ЭЛЕКТРАТЭРМІ́ЧНАЯ АПРАЦО́ЎКА матэрыялаў,

метады тэрмічнай апрацоўкі металаў і сплаваў, пры якіх вырабы награваюць эл. токам.

Награванне пры Э.а. робяць: прапусканнем эл. току праз выраб (кантактавы нагрэў); метадам навядзення віхравых токаў на паверхні вырабу (індукцыйны нагрэў, апусканнем у электраліты (гл. Электроліз); эл. разрадамі (імпульснымі — электраэразійная апрацоўка і электраіскравая; устойлівымі — электрадугавая зварка). Найб. пашырана электратэрмічная паверхневая загартоўка вырабаў у электраліце ці токамі ВЧ (па ўсёй паверхні ці ў асобных яе ўчастках). У параўнанні з полымным нагрэвам Э.а. дае магчымасць атрымаць больш высокія т-ры, канцэнтраваць магутнасць у малым аб’ёме, рабіць выбіральны нагрэў, памяншаць утварэнне акаліны, механізаваць і аўтаматызаваць вытв. працэс.

Літ.:

Технологические основы электротермической обработки стали. Киев, 1977.

т. 18, кн. 1, с. 92

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСМАТЫ́ЧНЫ ЦІСК, дыфузны ціск,

лішкавы гідрастатычны ціск раствору, які перашкаджае дыфузіі растваральніку праз паўпранікальную перагародку; тэрмадынамічны параметр. Характарызуе імкненне раствору да зніжэння канцэнтрацыі пры сутыкненні з чыстым растваральнікам пры сустрэчнай дыфузіі малекул растворанага рэчыва і растваральніку. Абумоўлены змяншэннем хімічнага патэнцыялу растваральніку ў прысутнасці растворанага рэчыва. Роўны лішкаваму вонкаваму ціску, які неабходна прыкласці з боку раствору, каб спыніць осмас. Вымяраецца ў паскалях.

Вымярэнні асматычнага ціску пачаў у 1877 ням. батанік В.​Пфефер у растворы трысняговага цукру. Па яго даных галандскі хімік Я.​Х.​Вант-Гоф устанавіў у 1887, што залежнасць асматычнага ціску ад канцэнтрацыі цукру па форме супадае з Бойля-Марыёта законам для ідэальных газаў. Асматычны ціск вымяраюць з дапамогай асмометраў. Статычны метад вымярэння асматычнага ціску заснаваны на вызначэнні лішкавага гідрастатычнага ціску па вышыні слупка вадкасці H пасля ўстанаўлення стану раўнавагі пры роўнасці вонкавых ціскаў PА і PБ; дынамічны метад зводзіцца да вымярэння скорасці V усмоктвання і выціскання растваральніку з асматычнай ячэйкі пры розных значэннях лішкавага ціску P = PА – PБ з наступнай інтэрпаляцыяй атрыманых даных да V=0 пры лішкавым ціску Δp, роўным асматычнаму ціску. Па велічыні асматычнага ціску распазнаюць: ізатанічныя, або ізаасматычныя, растворы, якія маюць аднолькавы асматычны ціск (незалежна ад саставу), гіпертанічныя з больш высокім Асматычным ціскам і гіпатанічныя растворы з больш нізкім асматычным ціскам.

