ПУ́ЛКА-ДЗМІ́ТРЫЕЎ (Аляксандр Дзмітрыевіч) (12.9.1893, с. Вялікая Слабада Карэліцкага р-на Гродзенскай вобл. — 13.11.1962),
генерал-лейтэнант (1944). Скончыў ваен. акадэміі імя Фрунзе (1927, 1934) і Генштаба (1938). У Чырв. Арміі з 1919. Удзельнік грамадз. вайны. У Вял.Айч. вайну з 1942 на Паўд.-Зах., Бранскім, Цэнтр., Бел., 1-м Бел., 1-м і 3-м Прыбалт. франтах: нач. штаба ўпраўлення тылу фронту, нам. камандуючага арміяй па тыле, нач. штаба арміі. Удзельнік Сталінградскай і Курскай бітваў, вызвалення Беларусі, Прыбалтыкі, Польшчы, Берлінскай аперацыі. Да 1954 у Сав. Арміі. Чл.ЦККПБ у 1954—56.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЛАБО́ДКА,
вёска ў Браслаўскім р-не Віцебскай вобл., паміж азёрамі Поцех, Недрава і Ільмёнак, на аўтадарозе Браслаў—Друя. Цэнтр сельсавета. За 9 км на ПнУ ад г. Браслаў, 220 км ад Віцебска, 21 км ад чыг. ст. Друя. 860 ж., 387 двароў (2001). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, абл. псіхіятрычная і ўчастковая бальніцы, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі. Лабараторыя азёразнаўства БДУ, турысцкая база нац. парку Браслаўскія азёры, летнія базы адпачынку. Помнік архітэктуры — Слабодкаўскі касцёл Сэрца Ісуса. Каля вёскі 2 гарадзішчы днепра-дзвінскай культуры.
У гіст. крыніцах вядома таксама пад назвамі Слабада, Слабодка Заверская, Быхаўка, Юзафова. Упершыню ўпамінаецца ў 1618 як паселішча Друйскага двара. У інвентары Браслаўскага староства за 1649 згадваецца як мяст.Слабада. У 18—19 ст. адносілася да маёнтка Завер’е, што належала Мірскім. У 1806 С.Мірскі фундаваў буд-ва мураванага касцёла. У сярэдзіне 19 ст. С. — мястэчка, цэнтр воласці Новааляксандраўскага пав. Ковенскай губ., 303 ж., 27 двароў, валасное праўленне, пазыковая каса, касцёл. У 1865 адкрыта нар школа. 643 ж., 124 двары (1897). У 1-ю сусв. вайну побач з мястэчкам пабудавана вузкакалейка, якая ў 1920—60-я г дзейнічала як пасажырская лінія. Летам 1919 С. была адным з цэнтраў антыбальшавіцкага паўстання «зялёных». З 1920 у складзе Польшчы, цэнтр гміны Браслаўскага пав. Віленскага ваяв. У 1931 у С. 848 ж., 146 двароў, чыг. станцыя, школа, пошта, аптэка, карчма, крамы. З 1939 у БССР, з 12.10.1940 цэнтр сельсавета ў Браслаўскім р-не.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАБРУ́ЙСКАЯ ВО́БЛАСЦЬ,
адм.-тэр. адзінка ў БССР у 1944—54. Утворана 20.9.1944 з раёнаў Магілёўскай, Мінскай і Палескай абл. Цэнтр — г.Бабруйск. Пл. 19,7 тыс.км², нас. 654,9 тыс.чал. (1953). Уключала 14 раёнаў (Акцябрскі, Асіповіцкі, Бабруйскі, Глускі, Грэскі, Капыльскі, Кіраўскі, Клічаўскі, Любанскі, Парыцкі, Слуцкі, Старадарожскі, Старобінскі, Чырвонаслабодскі), 4 гарады (Асіповічы, Бабруйск, Слуцк, Старыя Дарогі), 8 гар. пасёлкаў (Глуск, Капыль, Клічаў, Любань, Старобін, Парычы, Урэчча, Чырвоная Слабада), 4 рабочыя пасёлкі (Глуша, Градзянка, Ялізава, Ясень). Абл.газ. «Савецкая Радзіма». 8.1.1954 Бабруйская вобласць скасавана: Акцябрскі і Парыцкі р-ны перададзены ў Гомельскую, Асіповіцкі, Бабруйскі, Кіраўскі і Клічаўскі р-ны — у Магілёўскую, астатнія — у Мінскую вобл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛІСА́,
