клас вымерлых рыб. Вядомы з адкладаў позняга сілуру — ранняй пермі Еўразіі, Паўн. Амерыкі, Аўстраліі, Антарктыды. 4 атрады. На Беларусі рэшткі акантод (луска, шыпы) знойдзены ў адкладах ніжняга і сярэдняга дэвону. Жылі пераважна ў прэсных вадаёмах з імклівым цячэннем, радзей у лагунах і морах. У асноўным планктафагі. Магчыма, ад прымітыўных акантод адасобіліся храстковыя і касцявыя рыбы.
Даўж. да 0,5 м. Цела верацёнападобнае, з дробнымі касцявымі пласцінамі на галаве, з шыпамі (іхтыядаруліты) перад усімі плаўнікамі, акрамя хваставога. Луска ганоіднага тыпу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНІБАЛІ́ЗМ (франц. cannibalisme ад ісп. canibal людаед) у жывёл, форма жывёльнага жыўлення, пры якой з’ядаюцца асобіны таго ж віду; крайняя форма ўнутрыпапуляцыйных узаемаадносін. Вядомы больш чым у 1300 відаў жывёл. Назіраецца, калі папуляцыя не забяспечана кормам або пры звышвысокай шчыльнасці (драпежныя клапы, насякомыя, павукі, драпежныя рыбы і інш.). У гэтых выпадках К. — своеасаблівы рэгулятар, які дапамагае папуляцыі выжыць за кошт змяншэння колькасці. К. у людзей быў пашыраны ў мінулым у некат. плямён і народаў у бытавой і рэлігійна-магічнай формах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІ́ЛЬКІ агульная назва дробных рыб сям. селядцовых. Аб’ядноўваюць 2 роды: цюлькі і шпроты. Цюлькі
(4 віды) пашыраны ў Азоўскім, Каспійскім і Чорным морах; шпроты (6 відаў) — у паўн.ч. Атлантыкі (у т. л. ў Балтыйскім і Чорным м.) і ў Паўд. паўшар’і. У цюлек ад горла да ануса цягнецца «кіль» (адсюль назва),
2 апошнія прамяні ў анальным плаўніку падоўжаныя.
Даўж. да 18 см, тлушчу ў шпротаў да 15,2%, у цюлек да 18,5%. Стайныя, планктонаедныя рыбы. Ікра пелагічная. Аб’ект промыслу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІЧЫ́НКА (лац. larva),
постэмбрыянальная стадыя індывідуальнага развіцця арганізмаў, у якіх запасаў пажыўных рэчываў у яйцы недастаткова для завяршэння марфагенезу. Характэрна для многіх беспазваночных і некат. пазваночных (рыбы, земнаводныя). Жыве самастойна, актыўна корміцца, расце і (у беспазваночных) перыядычна перажывае лінькі. Можа мець органы, якіх няма ў дарослай формы і не мець тых органаў, што характэрны для імага. Найб. характэрныя формы Л. — апалонік, вусень, маляўка, наўпліус, трахафора. Працягласць стадыі Л. ад 1 месяца (матылі, мухі) да 2—3 гадоў (хрушч майскі). Гл. таксама Метамарфоза, Неатэнія.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПА́ЛТУСЫ,
агульная назва 3 родаў рыб сям. камбалавых: П. стралазубыя — Atheresthes (2 віды), П. звычайныя, або белакорыя, — Hippoglossus (1 від) і П. чорныя, або сінякорыя, — Reinhardtius (1 від). Пашыраны ў паўн.ч. Атлантычнага і Ціхага ак., у т. л. ў Ахоцкім, Баранцавым, Берынгавым і Японскім морах. Донныя рыбы.
Даўж. да 2,3 м, маса да 117 кг (зрэдку да 4,7 м і 340 кг). Цела асіметрычнае, сплошчанае, падоўжанае. Вочы на правым баку. Кормяцца малюскамі, ракападобнымі, рыбай. Аб’екты промыслу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАЦЭРКО́ІД (ад грэч. pro перад, раней, замест + kerkos хвост),
лічынкавая форма першай паразітычнай фазы ў жыццёвым цыкле некат. плоскіх чарвей з класаў цэстод (атр. псеўдафіліды — стужачнік шырокі, рамянцы і інш., тэтрафіліды) і амфілінаідэй.
