АПАЛА́ЧСКАЯ СКЛА́ДКАВАЯ ВО́БЛАСЦЬ,

зона палеазойскай складкавасці ўздоўж паўд.-ўсх. ускраіны Паўночна-Амерыканскай платформы. Сфарміравалася ў выніку праяўлення таконскай (сярэдні ардовік — сілур), акадскай (ранні — сярэдні дэвон) і алеганскай (карбон — ранняя перм) фазаў складкавасці. З канца палеазою і ў мезазоі падвяргалася моцнай эрозіі, у позняй юры перакрывалася морам, на працягу мелавога перыяду і кайназойскай эры паўторна спадзіста прыўзнята. Складзена з магутных тоўшчаў вапнякоў, кварцавых пяскоў, гліністых сланцаў, граўвакаў, з вулканічных і вывергнутых парод. Большая частка Апалачскай складкавай вобласці прымеркавана да Апалачаў, другая апушчана пад прыбярэжныя раўніны і шэльф Атлантычнага ак., трэцяя выходзіць на паверхню ў гарах Уошыта на тэр. Арканзаса і Аклахомы і на невял. участках у Тэхасе (Маратон) і ў Мексіцы. З ПнУ на ПдЗ падзяляецца на 3 сегменты з рознай арагенічнай гісторыяй: Ньюфаўндленд-Квебекскі, Пенсільванска-Тэнесійскі і Уошыта-Маратонскі. У межах сегментаў вылучаны правінцыі: Апалачскае плато, правінцыя Далін і Хрыбтоў, правінцыя Блакітнага хрыбта, Підмант і інш. Амаль усе структурныя элементы Апалачскай складкавай вобласці паралельна выцягнуты па дузе, павернутай выпукласцю да цэнтра мацерыка.

Г.​У.​Зінавенка.

т. 1, с. 414

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРКА́НЗАС (Arcansas),

штат на Пд ЗША. Уваходзіць у групу штатаў Паўд.-Зах. Цэнтра. Пл. 137,8 тыс. км², нас. 2424 тыс. чал. (1993). Адм. ц.г. Літл-Рок. Буйныя гарады: Форт-Сміт, Блайтвіл, Феетвіл. Гар. насельніцтва каля 50%. На ПнЗ плато Азарк (823 м), на ПдЗ горы Уашыта, на У і ПдУ урадлівая даліна Місісіпі і Берагавыя Раўніны. Клімат субтрапічны, вільготны. Сярэдняя т-раг. Літл-Рок) студз. 6 °C, ліп. 28 °C, ападкаў 1250 мм за год. Гал. рэкі Місісіпі з прытокамі Арканзас і Уайт-Рывер. Больш як палавіна тэрыторыі пад лесам (хвоя, белы дуб, кіпарыс, каменнае дрэва). Аснова эканомікі — апрацоўчая прам-сць, земляробства, турызм, лясная гаспадарка. Прамысловасць: хім., лесаапр., папяровая, электратэхн., маш.-буд., нафтаперапр., металургічная (выплаўка алюмінію і сталі), швейная і інш. Здабыча буд. пяскоў і каменю, баксітаў, нафты і газу. Вырошчваюць сою, рыс, бавоўнік, пшаніцу, кукурузу, агародніну, вінаград, садавіну. Гадуюць свіней і птушак. Адкорм буйн. раг. жывёлы, вырошчванне бройлераў. Транспарт: рачны (на Місісіпі і Арканзасе), чыг., аўтамаб., ёсць газа- і нафтаправоды. Турызм. Курорты на плато Азарк.

М.​С.​Вайтовіч.

т. 1, с. 478

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЮ́ВІЙ, алювіяльныя адклады (ад лац. alluvio нанос, намыў),

