ЛО́СЕЎ Канстанцін Іванавіч (н. 24.3. 1933, г. Ніжні Ноўгарад, Расія),
бел. і расійскі спявак (барытон). Засл. арт. Беларусі (1982). Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1957). З 1957 у муз. т-рах Расіі і Украіны. У 1970—93 саліст Дзярж.т-рамуз. камедыі Беларусі. Валодае моцным прыгожым голасам, майстэрствам вострай сцэнічнай характарыстыкі. На бел. сцэне стварыў больш за 40 разнапланавых вобразаў: Якім і Сцяпан Крыніцкі, Дзмітрый, Матыль («Паўлінка», «Пяе «Жаваранак», «Тыдзень вечнага кахання» Ю.Семянякі), Несцерка («Несцерка» Р.Суруса), Дзяніс Давыдаў («Дзяніс Давыдаў» А.Мдывані), Эдвін і Феры, Тасіла («Сільва», «Марыца» І.Кальмана), Франк («Лятучая мыш» І.Штрауса), Крамон і Негаш («Вясёлая ўдава» Ф.Легара), Пікерынг («Мая цудоўная лэдзі» Ф.Лоу), Мікіта («Халопка» М.Стрэльнікава), Янга і Філіп, Цэзар Галь («Вольны вецер» І.Дунаеўскага), Назар Дума («Вяселле ў Малінаўцы» Б.Аляксандрава), Сцешка і Ігнат Рыгоравіч («Бабскі бунт» Я.Пцічкіна), Карбон і Рагно («Сірано» С.Пажлакова), Фамусаў («Гора ад розуму» А.Фельзера) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«НАШ ГО́ЛАС»,
газета рэв.-дэмакр. кірунку ў Зах. Беларусі. Выдавалася Беларускай сялянска-работніцкай грамадой з 27.1 да 28.2.1927 у Вільні на бел. мове 2 разы на тыдзень. Адлюстроўвала рэпрэсіі польскага ўрада супраць бел.нац.вызв. руху, выкрывала паклёп праўрадавай прэсы на яго арыштаваных прадстаўнікоў, дэпутатаў сейма, інфармавала пра дэманстрацыі ў іх абарону (у Косаве, расстраляную паліцыяй, а таксама ў Мінску) — арт. «Буржуазная маральнасць», «У чым вінавацяць нашых паслоў». Прапагандавала новую тактычную лінію вызв. барацьбы ў перыяд наступлення рэакцыі, устаноўку на актывізацыю культ.-асв. фронту. Крытыкавала пазіцыю ўрада па пытаннях зямельнай рэформы і асветы. Востра ставіла праблему правоў чалавека ў Польшчы і праявы фашызму ў краіне (арт. «Да вызвалення чалавека», «Ці ёсць фашызм у Польшчы?»). Інфармавала пра важнейшыя культ. падзеі ў Зах. Беларусі і БССР. Змяшчала творы М.Васілька, Т.Кляшторнага, С.Галыша, Т.Волі і інш. Выйшла 11 нумароў, з іх 5 канфіскаваны. Забаронена польск. ўладамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ПОЛЕ́СЬЕ»,
грамадска-паліт. і літ. газета радыкальна-ліберальнага кірунку. Выдавалася з 24.9(7.10).1909 да 7(20).10.1912 у Гомелі на рус. мове 3 разы на тыдзень. Друкавала інфармацыю пра дзейнасць Дзярж. думы, урада і мясц. улад, аб новай хвалі дэмакр. і рэв. руху ў 1912, арыентавала грамадскую думку на дэмакратыю еўрап. ўзору. Выступала супраць ідэі вял. Расіі Т.І.Струвэ, салідарызавалася з канцэпцыяй М.Горкага пра свабоднае развіццё ўсіх народаў. Прыхільна ставілася да культ.