Асматычны ціск адыгрывае важную ролю ў жыццядзейнасці жывых клетак і арганізмаў. У клетках і біял. вадкасцях ён залежыць ад канцэнтрацыі раствораных у іх рэчываў. Па велічыні асматычнага ціску вадкасцяў унутр. асяроддзя арганізма (кроў, гемалімфа і інш.) водныя арганізмы падзяляюцца на гіпер-, гіпа- і ізаасматычныя. Сярэдняя велічыня і дыяпазон асматычнага ціску ў розных арганізмаў розныя і залежаць ад віду і ўзросту арганізма, тыпу клетак і асматычнага ціску навакольнага асяроддзя (напр., асматычны ціск клетачнага соку наземных органаў балотных раслін 0,2—1,6 МПа, у стэпавых 0,8—0,4, у дажджавых чарвякоў 0,36—0,48, у прэснаводных рыб 0,6—0,66, у акіянічных касцістых рыб 0,78—0,85, акулавых 2,2—2,3, млекакормячых 0,66—0,8 МПа). У гіперасматычных арганізмаў (прэснаводныя жывёлы, некаторыя марскія храстковыя рыбы — акулы, скаты; усе расліны) унутр. Асматычны ціск перавышае асматычны ціск навакольнага асяроддзя, таму іоны могуць актыўна паглынацца арганізмам і ўтрымлівацца ў ім, а вада паступае праз біял. мембраны пасіўна, у адпаведнасці з асматычным градыентам. У гіпаасматычных жывёл (касцістыя рыбы, некаторыя марскія паўзуны, птушкі) асматычны ціск крыві меншы за асматычны ціск навакольнага асяроддзя. Адноснае пастаянства Асматычнага ціску забяспечваецца водна-салявым абменам праз осмарэгулявальныя органы (гл. ў арт. Осмарэгуляцыя).

Літ.:

Курс физической химии. Т. 1—2. 2 изд. М., 1970—73;

Пасынский А.Г. Коллоидная химия. 3 изд. М., 1968;

Гриффин Д., Новик Эл. Живой организм: Пер. с англ. М., 1973.

Вымярэнне асматычнага ціску асмометрам: А — камера для раствору; Б — камера для растваральніка; М — мембрана. Узроўні вадкасці ў трубках пры асматычнай раўнавазе: а, в — пры роўнасці вонкавых ціскаў PА = PБ; б — пры роўнасці рознасці PА−PБ асматычнага ціску.

т. 2, с. 38

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРА́ЛЬ (франц. morale ад лац. moralis маральны, духоўны),

асаблівая форма грамадскай свядомасці і від грамадскіх адносін (маральныя адносіны); адзін з асн. спосабаў нарматыўнай рэгуляцыі дзеянняў чалавека ў грамадстве. Узнікла на ранніх ступенях развіцця чалавечага грамадства і выяўлялася ў розных маральных сістэмах, якія развіваліся і змянялі адна адну. Рэгулюе паводзіны чалавека ва ўсіх сферах яго грамадскага жыцця — у працы, побыце, палітыцы, навуцы, сям’і, унутрыгрупавых, міжнар. адносінах, а таксама яго адносіны з прыродай. Адлюстроўвае цэласную сістэму поглядаў на сац. жыццё, якая змяшчае разуменне сутнасці грамадства, гісторыі, чалавека і яго быцця. Уяўляе сабой усведамленне людзьмі грамадска неабходнага тыпу паводзін і іх рэалізацыю ў свабодных дзеяннях з апорай на ўласныя перакананні і грамадскую думку. Нормы М. пастаянна абнаўляюцца з улікам гіст. традыцый, духоўнай і нац.-культ. спадчыны, жаданняў людзей. У М. вял. роля належыць індывід. свядомасці (уласныя перакананні, матывы, самаацэнка), якія дазваляюць чалавеку кантраляваць свае дзеянні, самастойна вызначаць сваю лінію паводзін у грамадстве. У разнастайнасці грамадскай дзейнасці чалавека спецыфічна маральны бок паводзін можна адрозніць толькі паводле спосабу, якім рэгулююцца ўчынкі. Напр., эканам. рэгуляванне ажыццяўляецца праз матэрыяльныя інтарэсы людзей; ‘нормы права замацоўваюцца ў афіц. заканадаўстве; адм. формы кантролю здзяйсняюцца праз размеркаванне абавязкаў і афіц. паўнамоцтваў паміж асобамі; у паўсядзённым жыцці патрабаванні М. кантралююцца грамадскай думкай. Аўтарытэт чалавека ў пытаннях М. з’яўляецца духоўным аўтарытэтам і залежыць ад таго, наколькі правільна чалавек разумее сэнс маральных патрабаванняў і выконвае іх. Ён не звязаны з афіц. паўнамоцтвамі, рэальнай уладай або грамадскім становішчам. У адрозненне ад звычаяў, нормы М. набываюць сэнс агульначалавечых каштоўнасцей і прынцыпаў і падтрымліваюцца ў выніку заведзенага і агульнапрынятага парадку.

