МЕТЛЮЖКАКВЕ́ТНЫЯ (Poales),

парадак аднадольных раслін. 1 сям., каля 650 родаў, 10 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды. Дамінанты травяністых груповак расліннасці стэпаў, лугоў, прэрый, пампасаў і саваннаў. На Беларусі 55 родаў. Найб. вядомыя авёс, брыца, вострыца, грэбнік, жытняк, зуброўка, каласнец, купкоўка, лісахвост, малінія, маннік, пырнік, трыснёг, цімафееўка, ячмень і інш. Вырошчваюцца шмат інтрадукаваных відаў з родаў жыта, кавыль, кукуруза, перлаўка, проса, пшаніца, райграс і інш. Рэдкія віды (напр. ячменеваласнец еўрапейскі) занесены ў Чырв. кнігу.

Адна-, двух- і шматгадовыя травяністыя, радзей дрэвападобныя (напр., бамбук) расліны. Цыліндрычныя сцёблы (саломіны) уздутыя ў вузлах і падзеленыя на полыя межвузеллі. Лісце пераважна з адкрытымі похвамі, лінейнае (да ніткападобнага) ці ланцэтнае, звычайна мае язычок. Кветкі дробныя, пераважна двухполыя ў элементарных суквеццях (каласках), што ўтвараюць складаныя суквецці — мяцёлкі, каласы, гронкі або галоўкі. У каласку — 1—30 кветак. Апыленне звычайна ветрам. Плод — зярняўка. Да М. належаць асн. харч. расліны: пшаніца, рыс, кукуруза, жыта, ячмень, авёс, проса, сорга, цукр. трыснёг і інш.), што культывуюцца з глыбокай старажытнасці, і кармавыя (мятліца, цімафееўка, аўсяніца, купкоўка, каласоўнік і інш). Выкарыстоўваюцца для засеву газонаў, аэрадромаў, стадыёнаў, замацавання пяскоў, насыпаў. З некат. М. атрымліваюць буд. матэрыялы, паперу (напр., трыснёг, бамбук), ёсць шкоднае пустазелле (напр., аўсюк, брыца звычайная). Харч., кармавыя, тэхн., лек., дэкар. расліны.

Літ.:

Цвелев Н.Н. Злаки СССР. Л., 1976. Жизнь растений. Т. 6. М., 1982.

т. 10, с. 311

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́ЧЫГАН (Michigan),

штат на Пн ЗША, каля Вялікіх азёр; на Пн мяжуе з Канадай. Пл. 150,8 тыс. км². Нас. 9773,9 тыс. чал. (1997). Адм. ц. — г. Лансінг; найб. горад, гал. гасп. цэнтр і порт — Дэтройт. Тэр. М. складаецца з 2 паўастравоў: паўд. — паміж азёрамі Гурон і Мічыган, дзе пражывае больш за 95% насельніцтва штата, і паўн. — паміж азёрамі Мічыган і Верхняе, укрытага хвойнымі лясамі і вельмі рэдка населенага. Паверхня — пераважна хвалістая раўніна, на ПнЗ — невял. горныя масівы выш. да 604 м. Клімат умераны, на Пн з халоднай зімой. Сярэдняя т-ра студз. каля -5 °C, ліп. каля 22 °C. Ападкаў каля 800—850 мм за год. Пад лесам (пераважна хвойным) каля 50% тэрыторыі. М. — адзін з вядучых прамысл. штатаў ЗША. Найб. развіты металургія, машынабудаванне, металаапрацоўка. Найважнейшая галіна — аўтамабілебудаванне (Дэтройт і суседнія гарады), з якой звязаны шэраг абслуговых галін прам-сці. Развіты ваенная, хім., сілікатна-керамічная, харч., дрэваапр., мэблевая, папяровая прам-сць. Здабыча кухоннай солі, жал. і меднай руды. Сельская гаспадарка малочна-агародніннага кірунку. Вырошчваюць садавіну, вінаград (на ўзбярэжжы воз. Мічыган), цукр. буракі, бабовыя, кукурузу, пшаніцу, сою, кармавыя травы. Гадуюць (млн. галоў, 1998): буйн. раг. жывёлу — 11, свіней — 1, птушку — 6,2. Вытв-сць бройлераў. Лясная гаспадарка. Турызм на ўзбярэжжы Вял. азёр. Транспарт чыг., аўтамаб., унутраны водны.

