Дзейнічалі ў 1855—1914 у г. Брэст. Усяго было 9 мануфактур, адначасова працавала да 6 (1885). Мелі па 6—11 крышыльных і інш. станкоў, ступы і прэсы, з 1885 — конны рухавік. Выраблялі тытунь курыльны, табаку нюхальную (500—1800 пудоў за год), махорку (да 13 000 пудоў), цыгары (да 2990 тыс.шт.), папяросы (да 3557 тыс.шт.). На розных мануфактурах працавала ад 40 (1873) да 325 (1886) чалавек, выраблялася прадукцыі на суму да 65 тыс.руб. (1885).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАТАЦЫ́КЛ (ад лац. motor які прыводзіць у рух + грэч. kyklos круг, кола),
двухколавы трансп. сродак з рухавіком унутр. згарання з рабочым аб’ёмам больш за 50 см³. Выпускаюцца таксама М. з бакавым прычэпам — каляскай для аднаго пасажыра ці невял. грузу. Паводле прызначэння падзяляюцца на дарожныя, спарт. і спецыяльныя. Рухавік карбюратарны 2- або (радзей) 4-тактавы, ахаладжэнне сустрэчным патокам паветра (асобныя мадэлі спарт. і высокафарсіраваных дарожных М. маюць вадзяное ахаладжэнне). На Беларусі вырабляюцца на Мінскім матацыклетным і веласіпедным заводзе.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАКЕ́ТА-НО́СЬБІТ, касмічная ракета,
шматступеньчатая (2—4 ступені) ракета для вывядзення ў космас касмічных апаратаў. Надае карыснаму грузу скорасць, большую ці роўную 1-й або 2-й касмічнай скорасці. Працягласць палёту Р.-н. на актыўным участку траекторыі каля 17 мін; стартавая маса 10—3000 т (да 90% масы складае паліва). Асн. тып ракетнага рухавіка — вадкасны ракетны рухавік, выкарыстоўваецца таксама цвердапаліўны.
Паводле стартавай масы, энергет. характарыстык і масы карыснага грузу, які выводзіцца на нізкія каляземныя арбіты (200—300 км), адрозніваюць Р.-н.: лёгкія (карысны груз да 5 т; «Косма», «Зеніт», «Днепр», «Скаўт», «Пегас», «Аджэна», «Дэльта»), сярэднія (5—20 т; «Саюз», «Маланка», «Тытан»), цяжкія (20—100 т; «Пратон», «Тытан-4», «Арыян-5»), звышцяжкія (больш за 100 т, «Сатурн», касм. сістэмы «Спейс шатл», «Энергія»). Макс. маса выведзенага на арбіту грузу 147,5 т («Сатурн-5»; 1972). Колькасць ступеней Р.-н. абумоўлена гал. чынам яе прызначэннем. На старце працуе самы магутны рухавік 1-й ступені, які надае сістэме пэўную скорасць. Пасля таго, як запас паліва 1-й ступені зрасходаваны, яна аддзяляецца, і пачынае працаваць рухавік 2-й ступені; сістэма атрымлівае дадатковую скорасць. Асаблівасць апошніх ступеней некаторых Р.-н. — магчымасць шматразовага ўключэння іх рухавікоў, што дазваляе рабіць манеўры для змены вышыні, нахілення арбіты і інш. Старты Р.-н. здзяйсняюцца з касмадромаў. У выпадку далёкіх палётаў Р.-н. звычайна выводзіцца на арбіту ШСЗ з наступным стартам з гэтай арбіты.
Літ.:
Казневский В.П. Космические ракеты. М., 1961;
Морозов К.В. Ракеты-носители космических аппаратов. М., 1975.
У.С.Ларыёнаў.
Трохступеньчатая ракета-носьбіт: 1, 5, 8 — вадкасныя ракетныя рухавікі 1, 2 і 3-й ступеней; 2 — стабілізатар; 3, 6, 9 — бакі паліва 1, 2, 3-й ступеней; 4, 7, 10 — бакі акісляльніку 1, 2 і 3-й ступеней; 11 — прыборны адсек з апаратурай сістэмы кіравання; 12 — карысны груз; 13 — галаўны абцякальнік; 14 — механізм аддзялення касмічнага аб’екта, 15 стык паміж 2 і 3-й ступенямі; 16 — стык паміж 1 і 2-й ступенямі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЫ́ЦЕНСКАЯ СУКО́ННАЯ ФА́БРЫКА.