адклады водных патокаў (рэк, ручаёў), якія намножыліся ў рэчышчах, на поймах і тэрасах рачных далін. Складаюцца з абломкавага матэрыялу рознай велічыні, ступені сартавання і абкатанасці (галечнік, жвір, пяскі, супескі, суглінкі, гліны), нярэдка з лінзамі торфу. Утварае поймы (паплавы), алювіяльныя тэрасы ўсіх рэк, алювіяльныя раўніны, займае больш за 5% тэр. Беларусі. Звычайна слаісты. Характэрна косая слаістасць, што абумоўлена напрамкамі руху водных патокаў. Вылучаюць рэчышчавую, поймавую і старычную разнавіднасці (фацыі). Фарміраванне алювію ў рэчышчы адбываецца ў выніку папярочнага цыркуляцыйнага руху вады, якая падмывае ўвагнуты бераг, наслойваючы сегменты грубага матэрыялу (галечнік, жвір, пяскі) каля выпуклага берага. Поймавы алювій адкладваецца пры шырокіх разлівах у поймах рэк і складзены з найб. тонкага пясчана-гліністага матэрыялу. Старычны фарміруецца ў азёрападобных старых рэчышчах і складзены з багатых арган. рэчывамі супескаў, суглінкаў, ілу, торфу. З валунова-галечным алювіем горных рэк звязаны россыпы золата, плаціны, волава і інш. цяжкіх мінералаў; са жвірова-пясчаным рэчышчавым алювіем рэк нізкагор’яў і раўнін — радовішчы буд. пяскоў і жвіру. Алювій — субстрат алювіяльных глебаў (гл. Поймавыя глебы).

М.​Я.​Зусь.

т. 1, с. 290

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КА́МЫ (ад ням. Kamm грэбень),

узгоркі, бугры, кароткія грады акруглай, конусападобнай і інш. формы ў абласцях апошняга мацерыковага зледзянення. Выш. да 10—15 м, зрэдку да 80—100 м, дыяметр (па аснове) да некалькіх соцень метраў, стромкасць схілаў 10—20°, зрэдку 20—40°. Плошча ад дзесяткаў да тысяч м².

Камавыя адклады сфарміраваны расталымі водамі пасіўнага або дэградуючага «мёртвага» лёду ва ўнутры-, пад- і надледавіковых трэшчынах, праталінах, паглыбленнях і інш. пустотах ва ўмовах кантрастнага рэльефу ледавіковага ложа. Пры раставанні лёду гэтыя адклады апусціліся і ўтварылі камавы рэльеф. Паводле генезісу і будовы К. бываюць водна-ледавіковыя, складзеныя са слаістых розназярністых пяскоў і галечна-жвіровага матэрыялу, азёрна-ледавіковыя алеўрыта-гліністага складу са стужачнай гарызантальна-слаістай будовай і мяшаныя (складаныя), трапляюцца разнастайныя пераходныя да озаў формы. Пашыраны ў Паўн. паўшар’і (Фінляндыя, Польшча, Германія, Канада, ЗША).

На тэр. Беларусі пашыраны ў межах рэльефу паазерскага і сожскага зледзяненняў — на Браслаўскай, Свянцянскай і Асвейскай градах, Гродзенскім, Віцебскім, Нешчардаўскім узв., месцамі на Полацкай нізіне, Беларускай градзе, Ашмянскім узв. і Лідскай раўніне. Многія К. змяшчаюць невял. радовішчы пяску і жвіру.

В.​І.​Ярцаў.

т. 7, с. 553

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАСКО́ЎСКАЯ СІНЕКЛІ́ЗА,

найбуйнейшая адмоўная тэктанічная структура плітнага этапу развіцця Усх.-Еўрапейскай платформы, у зах. ч. Рускай пліты. Пл. больш за 1 млн км². У межах Беларусі краявы паўд.-зах. схіл сінеклізы. Абмежавана на ПдЗ Латвійскай седлавінай і Беларускай антэклізай, на ПдВаронежскай антэклізай, на ПдУ — Волга-Уральскай антэклізай. Запоўнена адкладамі верхняга пратэразою, палеазою, меза-кайназою. На тэр. Беларусі ў аснове плоскія шырокія Магілёўская і Полацкая ўпадзіны (паўн.-ўсх. звёны Кобрынска-Магілёўскага і Кобрынска-Полацкага палеапрагінаў), запоўненыя адкладамі верхнявендскага-ніжнекембрыйскага комплексу. Фарміраванне М.с. адбывалася ў познабайкальскую і герцынскую эпохі складкавасці, галоўны этап працякаў з сярэдняга да позняга дэвону. На крайнім ПдЗ сінеклізы з познафранскага часу пачаў фарміравацца Прыпяцкі прагін, у выніку чаго тут адбылося скарачэнне плошчы М.с. Верхнепратэразойскія, ніжнепалеазойскія і дэвонскія адклады перспектыўныя на нафту і газ. Сярод кам.-вуг. адкладаў пашыраны бурыя вуглі, якія ўтвараюць Падмаскоўны вугальны басейн. З юрскімі і мелавымі адкладамі звязаны радовішчы шкловых і фармовачных пяскоў. Да М.с. прымеркаваны гідрагеалагічны басейн з вял. запасамі прэснай вады. Гл. таксама Аршанскі гідрагеалагічны басейн.