Літ.:

Мораль, сознание и поведение. М., 1986;

Библер В.С. Нравственность. Культура. Современность. М., 1990;

Сорокин П.А. Человек. Цивилизация. Общество. М., 1992;

Моральные ценности и личность. М., 1994.

В.​В.​Краснова.

т. 10, с. 104

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАВАГРУ́ДСКІ «КАЦЁЛ»,

акружэнне 3-й, 10-й і часткі 13-й армій Зах. фронту ў раёне Навагрудка і Налібоцкай пушчы Баранавіцкай вобл., Мінскім умацаваным раёне 28.6—4.7.1941 у Вял. Айч. вайну. Утварыўся ў выніку злучэння пад Мінскам ням. 3-й (наступала з Вільнюса праз Маладзечна) і 2-й (наступала ад Брэста і Баранавіч) танк. груп у час Мінска абароны 1941. У акружэнне трапіла 11—15 дывізій, якія мелі значныя страты ў баях пад Гроднам, Ваўкавыскам і Лідай, прарваліся каля Зэльвы, Дзярэчына, Слоніма з беластоцкага «катла». Упартае супраціўленне сав. войск пад Беластокам, Навагрудкам і Мінскам скавала 25 дывізій ням. групы армій «Цэнтр». Каля 12 дывізій Зах. фронту былі разгромлены ў Н.«к.». З цяжкімі баямі з акружэння прарваліся 24-я (ген.-м. К.​М.​Галіцкі), рэшткі 17-й, 55, 64, 108, 155-й стралк., 36-й кав., 204-й матарызаванай і інш. дывізій, зводныя атрады 11-га (ген.-м. Д.​К.​Маставенка) і 13-га (ген.-м. П.​А.​Ахлюсцін) механіз. карпусоў. Частка акружэнцаў рассеялася па лясных вёсках, перайшла да партыз. форм барацьбы. «Лясная дывізія» на чале з ген.-лейт. І.В.Болдзіным і палк. І.​С.​Стральбіцкім з баямі выйшла праз варожыя тылы да Смаленска. 4—5 ліп. 52 тыс. чырвонаармейцаў (паводле ням. звестак) вымушаны былі здацца ў палон. За час ліквідацыі Н.«к.» каля 15 ням. дывізій панеслі адчувальныя страты, што запаволіла рух. ням. злучэнняў да Масквы, дазволіла сав. камандаванню аднавіць у ліп. 1941 Зах. фронт па Дняпры і Зах. Дзвіне, правесці Магілёва абарону 1941, Рагачоўска-Жлобінскую аперацыю 1941, Лепельскі контрудар 1941, рэйд трох кав. дывізій на чале з ген.-палк. А.​І.​Гарадавіковым па тылах 2-й ням. арміі, падцягнуць рэзервовыя арміі да Смаленска і Бранска.

Літ.:

Еременко А.И. В начале войны. М., 1964;

Памяць: Гіст.-дак. хроніка Навагрудскага р-на. Мн., 1996;

Басюк І.А. Навагрудскі «кацёл». Гродна, 1998.

У.​Ф.​Ісаенка.

