рыбасям. ласасёвых. Некалькі падвідаў, у т. л. аральскі, каспійскі, чарнаморскі ласосі. Тыповая К. — прахадная форма, пашырана ў прыбярэжных раёнах мораў Еўропы. Ёсць прэснаводная жылая форма — азёрная і рачная фарэль, або стронга. На Беларусі К. трапляецца рэдка (бас.р. Буг, Зах. Дзвіна, Нёман).
Даўж. да 1 м, маса да 13 кг (каспійскі ласось да 51 кг). На целе і спінным плаўніку дробныя чорныя плямкі, у час нерасту ў самцоў ружаватыя акруглыя плямы Корміцца рыбай, буйнымі ракападобнымі. Нерастуе ўвосень у рэках, моладзь жыве ў прэснай вадзе 1—7 гадоў, потым мігрыруе ў мора. Аб’ект промыслу і развядзення.
Кумжа: 1 — прахадная, 2 — самец у нераставым стане.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАТЫМЕ́РЫЯ,
цэлакант (Latimeria chalumnae), рыбаатр. цэлакантападобных надатр. кісцяпёрых; адзіны сучасны від. Рэшткі Л. вядомы з дэвонскага перыяду (больш за 380 млн. гадоў назад). Лічылася вымерлай больш за 100 млн. гадоў назад. Пашырана ў Інд.ак. каля берагоў Паўд.-Усх. Афрыкі (Каморскія а-вы). Упершыню злоўлена ў 1938 каля вусця р. Халумна; апісана паўднёваафр. вучоным Дж.Смітам (1939). Жыве каля дна на глыб. да 800 м і больш.
Даўж. больш за 1,8 м, маса да 95 кт. Самкі буйнейшыя за самцоў. Хвост трохлопасцевы, парныя плаўнікі маюць кароткую цэнтр. вось. Луска буйная, масіўная. Маларухомыя, карыстаюцца плаўнікамі для плавання і апоры на грунт. Кормяцца рыбай. Яйцажывародныя.
Літ.:
Смит Дж.Л.Б. Старина Четвероног: Пер. с англ.М., 1962.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛА́ВАЛЬНЫ ПУЗЫ́Р (лац. vesica natatoria),
няпарны або парны орган рыб. Развіваецца як выраст пярэдняй ч. кішэчніка. Выконвае гідрастатычную, у некат. рыб — дыхальную (дваякадыхальныя, касцявыя ганоіды, мнагапёры), гукавыдаючую і гукаўспрымальную функцыі, а таксама ролю рэзанатара і пераўтваральніка гукавых хваль. У адных рыб П.п. звязаны з кішэчнікам (т.зв. адкрытапузырныя), у другіх поўнасцю ізаляваны (закрытапузырныя), і рэгуляванне ўтрымлівання газаў у ім ажыццяўляецца пры дапамозе т.зв. чырв. цела, або авала (густое спляценне крывяносных капіляраў на ўнутр. сценцы); рэгуляцыя ажыццяўляецца рэфлекторна. Аб’ём П.п. і суадносіны газаў у ім адрозніваюцца ад саставу атм. паветра і могуць мяняцца. У некат. рыб П.п. адсутнічае (напр., акулы, месяц-рыба і рыбы, якія вядуць прыдонны спосаб жыцця: камбалы і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫСОСКАПАДО́БНЫЯ (Gobiesociformes),
атрад касцістых рыб. Вядомы з міяцэну (каля 22—20 млн.г. назад). 1 сям. — прысоскавыя, або марскія качачкі (Gobiesocidae), каля 40 родаў, каля 100 відаў. Пашыраны ў прыбярэжнай зоне трапічных і ўмераных вод усіх акіянаў, у прэсных водах Цэнтр. Амерыкі. У Чорным м. трапляюцца звычайная, або аднаколерная, рыба-прысоска (Lepadogaster lepadogaster), таўстарылая прысоска, або качачка (L. decandollei), і двухплямістая прысоска, або караткапёрая качачка (Diplecogaster bimaculatus). Вядуць прыдонны спосаб жыцця.
Даўж. да 30 см. Цела кароткае, голае, укрытае сліззю. Афарбоўка маскіровачная. На брушку прысмоктвальны дыск з відазмененых брушных плаўнікоў, якія зрасліся; пры дапамозе дыска П. прымацоўваюцца да камянёў, раслін і інш. Кормяцца дробнымі доннымі беспазваночнымі. Лічынкі пелагічныя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРЧА́К (Phodeus sericeus),
рыбасям. карпавых, атр. карпападобных. Пашыраны ў прэсных вадаёмах Еўропы (на У ад Францыі) і Усх. Азіі (бас.р. Амур, рэк Сахаліна, Паўн. Кітая, Карэі). На Беларусі падвід гарчака (P. s. amarus) у невял. колькасці водзіцца амаль ва ўсіх рэках (часцей на Палессі) і азёрах. Нар. назвы гарчыца, гаркушка, альшанка, маляўка, смярдзюха, сталетка, радзей пукас.
Даўж. да 10 см. Цела высокае, сціснутае з бакоў, з няпоўнай бакавой лініяй, буйной луской; бакі серабрыстыя з вузкай зялёна-сіняй паласой. У час нерасту ў самкі вырастае доўгі яйцаклад, ікру адкладвае ў мантыйную поласць малюскаў (перлавіц і бяззубак). Корміцца пераважна абрастаннямі і дробнымі водарасцямі. Мяса горкае (адсюль назва). Пажыва для драпежных рыб.