І.​В.​Клімовіч.

т. 10, с. 179

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЫВЕ́ТРЫВАННЕ,

працэс мех. разбурэння і хім. змянення горных парод і мінералаў зямной паверхні і прыпаверхневых слаёў літасферы. Адбываецца пад уплывам атмасферы (ападкі, вецер, сезонныя і сутачныя ваганні т-ры паветра, уздзеяння на пароды атм. кіслароду і інш.), грунтавых і паверхневых вод, жыццядзейнасці раслінных і жывёльных арганізмаў і прадуктаў іх распаду. Вылучаюць выветрыванне фіз. (механічнае), хім. і арган. (біялагічнае). Своеасаблівыя рысы мае падводнае выветрыванне (гальміроліз).

У выніку фіз. выветрывання адбываецца разбурэнне горных парод з распадам іх на абломкі. Гал. агенты фіз. выветрывання — ваганне т-ры і нераўнамернае награванне і ахаладжэнне парод, расшырэнне шчылін у пародзе замерзлай вадой (марознае выветрыванне), разбуральная дзейнасць ветру. Пры хім. выветрыванні зменьваецца хім. састаў парод з утварэннем мінералаў. Асн. агенты хім. выветрывання — вада, кісларод, солі, вуглекіслата і арган. кіслоты; асн. працэсы — вышчалочванне, гідратацыя, гідроліз і акісленне. Арганічнае выветрыванне выяўляецца ў змяненні парод пад уплывам жыццядзейнасці раслін, макра- і мікраарганізмаў і прадуктаў іх распаду. Асобы тып выветрывання — глебаўтварэнне, пры якім найб. актыўна дзейнічаюць біял. фактары. Фіз. і хім. выветрыванне цесна ўзаемадзейнічаюць; інтэнсіўнасць іх залежыць ад клімату, рэльефу, саставу, структуры і трываласці парод, працягласці працэсаў і інш. Прадукты выветрывання застаюцца на месцы (элювій) або перамяшчаюцца па схілах узвышшаў дажджавымі і расталымі водамі (дэлювій), спаўзаюць пад уплывам сілы цяжару, марознага зруху і цякучасці (саліфлюкцыя), пераносяцца ветрам. Вобласць літасферы, дзе адбываюцца працэсы выветрывання, называецца зонай выветрывання, разбураныя і пераўтвораныя пароды — карой выветрывання. Зону выветрывання наз. таксама зонай гіпергенезу, працэсы ў ёй — гіпергеннымі. Адрозніваюць сучасныя (прыпаверхневыя) і стараж. (выкапнёвыя) коры выветрывання, пахаваныя пад больш маладымі. Макс. глыбіня выветрывання больш за 0,5 км. Працэсы выветрывання — важны фактар утварэння рэльефу, які прыводзіць да сплашчэння і выраўноўвання паверхні. Працэсы выветрывання мінулых геал. эпох уплывалі на ўтварэнне розных карысных выкапняў: кааліну, вохры, вогнетрывалых глін, пяскоў і інш.

На Беларусі ў сучасных геал. умовах пераважаюць выветрыванні хім. і арганічнае. Тоўшча сучаснай кары выветрывання 5—8 м, покрыва алювіяльна-дэлювіяльных утварэнняў (пяскоў і гліністых парод) да 3—5 м, зрэдку больш. Перамешчаныя ветрам прадукты выветрывання ўтвараюць характэрныя формы рэльефу — эолавыя ўзгоркі і грады, на асобных, незадзернаваных участках пяскі, якія развейваюцца. Працэсы выветрывання выклікаюць эрозію глебы, у т. л. развяванне асушаных тарфянікаў, зніжаюць апорную здольнасць грунтоў пад інж. збудаваннямі і інш., разбураюць буд. матэрыялы. Каб пазбегнуць шкодных вынікаў выветрывання, замацоўваюць схілы, адхоны, пяскі, якія развейваюцца, вядзецца барацьба з эрозіяй глебы і інш.