-нац. самавызначэння беларусаў, крытыкавала антыкаталіцкую і антыбел. прапаганду акцябрыстаў і «Саюза рускага народа» (арт. Р.Зялёнага «Пра беларускае пытанне»). Шмат увагі аддавала прапагандзе рус. і зах.-еўрап. л-ры, тэатра, інш. відаў мастацтва. Друкавала творы Л.Талстога, артыкулы пра творчасць А.Пушкіна, Ф.Дастаеўскага, А.Чэхава, Л.Андрэева, С.Надсана, У.Меерхольда і інш. Асвятляла тэатр. жыццё ў С.-Пецярбургу, Маскве і Гомелі. За крытыку палітыкі ўрада яе тыражы неаднаразова канфіскоўваліся.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«СЫН БЕЛАРУ́СА»,
заходнебеларуская газета. Выдавалася з 18.5 да 19.9.1924 у Вільні на бел. мове 3 разы на тыдзень. Прадаўжала традыцыі забароненай польскімі ўладамі газ.«Голас беларуса». Выкрывала палітыку ўрада Польшчы, скіраваную на дэнацыяналізацыю ўскраін, паліт. ўціск працоўных. Адстойвала інтарэсы нар. мас Зах. Беларусі, выступала супраць польскіх партый і бел. праўрадавых груповак. Друкавала выступленні бел. дэпутатаў у польскім сейме, справаздачы пра мітынгі ў Гарадку і Беластоку, інфармавала пра работу Бел.нац.к-та ў Вільні. Да 10-й гадавіны з пач. 1-й сусв. вайны змясціла антываен. публікацыі, у якіх асуджалася палітыка дзяржаў, што развязалі вайну. Падтрымлівала змаганне за бел. школы, культуру як сродак сац. і нац. ўсведамлення народа. Паведамляла пра жыццё беларусаў у Чэхаславакіі, Латвіі, Сербіі, БССР і ЗША. Змясціла ўспаміны пра Ф.Багушэвіча, І.Буйніцкага, І.Луцкевіча, арт. У.Самойлы пра творчасць К.Сваяка, апавяданне В.Адважнага. Інфармавала пра новыя бел. кнігі. Выйшлі 42 нумары. Закрыта польскімі ўладамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́СТМА (ад грэч. asthma удушша),
1) бранхіяльная астма — звычайна хранічная алергічная хвароба, якая характарызуецца паўторнымі прыступамі ўдушша з прычыны спазмаў бронхаў і ацёку іх слізістай абалонкі пад уплывам алергенаў. Узнікненню астмы садзейнічае спадчынная схільнасць да алергічных рэакцый. Частата прыступаў удушша ад 1—2 за тыдзень (мяккая форма) да некалькіх за суткі (цяжкая форма), пры зацяжной форме астматычны стан доўжыцца некалькі дзён. Прыступы суправаджаюцца цяжкім са свістам дыханнем, сінюшнасцю твару, набуханнем вен на шыі, пад канец пакашліваннем і выдзяленнем невял. колькасці шклопадобных макрот. Акрамя імуналагічнай астма можа мець неімуналагічную аснову, калі яе прыступы развіваюцца пры зменах надвор’я, ахаладжэнні, фіз. напружанні, вегетатыўна-рэфлекторным дысбалансе, ужыванні нестэроідных процізапаленчых лек. сродкаў (напр., аспірыну). Ускладненні: эмфізема лёгкіх, разрастанне злучальнай тканкі вакол бронхаў, змены мышцаў правага жалудачка сэрца і як вынік сардэчная недастатковасць. Лячэнне медыкаментознае, інгаляцыямі аэразоляў.
