род птушак сям. дзятлавых атр. дзятлападобных. 2 віды: К. звычайная (J. torquilla), пашыраная ў Еўразіі, і К. чырвонаваллёвая (J. ruficollis) — у Паўн.-Зах. Афрыцы. На Беларусі К. звычайная трапляецца ў рэдкалессях, поймавых гаях, парках, садах, каля жылля. Нар. назвы куйка, круцігаловец, крутагаловец.
Даўж. К. звычайнай да 20 см, маса да 37 г. Апярэнне зверху светла-шэрае з папярочнымі цёмнымі палосамі. Горла, грудзі, падхвосце жаўтавата-вохрыстыя з цёмным папярочным малюнкам. Ніз белы з бурымі плямкамі. Дзюба слабая, крыху загнутая на канцы. Корміцца мурашкамі, тлямі і інш. насякомымі. Гнёзды ў дуплах дрэў і пнёў. Нясе 7—12 яец. Патрывожаная выцягвае шыю, круціць галавой (адсюль назва) і шыпіць.
сінтэтычныя смолы; тэрмапластычныя сумесі нізкамалекулярных палімераў і супалімераў кумарону, індэну і іх гамолагаў.
К.-і.с. з мал. м. 300—600 — вязкія светла-жоўтыя вадкасці, з мал. м. 1000—3000 — аморфныя цвёрдыя цёмна-рудыя рэчывы. Не раствараюцца ў вадзе, этаноле, раствараюцца ў араматычных і хларыраваных вуглевадародах, алеях. Устойлівыя ў шчолачах і разбаўленых к-тах; тэрмаўстойлівыя смолы з высокімі дыэл. ўласцівасцямі і малой цеплаправоднасцю. Атрымліваюць полімерызацыяй у прысутнасці каталізатара (серная к-та, хларыд алюмінію і інш.) ненасычаных фракцый прадуктаў каксавання вугалю (сырога бензолу) ці піролізу нафты (сальвент-нафты). Выкарыстоўваюць у вытв-сці плітачных матэрыялаў (напр., для пакрыцця падлог), друкарскіх фарбаў, чарніла, воданепранікальнай паперы, як пластыфікатар у гумавай прам-сці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІЛАЛІ́СНІК (Lentinus),
род шапкавых грыбоў сям. плеўротавых. 12 відаў. Пашыраны ў Еўразіі. На Беларусі 5 відаў П.: бакалападобны (L. cyathyformis), духмяны (L. suavissimus), лускаваты, або шпальны грыб (L. lepideus), складкаваты (L. fulvidus), тыгровы (L. tigrinus). Трапляюцца з мая па вер. у лясах, на адмерлай (пні, ламачча) і апрацаванай (слупы, дошкі) драўніне. У краінах Паўд.-Усх. Азіі больш за 2 тыс. гадоў на драўніне лісцевых парод культывуюць ядомы грыб шыітаке (L. edodes).
Пладовае цела — шапка на ножцы. Шапка дыяметрам 2—15 см, сухая, пукатая, потым увагнутая або лейкападобная. пераважна светла-бурага колеру. Мякаць вельмі шчыльная, з узростам амаль дравяністая. Пласцінкі прырослыя або зыходныя. Ножка суцэльная, дравяністая. Споры цыліндрычныя, бясколерныя. Некат. віды ў маладым узросце ядомыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛІМУТРО́К (ад англ. Plymouth Rock),
мяса-яечная парода курэй, выведзеная ў ЗША у 19 ст. Паводле колеру апярэння вылучаюць 8 іх разнавіднасцей, найб. пашыраны белыя і паласатыя. Паласатыя выведзены скрыжаваннем чорных іспанскіх курэй, белых кахінхінаў, паласатых дамініканскіх і інш. парод; белыя ўзніклі як мутацыя ад паласатых ці ў выніку скрыжавання П. з белымі легорнамі. Белы П. — мацярынская форма ў скрыжаваннях для вытв-сці мясных куранят — бройлераў.
Корпус масіўны, галава невял. з прамастойным лістападобным грэбенем. Сярэдняя маса курэй 2,5—3, пеўняў 3,6—4 кг. Куры пачынаюць несціся ў 6—7 месяцаў. Яйцаноскасць 160—180 яек за год; маса аднаго — да 60 г, шкарлупіна светла-карычневая.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПУГАЧЫ́ (Bubo),
род птушак сям. савіных атр. совападобных. 12 відаў. Пашыраны ўсюды, акрамя Аўстраліі і Антарктыды. Жывуць у лясах, стэпах, пустынях, у гарах да выш. 4700 м. Актыўныя ўначы. На Беларусі 1 від — П. звычайны (B. bubo), рэдкая аселая і вандроўная птушка. Трапляецца часцей на Палессі ў лясах. Занесены ў Чырв. кнігу Беларусі.