т. 4, с. 302

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАГО́ДЗІН (Аляксандр Львовіч) (15.6.1872, г. Віцебск — 16.5.1947),

расійскі гісторык, філолаг-славіст. Д-р слав. філалогіі (1904). Скончыў Пецярбургскі ун-т (1894). Праф. Варшаўскага (1902—08), Харкаўскага (1910—19) ун-таў. З 1919 у эміграцыі, да 1941 працаваў у Бялградскім ун-це. Аўтар прац па гісторыі і л-ры слав. народаў, «Руска-сербскай бібліяграфіі (1800—1925)» (т. 1—2, 1932—36). Цікавіўся нац.-вызв. рухам бел. народа, перапісваўся з рэдакцыяй газ. «Наша ніва». У час. «Вестник Европы» змясціў рэцэнзію на кнігу П.​Бародкіна «Беларусы» (1902), арт. «Беларускія паэты» (1911) пра некаторыя заканамернасці развіцця бел. л-ры 19 — пач. 20 ст., яе цесную сувязь з жыццём народа, развіццём бел. нац.-вызв. руху, даў агульную характарыстыку творчасці Ф.​Багушэвіча, Я.​Лучыны, Я.​Купалы, Я.​Коласа, М.​Багдановіча. Вітаў дзейнасць бел. навук.-літ. гуртка студэнтаў Пецярбургскага ун-та. Багдановіч прысвяціў П. «Санет» («Паміж пяскоў Егіпецкай зямлі...»).

Тв.:

Из истории славянских передвижений. СПб., 1901;

Адам Мицкевич. Т. 1—2. М., 1912—13;

Язык как творчество. Харьков, 1913;

Славянский мир. М., 1915;

Белорусские поэты // Александровіч С.Х., Александровіч В.С. Беларуская літаратура XIX — пачатку XX ст.: Хрэстаматыя крытыч. матэрыялаў. Мн., 1978.

М.​І.​Пратасевіч.

т. 11, с. 477

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРЭ́СЦКАЕ ПЕРАДЛЕДАВІКО́ЎЕ, добрушскае перадледавікоўе,

частка антрапагенавага перыяду перад наступленнем нараўскага зледзянення на тэр. Беларусі. Вылучана (Н.​А.​Махнач; 1971) як найб. стараж. ч. антрапагену працягласцю каля 400 тыс. гадоў. Паводле апошніх даследаванняў, брэсцкае перадледавікоўе адносіцца да 2-й пал. эаплейстацэну (каля 800—1200 тыс. гадоў назад) і адпавядае брэсцкаму надгарызонту (магутнасць да 20—30 м, залягае на глыб. 10—170 м). Паверхня тэр. Беларусі была выраўнаваная, найб. узвышаная на ПнУ. Рэкі цяклі на Пд і З. Адклады з глін, алеўрытаў з праслоямі пяскоў і торфу намнажаліся ў азёрах, шматлікіх на Пд і ПнЗ, у балотах і далінах рэк. Клімату былі ўласцівы значныя і частыя ваганні з паступовым пахаладаннем. Вылучаюцца 2 працяглыя халодныя перыяды (апошні больш суровы; у раслінным покрыве пераважалі разрэджаныя хваёва-бярозавыя лясы), падзеленыя менш працяглым цёплым часам, з кліматам і расліннасцю, блізкімі да сучасных. Паводле асаблівасцяў адкладаў і выкапнёвых рэшткаў раслін ўстаноўлена, што брэсцкае перадледавікоўе адпавядае частцы ніжняга плейстацэну Польшчы і Германіі, верхняму апшэрону і яго аналагам на тэр. Усх.-Еўрап. раўніны, а таксама менапу, бавелу і ніжняй ч. кромеру Нідэрландаў.

Літ.:

Махнач Н.А. Этапы развития растительности Белоруссии в антропогене. Мн., 1971;

Якубовская Т.В., Назаров В.И. Стратиграфическая схема отложений эоплейстоцена Беларуси // Докл. АН Беларуси. 1993. Т. 37, № 4.

Т.​В.​Якубоўская.

