ВОДАСПАЖЫВА́ННЕ,
1) расходаванне вады на патрэбы насельніцтва, прам-сці і інш. водакарыстальнікаў. Вада на водаспажыванне адбіраецца з воднага аб’екта беззваротна або вяртаецца, змененая якасна. Адрозніваюць водаспажыванне гасп.-пітное і камунальнае (для быт. мэт) і тэхн. або вытв. (для тэхнал. мэт прам-сці, энергетыкі, транспарту). Аб’ём водаспажывання залежыць ад нормы водаспажывання — удзельнага расходу вады за суткі 1 жыхаром або ўмоўнай адзінкай для дадзенай вытв-сці. У меліярацыі водаспажыванне — расходаванне вады на арашэнне, абвадненне пашы, водазабеспячэнне сельскіх нас. пунктаў, с.-г. комплексаў, на проціпажарныя і прыродаахоўныя мерапрыемствы, рыбныя гаспадаркі і інш. 2) Колькасць вады, неабходная для с.-г. культур ці севазвароту за пэўны час, каб забяспечыць нармальнае развіццё раслін. Велічыня водаспажывання адпавядае сумарнаму расходаванню вады на транспірацыю раслінамі і фіз. выпарэнне з паверхні глебы. У такім выпадку водаспажыванне разлічваецца таксама і для дзікарослых раслін.
А.А.Макарэвіч.
т. 4, с. 250
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«НЕ́СТЛЕ»
(Nestlé S.A.),
швейцарскі канцэрн харч. прам-сці; адна з буйнейшых у свеце міжнар. карпарацый у гэтай галіне. Вырабляе каву, какаву, чай і інш. напоі, у т. л. растваральныя, дзіцячае харчаванне, канцэнтраты, малочныя прадукты, шакалад, сокі і інш., а таксама касметычныя і фармацэўтычныя вырабы. Засн. ў 1905 шляхам аб’яднання 2 фірм па вырабе згушчанага малака і дзіцячага харчавання. У 1930-х г. распрацавала рэцэптуру хуткарастваральнай кавы і доўга заставалася яе асн. пастаўшчыком у свеце. З 1962 — адзін з вядучых вытворцаў замарожаных харч. прадуктаў у Зах. Еўропе. Сучасная назва з 1977. Дзейнічае больш чым у 70 краінах свету. У вытв-сці занята больш за 200 тыс. чал. Выпускае 95% прадукцыі паза межамі Швейцарыі. Кантралюе каля 45% вытв-сці кавы ў свеце. Кампанію ўзначальваюць 2 холдзінгі: «Нестле А.Г.» і «Юнілак інк.», зарэгістраваныя адпаведна ў Швейцарыі і Панаме.
т. 11, с. 297
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВА́ДКАСНАЯ ХРАМАТАГРА́ФІЯ,
фізічна-хімічны метад аналізу і раздзялення сумесяў, дзе рухомая фаза — вадкасць; від храматаграфіі. Выкарыстоўваюць у хіміі, біялогіі, біяхіміі, медыцыне, парфумерыі, харч. прам-сці, крыміналістыцы.
т. 3, с. 438
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРАЎНЯ́НАЯ МА́СА,
валакністая маса, якую атрымліваюць мех. сціраннем балансавай драўніны ў дэфібрэрах ці трэсак у дэфібратарах. Выкарыстоўваюць як паўфабрыкат у вытв-сці паперы, кардону, драўнянавалакністых пліт.
т. 6, с. 205
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРОБНАСЕРЫ́ЙНАЯ ВЫТВО́РЧАСЦЬ,
від серыйнай вытв-сці, пры якой прадукцыя выпускаецца дробнымі серыямі. Да Д.в. адносяць вытв-сць некат. відаў пракату, невял. партый вырабаў, машын і інш.
т. 6, с. 208
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛУШЧЫ́ЛЬНЫ СТАНО́К,
дрэварэзальны станок для атрымання спосабам лушчэння ліставога паўфабрыкату з натуральнай драўніны — лушчанай шпоны. Выкарыстоўваецца пераважна ў вытв-сці фанеры, а таксама запалак, мэблі, тары.
т. 9, с. 381
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́РЛЯ (ад франц. marli кісяя),
лёгкая, празрыстая, гіграскапічная баваўняная тканіна. Звычайна белага колеру. Выкарыстоўваюць пераважна ў медыцыне (перавязачны матэрыял), а таксама ў швейнай вытв-сці, паліграфіі.
т. 10, с. 122
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДБІВА́ЛЬНАЯ ПЕЧ,
полымная плавільная печ, у якой цеплыня перадаецца матэрыялу ад газападобных прадуктаў згарання паліва і выпрамянення ўнутранай паверхні гарачай вогнетрывалай абмуроўкі.
У бесперапынных адбівальных печах загрузка шыхты і выгрузка гатовых прадуктаў плаўкі ідуць на працягу ўсяго працэсу работы печы (напр., у вытв-сці шкла, пры рафінаванні свінцу). У садачных адбівальных печах шыхта загружаецца перыядычна, па заканчэнні працэсу ўся плаўка выгружаецца з печы (напр., выплаўка сталі ў мартэнаўскіх печах). Выкарыстоўваецца ў чорнай і каляровай металургіі, вытв-сці шкла і інш.
т. 1, с. 97
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКРЫЛА́ТЫ,
вытворныя акрылавай кіслаты, складаныя эфіры ці яе солі. Акрылаты (эфіры) — бясколерныя вадкасці (напр., метылакрылат CH2=CH-COOCH3, tкіп 80 °C). Акрылаты (солі) — крышт. рэчывы. Лёгка палімерызуюцца пры дзеянні святла, цяпла, кіслароду і пераксідаў (захоўваюцца з інгібітарамі).
У прам-сці акрылаты метылавага і этылавага спіртоў атрымліваюць з этыленцыянгідрыну і адпаведнага спірту: 2CH2OHCH2CN + 2ROH + H2SO4 → CH2 = CHCOOR + (NH4)2SO4, вышэйшых спіртоў — рэакцыяй пераэтэрыфікацыі, а солі — нейтралізацыяй акрылавай к-ты. Выкарыстоўваюцца ў вытв-сці палімераў, каўчукоў, як дабаўкі ў друкарскіх фарбах, лаках.
т. 1, с. 201
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АМІНААЛЬДЭГІ́ДНЫЯ СМО́ЛЫ, амінасмолы,
тэрмарэактыўныя алігамерныя прадукты полікандэнсацыі амінаў ці амідаў з альдэгідамі. Ператвараюцца ў сеткавыя палімеры. Найб. шырока выкарыстоўваюцца меламінафармальдэгідныя і мачавіна-фармальдэгідныя смолы.
Атрымліваюць у выглядзе водных раствораў ці парашкоў. Ацвярджаюцца пры награванні ці пры пакаёвай т-ры з кіслотнымі каталізатарамі. Зашытыя і мадыфікаваныя смолы — высокатрывалыя, цепла-, вода-, зносаўстойлівыя матэрыялы. Выкарыстоўваюць у вытв-сці драўнінна-стружкавых пліт, амінапластаў, клеяў, пенапластаў, сінт. шпону; мадыфікаваныя — у вытв-сці спец. алкідных лакаў і эмаляў, формаў і стрыжняў для алюмініевага і чыгуннага ліцця, пластыфікатараў бетону.
т. 1, с. 317
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)