Існаваў у 16—18 ст. у в. Каралін (цяпер у межах г.Пінск Брэсцкай вобл.). Пабудаваны ў традыцыях новаітальян. фартыфікацыйнай сістэмы. У плане — падоўжаны чатырохвугольнік (75 × 37 × 46 × 75) з бастыёнамі на вуглах. Курціны і чатырохвугольныя з брустверамі бастыёны былі вымураваны з каменю (з боку поля бастыёны значна большыя). З ПдУ замак ахоўвалі стромкі бераг і воды р. Піна. Унутры валоў ішоў падземны скляпеністы праход вышынёй 2,1 м і шырынёй 90 см. У 2-й пал. 17 ст. замкам валодаў маршалак ВКЛ Ян Дольскі, потым — кн. Вішнявецкія. У ліп. 1660 у час аблогі П.К.з. разбураны рас. войскамі, у 1704 — войскамі шведскага караля Карла XII. У пач. 19 ст. яшчэ былі цэлыя 2 бастыёны і курціна. Пазней замак знік пад гар. забудовай. Рэшткі П.К.з. адлюстраваны на планах Пінска канца 18 ст., на малюнках Н.Орды 19 ст.
Літ.:
Ткачоў М.А. Замкі і людзі. Мн., 1991. С. 159—160.
М.А.Ткачоў.
Руіны Пінскага Каралінскага замка 3 малюнка Н.Орды. 19 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СВЯТАСЛА́Ў УСЕ́ВАЛАДАВІЧ (у хрышчэнні Міхаіл; пасля 1116—27.7.1194),
князь тураўскі, вял. князь кіеўскі. Сын вял.кн. Усевалада Ольгавіча. У 1140 пасланы бацькам княжыць у Ноўгарад, аднак там яго не прынялі. Каля 1142 бацька пасадзіў яго ў Тураве, але хутка туды з Пераяслава пераведзены Вячаслаў Уладзіміравіч, а С.У. атрымаў Уладзімір-Валынскі. У 1146 па загадзе вял.кн.Ізяслава Мсціславіча С.У. разам з Расціславам Мсціславічам выгнаў Вячаслава Уладзіміравіча з Турава. Пасля смерці Ізяслава Мсціславіча (1154) С.У. пільнаваў Кіеў, пакуль туды не прыйшоў княжыць Расціслаў Мсціславіч; за гэту паслугу атрымаў ад яго Тураў і Пінск, аднак праз год іх страціў. У 1162 удзельнічаў разам з інш. князямі ў паходзе на Слуцк супраць Уладзіміра Мсціславіча. У 1164 захапіў Чарнігаўскае княства, а свайго сына Алега паслаў у Гомель. У 1176—94 вял.кн. кіеўскі. У 1180 з наўгародскім войскам удзельнічаў у вял. кааліцыйным паходзе на Друцк, спаліў там астрог. З 1143 жанаты з дачкой полацкага кн.Васількі Святаславіча Марыяй.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТО́ПАЛЬ,
гарадскі пасёлак на Беларусі, цэнтр Антопальскага пасялковага Савета Драгічынскага р-на Брэсцкай вобл. За 28 км на З ад Драгічына. На аўтадарозе Кобрын—Драгічын, чыг. ст. Антопаль на лініі Брэст—Пінск. 2,4 тыс.ж. (1995).
Вядомы з 16 ст. ў складзе Берасцейскага ваяв.ВКЛ. 2.3.1731 кароль Аўгуст III надаў Антопалю прывілей на 3 штогадовыя кірмашы. З 1795 мястэчка Кобрынскага пав. Слонімскай, з 1797 Літоўскай, з 1801 Гродзенскай губ. У 1897 было 3867 жыхароў, 1262 дамы, нар. вучылішча. Напярэдадні 1-й сусв. вайны працавалі сукнавальня, смалакурня, 2 маслабойні, 6 мукамольняў. У 1915 акупіраваны кайзераўскімі, у 1919 — польскімі войскамі. З 1921 у складзе Польшчы. З 1939 у БССР, з 15.1.1940 гар. пасёлак. У 1940—59 цэнтр Антопальскага р-на. З 25.6.1941 да 16.7.1944 акупіраваны ням. фашыстамі. З 1959 у Драгічынскім р-не.
