СМУЛКО́ВА (Smułkowa) Яніна Эльжбета (н. 24.6.1931, г. Львоў, Украіна),
польскі мовазнавец. Скончыла аддзяленне польскай і слав. філалогіі ун-та імя М.Каперніка ў г. Торунь (1955). З 1957 у Варшаўскім ун-це (з 1988 праф.); адначасова ў 1957—61 працавала ў Ін-це славяназнаўства Польскай АН. З 1991 ген. консул, у 1992—95 Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Польшча ў Рэспубліцы Беларусь. З 1997 выкладае ва ун-це ў Беластоку, кіраўнік кафедры бел. культуры. Даследуе бел. і параўнальную слав. дыялекталогію, бел. і ўсх.-слав. акцэнталогію, тэорыю і практыку моўных кантактаў на польска-бел.-літоўскім паграніччы, бел. і агульную фанетыку і фаналогію. Аўтар прац «Гаворкі ўсходняй Беласточчыны ў святле лексічных даследаванняў» (1972), «Да пытання аб прадказальнасці ўсходнеславянскага націску» (1976), «Аб польска-беларускіх моўных саюзах у аспекце часавым і тэрытарыяльным» (1988), «Беларуска-літоўска-польскае этналінгвістычнае пагранічча. Сучасныя праблемы» (1993), «Беларускія элементы ў творчасці А.Міцкевіча» (1998), «Моўнае пагранічча як прадмет сучаснай дыялекталогіі» (2001) і інш. Удзельнічала ў стварэнні канцэпцыі, зборы матэрыялаў і падрыхтоўцы «Атласа ўсходнеславянскіх гаворак Беласточчыны» (т. 1—3, 1980—93), «Слоўніка беларускіх гаворак паўночна-заходняй Беларусі і яе пагранічча» (т. 1—5, 1979—86), «Слоўніка мікратапонімаў паўночна-ўсходняй Польшчы» (т. 1—2, 1992—95) і інш.Чл.Міжнар. асацыяцыі беларусістаў.
Тв.:
Słownictwo z zakresu uprawy roli w gwarach wschodniej Białostocczyzny na tle wschodniosłowiańskim. T. 1—2. Warszawa;
Kraków, 1968;
Studia nad akcentem języka białoruskiego: (Rzeczownik). Warszawa, 1978;
Fonetyka i fonologia języka bialoruskiego z elementami fonetyki i fonologii ogólnej. Warszawa, 1988 (разам з В.М.Чэкманам);
Białoruś i Pogranicza: Studia o języku i społeczeństwie. Warszawa, 2002.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФАВО́РСКІ Уладзімір Андрэевіч (15.3.1886, Масква — 29.12.1964),
расійскі графік і жывапісец. Нар.маст.СССР (1963). Правадз.чл.АМСССР (1962). Вучыўся ў студыі К.Юона ў Маскве і ў маст. школе Ш.Холашы ў Мюнхене (1906—07), на мастацтвазнаўчым ф-це Маскоўскага ун-та (1907—13).
Праф. ін-таў у Маскве: Вышэйшага маст.-тэхн. (1907—13), паліграф. (1930—34), выяўл. мастацтваў (1934—38), прыкладнога і дэкар. мастацтваў (1942—48). Працаваў у галіне кніжнай і станковай графікі (пераважна ксілаграфіі), манум. і тэатр.-дэкарацыйнага жывапісу. Імкненне да філас. асэнсавання жыцця вызначылі яго пошукі вобразных абагульненняў і выразнай дэкаратыўнасці. Яго творчасць садзейнічала развіццю ксілаграфіі, усталяванню прынцыпаў афармлення кнігі як адзінага маст. твора. Сярод работ: іл. да кніг — «Кніга Руф» (1925), «Слова аб палку Ігаравым» (1938, 1954, 1961), санеты У.Шэкспіра (1948, 1952, 1955, 1960, 1964), «Барыс Гадуноў» (1956, 1960) і «Маленькія трагедыі» (1961) А.Пушкіна; станковыя гравюры — «Кастрычнік 1917» (1928), «Ф.М.Дастаеўскі» (1929), «За мір» (1959); серыя «Вялікія рускія палкаводцы» (1945—47). Сярод манум. работ — афармленне фасада сав. павільёна на Сусв. выстаўцы ў Парыжы (1937), мазаіка будынка сав. пасольства ў Варшаве (1955); тэатр.-дэкарацыйныя работы — «Дванаццатая ноч» Шэкспіра (1933, у Маскоўскім Маст. т-ры 2-м) і інш. Ленінская прэмія 1962. Іл.гл. таксама да арт.Кніжная графіка.