т. 11, с. 94

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕРАКЛАДНА́Я АПО́ВЕСЦЬ,

адзін з асноўных жанраў старажытнабеларускай літаратуры 15—17 ст., які аб’ядноўвае розныя апавядальныя творы замежнай літаратуры, перакладзеныя на бел. мову. Вядома з часоў Кіеўскай Русі (гл. Аповесць старажытнаруская); яе ўзнікненне звязана з пашырэннем культ. узаемасувязей Беларусі з замежнымі краінамі і з завяршэннем фарміравання ў 15 ст. старабел. літ.пісьмовай мовы. Большасць П.а. паявілася на Беларусі з заходнееўрап. узораў праз зах.-слав. і паўд.-слав. пасрэдніцтва. Вылучаюць рэлігійныя і свецкія П.а. Рэлігійныя падобныя да апокрыфаў («Страсці Хрыстовы», «Жыціе Аляксея, чалавека божага», «Аповесць пра трох каралёў», «Аповесць пра Таўдала»). Да свецкіх належаць рыцарскія раманы, якія на Беларусі называліся аповесцямі («Аповесць пра Трышчана», «Аповесць пра Баву»), гіст. аповесці («Александрыя», «Гісторыя пра Атылу», «Мамаева пабоішча», «Троя»), дыдактычныя і жартоўныя маст. творы. Змяшчаліся ў зб-ках «Вялікае зярцала» і «Рымскія дзяянні» (напр., «Гісторыя пра Апалона Цірскага»), у хроніках-зводах і хранографах (гл. «Вялікая хроніка», «Хроніка ўсяго свету»), У П.а. часам свядома пашыраўся ці скарачаўся тэкст, уключаўся мясцовы матэрыял, узмацняліся ідэі гуманізму, беларусізаваліся імёны і інш. (напр., «Аповесць пра Трышчана» — варыянт рыцарскага рамана пра Трыстана і Ізольду). П.а. лічацца некат. біблейскія кнігі, перакладзеныя і выдадзеныя Ф.​Скарынам («Юдзіф», «Эсфір», «Руф» і інш.). П.а. напісаны жывой гутарковай мовай. Яны ўзбагацілі і паўплывалі на развіццё арыгінальнай бел. л-ры (асабліва празаічных жанраў), на станаўленне бел. белетрыстыкі. Некат. аповесці пранікалі праз бел. пасрэдніцтва на Украіну і ў Расію, што ўмацоўвала культ. ўзаемасувязі паміж народамі.

Літ.:

Карский Е.Ф. Белорусы. Т. 3, вып. 2. Пг., 1921;

Кузьмина В.Д. Рыцарский роман на Руси. М., 1964;

Кривчик В.Ф. О словарном составе белорусских переводных повестей второй половины XVI в. // Уч. зап. БГУ. Сер. фил. Мн., 1956. Вып. 27;

Гісторыя беларускай літаратуры: Сгаражытны перыяд. 4 выд. Мн., 1998.

Л.​Я.​Цімашкова, В.​А.​Чамярыцкі.

т. 12, с. 277

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТЭРМАРЭГУЛЯ́ЦЫЯ (ад тэрма... + лац. regulo упарадкоўваю, рэгулюю),

фізіялагічная функцыя, што забяспечвае падтрыманне аптымальнай для дадзенага віду т-ры глыбокіх абласцей цела ва ўмовах тэмпературных змен навакольнага асяроддзя. Здольнасць да Т. ў значнай ступені вызначае межы рассялення і выжывання жывёл у розных кліматычных умовах і з’яўляецца адным з найважнейшых механізмаў іх гамеастазу. Пайкілатэрмным жывёлам уласціва пераважна паводзінская форма Т., або Т., якая ажыццяўляецца зменай стану (спячка, здранцвенне, змена сутачнай актыўнасці і інш.). Многія з іх здольныя кантраляваць і мяняць т-ру цела пры пастаянных умовах. Напр., за кошт задышкі некат. яшчаркі і кракадзілы доўгі час захоўваюць т-ру цела, на 2—5 °C ніжэйшую за т-ру навакольнага асяроддзя. Грамадскія насякомыя эфектыўна выкарыстоўваюць метабалічнае цяпло для падтрымання ўласнай т-ры цела і т-ры ўсяго гнязда (групавая Т.). Гамаятэрмныя жывёлы і чалавек маюць больш высокі ўзровень энергаабмену (тахіметабалізм) і разам з паводзінскай Т. выкарыстоўваюць механізм рэгуляцыі ўзроўню цеплапрадукцыі (хім. Т.) і цеплааддачы (фіз. Т.). Гэтыя працэсы кантралююцца цэнтрам Т., які з’яўляецца часткай сістэмы цэнтраў гіпаталамуса, што каардынуе вегетатыўныя, эмацыянальныя і адаптыўныя паводзіны. Цэнтр Т. ўспрымае сігналы тэрмарэцэптараў скуры, падскурных тканак, тэрмаадчувальных нейронаў гіпаталамуса і ажыццяўляе карэкцыю т-ры цела. Раздражненне перыферычных халадовых тэрмарэцэптараў суправаджаецца павелічэннем цеплапрадукцыі пераважна за кошт інтэнсіфікацыі абмену рэчываў, паяўлення халадовых дрыжыкаў і памяншэння цеплааддачы шляхам звужэння скурных і падскурных крывяносных сасудаў. Актываванне тэрмаадчувальных нейронаў гіпаталамуса пры пераграванні арганізма прыводзіць да памяншэння цеплапрадукцыі праз прыгнечанне мышачнага тонусу і да павелічэння цеплааддачы праз расшырэнне перыферычных крывяносных сасудаў і павелічэнне потавыдзялення (або цеплавой задышкі ў жывёл, якія не пацеюць. У гіпаталамічнай Т. ўдзельнічаюць залозы ўнутр. сакрэцыі, пераважна шчытападобная залоза і наднырачнікі. Працэсы Т. кантралююцца карой вял. паўшар’яў, што дазваляе арганізму на аснове агульнай тэмпературнай адчувальнасці выбраць пэўную паводзінскую рэакцыю (напр., актыўнае пазбяганне высокай ці нізкай т-ры, будаванне прыстанішча).