т. 10, с. 491

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАТАГО́НСКАЯ БІЯГЕАГРАФІ́ЧНАЯ ВО́БЛАСЦЬ, Голантарктычная біягеаграфічная вобласць. Уваходзіць у царства Натагею. Займае тэр. Пд Паўд. Амерыкі (Пд Аргенціны і Чылі) разам з архіпелагамі Вогненная Зямля, Хуан-Фернандэс, а-вы Фалклендскія, Кергелен, Кразе, Паўд. Георгія і інш. Больш як палавіна відаў флоры і фауны — эндэмікі.

Відавы склад раслін характэрны для стэпаў (пампасаў), паўпустынь і пустынь, з перавагай злакаў, кактусаў, азарэлы, болаксу і інш. Шмат лішайнікаў і мохападобных. Есць 10 эндэмічных сям. кветкавых раслін. Вільготныя лясы з паўд. бука трапляюцца пераважна на архіпелагах Вогненная Зямля і Чылаэ. Фауна даволі бедная. Тыповыя прадстаўнікі сярод наземных млекакормячых — вікунья, гуанака, грызуны нутрыя, шыншыла, віскаша, мара, тука-тука, цэналеставыя сумчатыя пацукі і мышы і інш.; з марскіх млекакормячых—ластаногія (марскі леапард, паўд. марскі слон і інш.), кіты. Сярод птушак эндэмічныя прадстаўнікі атр. пінгвінападобных, а таксама белыя сяўцы, калібры, тынаму, чарнашыі лебедзь і інш. Сярод паўзуноў—ігуаны, вужападобныя змеі і інш., з земнаводных — рынадэрмы, свістуны і інш. Прэснаводныя рыбы прадстаўлены пераважна відамі з атр. карпападобных (сям. харацынавыя), ласосепадобных (сям. галаксіевыя) і інш. З наземных беспазваночных характэрны шэраг эндэмічных жукоў-жужаляў, нагахвостак-калембал, матылёў і інш.

А.​М.​Петрыкаў.

Да арт. Патагонская біягеаграфічная вобласць. Тыповыя прадстаўнікі фауны: 1 — свістун пяціпальцы; 2 — чырок оклендскі; 3 — тынаму вохрыстагаловы; 4 — тука-тука; 5 — мара; 6 — віскаша.

т. 12, с. 177

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САЛО́ННАЕ МАСТА́ЦТВА, салонна-акадэмічнае мастацтва,

