фу́нкцыя, -і, мн. -і, -цый, ж.

1. З’ява, якая залежыць ад іншай і змяняецца па меры змянення іншай з’явы.

2. У матэматыцы: закон, паводле якога кожнаму элементу аднаго мноства ставіцца ў адпаведнасць некаторы элемент іншага мноства.

Лінейная ф.

Трыганаметрычная ф.

3. Работа, спецыфічная дзейнасць, што выконваецца органам, арганізмам і пад.

Ф. залоз.

4. Роля, значэнне, назначэнне чаго-н.

Функцыі крэдыту.

5. Абавязак, кола дзейнасці.

Службовыя функцыі.

Функцыі прафкама.

|| прым. функцыяна́льны, -ая, -ае.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

фу́нкцыя

назоўнік, агульны, неадушаўлёны, неасабовы, жаночы род, 2 скланенне

адз. мн.
Н. фу́нкцыя фу́нкцыі
Р. фу́нкцыі фу́нкцый
Д. фу́нкцыі фу́нкцыям
В. фу́нкцыю фу́нкцыі
Т. фу́нкцыяй
фу́нкцыяю
фу́нкцыямі
М. фу́нкцыі фу́нкцыях

Крыніцы: krapivabr2012, nazounik2008, piskunou2012, sbm2012, tsblm1996, tsbm1984.

Граматычная база Інстытута мовазнаўства НАН Беларусі (2026/01, актуальны правапіс)

фу́нкцыя ж., в разн. знач. фу́нкция;

вытво́рная ф. — мат. произво́дная фу́нкция;

ф. шчытападо́бнай зало́зы — биол. фу́нкция щитови́дной железы́;

службо́выя ~цыі — служе́бные фу́нкции;

○ першапачатко́вая ф. — мат. первонача́льная фу́нкция

Беларуска-рускі слоўнік, 4-е выданне (2012, актуальны правапіс)

фу́нкцыя, ‑і, ж.

1. Кніжн. З’ява, якая залежыць ад другой асноўнай з’явы і змяняецца ў залежнасці ад змянення другой з’явы. Можа, падкрэсліванне выключнасці грамадскіх функцый мастацтва было звязана ў Багдановіча з палемічным духам амаль усіх яго твораў, напісаных на тэму аб мастацтве. Лойка.

2. У матэматыцы — залежнасць адных пераменных велічынь ад другіх; пераменная велічыня, значэнне якой адпавядае другой велічыні або залежыць ад яе. Трыганаметрычныя функцыі. □ Янча перагортвае табліцу лагарыфмаў і, адшукаўшы патрэбную функцыю вугла, запісвае яе ў сшытак. Васілевіч.

3. У фізіялогіі — спецыфічная дзейнасць жывёльнага ці расліннага арганізма, яго органаў, тканак і клетак. Жыццёвыя функцыі арганізма. Дыхальная функцыя скуры.

4. перан. Абавязак, кола дзейнасці; работа, задача. Службовыя функцыі. □ [Калатухін:] Даруйце, таварыш старшыня, што я, так сказаць, бяру на сябе функцыі гаспадара, але прашу загадаць усім пабочным выйсці. Мележ. Пеця абраны сакратаром гуртка і вось выконвае сваю функцыю — чытае праграму Грамады. Пестрак. А Штрыпке ўсё бегаў ля вагонаў — гэта не ўваходзіла ў функцыі Багуцкага, той гаспадарыў у дэпо. Лынькоў.

5. Значэнне, прызначэнне, роля. У сказе назоўнікі звычайна выконваюць функцыю дзейніка або дапаўнення, што абумоўліваецца іх прадметным значэннем. Граматыка.

[Ад лац. functio — выкананне.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Функцыя (у матэматыцы) 1/97, 118, 427; 3/189, 200, 362; 4/588; 5/121; 6/234, 555; 7/83, 84; 8/555; 10/650—651, гл. таксама Адваротная функцыя, Аператар, Кругавыя функцыі, Лагарыфмічная функцыя, Неперарыўная функцыя, Паказальная функцыя, Спецыяльныя функцыі, Ступенная функцыя, Трыганаметрычныя функцыі

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

фу́нкцыя ж.

1. Funktión f -, -en, Verríchtung f -, -en;

2. (абавязак) Funktión f, Áufgabe f -, -n; Verpflíchtung f -, -en;

3. матэм. Funktión f;

вытво́рная фу́нкцыя ábgeleitete Funktión

Беларуска-нямецкі слоўнік (М. Кур'янка, 2010, актуальны правапіс) 

ФУ́НКЦЫЯ ў матэматыцы,

адно з асн. паняццяў, якое выражае залежнасць адных пераменных велічынь ад другіх. Тэрмінам «Ф.» пераважна карыстаюцца ў дачыненні да абазначэння лікавых суадносін, у астатніх выпадках — спец. тэрмінамі (адлюстраванне, пераўтварэнне, аператар, функцыянал, вектар-функцыя і інш.).

