НЕАКАНФУЦЫЯ́НСТВА,

кірунак у кітайскай філасофіі. Узнік у перыяд панавання дынастыі Сун (960—1279) на глебе аднаўлення традыц. канфуцыянства і яго тэарэт. абгрунтавання дуалістычнай касмагоніяй і філас. антрапалогіяй. Сфарміраваўся ў працэсе барацьбы з будыйскімі філас. школамі, значны ўплыў на яго зрабілі касмаганічныя тэорыі даасізму і погляды школы чань (японская дзэн). З 10 ст. ў канфуцыянстве, якое з канца эпохі Хань (206 да н.э. — 220 н.э.) абмяжоўвалася выключна тлумачэннем і каменціраваннем стараж. канфуцыянскіх тэкстаў, вырасла цікавасць да пытанняў анталогіі, натурфіласофіі і касмагоніі. Мысліцелі Чжоў Дуньі і Чжан Цзай пры разглядзе праблемы ўзнікнення сусвету схіляліся да матэрыяліст. іх вырашэння (вучэнне пра «ці» як першаматэрыю). Адначасова інш. мысліцелі (Чэн Хао і Чэн І) спрабавалі даць тэарэт. абгрунтаванне традыц. канфуцыянскай этыцы, заснаванае на прынцыпах дуалізму з выразнымі ідэаліст. тэндэнцыямі («лі» — розум, зразумелы як «агульны прынцып» рэчы, яе форма; «ці» — матэрыя, зразумелая як субстанцыя рэчы). Погляды папярэднікаў абагульніў і развіў Чжу Сі. Ён прызнаваў «лі» першасным, а «ці» другасным пачаткам, стварыў дуалістычную касмагонію панпсіхічнага толку (гл. Панпсіхізм) і заснаваў на ёй філас. антрапалогію, паводле якой спалучэнне «лі» і «ці» знаходзіць у чалавеку сваё поўнае ўвасабленне. Гэтую канцэпцыю ён зрабіў зыходным пунктам інтэрпрэтацыі канфуцыянскіх тэкстаў і стаў стваральнікам Н., якое было прынята як афіц. ідэалогія Кітайскай імперыі і захавала пануючае становішча ў філас. і грамадска-паліт. думцы Кітая да пач. 20 ст.

Літ.:

Древнекитайская философия: Собр. текстов. Т. 1—2. М., 1972—73;

Поршнева Е.Б. Религиозные движения позднесредневекового Китая: Пробл. идеологии. М., 1991.

Н.​К.​Мазоўка.

т. 11, с. 254

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЦЯГ ДЗЯРЖА́ЎНЫ РЭСПУ́БЛІКІ БЕЛАРУ́СЬ,

сімвал дзярж. суверэнітэту Рэспублікі Беларусь. Быў устаноўлены Законам Рэспублікі Беларусь ад 19.9.1991. Палажэнне аб сцягу зацверджана Пастановай Вярх. Савета Рэспублікі Беларусь ад 11.12.1991. Уяўляў сабой прамавугольнае палотнішча, якое складалася з 3 гарызантальна размешчаных палос аднолькавай шырыні: верхняй і ніжняй — белага, сярэдняй — чырв. колеру. Адносіны шырыні і даўжыні сцяга 1 : 2. Сцяг мацаваўся на дрэўку (флагштоку), якое фарбавалася ў залацісты (вохра) колер. Пры цырыманіялах і інш. урачыстых мерапрыемствах сцяг выкарыстоўваўся з навершам ромбападобнай формы з выявай крыжа. Па выніках праведзенага 14.5.1995 рэсп. рэферэндуму, адным з пытанняў якога было ўстанаўленне новых Герба дзяржаўнага Рэспублікі Беларусь і Сцяга дзяржаўнага, Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 7.6.1995 зацверджана Палажэнне аб сцягу. Уяўляе сабой прамавугольнае палотнішча, якое складаецца з дзвюх гарызантальна размешчаных каляровых палос: верхняй — чырв. колеру шырынёй у ​2/3 і ніжняй — зялёнага колеру ў ​1/3 шырыні сцяга. Каля дрэўка вертыкальна размешчаны бел. нац. арнамент чырв. колеру на белым полі, якое складае ​1/9 даўжыні сцяга. Адносіны шырыні сцяга да яго даўжыні 1 : 2. Сцяг мацуецца на дрэўку (флагштоку), якое фарбуецца ў залацісты (вохра) колер. Пры цырымоніях і інш. урачыстых мерапрыемствах Дз.с.Р.Б. выкарыстоўваецца з навершам ромбападобнай формы з выявай пяціканцовай зоркі, аналагічнай яе выяве на Гербе дзяржаўным Рэспублікі Беларусь. Навершы вырабляюцца з металу жоўтага колеру.

