СТАТЫСТЫ́ЧНАЕ АЦЭ́НЬВАННЕ,
сукупнасць метадаў матэматычнай статыстыкі для набліжанага вызначэння невядомых размеркаванняў імавернасці ці інш. імавернасных характарыстык па выніках назіранняў.
У большасці выпадкаў вынікі назіранняў утвараюць паслядоўнасць незалежных выпадковых велічынь, якія маюць адно і тое ж (невядомае) размеркаванне імавернасцей з некаторай функцыяй размеркавання. Лічаць, што гэтая функцыя размеркавання належыць да якой-н. сям’і, залежнай ад канечнай колькасці параметраў, і вызначэнню падлягаюць толькі гэтыя параметры. Распрацаваны таксама метады С.а. для выпадкаў узаемна залежных вынікаў назіранняў і інш. Гл. таксама Статыстычны аналіз выпадковых працэсаў.
т. 15, с. 175
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УЗАЕ́МНА АДНАЗНА́ЧНАЯ АДПАВЕ́ДНАСЦЬ у матэматыцы,
адпаведнасць паміж элементамі 2 мностваў, пры якой кожнаму элементу 1-га мноства адпавядае адзін пэўны элемент 2-га мноства, а кожнаму элементу 2-га мноства — адзін пэўны элемент 1-га мноства. У.а.а. — прыватны від функцыі ці адлюстравання, калі дадзеная функцыя і адваротная ёй з’яўляюцца адназначнымі. Калі паміж 2 мноствамі можна ўстанавіць У.а.а., то гэтыя мноствы наз. эквівалентнымі. Напр., мноствы цэлых і іх квадратаў эквівалентныя, таму што адпаведнасць n→n2 з’яўляецца У.а.а.
т. 16, с. 169
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ШРО́ДЫНГЕРА ЎРАЎНЕ́ННЕ,
асноўнае дынамічнае ўраўненне нерэлятывісцкай квантавай механікі. Апісвае эвалюцыю ў часе хвалевай функцыі часціцы ці сістэмы часціц і матэматычна выражае карпускулярна-хвалевы дуалізм мікрааб’ектаў, Прапанавана Э.Шродынгерам у 1926.
Для часціцы масы m, якая рухаецца пад дзеяннем сілы і характарызуецца патэнцыяльнай энергіяй V(x, y, z, t), у прамавугольных дэкартавых каардынатах Ш.ў. мае выгляд:
, дзе i — уяўная адзінка,
, h — Планка пастаянная,
— Лапласа аператар, — хвалевая функцыя, t — час (гэтае ўраўненне наз. часавым Ш.ў.). Калі патэнцыял V не залежыць ад часу, то рашэнне Ш.ў. мае выгляд:
, дзе E — поўная энергія часціцы, хвалевая функцыя — рашэнне стацыянарнага Ш.ў.:
. У квантавай механіцы Ш.ў. адыгрывае такую ж ролю, як Ньютана законы механікі ў механіцы і Максвела ўраўненні ў электрадынаміцы. З дапамогай Ш.ў. тлумачацца, прадказваюцца і апісваюцца многія з’явы атамнай і ядз. фізікі, напр., узроўні энергіі атамаў, змены ў атамных спектрах пад уплывам эл. і магн. палёў, заканамернасці альфа-распаду, рассеянне нейтронаў на атамных ядрах.
А.І.Болсун.
т. 17, с. 461
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БО́ЗЕ—ЭЙНШТЭ́ЙНА РАЗМЕРКАВА́ННЕ,
функцыя размеркавання на ўзроўнях энергіі тоесных часціц з нулявым ці цэлалікавым спінам (базонаў) пры ўмове, што ўзаемадзеянне паміж часціцамі можна не ўлічваць. Вызначае ўласцівасці ідэальнага квантавага газу, які падпарадкоўваецца Бозе — Эйнштэйна статыстыцы.
Паводле Бозе-Эйнштэйна размеркавання ni = [exp((εi-μ)/kT)−1]−1, дзе ni — сярэдні лік часціц у стане з энергіяй εi, i — набор квантавых лікаў, якія характарызуюць стан часціцы, μ — хім. патэнцыял, k — Больцмана пастаянная, T — абс. т-ра. Бозе—Эйнштэйна размеркаванне выкарыстоўваецца пры разліках тэрмадынамічных характарыстык эл.-магн. выпрамянення і кандэнсаваных асяроддзяў пры нізкіх т-рах.
т. 3, с. 205
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛО́ТКА,
пярэдні аддзел стрававальнага тракту і дыхальных шляхоў чалавека і пазваночных жывёл, злучае поласць рота і носа з гартанню і страваводам. У чалавека размешчана на ўзроўні 6 верхніх шыйных пазванкоў. У глотцы адрозніваюць 3 аддзелы: насаглотку (злучаецца праз яўстахіеву трубу з барабаннай поласцю сярэдняга вуха), ротаглотку і гартанаглотку. Сценкі глоткі маюць 4 абалонкі: слізістую, фіброзную, мышачную, вонкавую, злучальнатканкавую. Лімфоідная тканка слізістай абалонкі ўтварае глотачнае лімфаэпітэліяльнае кольца з 6 міндалін. Асн. функцыя глоткі — правядзенне стравы ў стрававод. У беспазваночных жывёл глотка — пярэдні аддзел кішкі, якім яны захопліваюць ежу.