2) Сардэчная астма — прыступы рэзкай задышкі (удушша), абумоўленыя вострай недастатковасцю функцыі левага жалудачка сэрца. Развіваецца пры гіпертанічнай хваробе, інфаркце міякарда, пароках сэрца, хранічных нефрытах і інш. Доўжыцца ад некалькіх мінут да некалькіх гадзін (магчымы ацёк лёгкіх). Лячэнне тэрапеўтычнае.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«КРЕСТЬЯ́НСКАЯ ГАЗЕ́ТА»,
перыядычнае выданне; орган выканкома Савета сялянскіх дэпутатаў Мінскай і Віленскай губ. Выдавалася ў чэрв.—ліст. 1917 у Мінску на рус. мове 2—3 разы ў тыдзень. З 20 нумара наз. «Крестьянская газета «Земля и воля». У склад рэдакцыі да канца ліп. ўваходзілі; адказны рэдактар М.Фрунзе, І.Макрэеў, Д.Фейнберг (сакратар). Публікавала справаздачы і рэзалюцыі губ. і пав. з’ездаў сял. дэпутатаў, пастановы сялянскіх сходаў, пісьмы чытачоў і інш. Асвятляла паліт. становішча ў краіне, мясц. падзеі. Імкнулася растлумачыць сутнасць агр. палітыкі ў вёсцы, заклікала ствараць зямельныя камітэты. У перыяд знаходжання ў рэдакцыі Фрунзе змяшчала матэрыялы бальшавіцкага кірунку. У жніўні яе рэдактарам стаў адзін з мясц. лідэраў партыі эсэраў І.Несцераў. Пасля падзей, звязаных з бальшавіцкім выступленнем 3—5.7.1917, асуджэнне якога прагучала на старонках газеты, значнае месца пачалі займаць ідэалаг. матэрыялы, скіраваныя супраць бальшавікоў (арт. К.Брэшка-Брашкоўскай, В.Чарнова і інш.). Выйшла 39 нумароў.
Літ.:
Калмыков А.Г. М.В. Фрунзе на посту редактора «Крестьянской газеты» // Рабочий класс России. его союзники и политические противники з 1917 г.: Сб. науч. тр.Л., 1989.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАПУНО́Ў Анатоль Максімавіч (н. 15.9.1940, г. Гомель),
бел. дырыжор. Засл. дз. маст. Беларусі (1998). Скончыў Бел. кансерваторыю па спецыяльнасцях ігра на нар. інструментах (1964) і оперна-сімф. дырыжыраванне (1973, клас Я.Вашчака). З 1974 у Дзярж. т-ры оперы і балета Беларусі, у Вял. т-ры ў Маскве, у Дзярж.сімф. аркестры Беларусі. У 1975—87 (з перапынкам) гал. дырыжор, з 1991 дырыжор Дзярж.т-рамуз. камедыі Беларусі. З 1993 маст. кіраўнік і гал. дырыжор Сімфанічнага аркестра Беларускага тэлебачання і радыё. Пад яго муз. кіраўніцтвам у Дзярж. т-ры муз. камедыі пастаўлены аперэты бел. кампазітараў «Тыдзень вечнага кахання» Ю.Семянякі (1975), «Судны час» Р.Суруса (1984), «Джулія» У.Кандрусевіча (1991), класічныя «Вясёлая ўдава» Ф.Легара (1978), «Д’ябальскі наезнік» (1983), «Сільва» (1986) і «Марыца» (1992) І.Кальмана і інш., творы сучасных айч. і замежных аўтараў; з Сімф. аркестрам Дзяржтэлерадыёкампаніі Беларусі ажыццявіў шэраг фондавых запісаў (оперы «Агатка, ці Прыезд пана» Я.Д.Голанда, «Фауст» А.Радзівіла, музыка да драмы «Фінгал» і скрыпічны канцэрт В.Казлоўскага, прэм’еры буйных твораў сучасных бел. кампазітараў).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́СЛЕНІЦА.
масленка, старажытнае перадвеснавое свята ў слав. народаў. Звязана з культам прыроды, адраджэннем пладаносных сіл зямлі, ушанаваннем продкаў, павінна была паскорыць вясну, забяспечыць дастатак і багаты ўраджай. М. прыпадала на 8-ы тыдзень перад Вялікаднем. На М. забаранялася есці мяса, яго замянялі бліны — сімвал сонца, надыходу вясны. На Беларусі святкаванне М. пачыналася ў чацвер, на Уласа; у пятніцу праводзілі бяседныя застоллі, у нядзелю — развітальныя, прабачальныя бяседы. На М. адведвалі бабку-павітуху, вадзілі па вёсцы маладзіцу, што выйшла замуж у апошні мясаед, халасцякам і незамужнім дзяўчатам прывешвалі да нагі калодкі, дзяўчаты і хлопцы гойдаліся на варотах у гумне і на арэлях (каб доўгім рос лён), рабілі і запальвалі кола, спальвалі сімвалічную антрапаморфную выяву холаду-зімы — саламяную ляльку або імітавалі «пахаванне» М. з «папом» і «галашэннямі», спявалі масленічныя песні, вадзілі карагоды, жартавалі, пачыналі «гукаць вясну». М. заканчвалася «запускамі» на малако і малочныя стравы. Традыцыі М. захаваліся ў сучасным святкаванні праводзін зімы. У краінах Зах. Еўропы М. адпавядаў карнавал.