Ватнапрадзільная ф-ка, камбінат быт. абслугоўвання, сярэдняя і муз. школы, школа-інтэрнат, вучэбна-вытв. камбінат, Дом культуры, кінатэатр, 2 б-кі, бальніца, паліклініка, аптэка, аддз. сувязі, Васкрасенская царква і касцёл (помнікі архітэктуры 19 ст.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДНЯПРО́ЎСКА-БУ́ГСКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1943.
Праведзена партыз. брыгадай імя Молатава Пінскай вобл. (камандзір М.І.Герасімаў) з мэтай вывесці са строю шлюзы, плаціны і вадаспускі Дняпроўска-Бугскага канала і сарваць перавозкі праціўніка. Распрацавана БШПР у канцы 1942.
У лют.—сак. 1943 дыверсійныя групы атрадаў імя Лазо, імя Кутузава, імя Суворава вывелі са строю шлюзы Оўзіцкі, Ляхавіцкі, Рагадашчанскі, у маі — Пераруб і Радастаўскі на Белаазерскім канале. У пач лета 1943 праціўнік спрабаваў аднавіць Дняпроўска-Бугскі канал. З гэтай мэтай прыбыла аднаўленчая каманда, якую прыкрывалі 6 ваен. катэраў рачной флатыліі. Пачаліся рамонтныя работы. Даведаўшыся аб намерах праціўніка, камандаванне брыгады ў ноч на 19.6.1943 сіламі 3 атрадаў (каля 400 чал.) правяло аперацыю па вывадзе са строю Гарадзецкага, Ляхавіцкага, Оўзіцкага, Перарубскага, Селішчанскага, Старога і Новага Рагадашчанскага гідравузлоў. У выніку аперацыі ўзровень вады панізіўся да 30—60 см. 120 км канала на ўчастку Пінск—Кобрын сталі непрыгоднымі для эксплуатацыі. 129 суднаў праціўніка, якія былі перакінуты з Дняпра. засталіся ў Пінскім порце і ў ліп. 1944 захоплены Дняпроўскай ваен. флатыліяй.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРАГІ́ЧЫН,
горад, цэнтр Драгічынскага р-на Брэсцкай вобл. на аўтамагістралі Брэст—Пінск. За 110 км ад Брэста, 7 км ад чыг. ст. Драгічын на лініі Брэст—Гомель. 15,2 тыс.ж. (1997).
Упершыню ўпамінаецца ў 1452 як в. Давячоравічы. З 1623 мястэчка ВКЛ, у інвентары 1778 лічыўся горадам, з 1795 мястэчка Кобрынскага пав. У 1849—167 ж., 98 дамоў, у 1897—2258 ж., 280 дамоў, царк.-прыходская школа, 2 нар. вучылішчы, сельская лячэбніца. Напярэдадні 1-й сусв. вайны ў Д. 2 маслабойні, завод па ачыстцы мелу, ф-ка саламяных капелюшоў, 7 мукамольняў. З 1921 у Польшчы, цэнтр Драгічынскага павета. Палескага ваяв., каля 4 тыс.ж. З 1939 у БССР, з 15.1.1940 гар. пасёлак, цэнтр Драгічынскага раёна. З 25.6.1941 да 17.7.1944 акупіраваны ням фашыстамі, якія загубілі ў Д. і раёне 4498 чал. У 1959—3,5 тыс.ж. З 10.11.1967 горад. У 1971—7,1 тыс. ж.
Трактарарамонтны і камбікормавы з-ды. Прадпрыемствы харч. прам-сці. Брацкія магілы сав. воінаў, сав. воінаў і партызан, магілы ахвяр фашызму, партызан і ахвяр фашызму. Помнік архітэктуры — царква Стрэчання (2-я пал. 19 ст.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАПАТКЕ́ВІЧЫ,
гарадскі пасёлак ў Петрыкаўскім р-не Гомельскай вобл., на р. Пціч. За 35 км ад Петрыкава, 18 км ад чыг. ст. Пціч на лініі Калінкавічы—Лунінец, аўтадарогамі злучаны з г.п. Акцябрскі і з аўтадарогай Калінкавічы—Пінск. 3,6 тыс.ж. (1998).