Даўж. каля 0,5 мм. Задні канец цела (цэркамер) аддзелены перацяжкай і мае хіціноідныя кручкі. Развіваецца П. у целе першага прамежкавага гаспадара (ракападобных) з лічынкі лікафоры (у амфілінід) або з анкасферы ці карацыдыя (у цэстод). У наступнага прамежкавага гаспадара (рыбы) П. ператвараецца ў плерацэркоід — апошнюю лічынкавую стадыю амфілінід і цэстод.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САРДЗІ́НЫ,
рыбысям. селядцовых. 2 роды, у кожным па 1 відзе (з падвідамі): С. еўрапейская (Sardina pilchardus) і С. ціхаакіянская (Sardinops sagax, яе падвід — С. далёкаўсходняя, або івасі). Пашыраны ва ўмерана цёплых і субтрапічных водах абодвух паўшар’яў, акрамя ўсх. узбярэжжаў Паўн. і Паўд. Амерыкі.
Цела прадаўгаватае, сціснутае з бакоў; даўж. да 35 см (звычайна 15—20). Уздоўж спіны па баках шэраг цёмных плям, каля хваставога плаўніка — пара падоўжаных лускавінак («крыльцы»), на шчэлепнай накрыўцы — радыяльныя раўчукі. Планктафагі. Аб’ект промыслу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕРХАВО́ДКА (Alburnus alburnus),
рыба сям. карпавых атр. карпападобных. Пашырана ў Еўропе ад бас. Белага м. на Пн да Каўказа на Пд. Шматлікая ў рэках, азёрах, вадасховішчах, сажалках. На Беларусі звычайная; нар. назва ўклейка, акляя, аклейка, сяляўка, сібіль, верхаплаўка.
Даўж. 9—20 см, маса 10—60 г. Цела падоўжанае, сціснутае з бакоў. Спіна шаравата-блакітная, шэра-зеленаватая, бакі, брушка серабрыста-белыя, бліскучыя. Рот канцавы. Корміцца планктонам, насякомымі, водарасцямі. Знішчае ікру і малявак рыб. Верхаводкамі кормяцца драпежныя рыбы. Палавая спеласць у 2—3 гады. Чародная. Аб’ект промыслу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗААБЕ́НТАС (ад заа... + бентас),
сукупнасць донных жывёл, што жывуць на грунце і ў грунце марскіх і мацерыковых вадаёмаў. Адрозніваюць жывёл, якія жывуць у тоўшчы грунту (інфауна), перамяшчаюцца на паверхні грунту (анфауна) — многашчацінкавыя чэрві і малюскі, большасць ігласкурых, ракападобныя; прымацоўваюцца да субстрату (эпіфауна), плаваюць паблізу дна і толькі перыядычна апускаюцца на дно (нектабентас) — крэветкі, мізіды, некат. галатурыі, прыдонныя рыбы і інш.Асн. маса З. жыве на мелкаводдзі, дасягае многіх дзесяткаў кілаграмаў на 1 м² (пераважна малюскі), на большай глыбіні — паліхеты, ракападобныя, ігласкурыя. Гл. таксама Бентас.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРО́БКА,
1) у беларусаў традыц. прылада для зімовай лоўлі рыбы. Пасудзіна з конусападобна ўвагнутым дном з адтулінай (горлам) пасярэдзіне. Выраблялі з драніцы, лубу, выпляталі з дубцоў; часта выкарыстоўвалі старыя рашоты, дно якіх замянялі мешкавінай, горла падтрымлівалася вяровачкамі, прымацаванымі да верхняга краю рашот. Устанаўлівалі ў палонках, якія разам з К. закрывалі галінкамі, каб вада не замярзала. Рыба, якая імкнулася да свежай вады, заплывала ў К. Пашырана на Палессі.
2) Ёмістасць для ручной сяўбы; тое, што сявенька.
3) Ёмістасць для захоўвання і пераноскі зерня, круп і інш. сыпучых рэчываў.