Літ.:

Заканадаўчыя акты аб дзяржаўнай сімволіцы Рэспублікі Беларусь. 2 выд. Мн., 1994;

Басаў А.Н., Куркоў І.М. Флагі Беларусі ўчора і сёння. Мн., 1994;

Дзяржаўны герб і Дзяржаўны флаг Рэспублікі Беларусь. Мн. 1997.

Сцяг дзяржаўны Рэспублікі Беларусь.

т. 15, с. 316

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕНУЭ́ЗСКАЯ КАНФЕРЭ́НЦЫЯ 1922,

міжнародная канферэнцыя па эканам. і фін. пытаннях. Асн. яе мэта — пошукі шляхоў эканам. аднаўлення Цэнтр. і Усх. Еўропы пасля 1-й сусв. вайны. Адбылася 10.4—19.5.1922 у г. Генуя (Італія). Удзельнічалі 29 дзяржаў (у т. л. РСФСР) і 5 дамініёнаў Вялікабрытаніі. Дэлегацыя Сав. Расіі (узначальваў Г.​В.​Чычэрын) прадстаўляла на Генуэзскай канферэнцыі інтарэсы і інш. сав. рэспублік, у т. л. БССР. Прадстаўнікі вядучых краін Еўропы запатрабавалі ад Сав. Расіі прызнаць усе даўгі і фінансавыя абавязацельствы царскага і Часовага ўрадаў, вярнуць нацыяналізаваныя прадпрыемствы замежным уладальнікам, адмяніць манаполію знешняга гандлю. Дэлегацыя РСФСР адхіліла гэтыя прэтэнзіі і патрабавала кампенсаваць ёй страты ад іншаземнай інтэрвенцыі і эканам. блакады. Сав. дэлегацыя не дамаглася анулявання даўгоў, атрымання крэдытаў, прызнання Сав. дзяржавы дэ-юрэ. Але яна заключыла 16.4.1922 у Рапала (каля Генуі) дагавор паміж РСФСР і Германіяй, які аднаўляў паліт., дыпламат. і эканам. сувязі паміж імі. У лютым 1922 умовы Рапальскага дагавора распаўсюджаны і на БССР, Германія была другой пасля Польшчы і апошняй замежнай краінай, якая прызнала БССР дэ-юрэ.

Імкнучыся выкарыстаць Генуэзскую канферэнцыю, каб дамагчыся міжнар. прызнання Беларускай Народнай Рэспублікі, Рада міністраў БНР адправіла ў Геную дэлегацыю ў складзе старшыні Рады міністраў В.​Ластоўскага і міністра замежных спраў А.​Цвікевіча. Перад ёй былі пастаўлены задачы: узняць пытанне аб пераглядзе Рыжскага мірнага дагавора 1921; дамагчыся ўключэння ў парадак дня Генуэзскай канферэнцыі пытанняў аб незалежнасці Беларусі, аб кампенсацыі страт, нанесеных Беларусі 1-й сусв. вайной. Бел. пытанне разглядалася на паліт. камісіі канферэнцыі, але на пленарнае пасяджэнне вынесена не было.

У.​Е.​Снапкоўскі.

т. 5, с. 160

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕРАНТАЛО́ГІЯ [ад грэч. gerōn (gerontos) стары + ...логія],

раздзел біялогіі і медыцыны, які вывучае працэс старэння жывых арганізмаў, у т. л. чалавека. Уключае герыятрыю, герагігіену і герантапсіхалогію; вылучаюць таксама эксперым., клінічную і сацыяльную геранталогію, якія ахопліваюць шырокае кола біял., мед. і сац. пытанняў, узроставую марфалогію, фізіялогію, біяхімію. Гал. мэта геранталогіі — кіраванне працэсам старэння і працягласцю жыцця. Задачамі геранталогіі з’яўляюцца вывучэнне малекулярна-генетычных механізмаў старэння, узроставых змен рэгулявання генет. апарату, фіз.-хім. і структурных пераўтварэнняў у нуклеінавых кіслотах арганізма, сувязі паміж узроставымі зменамі біясінтэзу бялку і функцыямі клетак, працэсы запавольвання тэмпу старэння і павелічэння працягласці жыцця.