т. 3, с. 287

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕТЛЮЖКАКВЕ́ТНЫЯ (Poales),

парадак аднадольных раслін. 1 сям., каля 650 родаў, 10 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды. Дамінанты травяністых груповак расліннасці стэпаў, лугоў, прэрый, пампасаў і саваннаў. На Беларусі 55 родаў. Найб. вядомыя авёс, брыца, вострыца, грэбнік, жытняк, зуброўка, каласнец, купкоўка, лісахвост, малінія, маннік, пырнік, трыснёг, цімафееўка, ячмень і інш. Вырошчваюцца шмат інтрадукаваных відаў з родаў жыта, кавыль, кукуруза, перлаўка, проса, пшаніца, райграс і інш. Рэдкія віды (напр. ячменеваласнец еўрапейскі) занесены ў Чырв. кнігу.

Адна-, двух- і шматгадовыя травяністыя, радзей дрэвападобныя (напр., бамбук) расліны. Цыліндрычныя сцёблы (саломіны) уздутыя ў вузлах і падзеленыя на полыя межвузеллі. Лісце пераважна з адкрытымі похвамі, лінейнае (да ніткападобнага) ці ланцэтнае, звычайна мае язычок. Кветкі дробныя, пераважна двухполыя ў элементарных суквеццях (каласках), што ўтвараюць складаныя суквецці — мяцёлкі, каласы, гронкі або галоўкі. У каласку — 1—30 кветак. Апыленне звычайна ветрам. Плод — зярняўка. Да М. належаць асн. харч. расліны: пшаніца, рыс, кукуруза, жыта, ячмень, авёс, проса, сорга, цукр. трыснёг і інш.), што культывуюцца з глыбокай старажытнасці, і кармавыя (мятліца, цімафееўка, аўсяніца, купкоўка, каласоўнік і інш). Выкарыстоўваюцца для засеву газонаў, аэрадромаў, стадыёнаў, замацавання пяскоў, насыпаў. З некат. М. атрымліваюць буд. матэрыялы, паперу (напр., трыснёг, бамбук), ёсць шкоднае пустазелле (напр., аўсюк, брыца звычайная). Харч., кармавыя, тэхн., лек., дэкар. расліны.

Літ.:

Цвелев Н.Н. Злаки СССР. Л., 1976. Жизнь растений. Т. 6. М., 1982.

т. 10, с. 311

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АГРАЛЕСАМЕЛІЯРА́ЦЫЯ (ад агра... + лес + меліярацыя),

тэорыя і практыка правядзення лесаводчых (у спалучэнні з агранамічнымі і інж.) мерапрыемстваў па прадухіленні неспрыяльнага для с.-г. вытв-сці дзеяння прыродных фактараў. Асн. мэта агралесамеліярацыі — стварэнне ахоўных лесанасаджэнняў, якія прадухіляюць або памяншаюць эрозію глебы, замацоўваюць яры, схілы, пяскі, выконваюць ветраахоўную і снегазатрымальную функцыі, паляпшаюць мікраклімат, павышаюць вільготнасць глебы. У значных маштабах ахоўным лесаразвядзеннем займаюцца ў многіх краінах б. СССР і свету (ЗША, Данія, Вялікабрытанія, Германія, Францыя, Канада, Балгарыя, Венгрыя і інш.). На Беларусі яно ажыццяўляецца ў складзе мерапрыемстваў па меліярацыі зямель.

Навук. асновы агралесамеліярацыі ў Расіі закладзены працамі В.​В.​Дакучаева, А.​І.​Ваейкава, Г.​М.​Высоцкага ў канцы 19 ст. У распрацоўку агралесамеліярац. мерапрыемстваў вял. ўклад зрабілі рус. і бел. вучоныя-лесаводы Г.​Ф.​Марозаў, М.​С.​Несцераў, М.​І.​Сус, А.​С.​Казменка, А.​Р.​Мядзведзеў, І.​К.​Якушэнка, А.​І.​Саўчанка, В.​К.​Паджараў і інш.

Даследаванні на Беларусі пачаліся ў 1950-я г., вядуцца ў Ін-це лесу АН Беларусі, Бел. тэхнал. ун-це, н.-д. ін-тах глебазнаўства і аграхіміі, меліярацыі і лугаводства. Распрацаваны спосабы аблясення пяскоў, стварэння полеахоўных лясных палос на асушаных тарфяніках, лясных палос на схілах, разараных пясках і супесках, аблясення яроў, агратэхн. прыёмаў барацьбы з эрозіяй.

Літ.:

Агролесомелиорация. 3 изд. М., 1966;

Орловский В.Б., Поджаров В.К., Воробьёв В.Н. Защитное лесоразведение в Белоруссии: (Справ. пособие). Мн., 1980.

т. 1, с. 80

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)