Гарчак: зверху — самка, якая адкладвае ікру ў мантыйную поласць малюска; знізу — самец.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЕ́ТА (Oncorhynchus keta),
прахадная рыбасям. ласасёвых. Пашырана ў паўн.ч. Ціхага ак.: каля азіяцкіх берагоў ад Чукоткі да Карэі і в-ва Хонсю, каля амер. — ад Аляскі да Каліфорніі. У невял. колькасці дасягае рэк бас. Ледавітага ак., ад р. Лена да р. Макензі. 2 сезонныя формы: летняя і асенняя (больш буйная). Дарослыя жывуць у моры, нерастуюць у рэках: летняя форма — у ліпені—жніўні, асенняя — у кастрычніку—снежні. У час нерасту набывае «шлюбнае» ўбранне. Пасля нерасту гіне.
Даўж. да 1 м, маса да 14 кг. Маляўкі кормяцца беспазваночнымі, дарослыя ў моры — рыбай. Плоднасць каля 3—4 тыс. ікрынак. Ікра аранжавая, да 9 мм у дыяметры. Аб’ект промыслу і развядзення.
Кета: 1 — у час нагулу ў моры; 2 — у час нерасту ў рацэ.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУСТО́ ((Cousteau) Жак Іў) (11.6.1910, г. Сент-Андрэ-дэ-Кюбзак, Францыя — 25.6.1997),
французскі даследчык, акіянограф. Контр-адмірал. Чл.Франц.АН (1989). З 1952 кіраўнік падводнымі даследаваннямі на судне «Каліпсо», з 1985 — на турбапарусным судне «Алкіёна». З 1957 дырэктар Акіянаграфічнага музея ў Манака. Кіраўнік праграмы «Каншэльф» (даследаванні кантынентальнага шэльфа: умоў жыцця і працы людзей у падводным асяроддзі). Вынаходнік (разам з Э.Ганьянам) акваланга (1943), падводных дамоў, апарата «ныраючы сподак»; прыстасаваў кінакамеру для падводных кіназдымак. Займаўся пытаннямі аховы падводнага асяроддзя. Аўтар кніг і каля 90 дакументальных фільмаў, сярод якіх «Свет маўчання» (1956), «Залатая рыба» (прэмія «Оскар» 1960) і «Свет без сонца» (прэмія «Оскар» 1965).
Тв.:
Рус.пер. — В мире безмолвия. Живое море. М., 1976 (у сааўт.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НУ́ТРЫЯ, бабёр балотны (Myocastor coypus),
млекакормячая жывёла атр. грызуноў. Адзіны прадстаўнік сям. нутрыевых. Пашырана ў Паўд. Амерыцы (мясц. назва каіпу). Акліматызавана ў шэрагу краін Еўропы і Паўн. Амерыкі, на Беларусі — у пач. 1950-х г. Паўводная цеплалюбівая жывёла, у натуральных умовах жыве па берагах вадаёмаў, на балотах (адсюль другая назва), у зарасніках трыснягу ці ў норах. Добра плавае і нырае.
Даўж. да 85 см, хваста да 50 см, маса да 12 кг. Поўсць цёмна-карычневая. Хвост укрыты валаскамі. Заднія канечнасці з плавальнымі перапонкамі. Расліннаедныя, часам спажываюць жывёльныя кармы (малюскі, ракападобныя, рыба і інш.). Нараджаюць да 14 (звычайна 4—6) дзіцянят двойчы за год. Мяса ядомае. Аб’ект промыслу і гадоўлі (выведзены Н. з розным колерам футра).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУ́ФАЛА (Ictiobus),
род рыб сям. чукучанавых атр. карпападобных. Пашыраны ў бас. рэк Місуры і Місісіпі (ЗША) і Саскачэван (Канада). Малькі 3 відаў: буфалы велікаротага (рыба-буйвал; I. cyprinellus), буфалы маларотага (I. bubalus) і буфалы чорнага (I. niger) завезены ў Краснадарскі край з ЗША (1971—72), выгадаваны іх матачны статак. На Беларусі эксперым. работы па вырошчванні буфала вядуцца з 1976 у рыбакамбінаце «Любань» (Мінская вобл.) і з 1979 у Белаазерскай садковай рыбнай гаспадарцы (Брэсцкая вобл.). Буфала жыве пераважна ў вадаёмах з запаволеным цячэннем і ў стаячых вадаёмах.
Даўж. да 1,2 м, маса болей за 45 кг. Нагадваюць сазана. Спіна цёмна-карычневая, бакі светлыя, брушка жоўтае або белаватае, плаўнікі карычнева-шэрыя. Чародныя, цеплалюбівыя. Растуць Б. хутчэй за карпаў. Усёедныя. Перспектыўныя для рыбагадоўлі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛАВЕ́НЬ (Leuciscus cephalus),
рыбасям. карпавых атр. карпападобных. Пашыраны ў прэсных водах Еўропы і Пярэдняй Азіі. Жыве пераважна ў рэках з быстрай плынню, халоднай вадой, перакатамі, плёсамі і вірамі. Трымаецца ў месцах з пясчаным, камяністым або гліністым дном, каля берагоў з навіслымі над вадой кустамі і дрэвамі, пазбягае глею і ціны. На Беларусі трапляецца ва ўсіх значных рэках у невял. колькасці, пераважна ў Дняпры, Прыпяці, Бярэзіне, Сажы, Нёмане, Зах. Дзвіне. Нар. назвы галавель, клень, клянчук.
Даўж. да 80 см, маса да 8 кг. Цела падоўжанае, амаль цыліндрычнае, галава тоўстая, шырокая, крыху пляскатая (адсюль назва). Луска буйная, з цёмным абадком. Рот канцавы шырокі. Спіна цёмна-зялёная, амаль чорная, бакі серабрыстыя. Спінны і хваставы плаўнікі цёмна-сінія з жаўтаватым адценнем, грудныя аранжавыя, брушныя і анальны чырвоныя. Усёедны. Аб’ект рыбалоўства.