кансерватыўны кірунак у маст. культуры 19 — пач. 20 ст. Зарадзілася ў Францыі (дасягнула росквіту ў 1850—70-я г.), пазней пашырылася ў інш. краінах. Назву атрымала з-за яго падтрымкі з боку журы парыжскіх маст. салонаў. Агульныя прыкметы С.м.: эклектызм творчага метаду, які грунтаваўся пераважна на нормах акадэмізму 19 ст. і позняга (акад.) класіцызму, адначасова выкарыстоўваючы павярхоўна ўспрынятыя метады і прыёмы рамантызму, пазней — рэалізму і натуралізму; знешняя эфектная прыгажосць кампазіцыі і адназначнасць зместу пры развітой сюжэтнасці; прамалінейнасць трактоўкі значных тэм; фармальная завершанасць, рамесна-тэхн. віртуознасць фактуры, якая імітуе маст. майстэрства; патэтыка, экзальтацыя і ідэалізацыя вобразаў; зарыентаванасць на маст. кан’юнктуру і густ масавага гледача. У С.м. пераважалі міфалагічны і алегарычны (пераважна як падстава для адлюстравання аголенай натуры), быт. (прымітыўна-анекдатычны), гіст. (найчасцей у духу псеўдагіст. касцюмнай меладрамы) жанры, партрэт (ідэалізаваны). Агрэсіўнае непрыняцце ўсяго наватарскага ў мастацтве, імкненне навязаць сваё разуменне «добрага густу», камерцыялізацыя маст. творчасці выклікалі і адваротную рэакцыю ў буйных мастакоў 2-й пал. 19 ст. і іх. супрацьпастаўленне сваёй творчасці С.м. («Маніфест рэалізму» Г.​Курбэ ў Францыі, заснаванне Т-ва перасоўных маст. выставак у Расіі і інш.). У 20 — пач. 21 ст. тэрмін «С.м.» ўжываецца таксама як агульнае вызначэнне знешняй прыгажосці і банальнасці, беззмястоўнасці твораў выяўл. мастацтва, спекулятыўнай імітацыі маст. каштоўнасцей.

т. 14, с. 115

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІНЬЦЗЯ́Н-УЙГУ́РСКІ АЎТАНО́МНЫ РАЁН, Сіньцзян,

аўтаномны раён на ПнЗ Кітая. На Пн і З мяжуе з Манголіяй, Расіяй, Казахстанам, Кіргізіяй, Таджыкістанам, Афганістанам, Пакістанам, Індыяй. Пл. 1600 тыс. км², нас. каля 18 млн. чал. (2001), у т. л. уйгуры (75%), сярод астатніх найб. кітайцаў. Адм. і гал. прамысл. цэнтр — г. Урумчы. Большая ч. паверхні — пустынная і паўпустынныя Джунгарская і Кашгарская раўніны, падзеленыя хрыбтамі Усх. Цянь-Шаня. На Пд горы Куньлунь і Каракарум (г. Чагары выш. 8611 м), на Пн Мангольскі Алтай. Клімат субтрапічны засушлівы, кантынентальны. Ападкаў на раўнінах 100—300 мм за год, у гарах да 800 мм. Расліннасць пераважна пустынная і паўпустынная. У гарах хваёвыя лясы. Найб. развіта сельская гаспадарка. Земляробства пераважна на арашальных землях. Гал. с.-г. культуры — пшаніца, кукуруза, рыс (займаюць больш за 50 % апрацаваных зямель), а таксама бавоўнік, рапс, каноплі. У аазісах вінаградарства і садоўніцтва (абрыкосы, яблыкі, грушы, грэцкі арэх), бахчаводства (дыні, кавуны). Шаўкаводства. У пустынях і паўпустынях (найб. на Пн) жывёлагадоўля (авечкі, козы, буйн. раг. жывёла, вярблюды, коні). Здабыча нафты, вугалю, рэдкіх і каштоўных металаў, графіту, нефрыту. Гал. галіны апрацоўчай прам-сці: нафтаперапр., металургічная, маш.-буд. (аўтазборка і аўтарамонт, с.-г. машынабудаванне і інш.), хім., буд. матэрыялаў, тэкст., гарбарная. Рамёствы (тканіны, дываны, кашма, скуры і скураныя вырабы, папера і інш.). Транспарт чыг. і аўтамабільны.

т. 14, с. 408

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРХІТЭУ́ЦЫС (Architeuthis),

род гіганцкіх кальмараў атр. дзесяціногіх галаваногіх малюскаў. Каля 10 відаў. Узніклі прыкладна ў познім мезазоі, росквіту дасягнулі ў неагене. Самыя вял. беспазваночныя жывёлы. Найб. вядомы архітэуцыс — «даўгарукі спрут».

