ЦЫКЛ ТЭРМАДЫНАМІ́ЧНЫ,

замкнуты кругавы працэс, які ажыццяўляецца ў тэрмадынамічнай сістэме. Уяўляе сабой сукупнасць розных тэрмадынамічных працэсаў, напр., ізатэрмічнага, адыябатнага, ізабарнага, ізахорнага. Найб. важныя Ц.т. — Карно цыкл, цыклы Клапейрона, Клаўзіуса—Ранкіна і інш. Выкарыстоўваюцца для вывучэння работы цеплавых рухавікоў (унутр. і знешняга згарання, турбін, ракетных рухавікоў), халадзільных машын і інш.

т. 17, с. 142

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦЫЛІНДРЫ́ЧНАЯ СІСТЭ́МА КААРДЫНА́Т,

сукупнасць 3 лікаў r, θ, z, якая вызначае становішча пункта ў прасторы. З прамавугольнымі каардынатамі яны звязаны формуламі: x = r∙cosθ, y = r∙sinθ, z = z. Назва звязана з тым, што каардынатная паверхня r = const з’яўляецца цыліндрам, утваральная якога паралельная восі Oz.

Цыліндрычная сістэма каардынат.

т. 17, с. 145

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭСУ́РСЫ,

сукупнасць прыродных, сацыяльных, духоўных магчымасцей, сродкаў і даходаў, якія могуць быць выкарыстаны ў працэсе стварэння матэрыяльных даброт і каштоўнасцей (тавараў, паслуг і інш.). Адрозніваюць Р. прыродныя, матэрыяльныя, працоўныя і фінансавыя. Прыродныя Р. — частка прыродных багаццяў, прыдатная для выкарыстання ў вытв-сці або для задавальнення патрэб людзей. Да іх адносяцца: зямля, вада, атмасфера, карысныя выкапні, раслінны і жывёльны свет, натуральныя крыніцы энергіі (сонца, вецер, прылівы і адлівы, унутрызямное цяпло і інш.). Падзяляюцца на вычарпальныя і невычарпальныя; вычарпальныя бываюць узнаўляльныя ці неўзнаўляльныя. Матэрыяльныя Р. — сукупнасць сродкаў і прадметаў працы, якія прызначаны для выкарыстання ў працэсе вытв-сці (машыны, абсталяванне, сыравіна, матэрыялы, паліва, энергія і інш.). Працоўныя Р. — частка насельніцтва, здольная да мэтазгоднай прац. дзейнасці. Фінансавыя Р. — грашовыя сродкі, якія грамадства мае магчымасць выкарыстоўваць. Сродкі, якія выкарыстоўваюцца ў працэсе стварэння матэрыяльных даброт або інш. каштоўнасцей, наз. фактарамі вытв-сці (зямля, праца, капітал, прадпрымальніцтва). У якасці спецыфічных фактараў вытв-сці вылучаюць навуку і інфармацыю.

У.​Р.​Залатагораў.

т. 14, с. 28

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІЯТЫ́П (ад бія... + тып),

1) сукупнасць асобін у складзе папуляцыі (унутрыпапуляцыйная групоўка) з падобным генатыпам. У 1920—30-я г. Біятып разглядаўся як самая дробная таксанамічная катэгорыя, з якой складаецца від (гл. Экатып). Зрэдку да біятыпу адносяць групу асобін, падобных фенатыпічна, але не абавязкова генетычна ідэнтычных.

2) Тое, што жыццёвая форма.

т. 3, с. 179

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСНО́ВА ў ткацтве,

сукупнасць паралельных нітак, накіраваных уздоўж тканіны. Тканіна на ткацкім станку ўтвараецца ўзаемным (пераважна перпендыкулярным) перапляценнем нітак

Аснова і ўтку. Ніткі асновы пры тканні церпяць большае мех. ўздзеянне, чым ніткі ўтку, таму на аснову выкарыстоўваюць больш трывалую і якасную пражу. Трываласць нітак асновы павялічваюць апрацоўкай клеявымі растворамі (шліхтай).

т. 2, с. 39

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСТРАНАМІ́ЧНЫ КЛІ́МАТ,

сукупнасць кліматычных фактараў, якія вызначаюць ступень прыдатнасці пэўнай мясцовасці да астранамічных назіранняў. Характарызуецца колькасцю ясных дзён і начэй з макс. празрыстасцю паветра, устойлівасцю аптычных характарыстык атмасферы, яркасцю фону начнога неба, частатой расы і туманаў, інтэнсіўнасцю атмасфернай турбулентнасці і інш. Астранамічны клімат улічваецца пры вызначэнні месца буд-ва астр. абсерваторый.

т. 2, с. 51

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАНК ДА́НЫХ,

сукупнасць базаў даных, а таксама праграмных моўных і інш. сродкаў, прызначаных для цэнтралізаванага назапашвання і выкарыстання інфармацыі з дапамогай ЭВМ. Напрыклад, база даных для абслугоўвання аўтаматызаванай сістэмы кіравання прадпрыемствам уключае інфармацыю пра персанал, абсталяванне, матэрыялы, паўфабрыкаты і інш., а таксама распараджальную дакументацыю, нарматывы, стандарты і інш. звесткі і дакументы.

т. 2, с. 281

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КСЕРАМАРФІ́ЗМ [ад грэч. xēros сухі + ...марф(а)],

сукупнасць анатама-марфал. асаблівасцей раслін, якія прыстасаваліся да недахопу вады. Выражаецца ў памяншэнні памераў лісця, клетак, павелічэнні колькасці клетак, вусцейкаў, сеткі жылак (абумоўлівае павышэнне засухаўстойлівасці). Тоўстая кутыкула і апушэнне паніжаюць транспірацыю. К. найбольш выражаны ў лісці верхніх ярусаў у сувязі з недастатковым водазабеспячэннем.

т. 8, с. 543

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕЗАЗО́ЙСКАЯ СКЛА́ДКАВАСЦЬ,

сукупнасць працэсаў складкавасці, гораўтварэння і гранітоіднага магматызму, якія адбываліся на працягу мезазойскай эратэмы (групы). Найб. інтэнсіўна праявілася ў межах Ціхаакіянскага рухомага пояса (гл. Ціхаакіянская складкавасць). Адрозніваюць старажытнакімерыйскую, або індасінійскую (канец трыясу — пачатак юры); юнакімерыйскую (гл. Кімерыйская складкавасць); аўстрыйскую (на мяжы ранняга і позняга мелу); ларамійскую (позні мел — ранні палеаген).

т. 10, с. 258

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАБО́Р,

1) сукупнасць прадметаў аднолькавага прызначэння, якія ўтвараюць нейла цэлае, камплект, напр., Н. інструментаў, Н. фарбаў.

2) Аздабленні з металічных прадметаў на вупражы, рэмені і г.д. 3) Масавае найманне на працу ці прыём у навуч. ўстановы.

4) Рэкруцкі Н. — у дарэформеннай Расіі прызыў на вайсковую службу асоб з падатковых саслоўяў.

т. 11, с. 89

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)