Літ.:
Карский Е.Ф. Белорусы. М., 1916. Т. 3, [ч.] 1. С. 137—141;
Ліцьвінка В. Святы і абрады беларусаў. 2 выд.Мн., 1998.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РО́ДЫў чалавека,
фізіялагічны працэс заканчэння цяжарнасці, пры якім нараджаецца плод з усімі дадатковымі эмбрыянальнымі ўтварэннямі (плацэнтай, абалонкамі, каляплоднымі водамі). Адбываюцца пры ўзаемадзеянні родавых сіл (схваткі, патугі) з плодам у перыяд праходжання яго па родавых шляхах. Адрозніваюць Р. тэрміновыя (38—41 тыдзень цяжарнасці), заўчасныя (22—37 тыдняў), запозненыя (пасля 42-га тыдня цяжарнасці). Пры нармальных Р. плод праходзіць праз родавыя шляхі ў падоўжным размяшчэнні галоўкай, значна радзей тазам уніз. Паталаг. Р. бываюць ад змен родавых шляхоў, хвароб цяжарных, анамалій плода і яго размяшчэння (папярочнае), расстройстваў родавых сіл (слабыя, нерытмічныя і інш.). Паталаг. Р. з выкарыстаннем хірург. спосабаў нараджэння дзіцяці (гл.Кесарава сячэнне) наз. аперацыйнымі. Р. падзяляюць на перыяды: першы — перыяд раскрыцця (раскрываецца шыйка маткі, плод паступальна рухаецца ад схватак, разрываецца плодны пузыр, выходзяць каляплодныя воды); другі — перыяд выгнання (плод выганяецца з дапамогай патуг); трэці — перыяд паследавы (паслед і яго абалонкі выдаляюцца ад схватак і патуг). Працягласць першых Р. 8—12 гадз, паўторных 6—10 гадз. Ускладненні Р.: траўматызм жанчыны і плода, крывацёк і інш. (гл.Родавая траўма нованароджаных). Прымаюць Р. ў радзільных дамах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«СЯБРЫ́НА»,
клуб аматараў бел.нар. творчасці ў г. Вільнюс. Засн. ў 1987 пры Літ.Рэсп. Палацы культуры прафсаюзаў. Аб’ядноўвае больш за 200 чал. розных нацыянальнасцей. Асн. мэта — зберагчы на літ. зямлі, дзе пражывае больш за 50 тыс. беларусаў, бел. звычаі, бел. мову, нар. песні, адрадзіць бел. святы, нар. гульні. Праводзіць сустрэчы з бел. вучонымі і дзеячамі культуры, гісторыкамі, мастацтвазнаўцамі, філолагамі, пісьменнікамі. Арганізоўвае вечарыны, прысвечаныя гіст. і культ. датам Беларусі, сустрэчы-вечарыны на святы, канцэрты, выстаўкі маладых бел. мастакоў — т.зв. «беларускі куток» на штогадовым літ. свяце-кірмашы «Казюкас». Для дзяцей горада праводзіць навагоднія і інш. святы на бел. мове. Па ініцыятыве клуба «С.» на літ. радыё арганізавана і вядзецца на бел. мове перадача «Беларускае слова на хвалях Літвы», у газ. «Lietuva» («Літва») выходзіць старонка клуба — «Пагоня». З 1990 на літ. тэлебачанні заснавана перадача «Запрашае «Сябрына», якая выходзіць у эфір 2 разы на тыдзень. Падтрымлівае цесныя сувязі з Бел. фондам культуры, згуртаваннем беларусаў свету «Бацькаўшчына», Нац.навук.-асв. цэнтрам імя Ф.Скарыны. Пры клубе дзейнічае аднайм. хор бел.нар. песні.