Тв.:
О художнике, о творчестве, о книге. [М., 1966];
Рассказы художника-гравера. М., 1976.
Літ.:
Халаминский Ю.Я. В.А.Фаворский М., 1964;
Книга о В.Фаворском. М., 1967.
І.В.Назімава.
У.Фаворскі. Плач Яраслаўны. Ілюстрацыя да кнігі «Слова аб палку Ігаравым». Разварот. 1954.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ХІ́МІЯ ЦВЁРДАГА ЦЕ́ЛА,
навука аб сінтэзе, фізіка-хім. уласцівасцях і выкарыстанні рэчываў, якія знаходзяцца ў цвёрдым агрэгатным стане.
Як самаст. галіна хіміі сфарміравалася ў 1970-я г. на базе даследаванняў механізму і кінетыкі хім. рэакцый з удзелам цвёрдых цел, у т. л.найб. пашыраных з іх — тапахім. рэакцый (хоць бы 1 рэагент у цвёрдым стане). Асн. задача Х.ц.ц. — сінтэз рэчываў у цвёрдым стане пэўнага саставу, з зададзенай структурай (што вызначае рэакцыйную здольнасць цвёрдага цела). Састаўной часткай Х.ц.ц. з’яўляецца атрыманне інфармацыі аб уплыве структуры цвёрдых цел на іх рэакцыйную здольнасць і ўласцівасці, вывучэнне механізму дыфузіі ў цвёрдых целах і фазавых пераходаў. Да рэакцый, якія вывучаюцца і выкарыстоўваюцца на практыцы з удзелам цвёрдых цел, адносяцца: працэсы абпальвання, аднаўлення, хларавання руд металаў, цэментацыя сталі; прыгатаванне каталізатараў; сінтэз і ачыстка паўправадніковых матэрыялаў, тэмплатны сінтэз цвёрдых цел; атрыманне нанапорыстых мембран і цэалітаў і інш.Найб. пашыраныя метады даследавання: рэнтгена- і электронаграфія, электронная мікраскапія, тэрмічны аналіз, спектральныя метады (напр., ядзерная спектраскапія), ізатопны метад вывучэння дыфузіі і інш.
На Беларусі даследаванні па Х.ц.ц. праводзяцца ў Ін-це фізікі цвёрдага цела і паўправаднікоў Нац.АН, БДУ і інш. Значны ўклад у фарміраванне і развіццё Х.ц.ц. зрабілі Б.В.Ерафееў, М.М.Паўлючэнка, В.В.Свірыдаў, А.І.Лесніковіч.