З сярэдзіны 16 ст. сяло ў Мінскім ваяв.ВКЛ, належала Яланскім. З 1793 у Рас. імперыі, мястэчка, цэнтр воласці Мазырскага пав. У 1863 секвестраваны, з 1868 належалі ген. Цылаву. У 1886—368 ж., 58 двароў, правасл. і рымска-каталіцкая цэрквы, яўр. школа і малітоўны дом, млын, 3 крамы. У 1897—1768 ж. У 1924—31 і 1935—62 цэнтр Капаткевіцкага раёна. З 27.9.1938 гар. пасёлак. У Вял.Айч. вайну ням. фашысты загубілі ў К. і раёне 2897 чал., 17.1.1942 адбыўся Капаткевіцкі бой 1942. У 1931—35 і з 1962 у Петрыкаўскім р-не. У 1972—2,6 тыс. жыхароў.
Прадпрыемствы харч. прам-сці. Сярэдняя і муз. школы, школа-інтэрнат, Дом культуры, 2 б-кі, бальніца, аптэка, паліклініка, камбінат быт. абслугоўвання, малітоўны дом евангелістаў, аддз. сувязі. Магілы ахвяр фашызму, помнік землякам, якія загінулі ў Вял.Айч. вайну.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУЗЕ́Й БЕЛАРУ́СКАГА ПАЛЕ́ССЯ.
Засн. ў 1924, адкрыты ў 1926 у г.Пінск Брэсцкай вобл. як Палескі краязн. музей, з 1940 Пінскі абл.гіст.-краязн. музей, з 1944 Пінскі абл. (занальны) краязн.-музей, з 1954 Пінскі краязн. музей, з 1979 Бел.дзярж. музей сацыяліст. пераўтварэння Палесся, з 1990 сучасная назва. Пл. экспазіцыі 1376 м²; 56,7 тыс. адзінак асн. фонду (2000). Сярод экспанатаў археал. калекцыя керамічных плітак 12 ст., бронзавыя ўпрыгожанні, рукапісныя граматы 14—17 ст., друкаваныя выданні 17 ст., калекцыі манет 16—20 ст. розных краін свету, прадметы матэрыяльнай культуры і побыту сялян 19 — пач. 20 ст., матэрыялы пра падзеі рэв. 1905—07, дзейнасць Пінскай арг-цыі РСДРП, падзеі грамадз. вайны, становішча працоўных Зах. Беларусі ў 1921—39, стварэнне і дзейнасць падполля і партыз. руху ў гады Вял.Айч. вайны, аднаўленне і развіццё нар. гаспадаркі ў пасляваенны час. У экспазіцыі творы жывапісу бел. і рус. мастакоў. Мае бібліятэку больш за 6,5 тыс. выданняў, сярод якіх час.«Дзеннік Віленьскі» (асобныя нумары за 1817, 1820, 1823, 1828).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІ́НСКАЯ ЗАПА́ЛКАВАЯ ФА́БРЫКАЗасн. ў г.Пінск Брэсцкай вобл. ў 1892 пад назвай «Прагрэс-Вулкан». У 1897 многія працэсы механізаваны; выпускала за суткі 250 тыс. карабкоў запалак. У тым жа годзе ф-ка згарэла, пазней адноўлена. У 1902 працавала 674 чал. З 1909 уваходзіла ў акц.т-ва запалкавых ф-к «Прагрэс-Вулкан». У 1915—18 ф-ка не працавала, абсталяванне часткова вывезена ў Германію. У 1918 ф-ка аднавіла выпуск запалак. У 1931 на ф-цы былі 183 машыны па выпуску запалак.У 1939 нацыяналізавана. У 1944 усё абсталяванне было вывезена ў Германію, а будынак спалены. З 1944 П.з.ф. ў складзе Пінскага фанерна-запалкавага камбіната (былы фанерны з-д), а з 1947 аднавіла выпуск запалак, у 1948 набыла самастойнасць і наз. Пінская запалкавая фабрыка «17 Верасня». У 1950 рэканструявана. У 1959—70 у складзе Пінскага фанерна-запалкавага камбіната, з 1971 — Пінскага вытв.дрэваапр. аб’яднання «Пінскдрэў». У 1984—85 пераабсталявана, перайшла на выпуск запалак у кардонных карабках. З 1992 з сучаснай назвай на правах філіяла ўваходзіць у «Пінскдрэў». Асн. прадукцыя (2001) — запалкі.