Літ.:

Физиология терморегуляции. Л., 1984;

Слоним А.Д. Эволюция терморегуляции. Л., 1986.

В.​М.​Гурын.

т. 16, с. 136

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УЛАДЗІ́МІР,

горад, цэнтр Уладзімірскай вобл. Расіі. Размешчаны на р. Клязьма. 334 тыс. ж. (2000). Чыг. вузел. Аэрапорт. Прам-сць: машынабудаванне (вытв-сць трактароў, аўтамаб. і трактарных кантрольна-вымяральных прылад, станкоў, мед. тэхнікі, авіяпрылад, абсталявання для тэлефонных станцый), хім., лёгкая (трыкат., швейная), харчовая. 2 ВНУ. 3 тэатры: харавой музыкі, драмы, лялек.

Засн. ў 1108 кн. Уладзімірам Манамахам як крэпасць на паўд.-ўсх. мяжы Растова-Суздальскага княства. У хуткім часе каля крэпасці вырас гандл.-рамесны пасад. У сярэдзіне 12 ст. У. — вотчыннае ўладанне Андрэя Багалюбскага, які ў 1157 перанёс сюды сталіцу Уладзіміра-Суздальскага княства. У выніку мангола-татарскага нашэсця (1238) страціў эканам. і паліт. значэнне. У 1299—1325 рэзідэнцыя рус. мітрапалітаў. Да сярэдзіны 14 ст. У. — адм. і культ. цэнтр Паўн.-Усх. Русі. З 1719 У. — цэнтр правінцыі, з 1778 — намесніцтва, з 1796 — губерні. У 1858—62 праз У. пракладзена Маскоўска-Ніжагародская чыгунка. Праз У. праходзіла вядомая дарога ссыльных «Уладзімірка». З 1944 цэнтр Уладзімірскай вобл.

Захаваліся помнікі Уладзіміра-Суздальскай школы дойлідства: «Залатыя вароты» (115864) — белакаменная арка з паўцыркульным скляпеннем з туфу і надбрамнай царквой (падноўлена ў 1469 арх. В.​Ярмоліным, перабудавана ў 1810); Уладзімірскі Успенскі сабор Уладзімірскі Дзмітрыеўскі сабор; больш познія цэрквы: Успення Багародзіцы (1649), Міколы ў Галеях (1732—35, нарышкінскі стыль), Мі кіты (1762—65, барока) і інш. З 1781 У. забудоўваўся паводле рэгулярнага плана ў стылі класіцызму (дзярж. ўстановы, 1785; гандл. рады, 1787—90). У 20 ст. праведзены вял. рэстаўрацыйныя работы помнікаў горада. У 1961 устаноўлены помнік 850-годдзя У. (скульпт. Д.​Рабічаў, арх. А.​Душкін). Створаны Уладзі міра-Суздальскі гіст.-арх. і маст. музей-запаведнік Помнікі У. ўключаны ЮНЕСКА спіс Сусветнай спадчыны.