Літ.:
Дельмон Б. Кинетика гетерогенных реакций: Пер. с фр.М., 1972;
Гилевич М.П., Покровский И.И. Химия твердого тела. Мн., 1985;
Вест А.Р. Химия твердого тела: Теория и приложения: Пер. с англ. Ч. 1—2. М., 1988;
Крапухин В.В., Соколов И.А., Кузнецов Г.Д. Технология материалов электронной техники: Теория процессов полупроводниковой технологии. М., 1995.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЭЗІДЭНТ РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ
Прэзідэнт з’яўляецца кіраўніком дзяржавы, гарантам Канстытуцыі, правоў і свабод чалавека і грамадзяніна Рэспублікі Беларусь. Ён увасабляе адзінства народа, гарантуе рэалізацыю асн. кірункаў унутр. і знешняй палітыкі, прадстаўляе Рэспубліку Беларусь у адносінах з інш. дзяржавамі і міжнар. арганізацыямі; прымае меры па ахове суверэнітэту краіны, яе нац. бяспекі і тэр. цэласнасці, забяспечвае паліт. і эканам. стабільнасць, пераемнасць і ўзаемадзеянне органаў дзярж. улады, ажыццяўляе пасрэдніцтва паміж імі. Прэзідэнтам можа быць выбраны грамадзянін Рэспублікі Беларусь па нараджэнні, не маладзей за 35 гадоў, які валодае выбарчым правам і пастаянна пражывае ў Рэспубліцы Беларусь не менш як 10 гадоў непасрэдна перад выбарамі. Прававой асновай для выбараў Прэзідэнта з’яўляюцца Канстытуцыя, Выбарчы кодэкс і некаторыя інш. прававыя акты Рэспублікі Беларусь. Выбары прызначае Палата прадстаўнікоў Нац. сходу Рэспублікі Беларусь не пазней як за 5 мес, яны праводзяцца не пазней як за 2 мес да заканчэння тэрміну паўнамоцтваў папярэдняга Прэзідэнта. Кандыдаты на пасаду Прэзідэнта (іх колькасць не абмяжоўваецца) вылучаюцца грамадзянамі Рэспублікі Беларусь пры наяўнасці не менш як 100 тыс. подпісаў выбаршчыкаў. Рэгістрацыю кандыдатаў у Прэзідэнты ажыццяўляе Цэнтральная камісія па выбарах і правядзенні рэсп. рэферэндумаў. Грамадзянам Рэспублікі Беларусь, паліт. партыям, грамадскім аб’яднанням, прац. калектывам, давераным асобам кандыдатаў у Прэзідэнты даецца права свабодна і ўсебакова абмяркоўваць выбарчыя праграмы кандыдатаў, іх паліт., дзелавыя і асабістыя якасці, праводзіць агітацыю за іх або супраць на сходах, мітынгах, тэлебачанні і радыё, у друку, у час сустрэч з выбаршчыкамі. Прэзідэнт выбіраецца непасрэдна народам Рэспублікі Беларусь тэрмінам на 5 гадоў на аснове ўсеагульнага, роўнага і прамога выбарчага права пры тайным галасаванні ў парадку, устаноўленым Законам Рэспублікі Беларусь «Аб выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь». Ён заступае на пасаду пасля прынясення Прысягі ў прысутнасці дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў і членаў Савета Рэспублікі, суддзяў Канстытуцыйнага суда, Вярх. суда і Вышэйшага гасп. суда не пазней як праз 2 мес з дня выбрання. Кампетэнцыя, арганізацыя і парадак дзейнасці Прэзідэнта вызначаюцца Канстытуцыяй і Законам Рэспублікі Беларусь «Аб Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь» (1995, у новай рэдакцыі закона ад 7.7.1997). Першым Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь 10.7.1994 абраны А.Р.Лукашэнка, 9.9.2001 ён перавыбраны на другі тэрмін.