рака ў Смалявіцкім і Барысаўскім р-нах Мінскай вобл., правы прыток р. Бярэзіна (бас.р. Дняпро). Даўж. 64 км. Пл. вадазбору 625 км². Пачынаецца на ўсх. схілах Мінскага ўзвышша за 1,5 км на ПдУ ад в.Слабада Смалявіцкага р-на, вусце на паўд. ускраіне в. Юшкевічы Барысаўскага р-на. Даліна ў ніжнім цячэнні звілістая, на астатнім працягу прамая, трапецападобная, шыр. 0,8—2 км. Пойма ад в. Трубянок Смалявіцкага р-на да вусця двухбаковая, шыр. 0,2—0,4 км. Рэчышча ад вытоку да в. Яловіца Смалявіцкага р-на каналізаванае, на астатнім працягу звілістае, свабодна меандруе. Прымае сцёк з шэрагу меліярацыйных каналаў. На рацэ Смалявіцкае і Жодзінскае вадасховішчы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНО́ШКА (Валерый Станіслававіч) (н. 9.8.1938, в. Гайдукова Слабада Чэрвеньскага р-на Мінскай вобл.),
бел. вучоны ў галіне фіз. геаграфіі. Д-ргеагр.н. (1990), праф. (1991). Скончыў БДУ (1963). З 1964 выкладае ў БДУ. Навук. працы па геагр. прагназаванні, меліярацыйна-геагр. раянаванні тэр. Беларусі, маніторынгавых геагр. даследаваннях. Адзін з заснавальнікаў меліярац.-інжынернай геаграфіі. Распрацаваў канцэпцыю і склаў карту тэхнагеннай парушанасці прыродных комплексаў Беларусі. Аўтар падручніка па меліярац. геаграфіі. Прэзідэнт Бел.геагр.т-ва (з 1983).
Тв.:
Географические основы мелиорации. Мн., 1974;
Мелиоративная география Белоруссии. Мн., 1978;
Основы географического прогнозирования. Мн., 1985 (разам з В.М.Шырокавым, А.М.Трафімавым);
Рациональное природопользование Белорусского Поозерья. Мн., 1993 (у сааўт.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІГУ́МЕНСКІ ПАВЕ́Т,
адм.-тэр. адзінка на Беларусі ў 1795—1923 у Мінскай губ. Цэнтр — г. Ігумен (сучасны Чэрвень). Пл. 9,4 тыс.км², нас. 234 792 чал. (1897). Падзелены на 22 воласці (1912); Амяльнянскую (з 13.12.1922 Кнорынская), Белічанскую, Брадзецкую (з 6.10.1919 да 10.8.1920 у Магілёўскім пав.), Верхменскую, Грабёнскую, Даўжанскую (з 6.10.1919 да 10.8.1920 у Быхаўскім пав.), Дудзіцкую, Дукорскую, Кліноцкую, Магільнянскую (з 29.7.1920 у Нясвіжскім пав.), Навасёлкаўскую, Пагарэльскую, Пагосцкую (з 6.10.1919 да 10.8.1920 у Магілёўскім пав.), Пярэжырскую, Пухавіцкую, Слабада-Пырашаўскую, Смілавіцкую, Уздзенскую (з 1.8.1923 у Мінскім пав.), Хутарскую (б. Юравіцкая), Цітвянскую, Шацкую, Якшыцкую. З 18.9.1923 у сувязі з перайменаваннем г. Ігумен у Чэрвень наз.Чэрвеньскі павет.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНАПЛЯ́ (Яўген Фёдаравіч) (н. 1.3.1939, в. Межная Слабада Клецкага р-на Мінскай вобл.),
бел. вучоны ў галіне біяхіміі і радыебіялогіі. Акад.Нац.АН Беларусі (1991, чл.-кар. 1989), д-рмед.н. (1976). Скончыў Мінскі мед.ін-т (1962). З 1965 у НДІ анкалогіі і мед. радыялогіі, з 1981 заг. сектара геранталогіі АН Беларусі, з 1987 дырэктар Ін-та радыебіялогіі Нац.АН Беларусі. Навук. працы па мед. біяхіміі і пытаннях механізма дзеяння гармонаў, нейрагарманальнай рэгуляцыі, уплыву радыяцыі на жыццяздольнасць арганізма, па метадах карэкцыі аддаленых і бліжэйшых вынікаў пры апрамяненні.