Літ.:

Скворцов А.И., Строгова Л.П., Шагова О.А. Владимир: Путеводитель-справочник. Ярославль, 1984;

Дмитриев Ю.А., Дятлова Н.И., Савинова Р.Ф. Улицы Владимира. Ярославль, 1989.

Уладзімір. Панарама горада.
«Залатыя вароты» ва Уладзіміры.

т. 16, с. 212

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АГРЭ́СІЯ (ад лац. aggressio напад),

выкарыстанне ўзброенай сілы адной дзяржавай (групай дзяржаў) супраць суверэнітэту, тэр. цэласнасці, паліт. незалежнасці другой дзяржавы або народа (нацыі). Найб. небяспечная ўзброеная (прамая) форма агрэсіі. Існуе таксама паняцце ўскоснай агрэсіі, пры якой дзяржава-агрэсар скрыта выкарыстоўвае ўзбр. сілы (напр., праз узбр. банды наёмнікаў, нерэгулярных вайск. фарміраванняў). Паводле Статута ААН, Савет Бяспекі можа кваліфікаваць як агрэсію і інш. дзеянні. Адпаведна з міжнар. правам агрэсія — злачынства супраць міжнар. міру і таму цягне за сабой міжнар. адказнасць. Дзяржава, якая стала аб’ектам агрэсіі, мае права на прыняцце мер індывідуальнай і калектыўнай абароны. Савет Бяспекі ААН правамоцны прыняць рашэнне аб выкарыстанні да агрэсара мер, у т. л. ваеннага характару (напр., у 1991 узбр. сілы НАТО выступілі супраць Ірака, які захапіў Кувейт).

Л.​В.​Паўлава.

т. 1, с. 87

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́ДЛЕР (Adler) Альфрэд (7.2.1870, Вена — 28.5.1937),

аўстрыйскі ўрач-псіхіятр, заснавальнік сістэмы індывідуальнай псіхалогіі. З 1930-х г. жыў пераважна ў ЗША. У аснове яго вучэння прынцып унутр. адзінства псіхічнага жыцця асобы, адсутнасці трывалай мяжы і антаганізмаў паміж свядомасцю і бессвядомым. У тлумачэнні паводзін асобы апіраўся на разуменне канчатковай мэты, да якой імкнецца чалавек, падпарадкоўваючы ёй свае псіхічныя праявы. Паводле Адлера асн. рухаючай сілай развіцця асобы з’яўляецца імкненне да паўнаты і асабістай перавагі, якое рэалізуецца праз механізм кампенсацыі першаснага пачуцця непаўнацэннасці. Зрабіў уклад у распрацоўку праблем псіхапаталогіі, тэорыі сноў, вывучэння сац. фактараў уздзеяння на чалавечую псіхіку. Асн. працы: «Аб непаўнацэннасці органаў» (1907), «Аб нервовым характары» (1912), «(Тэорыя і практыка індывідуальнай псіхалогіі» (1920), «Чалавеказнаўства» (1928), «Сэнс жыцця» (1933) і інш.

т. 1, с. 111

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРЫ́БІЦА (Stenodus leucichthys leucichthys),

прахадная рыба сям. сіговых; падвід нельмы. Эндэмік Каспійскага м., куды зайшла ў ледавіковы час з Ледавітага ак. Трымаецца ў халодных слаях вады.

Даўж. да 1,2 м, маса да 20 кг. Самкі буйнейшыя за самцоў. Цела серабрыстае, без плям, луска буйная, рот вялікі, зубы на сківіцах адсутнічаюць. Палавая спеласць на 5—7-м годзе жыцця. На нераст ідзе ў рэкі Волгу і Урал. Да зарэгулявання Волгі гал. месцам нерасту была р. Уфа (300 км ад мора). Існуюць яравая і азімая формы. Нерастуе ў вер.—лют. 1—2 разы ў жыцці (праз 2—3 гады). Драпежнік, у час міграцый не корміцца. Каштоўная рыба; у сувязі з зарэгуляваннем Волгі прамысл. значэнне невялікае; разводзяць штучна.

Беларыбіца.

т. 3, с. 69

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)