, мемар. комплекс «Кацюша», ахвярам паліт. рэпрэсій, у гонар воінаў-землякоў, якія загінулі ў Афганістане, Герою Сав. Саюза К.С.Заслонаву, бел. пісьменніку У.С.Караткевічу.

Літ.:

Орша: Ист.-экон. очерк. 2 изд. Мн., 1967;

Шынкевіч А.М. Аршанская даўніна. Мн., 1992;

Асіноўскі С.М. Орша: Залатыя стрэлы на блакітным полі. Мн., 1997;

Памяць: Гіст.-дак. хроніка Оршы і Аршанскага р-на. Кн. 1—2. Мн., 1999—2000.

А.​М.​Шынкевіч (гісторыя), Г.​К.​Гаранскі, Ю.​І.​Драгун, Ю.​А.​Якімовіч (архітэктура).

Панарама г. Орша з боку ракі Дняпро.

т. 11, с. 450

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)