Тв.:
Гормоны и старение: Мембранные механизмы гормональной регуляции. Мн., 1991 (разам з А.А.Мілюціным, Г.Р.Гацко).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІСЯЛЁЎ (Фёдар Сцяфанавіч) (н. 15.9.1946, в. Іванава Слабада Клімавіцкага р-на Магілёўскай вобл.),
бел. акварэліст; прадстаўнік Віцебскай школы акварэлі. Скончыў Віцебскі пед.ін-т (1971). Выкладаў у Магілёўскім культ.-асв. вучылішчы (1973—79). Працуе пераважна ў жанры пейзажа. Сярод твораў: «Вартавыя неба» (1973), «У краі азёрным» (1976), серыя «Рытмы Лаўсанбуда» (1978), «Зямля рэчыцкая» (1979), «Ляўкі. Дарога да паэта» (1982), «Полацк, Спаса-Ефрасіннеўскі манастыр» (1988), «Ноч у Гімраку» (1991), «Паводка ў Падніколлі» (1993), «Лідскі замак» (1996), «Восеньская вясёлка» (1997). Асн. роля ў стварэнні лірычнага або рамант. вобраза прыроды, арганізацыі эфектнай рытмічнай структуры кампазіцыі належыць дынамічным, падкрэслена вольным і лёгкім спалучэнням колераў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАВА́НІЧЫ,
вёска ў Чэрвеньскім р-не Мінскай вобл., на аўтадарозе Чэрвень — в. Раваніцкая Слабада. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 30 км на ПнУ ад г. Чэрвень, 85 км ад Мінска, 45 км ад чыг. ст. Смалявічы. 885 ж., 324 двары (2001). Спірт- і вінзаводы, лясніцтва. Сярэдняя школа, клуб, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан. Помнікі ў гонар партыз. брыгады імя М.Шчорса і землякам, якія загінулі ў Вял.Айч. вайну. Помнікі архітэктуры: Раваніцкі палацава-паркавы комплекс і касцёл св. Антонія (1790). У вёсцы ў 19 ст. дзейнічалі Раваніцкая суконная мануфактура і Раваніцкая фабрыка шавецкіх шпілек.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САПРЫ́КІН (Уладзімір Аляксеевіч) (24.8.1916, в. Сухадол Ліпецкай вобл., Расія — 24.4.1990),
удзельнік баёў на Беларусі ў Вял.Айч. вайну, Герой Сав. Саюза (1944). Скончыў Грозненскае ваен. вучылішча (1941). Політэхн.ін-т у Таронта (Канада, 1950-я г.). У Вял.Айч. вайну з 1941 на 1-м Бел. фронце. Батальён на чале з капітанам С. 1—3.12.1943 у баях за в. Чырвоная Слабада Дубровенскага р-на Віцебскай вобл. штодзень адбіваў па 10—12 контратак ворага; апынуўшыся ў шчыльнай аблозе ворага, С. выклікаў агонь сав. артылерыі на сябе; палічаны загінуўшым. Цяжка паранены трапіў у палон, з 1946 у Канадзе, за што з 1977 да 1992 сав. ўладамі быў пазбаўлены звання Герой Сав. Саюза. Перапахаваны на месца апошняга бою.