Дзейнічала ў Беларусі ў 1766—1914 у мяст.Быцень Слонімскага пав. (цяпер вёска ў Івацэвіцкім р-не Брэсцкай вобл.). У час паўстання 1794 разбурана, за перыяд 1796—1858 адноўлена і значна расшырана. Да 1890 вырабляла сукны, пасля — шарсцяныя коўдры. Сыравіна — воўна авечак. У 1860 дзейнічаў паравы рухавік, у 1879 працавала 17 ткацкіх станкоў, 6 часальных і 46 прадзільных машын, у 1913 — паравая машына (20 к.с.) і паравы кацёл, былі прадзільнае, ткацкае і апрэтурнае аддзяленні. Працавала да 90 рабочых (1878).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАТЫПЛА́Н (ад грэч. bathys глыбокі + план),
апарат для падводных назіранняў. Буксіруецца за караблём спец. кабель-тросам і кіруецца назіральнікам з дапамогай рулявога прыстасавання. Паводле прынцыпу дзеяння — «падводны планёр» з пастаяннай лішкавай плывучасцю (спушчаны на ваду плавае на паверхні, пры буксіроўцы апускаецца ў ваду пад дзеяннем гідрадынамічных сіл). Батыплан забяспечваецца сістэмай узнаўлення паветра, ілюмінатарамі, пражэктарамі, фота- і кіназдымачнай апаратурай і інш. Выкарыстоўваецца для падводнай фота- і кіназдымкі, назірання за паводзінамі рыбы ў касяках і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДА́ЙМЛЕР ((Daimler) Готліб Вільгельм) (17.3.1834, г. Шорндорф, Германія — 6.3.1900),
нямецкі інжынер-вынаходнік, стваральнік аўтамабіля (незалежна ад К.Бенца). У 1872—81 тэхн. дырэктар з-да газавых рухавікоў. У 1883 стварыў (з В.Майбахам) быстраходны (800 аб/мін) лёгкі аднацыліндравы 4-тактавы бензінавы рухавік. Устанавіў бензінавыя рухавікі на веласіпедзе (1885), лодцы (1886), 4-колавым аўтамабілі (1887). У 1890 заснаваў кампанію па вытв-сці рухавікоў (выпусціла першы аўтамабіль «Мерседэс», 1901), якая ў 1926 аб’ядналася з кампаніяй Бенца ў карпарацыю «Даймлер-Бенц».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКАЯ ГАРАДСКА́Я ЭЛЕКТРАСТА́НЦЫЯ.
Дзейнічала ў 1895—1914 у Мінску. Належала гар. самакіраванню. У 1900 у горадзе было 180 электрычных ліхтароў, даўж. сеткі складала 15 км. У 1913 электрастанцыя мела 5 паравых машын (815 к.с.), 3 рухавікі ўнутр. згарання (1050 к.с.), 2 паравыя катлы, апарат Шліхтэра на 750 вёдзер для ачысткі вады, эл.рухавік з цэнтрабежнай помпай, 2 дызелі (500 к.с.). Агульная магутнасць станцыі складала 14 000 к.с., магутнасць генератараў — 950 кВт. У 1913 працавала 30 чал., выпрацавана электраэнергіі на 232 тыс. руб.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЦЕБСКІ ЧЫГУНАЛІЦЕ́ЙНА-МАШЫНАБУДАЎНІ́ЧЫ ЗАВО́Д.
Дзейнічаў у 1882—1940 у Віцебску. Вырабляў плугі, выконваў кавальска-слясарныя работы. З 1892 меў паравы рухавік. У 1910—13 выпускаў турбіны, млынавыя машыны, прыводы і інш. абсталяванне для млыноў. У 1914—16 меў ліцейны і мех. цэхі, кузню і машыннае аддзяленне, выконваў ваен. заказы. У грамадз. вайну тут наладжаны рамонт вайск.трансп. сродкаў для Чырв. Арміі. З 1922 вырабляў драбільныя машыны, слясарныя ціскі. Працавала ад 50 (1890—95) да 75 (1902) рабочых. У 1940 на яго базе створаны Віцебскі станкабудаўнічы завод імя Камінтэрна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЭРАСА́НІ,
самаходныя сані, што рухаюцца па снезе, лёдзе і вадзе з дапамогай сілы цягі паветранага вінта. Бываюць суцэльнаметалічныя і аэрасані-«амфібіі».
Суцэльнаметалічныя аэрасані маюць 3 або 4 лыжы і кіруюцца пярэднімі паваротнымі лыжамі; рухавік з паветр. вінтом размешчаны на карме. Аэрасані«амфібія» маюць 1 лодку-лыжу, што дазваляе рухацца па рыхлым снезе, вадзе, забалочанай мясцовасці і інш. Грузападымальнасць аэрасаней да 600 кг, далёкасць ходу да 500 км, скорасць да 100 км/гадз па снезе, да 80 км/гадз па вадзе. Выкарыстоўваюцца ва ўмовах бездарожжа Крайняй Поўначы для перавозкі грузаў, пошты, людзей.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЭ́ЙДЭР-ЭЛЕВА́ТАР,
землярыйна-транспартная машына для зразання грунту і перамяшчэння яго ў насып (дамбу), адвал або ў трансп. сродак. Выкарыстоўваецца пры буд-ве насыпаў з бакавых рэзерваў, малых каналаў, распрацоўцы выемак, раскрыўных кар’ерных, планіровачных работах і інш. Прадукцыйнасць да 1600 м³/гадз.
Бываюць прычапныя (да гусенічнага трактара), паўпрычапныя і самаходныя; з дыскавым плугам і перпендыкулярна размешчаным (адносна падоўжнай восі машыны) нахіленым транспарцёрам (элеватарам); з плоскім (прамым) нажом і дыяганальна размешчаным транспарцёрам. Кіраванне рабочым органам — мех. або гідраўлічнае, прывод транспарцёра — ад задніх хадавых колаў, вала адбору магутнасці трактара або асобнага рухавіка.