Даўж. са шчупальцамі дасягае 19 м, маса да 1 т і болей. Жывуць пераважна ў трапічных морах і акіянах. Цела верацёнападобнае. На галаве 8 «рук» і 2 шчупальцы. Яйцы адкладваюць на дно ці ў тоўшчу вады. Драпежнікі. Аб’екты промыслу. Мяса смачнае. Выкарыстоўваюцца таксама ў фармацэўтычнай прам-сці.

Архітэуцыс у бойцы з кашалотам.

т. 1, с. 532

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЙЛЯНЬЦЗЯ́О, Секта белага лотасу,

тайная будыйская секта ў Кітаі ў 12 — пач. 19 ст. Узнікла на пач. праўлення дынастыі Паўд. Сун [1127—1279]. У 14 ст. злілася з будыйскімі сектамі Мілацзяо і Мінцзяо і стала масавай арг-цыяй, у якую ўваходзілі пераважна сяляне і рамеснікі. Удзельнічала ва ўзбр. барацьбе супраць манг. дынастыі Юань. У наступныя стагоддзі неаднаразова ўздымала сял. паўстанні; адно з буйнейшых адбылося ў 1796—1805. Пасля яго задушэння маньчжурска-кіт. феадаламі секта спыніла сваю дзейнасць (за выключэннем адгалінаванняў у Шаньдуні і Чжылі).

т. 2, с. 225

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАКАШЫ́ЙНЫЯ ЧАРАПА́ХІ (Pleurodira),

падатрад паўзуноў. 2 сям.: пеламедузавыя і змеяшыйныя чарапахі, 13 родаў, 45 відаў. Пашыраны ў прэсных водах Паўд. Амерыкі, Афрыкі, Аўстраліі, а-воў Мадагаскара і Новай Гвінеі.

Даўж. панцыра 30—77 см. Шыя доўгая; могуць выгінаць яе ўбок і закладваць пад панцыр. Ногі пераважна пляскатыя, на пальцах плавальныя перапонкі. Кормяцца дробнымі рыбамі. Мяса і яйцы некаторых выкарыстоўваюць у ежу.

Бакашыйныя чарапахі пеламедузавыя: 1 — махрыстая чарапаха, або матамата; 2 — арау, або тартаруга; 3 — аўстралійская змеяшыйная чарапаха; 4 — афрыканская пеламедуза.

т. 2, с. 229

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЛКО́Н (італьян. balcone ад позналац. balcus бэлька),

канструкцыйны элемент пабудовы і маст. афармлення фасадаў будынкаў; агароджаная (кратамі, балюстрадай, парапетам) пляцоўка на кансольных бэльках, якая выступае са сцяны, або пліта (пераважна жалезабетонная) на фасадзе ці ў інтэр’еры (напр., у тэатры). Сустракаецца тып балкона без вынасу (т.зв. «французскі балкон»), які робіцца ў праёме балконных дзвярэй. Балкон як элемент пабудовы ўзнік на Усходзе. У Еўропе з’явіўся ў сярэднія вякі ў абарончым (машыкулі) і культавым (амбон) дойлідстве.

Балкон жылога дома на вул. Камсамольскай у Мінску. Мастацкае ліццё.

т. 2, с. 256

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЛО́ТНЫЯ ВО́ДЫ, тарфяныя воды,

утвараюцца на балотах, характарызуюцца павышанай колькасцю арган. рэчываў, кіслай рэакцыяй і цёмна-карычневым колерам. Балотныя воды вярховых балотаў маюць невял. агульную мінералізацыю (да 60 мг/л), у іх хім. саставе пераважаюць іоны кальцыю і магнію. Агульная мінералізацыя водаў нізінных балотаў 60—550 мг/л, уключаюць іоны магнію, калію, натрыю, амонію, жалеза, хлору і інш. Арганічных рэчываў 75—168 мг/л, пераважна гумусавыя, ёсць гумінавыя кіслоты. Балотныя воды ўплываюць на хім. састаў рачных водаў; агрэсіўныя ў адносінах да бетону.

т. 2, с. 260

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)