бел.нар.танец. Блізкі да карагода. Муз. памер . Тэмп павольны. Танцоры імітуюць рухі гусей за важаком: нетаропкі, з боку ў бок крок, звілістыя лініі, спіралі ў малюнку. Часта суправаджаецца прыпеўкамі: «Гэй, гэй, гусачок, // Ці харошы касначок? // Гэр, гэр, гуска, // Ці хароша хустка?». Зафіксаваны ў Гомельскай і Магілёўскай абласцях.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ПАДСЯВА́НКА»,
бел.нар. жартоўны танец. Муз. памер 2/4. Тэмп умерана хуткі. Зафіксаваны ў пач. 20 ст. на тэр. Чэрвеньскага і Бярэзінскага р-наў Мінскай вобл. Найчасцей П. танцуюць па аднаму. Пагойдваннем рук і тулава выканаўца імітуе прасейванне мукі праз сіта. Камічны характар танца падкрэсліваюць жартоўныя прыпеўкі юнакоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ПАСТУШО́К»,
старадаўні бел.нар.танец, заснаваны на пастухоўскіх гульнях. Муз. памер 2/4. Тэмп умераны. Характар танца вясёлы, заўзяты. Танцоры імітуюць паводзіны статка. Пастушок, які ўмела валодае пугай, прымушае ўсіх падпарадкавацца яго волі. Зафіксаваны ў 20 ст. ў в. Наркі Чэрыкаўскага р-на Магілёўскай вобл. І.Серыкавым.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ВЕ́ТРЫК»,
бел. народны танец. Муз. памер . Характэрна паступовае павелічэнне тэмпу да вельмі хуткага. Выканаўцы парамі трайным крокам рухаюцца па крузе, потым кружацца паасобку, то разыходзячыся, то збліжаючыся. Зафіксаваны пісьменнікам У.Караткевічам у Аршанскім і Рагачоўскім р-нах і падрабязна апісаны ім у рамане «Дзікае паляванне караля Стаха».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ЗАВЕ́ЙНІЦА»,
бел.нар.танец, блізкі да «Мяцеліцы». Муз. памер 2/4. Тэмп хуткі. Танцоры, нагнуўшыся, парамі прабягаюць пад ручніком, які трымае ў выглядзе аркі адна з пар. Аснова танца — слізготны рух «кроку-бегу» з імклівымі паваротамі і чаргаваннем пар, якія выбягаюць з-пад аркі направа і налева, што стварае ілюзію ўрагану, мяцеліцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ВЕРАБЕ́Й»,
традыцыйны бел.танец. Цесна звязаны са шматлікімі карагоднымі варыянтамі, у аснове якіх кругавая пабудова, імітацыя рухаў вераб’я, суправаджэнне прыпеўкамі. Складаецца з 2 частак: 1-я ва ўмераным тэмпе, муз. памер трохдольны, 2-я — у хуткім, муз. памер . Уваходзіў у рэпертуар трупы І.Буйніцкага. Быў вядомы ў Віцебскай, Гомельскай і Магілёўскай абласцях.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАНСА́НТНАСЦЬ (ад франц. dansant танцавальны),
танцавальнасць, сукупнасць фармальных якасцей музыкі, якія робяць яе зручнай для танца і выяўляюць танец. Д. садзейнічае зліццю музыкі і танца ў адзінае маст. цэлае, прадугледжвае дакладнасць метрарытмічнай арганізацыі, падкрэсленую акцэнтоўку моцных доляў і апорных момантаў у мелодыі і акампанеменце. Развіваецца ў балеце гістарычна з узмацненнем сувязі балетнай музыкі са спецыфічнымі задачамі танца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ВЯЗА́НКА»,
бел. народны танец. Фігуры разнастайных полек («Полька з падскокам», «Полька дробная», «Полька бабская», «Полька ўпрысюды», «Полька на загонах», «Вуж», «Мяцеліца») у ім як бы звязваюцца паміж сабой жарт. прыпеўкамі. Муз. памер . Тэмп хуткі. Зафіксавана ў 1940-я г. ў Ланскім с/с Нясвіжскага р-на, увайшла ў рэпертуар танц. калектываў Беларусі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДУНКА́Н ((Duncan) Айседора) (Ізадора; 27.5.1877, г. Сан-Францыска, ЗША — 14.9.1927),
амерыканская танцоўшчыца, адна з заснавальнікаў танца мадэрн. У танцы выкарыстоўвала стараж.-грэч. пластыку (элементы хады, бегу на паўпальцах, лёгкія скокі, выразныя жэсты), танцавала ў хітоне, без абутку (адсюль назвы «басаножка», «танец басаножак»). Валодала вял. талентам пантамімічнай актрысы і імправізатара. Мастацтва Д. рабіла вял. эмацыянальнае ўздзеянне на гледачоў. У рэпертуары «Марсельеза», «Інтэрнацыянал», танцы на муз. Л.Бетховена, Ф.Шапэна, П.Чайкоўскага. Выступала супраць школы класічнага танца, вылучала прынцып агульнадаступнасці танц. мастацтва, прапагандавала развіццё масавых школ. Заснавала школы ў Германіі (1904), Францыі (1912), ЗША (1915). У 1921—24 жыла ў Расіі, арганізавала ўласную студыю ў Маскве. Была жонкай С.Ясеніна. Яе творчасць зрабіла вял. ўплыў на мастацтва сучасных харэографаў, у т. л. М.Фокіна, А.Горскага, К.Галяйзоўскага.
Літ. тв.: The dance. New York, 1909; Рус.пер. — Танец будущего. М., 1930; Моя исповедь. Мн., 1994.
Літ.:
Seroff V. The real Isadora: A biography. New York, 1971.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРАКАВЯ́К (польск. krakowiak),
польскі нар.танец. Узнік у Кракаўскім ваяв. (адсюль назва). Адметны дакладным рытмам, засн. на хуткім руху восьмых з частымі сінкопамі (звычайна ў цотных тактах); памер 2/4, тэмп хуткі. Як і паланэз, наз. «вялікім танцам», меў урачысты характар вайск. шэсця. У канцы 18 — пач. 19 ст. спрыяў працэсу ўсталявання самабытнасці польск. прафес.муз. культуры. З пач. 19 ст. папулярны ў Еўропе як бальны танец. У 19—1-й пал. 20 ст. адзін з найб. пашыраных на Беларусі нар. танцаў. Выконваўся парамі, часам і тройкамі (хлопец і 2 дзяўчыны) у суправаджэнні прыпевак. У яго аснове хуткі бег па крузе з моцнымі прытупамі папераменна правай і левай нагой на сінкопах (8 тактаў) і вярчэнне на месцы (8 тактаў). Вядомы лакальныя варыянты ў Лунінецкім, Пінскім і інш. р-нах. На вёсцы нярэдка аб’ядноўваецца з полькай. Бытуе і цяпер. Рытмы К. выкарыстоўвалі кампазітары Ф.Шапэн, К.Шыманоўскі, К.Пендарэцкі (Польшча), М.Глінка, Б.Асаф’еў (Расія), Г.Вагнер (Беларусь).