Прэзідэнт ажыццяўляе сваю дзейнасць з мэтай развіцця Рэспублікі Беларусь як дэмакр.сац. прававой дзяржавы, паляпшэння яе эканам. становішча, павышэння дабрабыту народа і на аснове прынцыпаў роўнасці сац., нац. і інш. супольнасцей, абароны правоў і інтарэсаў чалавека, забеспячэння роўнасці кожнага перад законам. Толькі Прэзідэнт можа прызначаць рэсп. рэферэндум (нар. галасаванне), чарговыя і нечарговыя выбары ў Палату прадстаўнікоў і Савет Рэспублікі Нац. сходу Рэспублікі Беларусь і мясц. прадстаўнічыя органы, датэрмінова спыняць паўнамоцтвы палат Парламента (адзін са спосабаў вырашэння канфлікту паміж заканад. і выканаўчай уладамі). Прэзідэнт мае права самастойна або ва ўзаемадзеянні з інш. органамі прызначаць на пасады кіраўнікоў дзярж. органаў. Ён прызначае 6 членаў Цэнтр. камісіі Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзенні рэсп. рэферэндумаў. Прэзідэнт мае права ствараць, скасоўваць або рэарганізоўваць свой рабочы орган — Адміністрацыю Прэзідэнта, органы дзярж. кіравання і кансультатыўна-дарадчыя органы пры Прэзідэнце. Прэзідэнт са згоды Палаты прадстаўнікоў прызначае на пасаду Прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь. У выпадку двухразовай адмовы Палаты прадстаўнікоў у дазволе на назначэнне Прэм’ер-міністра Прэзідэнт мае права прызначыць выконваючага абавязкі Прэм’ер-міністра, распусціць Палату прадстаўнікоў і прызначыць новыя выбары. Прэзідэнт вызначае структуру Урада, прызначае і вызваляе ад пасады намеснікаў Прэм’ер-міністра і інш. членаў Урада, прымае іх адстаўку. Са згоды Савета Рэспублікі Прэзідэнт прызначае на пасады: Старшыню Канстытуцыйнага суда, Старшыню і суддзяў Вярх. суда, Старшыню і суддзяў Вышэйшага гасп. суда Рэспублікі Беларусь з ліку суддзяў гэтых судоў, Старшыню Цэнтр. камісіі па выбарах і правядзенні рэсп. рэферэндумаў, Генеральнага пракурора, Старшыню і членаў Праўлення Нац. банка. З улікам роўнага ўдзелу Прэзідэнта і Парламента ў фарміраванні Канстытуцыйнага суда ён самастойна вырашае пытанне аб прызначэнні 6 з 12 суддзяў Канстытуцыйнага суда. Прэзідэнт таксама прызначае і вызваляе ад пасады Старшыню Камітэта дзярж. кантролю.
Прэзідэнт звяртаецца з пасланнямі да народа Рэспублікі Беларусь аб становішчы ў краіне і абасн. кірунках унутр. і знешняй палітыкі, са штогадовымі пасланнямі — да Парламента. Ён мае права ўдзельнічаць у рабоце Парламента і яго органаў, старшынстваваць на пасяджэннях урада. Прэзідэнт вырашае пытанні, звязаныя з прыёмам у грамадзянства Рэспублікі Беларусь, яго спыненнем і прадастаўленнем прытулку. Ён устанаўлівае дзярж. святы і святочныя дні, правамоцны ўзнагароджваць дзярж. ўзнагародамі, прысвойваць класныя чыны і ганаровыя званні, ажыццяўляць памілаванне асуджаных. Прэрагатывай Прэзідэнта з’яўляецца вядзенне перагавораў і падпісанне міжнар. дагавораў, назначэнне і адкліканне дыпламат. прадстаўнікоў Рэспублікі Беларусь у замежных дзяржавах і пры міжнар. арганізацыях, прыём даверчых і адзыўных грамат акрэдытаваных пры ім дыпламат. прадстаўнікоў замежных дзяржаў. У выпадку стыхійнага бедства, катастрофы або беспарадкаў, што суправаджаюцца гвалтам ці пагрозай гвалту з боку групы асоб і арганізацый, у выніку якіх узнікае небяспека жыццю і здароўю людзей, тэр. цэласнасці і існаванню дзяржавы, Прэзідэнт уводзіць на тэр. краіны або ў асобных яе мясцовасцях надзвычайнае становішча. Прынятае Прэзідэнтам рашэнне аб увядзенні надзвычайнага становішча ў трохдзённы тэрмін уносіцца на зацвярджэнне Савета Рэспублікі. У выпадках, прадугледжаных законам, Прэзідэнт мае права