т. 5, с. 302
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІМФАЦЫ́ТЫ [ад лімфа + ...цыт(ы)],
адна з форм незярністых лейкацытаў (агранулацытаў) у пазваночных жывёл і чалавека. Шарападобныя клеткі з авальным ядром і цытаплазмай, багатай рыбасомамі. Складаюць 19—37% лейкацытаў перыферычнай крыві. Адрозніваюць малыя, сярэднія і вялікія. У млекакормячых і птушак паходзяць са стваловых крывятворных клетак і складаюць 2 групы: Т-Л. ўтвараюцца ў тымусе, В-Л. — у фабрыцыевай сумцы або касцявым мозгу. Іх патомкі ў дарослых арганізмах размнажаюцца ў селязёнцы, лімфатычных вузлах і лімфоідных фалікулах дыхальнага і стрававальнага трактаў. Асн. функцыя — імуналагічная. Якасная і колькасная ацэнка Л. мае значэнне ў дыягностыцы захворванняў.
А.С.Леанцюк.
т. 9, с. 263
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЗУМЕ́ННЕ,
універсальная аперацыя мыслення, якая характарызуецца засвойваннем новых ведаў і іх уключэннем у сфарміраваную сістэму светапогляду; здольнасць усвядоміць сэнс і значэнне аб’ектаў сацыякульт. і прыроднай рэчаіснасці. Вызначаецца лагічнай упарадкаванасцю, асэнсаваннем прычынна-выніковых сувязей навакольных з’яў. Развіваецца ў працэсе зносін паміж людзьмі і засваення культ.-гіст. спадчыны. Гал. функцыя Р. — каардынацыя дзеянняў чалавека і ўсіх відаў камунікацыі. Да псіхал. механізмаў Р. адносяцца ідэнтыфікацыя, інсайт, інтуіцыя, каузальная атрыбуцыя, праекцыя, сац. перцэпцыя і эмпатыя. Р. даследуецца ў псіхалогіі, філасофіі, сацыялогіі, літ.-знаўстве і інш.; з’яўляецца асн. катэгорыяй навукі аб Р. тэкстаў — герменеўтыкі.
т. 13, с. 265
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТРО́ФІКА НЕРВО́ВАЯ,
уплыў нервовай сістэмы на структурна-хім. арганізацыю органаў і тканак, іх рост і развіццё праз уздзеянне на абмен рэчываў. Выпадзенне трафічнага рэгулявання суправаджаецца паталаг. зменамі ў тканках (атрафіі, змярцвенні, язвы), т.зв. нейрагенныя дыстрафіі. Трафічная функцыя ўласціва амаль усім нервам, таму спец. трафічных нерваў мала. Да іх адносяць сімпатычныя нервы, што стымулююць абмен рэчываў у міякардзе, нервы, якія мабілізуюць тлушчавыя запасы, і інш. У працэсе Т.н. удзельнічаюць медыятары (катэхаламіны, сератанін, гістамін і інш.) і некат. неідэнтыфікаваныя хім. злучэнні, што ўтвараюцца ў нерв. ствалах.
А.С.Леанцюк.
т. 15, с. 529
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ХАЛЕСТЭРЫ́Н, халестэрол,
арганічнае злучэнне, важнейшы стэрын жывёл. Вылучаны з жоўцевых камянёў (адсюль назва: грэч. cholē жоўць). Прысутнічае ў жывых арганізмах, у т. л. бактэрыях і інш.
Бясколерныя крышталі, нерастваральныя ў вадзе. Здольныя да ўтварэння малекулярных комплексаў з солямі, к-тамі, бялкамі і інш. Усмоктваецца ў тонкім кішэчніку. У пазваночных жывёл вял. колькасць Х. ў ліпідах нерв. тканкі, печані, наднырачніках. Важнейшая біяхім. функцыя Х. ў пазваночных — ператварэнне ў прагестэрон у плацэнце, семянніках, наднырачніках. Лішак Х. ў арганізме садзейнічае развіццю атэрасклерозу. У прам-сці з Х. сінтэзуюць стэроідныя прэпараты.
т. 16, с. 529
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕЛІЧЫНЯ́ ў матэматыцы,
колькасная характарыстыка матэрыяльных аб’ектаў, з’яў, працэсаў, іх прыкмет і адносін; адно з асноўных матэм. паняццяў, змест якога мяняўся з развіццём матэматыкі. Паходзіць ад першапачатковага выяўлення колькасных адрозненняў аднародных паняццяў (даўжыняў, плошчаў, аб’ёмаў і інш.), якія можна параўноўваць паміж сабой і выконваць з імі арыфметычныя дзеянні. Разам з паняццямі лік, мноства, функцыя і інш. можа разглядацца як канкрэтнае ўвасабленне філас. катэгорыі колькасці. У залежнасці ад спосабу выражэння велічыні з дапамогай пэўнай колькасці сапраўдных лікаў і яе геаметрычнай інтэрпрэтацыі адрозніваюць скаляры, вектары і тэнзары. Тэрмін «велічыня» выкарыстоўваецца таксама як сінонім паняцця фізічная велічыня.
А.І.Болсун.
т. 4, с. 68
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)