КЕ́РАНСКІ Аляксандр Фёдаравіч (4.5.1881, г. Сімбірск, цяпер Ульянаўск, Расія — 11.6.1970),
расійскі паліт. і дзярж. дзеяч. Скончыў Пецярб.ун-т (1904). Адвакат (прысяжны павераны). У час рэвалюцыі 1905—07 прымыкаў да партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў. Набыў вядомасць як абаронца ў час паліт. судовых працэсаў і як кіраўнік камісіі па расследаванні падзей Ленскага расстрэлу 1912 у 3-й Дзярж. думе. У 4-й Дзярж. думе старшыня фракцыі трудавікоў. З сак. 1917 чл. Часовага ўрада: міністр юстыцыі (сак.—май), ваен. і марскі міністр (май—вер.), з 8(21).7.1917 міністр-старшыня (прэм’ер), з 30 жн. (12 вер.) і вярх. галоўнакамандуючы. Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 арганізатар (разам з ген. П.М.Красновым) антыбальшавіцкага выступлення 26—31.10(8—13.11).1917. З чэрв. 1918 у эміграцыі: жыў у Берліне, Парыжы, з 1940 у ЗША. Складальнік і рэд. шэрагу дакумент. публікацый па гісторыі рас. рэвалюцыі, аўтар мемуараў.
Тв.:
Рус.пер. — Россия на историческом повороте: Мемуары. М., 1993.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЛЬЕРА́Н (Millerand) Аляксандр (10.2.1859, Парыж — 6.4.1943),
французскі дзярж. і паліт. дзеяч, адвакат. Набыў вядомасць абаронай рабочых і забастоўшчыкаў на судовых працэсах 1880-х г. З 1885 неаднаразова выбіраўся членам палаты дэпутатаў. З пач. 1890-х г. у сацыяліст. руху, прыхільнік рэфармісцкай палітыкі. У 1899 увайшоў як міністр гандлю і прам-сці ў кабінет Р.Вальдэка-Русо (першы ў гісторыі выпадак удзелу сацыяліста ва ўрадзе). Удзел М. ва ўрадзе прывёў да канфлікту ў Франц.сацыяліст. партыі і еўрап.сацыяліст. руху, узнікнення ў ім рэфармісцкай плыні, якая адмаўлялася ад рэв. мэт і метадаў (т.зв. мільеранізм). У 1904 выключаны з Франц.сацыяліст. партыі. У 1909—20 займаў шэраг высокіх урадавых пасад. У студз.—вер. 1920 прэм’ер-міністр і міністр замежных спраў, падтрымліваў Польшчу ў савецка-польскай вайне 1920, афіцыйна прызнаваў урад П.М.Урангеля як прадстаўніка Расіі. У 1920—24 прэзідэнт Францыі (падаў у адстаўку пад націскам правых). У 1925 і 1927 выбіраўся ў Сенат.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАДЗЬ (Nagy) Імрэ (7.6.1896, г. Капашвар, Венгрыя — 16.6.1958),
венгерскі паліт. і дзярж. дзеяч. У 1-ю сусв. вайну трапіў у рас. палон (1916), уступіў у партыю бальшавікоў (1917). У 1921—28 у венг.сял. руху. З 1930 у СССР. У 1944—45 міністр сельскай гаспадаркі Венгрыі, правёў зямельную рэформу (бязвыплатнае адчужэнне буйнога землеўладання). З канца 1940-х г. адзін з лідэраў кіруючай Венг. партыі працоўных (ВПП), узначальваў парт. апазіцыю курсу групоўкі 1-га сакратара ЦК ВПП М.Ракашы. У 1953—55 і ў час Венг. паўстання 1956 (гл. раздзел Гісторыя ў арт.Венгрыя) прэм’ер-міністр. Пасля паражэння паўстання вывезены ў Румынію, у 1958 вернуты ў Венгрыю, асуджаны на закрытым працэсе і пакараны смерцю. У 1989 рэабілітаваны, перапахаваны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
У НУ, Такін Ну (25.5.1907, Вакема, М’янма — 14.2.1995),
дзяржаўны і паліт. дзеяч М’янмы. Скончыў Янгонскі ун-т (1929). За ўдзел у нац.-вызв. руху Ў 1935—41 зняволены брыт.калан. ўладамі. З 1942 міністр замежных спраў, з 1944 — інфармацыі ва ўрадзе М’янмы, створаным пад апекай яп.акупац. улад. З 1945 віцэ-прэзідэнт, у 1947—58 прэзідэнт Антыфашысцкай лігі народнай свабоды. У 1945—47 старшыня Устаноўчага сходу, у 1947—56, 1957—58 і 1960—62 прэм’ер-міністр М’янмы. У 1962 скінуты ваеннымі на чале з ген.Не Вінам; да 1966 зняволены, у 1966—80 у эміграцыі ў Тайландзе і Індыі, дзе стаў будыйскім манахам. У 1980 вярнуўся на радзіму, удзельнік апазіц. руху, з 1988 ганаровы старшыня Саюза за дэмакратыю і мір.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУМЕДЗЬЕ́Н Хуары (23.8.1927, г. Гельма, Алжыр — 27.12.1978),
палітычны, дзярж. і ваен. дзеяч Алжыра. Скончыў ун-т аль-Азхар (Каір, Егіпет). З 1955 удзельнік узброенай барацьбы алж. народа супраць франц. каланізатараў. У 1960—62 член Нац. савета алж. рэвалюцыі і нач. генштаба Арміі нац. вызвалення. З 1962 міністрнац. абароны Алжырскай Народнай Дэмакратычнай Рэспублікі. У 1963—65 віцэ-прэм’ер урада, з 1965 пасля ваен. перавароту кіраўнік дзяржавы (старшыня Рэв. савета, з 1976 прэзідэнт) і ўрада.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛАЎС (Klaus) Вацлаў (н. 19.6.1941, Прага),
чэшскі паліт. і дзярж. дзеяч, эканаміст. Д-рэканам.н. (1967). З 1967 у Ін-це эканам. даследаванняў АН Чэхаславакіі, з 1970 у Дзярж. банку. Дзеяч Грамадзянскага форуму (з 1990 яго старшыня). Пасля расколу ў форуме з 1991 старшыня Грамадз.дэмакр. партыі. У 1989—92 міністр фінансаў (адначасова з 1990 віцэ-прэм’ер) Чэхаславакіі. У 1992—97 старшыня ўрада Чэхіі, праводзіў курс на прыватызацыю дзярж. сектара эканомікі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФРЭ́ЙЗЕР (Fraser) Джон Малколм (н. 21.5.1930, г. Мельбурн, Аўстралія),
дзяржаўны і паліт. дзеяч Аўстраліі.