адкласці правядзенне забастоўкі (не больш як на 3 мес), адмяняць акты Урада. З мэтай забеспячэння прынцыпу раздзялення ўлад, узаемнага стрымлівання і ўзаемаўплыву заканад. і выканаўчай улад Прэзідэнт падпісвае ўсе законы. Ён ажыццяўляе кантроль за выкананнем заканадаўства мясц. органамі кіравання і самакіравання. Прэзідэнт фарміруе і ўзначальвае Савет бяспекі Рэспублікі Беларусь, прызначае на пасаду і вызваляе ад пасады дзяржаўнага сакратара Савета Рэспублікі. Ён з’яўляецца Галоўнакамандуючым Узброенымі Сіламі Рэспублікі Беларусь, прызначае на пасады і вызваляе ад пасад вышэйшае камандаванне Узбр. Сіл і ў выпадку ваеннай пагрозы ўводзіць на тэр. Беларусі надзвычайнае становішча, аб’яўляе поўную або частковую мабілізацыю з унясеннем у трохдзённы тэрмін прынятага рашэння на зацвярджэнне Савета Рэспублікі. У выпадку нечаканага ўварвання ўзбр. сіл на тэр. Беларусі або наўмыснага ўварвання ў яе паветраную прастору ён мае права аддаць загад аб пачатку ваен. дзеянняў без аб’яўлення вайны. Прэзідэнт валодае правам заканадаўчай ініцыятывы, выдае ўказы, распараджэнні і дэкрэты, якія маюць абавязковую сілу на тэр. Беларусі. Ён можа ў любы час падаць у адстаўку, якая прымаецца Палатай прадстаўнікоў, або датэрмінова быць вызвалены ад пасады на падставе і ў адпаведнасці з заканадаўствам. У выпадку вакансіі пасады Прэзідэнта або немагчымасці выканання ім сваіх абавязкаў на падставах, прадугледжаных Канстытуцыяй, яго паўнамоцтвы да прынясення Прысягі новаабраным Прэзідэнтам пераходзяць да Прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь.
Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь А.Р.Лукашэнка.Рэзідэнцыя Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБЕЛІ́СК (грэч. obeliskos літар. невялікі ражон),
гранёны каменны слуп, звычайна квадратны ў сячэнні, больш шырокі ўнізе і пірамідальна завостраны ўверсе. Пашыраны від помнікаў і манументаў з часоў Стараж. Егіпта. Нярэдка абеліскі ў выглядзе калон ставілі ў памяць аб значных падзеях, для стварэння кампазіцыйных акцэнтаў у прасторавым вырашэнні арх. ансамбляў (абеліск на П’яцца дэль Попала ў Рыме, 1589, арх. К.Фантана). Форма абеліска выкарыстоўваецца ў мемарыялах (напр., шчыткі-пілоны, уласна абеліска), у помніках на ўшанаванне памяці і ўвекавечанне гераічных подзвігаў народа ў барацьбе супраць ням. фашыстаў (напр., Манумент Перамогі ў Мінску).
Абеліск ахвярам фашысцкага тэрору каля в. Вялікі Трасцянец Мінскага раёна. 1963.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АВЯР’Я́НАЎ Юрый Іванавіч (н. 16.6.1952, р.п. Мікашэвічы Лунінецкага р-на Брэсцкай вобл.),
бел. акцёр. Скончыў Вышэйшае тэатр. вучылішча пры Яраслаўскім т-ры імя Волкава (1972). Працуе ў Нац. т-ры імя Я.Купалы. Характарны акцёр. Яму ўласцівы глыбокае адчуванне рэжысёрскай стылістыкі, веданне псіхалогіі сваіх персанажаў, пластычнасць і высокая культура сцэн. мовы. Сярод роляў: Банавантура-Выкрутач («Ідылія» В.Дуніна-Марцінкевіча), Сёмка («Страсці па Аўдзею» У.Бутрамеева), Ак’егет («У ноч зацьмення месяца» М.Карыма), Менахем-Мэндл («Памінальная малітва» Р.Горына паводле Шолам-Алейхема). Аўтар радыёперадач аб музыцы, рэжысёр радыёспектакляў, у т. л. оперы «Агатка» Я.Д.Голанда і М.Радзівіла.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДКРЫ́ТЫ ГО́РАД,
у міжнародным праве горад, які ў вайну адна з дзяржаў, што ваююць, абвяшчае неабароненым (без ваен. аб’ектаў, войскаў і сродкаў абароны) і таму па-за тэатрам ваенных дзеянняў. Гэты акт мае на мэце прадухіліць знішчэнне гіст. і культ. каштоўнасцяў горада, яго жыхароў.