Геранталогія вядома з глыбокай старажытнасці. Працы па папярэджанні заўчаснага старэння друкаваліся ў 15—19 ст. Асновы геранталогіі закладзены працамі рус. і сав. вучоных С.​П.​Боткіна, І.​І.​Мечнікава, І.​П.​Паўлава, А.​А.​Багамольца, А.​В.​Нагорнага, Дз.​Ф.​Чабатарова, англ. Б.​Стрэлера, А.​Комфарта і інш.

На Беларусі навук. даследаванні па геранталогіі вядуцца з 1958, калі ў сістэме АН быў створаны сектар геранталогіі, які ў 1987 пераўтвораны ў Ін-т радыебіялогіі АН. Вывучаліся працэсы старэння, роля ў іх мікраэлементаў, узроставыя асаблівасці біяэнергетыкі клеткі, функцыі эндакрыннай сістэмы, гарманальнай рэгуляцыі метабалізму, фізіялогіі сардэчна-сасудзістай сістэмы і вышэйшай нерв. дзейнасці чалавека (В.А.Лявонаў, М.І.Арынчын, Г.Р.Гацко, Я.Ф.Канапля, Л.​М.​Лабанок і інш.). Клінічныя аспекты геранталогіі вывучаюцца ў Бел. ін-це ўдасканалення ўрачоў (У.​П.​Сыты). Гл. таксама Даўгалецце.

Літ.:

Конопля Е.Ф., Гацко Г.Г., Милютин А.А. Гормоны и старение: мембранные механизмы гормональной регуляции. Мн., 1991;

Лобанок Л.М. Гормоны и старение: Регуляция сократительной функции сердца. Мн., 1994.

Г.​Р.​Гацко.

т. 5, с. 168

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІНЕ́ТЫКА ХІМІ́ЧНАЯ,

вучэнне аб скарасцях і механізмах хім. рэакцый; раздзел фізічнай хіміі.

К.х. вызначае часавыя заканамернасці працякання рэакцый хімічных, эмпірычную сувязь паміж скорасцю рэакцый і ўмовамі іх правядзення (канцэнтрацыяй рэагентаў, т-рай, ціскам, фазавым станам і інш.), выяўляе фактары, што ўплываюць на скорасць і напрамак рэакцыі (каталізатары, ініцыятары, інгібітары і інш.). К.х. вывучае таксама механізмы складаных хім. працэсаў: высвятляе, з якіх простых хім. рэакцый (элементарных стадый) складаецца хім. працэс, як гэтыя рэакцыі звязаны адна з адной, якія прамежкавыя прадукты ўтвараюцца і ўдзельнічаюць у хім. працэсе, устанаўлівае ролю лабільных прамежкавых часціц (атамаў, свабодных радыкалаў, іонаў, актыўных комплексаў і інш.) у элементарных рэакцыях. Для рашэння гэтых задач у К.х. выкарыстоўваюць хім. і фіз.-хім. метады аналізу зыходных рэчываў і прадуктаў пераўтварэнняў, матэм. метады для тэарэт. абагульненняў, а таксама дасягненні хім. тэрмадынамікі, атамнай і малекулярнай фізікі, аналіт. хіміі, квантавай механікі.

Першыя даследаванні скорасці хім. рэакцый у 1870-я г. праведзены М.А.Мяншуткіным. У 1930-я г. фізікахімікі амер. Г.​Эйрынг і англ. М.​Паляні на базе квантавай механікі і статыст. фізікі стварылі тэорыю абс. скарасцей рэакцый, М.М.Сямёнаў і С.Н.Хіншэлвуд — тэорыю ланцуговых працэсаў. Значны ўклад у развіццё кінетыкі ланцуговых рэакцый зрабілі сав. фізікахімікі В.​М.​Кандрацьеў, М.М.Эмануэль. Тэарэт. канцэпцыі і кінетычныя даныя К.х. выкарыстоўваюць пры стварэнні схем складаных хім. працэсаў, аналізе пытанняў будовы хім. злучэнняў і іх рэакцыйнай здольнасці, для вырашэння тэхнал. і тэхн. задач.

Літ.:

Эйринг Г., Лин С.Г., Лин С.М. Основы химической кинетики.: Пер. с англ. М., 1983;

Денисов Е.Т. Кинетика гомогенных химических реакций. 2 изд. М., 1988;

Химическая кинетика и цепные реакции. М., 1966.

Дз.​І.​Мяцеліца.

