УРУ́БЕЛЬ Міхаіл Аляксандравіч (17.3.1856, г. Омск, Расія — 14.4.1910),
рускі мастак. Акад. Пецярбургскай АМ (1905). Вучыўся ў Пецярбургскай АМ (1880—84). Наведаў многія краіны Зах. Еўропы. З 1884 у Кіеве, ствараў абразы, размалёўваў Кірылаўскую царкву і інш. З 1889 у Маскве. Пошукі высокага манум. стылю і нац. формы ў мастацтве, прытрымліванне арнаментальных рытмічна-складаных вырашэнняў, характэрных для мадэрна, выявіліся ў работах: трыпціх «Раніца» (1887), «Фауст» (1896), эскізы да маёлікавай скульптуры. У творах пач. 1890-х г. узмацнілася рысы сімвалізму: маст. манера вылучалася рэзкім ломкім штрыхом, сумяшчэннем некалькіх планаў у выяўленні прадмета, падзелам аб’ёму на грані і плоскасці, мазаічным мазком, эмац. колеравымі спалучэннямі. Звяртаўся да вечных тэм і матываў, праблем чалавечага быцця, маральна-філас. пытанняў пра дабро і зло, а таксама рамантыкі сярэдневякоўя і Адраджэння, ант. міфалогіі і рус. фальклору («Пан», 1899; «Царэўна-лебедзь», 1900). Найб. яскрава яго светапогляд увасобіўся ў карцінах «Дэман» (1890), «Дэман зрынуты» (1902). У Абрамцаўскім маст. гуртку С.Мамантава У. выконваў пано і станковыя творы («Венецыя», 1893; «Іспанія», 1894), афармляў спектаклі, пераважна оперы М.Рымскага-Корсакава, ствараў эскізы арх. дэталей і маёлікавай скульптуры («Мізгір», «Купава», 1899—1900), ілюстрацыі да твораў М.Лермантава, партрэты. У апошні перыяд жыцця творчасць набыла характар трагічнай споведзі, ёй уласцівы драматызм светаўспрымання, экспрэсія форм, часам з рысамі хваравітага надлому. Лепшыя графічныя партрэты вызначаюцца вострай пранікнёнасцю характарыстык і канструкцыйнай выразнасцю пабудовы форм: Ф.Усольцава (1904), «Пасля канцэрта. Партрэт Н.І.Забелы-Урубель» (1905), В.Я.Брусава (1906).