Прававы статус адкрытага горада засн. ва палажэнні (Гаагскай канвенцыі 1907) «Аб законах і звычаях сухапутнай вайны», арт. 25 якога забараняе «атакаваць або бамбардзіраваць якім бы ні было чынам неабароненыя гарады, паселішчы, жылыя дамы або будынкі». У 2-ю сусв. вайну адкрытымі гарадамі абвяшчаліся Парыж, Рым, Брусель, Бялград, Заграб, Любляна і інш. Вядомы выпадкі парушэння статуса адкрытага горада (бамбардзіроўка Бялграда фаш. авіяцыяй у 1941).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕ́ЛЬСКІ ПАВЕ́Т,
адм.-тэр. адзінка ў Рас. імперыі і Польшчы ў 19—20 ст. Утвораны ў ліп. 1808 у складзе Беластоцкай вобласці. Цэнтр — г. Бельск-Падляскі. З 1842 у Гродзенскай губерні. Пл. 3130,1 кв. вярсты, нас. 164 441 чал. (1897). У 1-ю сусв. вайну акупіраваны герм. войскамі. З 1918 у складзе Польшчы, з 1919 у Беластоцкім ваяводстве. Паводле Рыжскага дагавора 1921 застаўся ў Польшчы. З 1939 у БССР, у Беластоцкай вобл. 15.1.1940 скасаваны, на яго тэрыторыі ўтвораны Бельскі, Бранскі, Кляшчэльскі, Семятыцкі, Цехановецкі і Гайнаўскі р-ны. Паводле дагавора «Аб савецка-польскай дзяржаўнай граніцы» ад 16.8.1945 тэр. былога Бельскага павета перайшла да Польшчы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕРАСЦЕ́ЙСКАЯ СУСТРЭ́ЧА 1409,
перагаворы паміж каралём Польшчы Ягайлам і вял. князем ВКЛ Вітаўтам у час Вялікай вайны 1409—11. Адбылася ў снеж. 1409 у Брэсце (Берасці). Прысутнічаў хан Джэлаладдзін (сын хана Тахтамыша), якому падпарадкоўвалася залатаардынская конніца, што была на службе ВКЛ. На Берасцейскай сустрэчы быў прыняты план летняй кампаніі 1410 супраць войскаў Тэўтонскага ордэна, вызначаны час і месца збору аб’яднаных ваен. сіл, прынята рашэнне аб пабудове пантоннага моста для пераправы цераз Віслу. Паводле дамоўленасці саюзная армія складалася з 91 харугвы (палка), з іх 51 рыхтавала Польшча, 40 — ВКЛ. План, распрацаваны на Берасцейскай сустрэчы, прывёў да перамогі саюзных армій у Грунвальдскай бітве 1410.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЛУС Франц Феліксавіч (Ілья Піліпавіч; ?—?),
аўтар бел. вершаваных твораў. Паходзіў з сялян Даўгамошскай вол. Быхаўскага пав. Магілёўскай губ. Служыў чыноўнікам. Выступіў у газ. «Могилевские губернские ведомости» (1862, № 51, 60—61) з гутаркамі «Прамова Старавойта да сялян аб свабодзе (для народнага чытання)» і «Прамова Старавойта (для чытання маім землякам)», у якіх услаўляў цара і сял. рэформу 1861, даводзіў справядлівасць сац. няроўнасці, заклікаў сялян да пакоры і цярпення. У гутарках адлюстраваны і рэаліі тагачаснага жыцця, антыпрыгонніцкія настроі сялянства. Пасля паўстання 1863—64 служыў на чыгунцы ў Бузулуку, жыў у Самары. У 1881 напісаў вершы на рус. мове ў гонар Аляксандра II.