т. 8, с. 269

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НІ́КАН (свецкае Мікіта Мінаў; 24.5.1605, с. Вельдэманава Перавозскага р-на Ніжагародскай вобл., Расія — 27.8.1681),

царкоўна-палітычны дзеяч Расіі. У 1635 пастрыгся ў манахі ў Салавецкім манастыры, прыняў імя Н. З 1643 ігумен Кожазерскага манастыра. З 1646 архімандрыт Наваспаскага манастыра ў Маскве. У 1649 узначаліў Наўгародскую мітраполію. У час Наўгародскага паўстання 1650 падтрымаў цара. У 1652 абраны патрыярхам маскоўскім і ўсяе Русі. З 1653 пачаў царк. рэформу па выпраўленні богаслужэбных кніг на грэчаскі ўзор і ўстанаўленне аднастайнасці царк. службы. Змены тычыліся неістотных дэталяў богаслужэбнай практыкі: замест «Ісус» пачалі пісаць «Іісус», крыж клалі не 2, а 3 пальцамі, разам з 8-канцовым крыжам быў прызнаны і 4-канцовы і г.д. Рэформа выклікала абурэнне часткі духавенства на чале з Авакумам, Іванам Няронавым і інш., у царкве ўзнік раскол. Праціўнікі рэформы падлягалі жорсткім ганенням. Н. актыўна ўдзельнічаў у вырашэнні паліт. пытанняў: настойваў на прыняцці ў падданства Ўкраіны і вайне з Польшчай; дамогся, каб цар асабіста ўзначаліў армію, пачаў вайну супраць Швецыі. Ён імкнуўся выкарыстаць рэформу для ўзмацнення царк. арг-цыі і ўлады патрыярха, вызваліць царкву з-пад апекі свецкай улады. Гэта выклікала незадаволенасць цара Аляксея Міхайлавіча, і ў 1658 Н. выехаў у заснаваны ім Новаіерусалімскі Васкрасенскі манастыр у Падмаскоўі. Вял. царк. сабор 1666 пазбавіў Н. патрыяршай улады і саслаў у Ферапонтаў Белазерскі манастыр. У 1681 цар Фёдар Аляксеевіч дазволіў Н. вярнуцца ў Новаіерусалімскі манастыр, па дарозе Н. памёр і быў пахаваны як патрыярх.

Літ.:

Замалеев А.Ф., Овчинникова Е.А. Еретики и ортодоксы: Очерки древнерус. духовности. Л., 1991;

Карташев А.В. Очерки по истории русской церкви. М., 1991. Т. 2. С. 133—220.

Н.​К.​Мазоўка.

т. 11, с. 335

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАБО́ЧЫ ПАСЁЛАК,

населены пункт, размешчаны пры прамысл. прадпрыемствах, будоўлях, чыг. станцыях, электрастанцыях і інш. На Беларусі ўведзены пастановай ЦВК і СНК БССР ад 15.7.1935.

У канцы 19 — пач. 20 ст., калі будаваліся буйныя прадпрыемствы, паблізу іх узнікалі рабочыя слабодкі, пасёлкі, ускраіны. Яны мелі неўпарадкаваную, скучаную і хаатычную забудову (Ляхаўка, Камароўка ў Мінску, Гарэлае балота і Каўказ у Гомелі і інш.). У 1920—30-я г. Р.п. забудоўваліся комплексна (Камінтэрн у Мінску, Арэха-Выдрыца пры БелДРЭС, Аршанскі р-н Віцебскай вобл.): адначасова з 2—3-павярховымі жылымі дамамі будавалі дзіцячыя сады, школы, аб’екты культ.-быт. прызначэння, выкарыстоўваліся таксама тыпавыя праекты 4—16-кватэрных дамоў. У 1940-я г. створана шмат Р.п. пры торфапрадпрыемствах (Асінторф Дубровенскага р-на Віцебскай вобл., Татарка Асіповіцкага р-на Магілёўскай вобл.). Арх.-планіровачную структуру сучасных Р.п. утвараюць грамадскі цэнтр, жылая, прамысл. і паркавая зоны. Кампазіц. вось — гал. вуліца, на якой часцей за ўсё фарміруецца гал. плошча з адм.-грамадскім цэнтрам (Беліцк Рагачоўскага р-на Гомельскай вобл., Зялёны Бор Смалявіцкага р-на Мінскай вобл. і інш.). Прамысл. зона аддзелена сан.-ахоўнай паласой, зялёныя насаджэнні якой утвараюць парк. зону (Бальшавік і Касцюкоўка Гомельскага р-на).