мужчынскі правасл. манастыр у г.Пінск Брэсцкай вобл. ў пач. 17 — пач. 20 ст. Узнік у ранні перыяд праваслаўна-уніяцкай канфрантацыі. У жн. 1614 на сродкі Р.Гарабурдзінай і Пінскага правасл. брацтва пабудавана Богаяўленская царква, пры ёй аселі манахі з Пінскага Лешчанскага манастыра. Праз месяц царква разабрана уніятамі, скаргі праваслаўных да караля і ў сейм былі безвыніковымі. У 1633 кароль Уладзіслаў IV дазволіў брацтву пабудаваць на ўскраіне горада манастыр з вучылішчам, пач. школай і шпіталем. У 1647 драўляны манастыр згарэў, у 1650 зноў адбудаваны. Быў цэнтрам праваслаўя на Піншчыне. У 18 ст. цярпеў прыцясненні з боку пінскага уніяцкага епіскапа і фанатычнай шляхты. Аднак у 1757 за манастыр заступаўся канцлер Ф.М.Чартарыйскі, а ў 1775 кароль Станіслаў Аўгуст Панятоўскі вызваліў манастырскіх падданых ад усіх падаткаў. У 1799 драўляныя будынкі згарэлі, у 1800 манастыр размешчаны ў комплексе б.Пінскага касцёла і калегіума езуітаў (тады ж сюды пераведзены манахі з Мінскага Петрапаўлаўскага манастыра, а ў 1848 — духоўнае вучылішча з Лядаў). Манастыр спыніў існаванне ў час 1-й сусв. вайны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАДМЕ́СЦЕ (польск. przedmiescie),
частка забудовы сярэдневяковага горада, якая знаходзілася па-за яго абарончымі мурамі. У функцыян. і сац. сэнсе блізкае да пасада. Звычайна ўзнікала пры плошчах перад уязнымі брамамі і развівалася ўздоўж дарог, якія вялі ў горад. П. мела жылыя і прамысл. функцыі, часам — абслугоўвання і адпачынку. У залежнасці ад значнасці горада П. магло ўзводзіць уласныя абарончыя збудаванні, якія з часам станавіліся ч агульнагарадской фартыфікацыйнай сістэмы. Падобным чынам узнікалі новыя П. ў Парыжы, Маскве, Ноўгарадзе, Віцебску, Магілёве і інш. Для П. характэрна меншая, чым у цэнтр. раёнах горада, шчыльнасць забудовы, сціпласць і прастата арх. вырашэнняў, наяўнасць садоў і агародаў. На Беларусі вядомы з даўніх часоў. Аснову іх забудовы складалі невял. драўляныя жылыя дамы з гасп. пабудовамі. У бел. гарадах з 16 ст. П. мелі Мінск (Мінскае Траецкае прадмесце, П. Ракаўскае, Ляхаўка, Старажоўка, Грушаўка, Камароўка), Гродна (Каложа), Магілёў (Пелагееўка), Віцебск (Задунаўе), Полацк (Запалоцце), Пінск (Каралін), Гомель (хутар Сеўрукі). У 17—18 ст. П. паявіліся і ў мястэчках (напр., у Волме Смалявіцкага р-на).
С.А.Сергачоў.
Былое Ракаўскае прадмесце ў Мінску (сучасная вуліца Ракаўская).