Даўж. да 75 см, размах крылаў да 180 см, маса да 3,2 кг. Самкі большыя за самцоў. Апярэнне рыхлае, рыжавата-жаўтаватае ці белаватае з падоўжнымі і папярочнымі плямкамі, зверху цёмнае, знізу светла-жоўтае, пёравыя «вушкі» чорныя ці з папярочным малюнкам. Радужына вачэй чырванавата-аранжавая або карая. Дзюба і кіпцюры чорныя. Ногі моцныя, пальцы апераныя. Драпежнікі. Адкладваюць да 6 яец.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЧАЛІ́НЫ ВОСК,
тлушчападобнае жаўтаватае рэчыва, якое выдзяляецца васковымі залозамі пчол меданосных і выкарыстоўваецца імі для пабудовы пчаліных сотаў. На пабудову пчалінай ячэйкі ідзе каля 13—30 мг воску (50—120 васковых пласцінак). У склад П.в. ўваходзяць больш за 50 хім. злучэнняў: складаныя эфіры (да 75%), тлустыя кіслоты, вуглевадароды, вітамін А, мінер. солі, смолы, расл. пігменты і інш.Т-ра плаўлення 60—65 °C. Нерастваральны ў вадзе і гліцэрыне, добра раствараецца ў арган. растваральніках. Сыравіна для атрымання П.в. — суш (васковыя нарасты, выбракаваныя соты), вытапкі, пасечная і заводская мерва. Пры сонечнай васкатопцы атрымліваецца больш чысты, светла-жоўты П.в. Выкарыстоўваецца ў прам-сці, медыцыне, касметыцы, для вырабу штучных вашчын.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУ́РЫ ЖАЛЯЗНЯ́К,
жалезная руда; мінер. ўтварэнні з тонкадысперснай сумесі гідраксідаў жалеза, аксідаў і гідраксідаў крэмнію і алюмінію. Гал. мінералы: гётыт, гідрагётыт, гематыт, гідрагематыт і інш. Трапляецца ў выглядзе зямлістых скрытакрышт. масаў, нацёкаў, канкрэцый, жэодаў, аалітаў, сталактытаў, псеўдамарфозаў на інш. мінералах і выкапнёвых арган. рэштках. Колер ад цёмна-карычневага да светла-жоўтага. Утварэнне звязана з працэсамі акіслення ў паверхневай зоне зямной кары. Асн. радовішчы асадкавыя (марскія, рачныя, азёрныя, балотныя) і кары выветрывання ультраасноўных парод. Адна з самых пашыраных жал. руд, якія маюць прамысл. значэнне пры колькасці жалеза больш за 30% і малой колькасці шкодных прымесяў (серы, фосфару, мыш’яку). Найб. радовішчы ў Расіі, Казахстане, ЗША, Францыі, на Кубе, у Новай Каледоніі. У Беларусі трапляецца ў складзе балотнай руды.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПЕЛЬСІ́Н (Citrus sinensis),
вечназялёнае дрэва сям. рутавых. Здаўна культывуецца ў трапічных і субтрапічных краінах (у Кітаі больш за 2 тыс. гадоў, на Чарнаморскім узбярэжжы Каўказа з 11 ст., на Пд Еўропы з 15 ст.). На Беларусі вырошчваюць у аранжарэях і як пакаёвую расліну.
Выш. 7—12 м. Лісце авальнае, кветкі адзіночныя або сабраныя ў суквецці, белыя, пахучыя. Плод — шматгняздовая ягада розных памераў, формы і афарбоўкі скуркі (ад светла-жоўтай да чырвона-аранжавай), сакаўны, салодкі ці кісла-салодкі, масай 100—500 г. Багаты цукрамі, лімоннай к-той, вітамінамі C, групы B, P. У скурцы да 2% эфірнага алею, які выкарыстоўваецца ў парфумернай і кандытарскай прам-сці. Меданос. Размнажаецца прышчэпкай на трыфаліяце, памяранцы, сеянцах мясц. сартоў. Цепла- і вільгацелюбівая расліна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕШАНКО́ВІЦКАЯ КЕРА́МІКА,
традыцыйныя ганчарныя вырабы рамеснікаў з г.п. Бешанковічы Віцебскай вобл. Вядомая са стараж. часоў. У 1930-я г. працавала каля 30 майстроў«паліўнікаў», якія выраблялі паліваны посуд (гаршкі, гарлачы, збаны, слоі, міскі, глякі, цукарніцы і інш.). Бешанковіцкая кераміка вылучалася простымі геам. формамі, светла-чырвоным колерам, амаль поўнай адсутнасцю дэкору (зрэдку ўжываўся геам. штамп), разнастайнымі памерамі, у залежнасці ад якіх вырабы мелі розныя назвы: 10-літровы гаршчок называўся «штука», 5-літровы — «пугар», 2,5-літровы — «пяцярык», літровы — «семярык» і г.д. 100 «штук» складалі камплект. Была пашырана вытв-сць цацак. У 1934 створана арцель, пазней — прамкамбінат (існаваў да 1945). У 1950—70-я г. промыслам займаліся асобныя майстры, сярод якіх А.С.Бельскі, Т.Дз.Балтовіч.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́ЕН ((Goyen) Ян ван) (13.1.1596, г. Лейдэн, Нідэрланды — 27.4.1656),
галандскі жывапісец і афартыст, адзін са стваральнікаў галандскага рэалістычнага пейзажа. Вучыўся ў Харлеме ў Э. ван дэ Велдэ (1616—17), зазнаў яго ўплыў. Працаваў у Лейдэне і Гаазе. Пісаў лірычныя пейзажы з відамі галандскіх рэчак, маленькіх гарадкоў і вёсак на іх берагах. Імкнучыся да стварэння паэтычна абагульненага вобраза галандскай зямлі, часта выкарыстоўваў нізкую лінію гарызонта, тонка перадаваў празрыстасць ці вільготнасць паветра («Дзюна», 1629, «Калодзеж каля хаціны», 1633; «Рака Ваал каля Неймегена», 1640-я г., «Вусце ракі», 1655, і інш.). Яго жывапіснай манеры ўласціва мяккая танальнасць каларыту, заснаванага на тонкіх пераходах зеленавата-шэрых і светла-карычневых адценняў.