Паводле Закону «Аб адміністрацыйна-тэрытарыяльным падзеле і парадку вырашэння пытанняў адміністрацыйна-тэрытарыяльнага ўладкавання Рэспублікі Беларусь» ад 5.5.1998 Р.п. адносяцца да катэгорыі пасёлкаў гарадскога тыпу, маюць 500—2 тыс. жыхароў, могуць вырастаць у гарадскія пасёлкі і гарады. На Беларусі 15 Р.п. (2001): Акцябрскі, Асінторф, Бальшавік, Глуша, Градзянка, Зялёны Бор, Касцюкоўка, Мікашэвічы, Пагранічны, Першамайскі, Праўдзінскі, Рэчыца, Сасновы Бор, Татарка, Ялізава.

Г.​С.​Ларкін.

т. 13, с. 187

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УРУ́БЕЛЬ Міхаіл Аляксандравіч (17.3.1856, г. Омск, Расія — 14.4.1910),

рускі мастак. Акад. Пецярбургскай АМ (1905). Вучыўся ў Пецярбургскай АМ (1880—84). Наведаў многія краіны Зах. Еўропы. З 1884 у Кіеве, ствараў абразы, размалёўваў Кірылаўскую царкву і інш. З 1889 у Маскве. Пошукі высокага манум. стылю і нац. формы ў мастацтве, прытрымліванне арнаментальных рытмічна-складаных вырашэнняў, характэрных для мадэрна, выявіліся ў работах: трыпціх «Раніца» (1887), «Фауст» (1896), эскізы да маёлікавай скульптуры. У творах пач. 1890-х г. узмацнілася рысы сімвалізму: маст. манера вылучалася рэзкім ломкім штрыхом, сумяшчэннем некалькіх планаў у выяўленні прадмета, падзелам аб’ёму на грані і плоскасці, мазаічным мазком, эмац. колеравымі спалучэннямі. Звяртаўся да вечных тэм і матываў, праблем чалавечага быцця, маральна-філас. пытанняў пра дабро і зло, а таксама рамантыкі сярэдневякоўя і Адраджэння, ант. міфалогіі і рус. фальклору («Пан», 1899; «Царэўна-лебедзь», 1900). Найб. яскрава яго светапогляд увасобіўся ў карцінах «Дэман» (1890), «Дэман зрынуты» (1902). У Абрамцаўскім маст. гуртку С.​Мамантава У. выконваў пано і станковыя творы («Венецыя», 1893; «Іспанія», 1894), афармляў спектаклі, пераважна оперы М.​Рымскага-Корсакава, ствараў эскізы арх. дэталей і маёлікавай скульптуры («Мізгір», «Купава», 1899—1900), ілюстрацыі да твораў М.​Лермантава, партрэты. У апошні перыяд жыцця творчасць набыла характар трагічнай споведзі, ёй уласцівы драматызм светаўспрымання, экспрэсія форм, часам з рысамі хваравітага надлому. Лепшыя графічныя партрэты вызначаюцца вострай пранікнёнасцю характарыстык і канструкцыйнай выразнасцю пабудовы форм: Ф.​Усольцава (1904), «Пасля канцэрта. Партрэт Н.​І.​Забелы-Урубель» (1905), В.​Я.​Брусава (1906).

Літ.:

Коган Д.З. М.​А.​Врубель. М., 1980;

Суздалев П.К. Врубель. Музыка. Театр. М., 1983.

І.​Л.​Чэбан.

М.​Урубель. Царэўна-лебедзь. 1900.

т. 16, с. 254

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФІЛЬМАГРА́ФІЯ (ад фільм + ...графія),

галіна ведаў, што вывучае метады і прынцыпы апісання фільмаў у даведачных работах. Існуе Ф. анатаваная, храналагічная, тэматычная, па жанрах, бягучая інфармацыйная, рэкамендацыйная і інш. Складаецца ў форме зборнікаў, даведнікаў, паказальнікаў, спісаў, аглядаў. Анатаваная Ф. ўключае вызначэнне тэмы, жанру, пераказ зместу, агульную ідэйна-маст. адзнаку і асн. вытв. звесткі (назва кінастудыі або фірмы, што выпусціла фільм, метраж і хронаметраж, колькасць частак, дату вытв-сці і выпуску на экран, склад здымачнай групы, пералік акцёраў, якія здымаліся ў фільме, атрыманыя ім узнагароды). Храналагічная Ф. паказвае агульны стан выпуску фільмаў у краіне, дае ўяўленне пра развіццё кінематаграфіі і работу асобных кінастудый, фірм, этапы творчай дзейнасці рэжысёра, сцэнарыста, акцёра і інш. удзельнікаў работы над пастаноўкай фільма. Тэматычная Ф. — матэрыял для вывучэння пытанняў, звязаных з распрацоўкай асобных тэм у кінамастацтве. Ф. мае вял. практычнае значэнне як аснова даследаванняў па пытаннях кінамастацтва і гісторыі кіно.