Скончыў Оксфардскі ун-т. Юрыст. У 1955—83 дэп.аўстрал. парламента ад Ліберальнай партыі, у 1975—83 лідэр гэтай партыі. У 1966—72 быў міністрам арміі, адукацыі і навукі, абароны, у 1975—83 — прэм’ер-міністр Аўстраліі. Ажыццявіў праграму шырокай лібералізацыі эканомікі, што спрыяла эканам. росту, адначасова вяло да росту беспрацоўя і стала прычынай адстаўкі ўрада Ф. ў 1983.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КВІ́СЛІНГ (Quisling) Відкун (18.7.1887, г. Фюрэсдаль, Нарвегія — 24.10.1945),
нарвежскі ваен., паліт. і дзярж. дзеяч, дыпламат, лідэр нарв. фашыстаў. Прафес. вайсковец. У крас.—снеж. 1918 ваен. аташэ ў Петраградзе, у 1920—21 — у Хельсінкі. У 1922—26 удзельнік акцый Ф.Нансена па аказанні гуманіт. дапамогі СССР, у 1927—29 член нарв. дэлегацыі ў Маскве. У 1931—33 ваен.міністр Нарвегіі. З 1931 у фаш. руху, у 1933 заснаваў нарв.фаш. партыю «Нац. аб’яднанне». У 1939 выступаў за прэвентыўную акупацыю краіны герм. войскамі. Пасля акупацыі Нарвегіі з крас. 1940 да вер. 1941 старшыня нарв.адм. савета, у 1942—45 прэм’ер-міністрнарв. калабарацыянісцкага ўрада; жорстка праследаваў апазіцыю. Пасля капітуляцыі герм. войск у Нарвегіі (7.5.1945) арыштаваны 9.5.1945. Пакараны смерцю паводле прыгавору нарв. суда. Імя К. стала сінонімам дзярж. здраднікаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІ-І-МАРГА́ЛЬ (Pí-y-Margall) Франсіска (29.4.1824, г. Барселона, Іспанія — 29.11.1901),
іспанскі грамадска-паліт. дзеяч, гісторык, сацыяліст-утапіст. Юрыст. З 1850-х г. удзельнік рэсп. руху, адзін з лідэраў леварэсп. Дэмакр. партыі, ісп. рэвалюцыі 1854—56. З 1866 у эміграцыі ў Францыі. У час ісп. рэвалюцыі 1868—74 мініструнутр. спраў (з лют. 1873), прэзідэнт і прэм’ер-міністр (чэрв.—ліп. 1873) Ісп. рэспублікі. Яго ўрад прапанаваў праграму сац. рэформ у інтарэсах працоўных. Пасля аднаўлення манархіі (1874) ён неаднаразова быў выбраны дэпутатам картэсаў (парламента). У сваіх працах выступаў як прыхільнік дэмакр. рэвалюцыі з мэтай стварэння ўмоў для паступовай эмансіпацыі працоўных (ліквідацыя наёмнай працы, перадача зямлі сялянам і інш.). Аўтар гіст. твораў «Гісторыя жывапісу Іспаніі» і «Эцюды пра сярэднія вякі» (абодва 1851, за апошні адлучаны ад царквы).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТАЛЬЯ́ЦІ (Togliatti) Пальміра (26.3.1893, г. Генуя, Італія —21.8.1964),
італьянскі паліт. і дзярж. дзеяч, дзеяч італьян. і міжнар.камуніст. руху. Паводле адукацыі юрыст. Скончыў Турынскі ун-т (1915). Чл.Італьян.камуніст. партыі з моманту заснавання (1921), з 1926 яе ген. сакратар. Неаднаразова быў арыштаваны фаш. ўладамі Італіі. У 1926—44 у эміграцыі. З 1924 чл., з 1935 сакратар Выканкома Камуністычнага Інтэрнацыянала. У 1937—39 упаўнаважаны Выканкома Камінтэрна па аказанні дапамогі рэсп. ўраду Іспаніі ў вайне супраць франкісцкіх мяцежнікаў і італа-герм. інтэрвентаў (гл.Іспанская рэвалюцыя 1931—39). Міністр без партфеля, міністр юстыцыі, нам.прэм’ер-міністра ў італьян. урадах 1944—46. Удзельнік распрацоўкі рэсп. канстытуцыі Італіі (1947). Дэп. парламента з 1948. Працы па тэорыі і практыцы рабочага руху і інш. У гонар Т. названы г.Тальяці ў Самарскай вобл. (да 1964 Стаўрапаль).