У найпрасцейшым выпадку, калі велічыні — сапраўдныя лікі, Ф. вызначаецца як адпаведнасць ліку y зададзенаму ліку x, што абазначаецца y = f(x), дзе x — незалежная пераменная (аргумент), y — залежная пераменная (функцыя). Калі кожнаму значэнню аргумента x адпавядае толькі 1 значэнне y, то такая Ф. наз. адназначнай, калі некалькі — мнагазначнай. Аналагічна разглядаецца Ф. 2 ці больш пераменных. Ф. можа быць зададзена аналітычна (з дапамогай 1 ці больш формул), дзе ўстаноўлены выліч. аперацыі над x для атрымання значэння y. Вобласцю вызначэння Ф. лічыцца сукупнасць значэнняў x, для якіх дапушчальнае выкананне аперацый, прыведзеных у формулах. Часам Ф. задаецца на словах, напр., функцыя Дзірыхле роўная 1, калі x — рацыянальны лік, і роўная 0, калі x — ірацыянальны лік. Пашыраны таксама графічны (гл. Графік, Графічныя вылічэнні) і таблічны (гл. Табліцы матэматычныя) спосабы задання Ф. Гл. таксама Адваротная функцыя, Манатонная функцыя, Неперарыўная функцыя, Няяўная функцыя, Перыядычная функцыя, Разрыўныя функцыі, Спецыяльныя функцыі, Элементарныя функцыі.

А.​А.​Гусак.

т. 16, с. 501

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФУ́НКЦЫЯ ў фізіялогіі,

форма дзейнасці, характэрная для жывой структуры на клетачным, тканкавым, органавым і сістэмным узроўнях, а таксама на ўзроўні цэласнага арганізма.

Асн. Ф. жывой структуры на любым узроўні — пастаянны абмен рэчываў і абмен энергіі, з якімі звязаны праявы жыццядзейнасці (рост, развіццё, размнажэнне, харчаванне і інш.). Адаптацыйна-трафічная Ф. органа (сістэмы органаў) — прыстасаванне арганізма да змен умоў існавання шляхам рэгуляцыі абмену рэчываў і ўзбуджальнасці яго органаў і тканак; бар’ерная — Ф. тканак і органаў па ахове арганізма або яго асобных частак ад уздзеяння змен навакольнага асяроддзя і па захаванні адносна пастаяннага складу, фізіка-хім. і біял. уласцівасцей унутр. асяроддзя арганізма; генератыўная — Ф. арганізма па ўзнаўленні сабе падобнага. Парушэнні Ф. праяўляюцца аслабленнем дзейнасці органа або тканкі (гіпафункцыя), павышанай дзейнасцю органа, тканкі, сістэмы арганізма (гіперфункцыя), неадэкватнасцю рэакцыі жывой структуры на ўздзеянне раздражняльнікаў (дысфункцыя).

Т.​І.​Жукоўская.

т. 16, с. 502

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФУ́НКЦЫЯ (ад лац. functio выкананне) у філасофіі, адносіны двух ці групы аб’ектаў, калі змена аднаго з іх прыводзіць да змены іншых; знешняе выяўленне ўласцівасцей аб’екта ў пэўнай сістэме адносін. Паняцце ўведзена Г.В.Лейбніцам. Тэорыю Ф. распрацаваў Э.Касірэр, які лічыў, што пазнанне накіравана на вывучэнне Ф. аб’ектаў (узаемаадносін і залежнасцей паміж імі), а не на выяўленне субстанцыі ізаляваных аб’ектаў. Асаблівую ролю паняцце Ф. адыгрывае ў сістэмным падыходзе, дзе яно выступае ў цеснай сувязі з паняццем структуры. У сацыялогіі пад Ф. разумеецца роля, якую выконвае пэўны сац. ін-т ці працэс адносна сац. сістэмы ўвогуле (напр., Ф. дзяржавы, сям’і, мастацтва адносна грамадства), а таксама залежнасць, якая назіраецца паміж рознымі кампанентамі адзінага сац. працэсу, калі змены адной часткі сістэмы вытворныя ад змен у інш. яе частцы (напр., змены ў суадносінах гар. і сельскага насельніцтва як Ф. развіцця прам-сці). Гл. таксама Структурна-функцыянальны аналіз.

т. 16, с. 501

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

фу́нкцыя

(лац. functio = выкананне)

1) прызначэнне, роля, задача аб’екта ў пэўнай сістэме адносін (напр. ф. матора, ф. сэрца);

2) роля грамадскай арганізацыі або групы ў адносінах да грамадства (напр. ф. дзяржавы, ф. сям’і);

3) абавязак, кола дзейнасці, работа (напр. службовыя ф-ыі);

4) мат. залежная пераменная велічыня, якая змяняецца ўслед за змяненнем другой велічыні, што называецца аргументам (напр. лінейная ф., алгебраічная ф.);

5) фізіял. спецыфічная дзейнасць органа або арганізма.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)