На Беларусі анатаваная Ф. прадстаўлена ў каталогу-даведніку «Усе беларускія фільмы» (т. 1—2, 1996—2000). Храналагічная Ф. бел. маст. і дакумент. фільмаў апублікавана ў кнігах «Гісторыя беларускага кіно» (т. 1—2, 1969—70), «Гісторыя кінамастацтва Беларусі» ў 4-х т. (т. 1, 2001), А.​Красінскага «Фільмы. Героі. Час» (1975), зб-ках «Панарама беларускага кіно апошніх гадоў» (1998), «Беларускае кіно: Маладыя рэжысёры: Біяфільмаграфічны каталог» (1999). Выдаюцца тэматычныя і жанравыя каталогі дзеючага фонду маст., хранікальна-дакумент., навук.-папулярных, вучэбных і рэкламных фільмаў «Беларускія фільмы». У 2002 выдадзены каталог бел. дакумент. фільмаў «Беларуская культура і кіно». Інфарм. Ф. друкуецца ў газетах і часопісах.

І.​А.​Аўдзееў.

т. 16, с. 398

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЭКАЛО́ГІЯ (ад эка... + ...логія),

навука, якая вывучае адносіны арганізмаў і іх сукупнасцей з навакольным асяроддзем. Асн. аб’ект вывучэння — экасістэмы. Агульная Э. даследуе асн. прынцыпы арганізацыі і функцыянавання надарганізменных сістэм. Яе падзяляюць на Э. асобін (аўтэкалогію), экалогію папуляцый (дэмэкалогію), відаў (эйдэкалогію), згуртаванняў (сінэкалогію). Прыватная Э. вывучае канкрэтныя групы арганізмаў пэўнага таксанамічнага рангу. Яно ўключае экалогію чалавека, жывёл, раслін, грыбоў і мікраарганізмаў. Развіваюцца кірункі Э., звязаныя з грамадскімі і тэхн. праблемамі ўзаемаадносін чалавека з навакольным асяроддзем (напр., экалогія сацыяльная, індустр. і інш.). Э. выкарыстоўвае метады палявыя, лабараторныя, эксперым., матэм., мадэліравання, даныя біял., геагр., фіз., хім., грамадскіх і інш. навук.

Тэрмін «Э.» прапанаваў Э.Гекель (1866). Як самаст. навука Э. аформілася ў канцы 19 ст. Уклад у яе развіццё зрабілі К.​Мёбіус, І.​Вармінг, М.​А.​Северцаў, М.​А.​Мензбір, У.​М.​Сукачоў, У.І.Вярнадскі, Л.​А.​Зянкевіч, Г.Г.Вінберг і інш.

На Беларусі асобныя галіны Э. развіваюцца з 1920-х г. Пытанні Э. распрацоўваюць у Нац. АН Беларусі (ін-ты эксперым. батанікі, заалогіі, генетыкі і цыталогіі, Цэнтр. бат. сад), у БДУ, Бел. тэхнал. ун-це, галіновых НДІ, запаведніках і інш. Уклад у распрацоўку асобных пытанняў Э. зрабілі бел. вучоныя У.А.Радкевіч, І.М.Сяржанін, М.С.Долбік, І.К.Лапацін, Л.М.Сушчэня, Б.І.Якушаў, І.Д.Юркевіч, В.І.Парфёнаў, Л.В.Камлюк і інш.

Літ.:

Одум Ю. Экология: Пер. с англ. М., 1988;

Радкевич В.А. Экология. 4 изд. Мн., 1998;

Реймерс Н.Ф. Экология (теории, законы, правила, принципы и гипотезы). М., 1994;

Маврищев В.В. Основы общей экологии. Мн., 2000;

Вронский В.А. Экология: Словарь-справ. 2 изд. Ростов н/Д, 2002.

В.​В.​Маўрышчаў.

т. 18, кн. 1, с. 56

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)