НАТУРА́ЛЬНЫЯ ЛАДЫ́,

група дыятанічных ладоў (гл. Дыятоніка). Уключае поўныя і няпоўныя лідыйскі, іанійскі (натуральны мажор), міксалідыйскі, дарыйскі, эалійскі (натуральны мінор), фрыгійскі, лакрыйскі (зрэдку), а таксама ўсе віды пентатонікі. Ступені ў Н.л. знаходзяцца ў суадносінах, уласцівых гукам асн. гукараду, у адрозненне ад ладоў са змененымі асн. ступенямі (гл. Альтэрацыя, Храматыка). Назвы Н.л. запазычаны ў сярэднявеччы са стараж.-грэч. тэорыі музыкі, але структура Н.л. і стараж.-грэч. не супадае. Н.л. адрозніваюцца адзін ад аднаго індывідуальна спецыфічным гучаннем, аднак для лідыйскага, іанійскага, міксалідыйскага характэрна мажорнае нахіленне, для дарыйскага, эалійскага, фрыгійскага — мінорнае (гл. нотны прыклад; схема І.​Спасобіна). Уласцівы муз. фальклору многіх народаў (бел. нар. музыцы характэрны іанійскі, эалійскі, міксалідыйскі, пентатонавыя лады, трапляюцца дарыйскі, фрыгійскі, значна радзей — лідыйскі, лакрыйскі), пад яго ўплывам увайшлі ў сярэдневяковыя манодыі, стараж.-рус. і бел. культавую музыку, з 17 ст. — у зах.-еўрап. і рус. кампазітарскую творчасць. Н.л. шырока прадстаўлены ў рус. і зарубежнай музыцы 19—20 ст. (М.​Мусаргскі, М.​Рымскі-Корсакаў, І.​Стравінскі, Б.​Бартак, Э.​Грыг, К.​Дэбюсі), сав. кампазітараў (М.​Мяскоўскі, С.​Пракоф’еў, Г.​Свірыдаў, Ю.​Шапорын, Дз.​Шастаковіч). Сярод бел. кампазітараў Н.л. выкарыстоўвалі Л.​Абеліёвіч, М.​Аладаў, А.​Багатыроў, С.​Бельцюкоў, Я.​Глебаў, В.​Залатароў, П.​Падкавыраў, В.​Помазаў, Ф.​Пыталеў, Дз.​Смольскі, Р.​Сурус, Я.​Цікоцкі, Л.​Шлег і інш.

Ва ўсх. нар. музыцы ў процілегласць еўрапейскай Н.л. не дыятанічныя, што дае падставу для больш шырокага сучаснага разумення іх у музыцы з уключэннем у сэнс тэрміна і недыятанічных сістэм (напр., сучаснай 12-ступеннай сістэмы).

Літ.:

Способин И.В. Лекции по курсу гармонии М., 1969;

Тюлин Ю.Н. Натуральные и альтерационные лады. М., 1971;

Холопов Ю.Н. Проблемы диатоники и хроматики // Сов. музыка. 1972. № 10;

Елатов В.И. Ладовые основы белорусской народной музыки. Мн., 1964;

Дубкова Т.А. Натуральналадавыя сродкі ў творчасці беларускіх кампазітараў // Весці АН БССР. Сер. грамад. навук. 1964. №4;

Юденич Н Народная ладовая гармония в творчестве белорусских композиторов // Музыка и жизнь. Л.;

М., 1973. Вып. 2.

Т.А Дубкова.

Натуральныя лады.

т. 11, с. 209

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАКРЫТАНАСЕ́ННЫЯ, кветкавыя расліны (Magnoliophyta, або Angiospermae),

аддзел вышэйшых раслін, якія маюць кветку. 2 класы (аднадольныя і двухдольныя), больш за 450 сям., каля 12,5 тыс. родаў і каля 250 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды. На Беларусі 112 сям., 560 родаў, каля 1500 відаў; таксама інтрадукавана больш за 6 тыс. відаў, форм і сартоў раслін. Прадстаўлены дрэвамі, кустамі, травамі, наземнымі, воднымі, эпіфітамі, сапратрофамі, паразітамі, насякомаеднымі раслінамі. У параўнанні з інш. вышэйшымі раслінамі П. маюць больш дасканалую анат. будову: у ксілеме — сапраўдныя сасуды-трахеі, у флаэме (лубе) — клеткі-спадарожніцы. Семязародкі (семязавязі) размешчаны ў поласці завязі. Гаметафіты спрошчаныя і развіваюцца хутчэй за голанасенныя. Характэрная асаблівасць П. — двайное апладненне (адзін з 2 сперміяў зліваецца з яйцаклеткай, а другі — з 2 палярнымі ядрамі зародкавага мяшка). Пасля апладнення развіваецца зародак, заключаны ў семя, якое знаходзіцца ў плодзе (адсюль назва). З-за адсутнасці пераканаўчых выкапнёвых продкавых форм П. няма агульнапрынятай гіпотэзы аб іх паходжанні і эвалюцыі. Першаснымі П. былі, верагодна, дрэвавыя расліны з вечназялёным лісцем і двухполымі кветкамі. Эвалюцыя ішла шляхам шырокай адаптыўнай радыяцыі вельмі хуткімі тэмпамі. Самыя стараж. выкапнёвыя рэшткі адносяць да раннемелавога перыяду, але дзякуючы высокай эвалюц. пластычнасці ў сярэдзіне мелавога перыяду П. займаюць дамінуючае становішча. Вял. ролю ў іх эвалюцыі і рассяленні адыгралі насякомыя-апыляльнікі. П. — адзінкавая група раслін, якая ўтварае складаныя шмат’ярусныя згуртаванні, што спрыяе больш інтэнсіўнаму выкарыстанню навакольнага асяроддзя і асваенню новых мясцін існавання. Самая важная для чалавека група раслін. Харч., лек., карм., тэхн., дэкар. расліны.

Літ.:

Жизнь растений. Т. 5 (ч. 1—2), 6. М., 1980—82;

Тахтаджян А.Л. Система магнолиофитов. Л., 1987.

Пакрытанасенныя. Двухдольныя (1—12). Складанакветныя: 1 — нівянік звычайны; 2 — піжма звычайная; 3 — васілёк перысты. Бабовыя: 4 — цэзальпінія Джыліса; 5 — чына лясная; 6 — куравай эспарцэтавы. Казяльцовыя: 7 — боцікі клабучковыя; 8 — сон-трава расчыненая; 9 — пылюшнік водазбіральналісты. Ружавыя: 10 — дуброўка гусіная; 11 — яблыня ягадная; 12 — вятроўнік звычайны. Аднадольныя (13—20). Злакі: 13 — трыснёг звычайны; 14 — купкоўка зборная; 15 — авёс пасяўны; 16 — кукуруза. Архідныя: 17 — дэндробіум высакародны; 18 — катлея Трыяны; 19 — ятрышнік Фукса; 20 — чараўнік двухлісты.

т. 11, с. 529

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЫРО́ДНЫЯ РЭСУ́РСЫ, натуральныя рэсурсы,

кампаненты прыроды, якія выкарыстоўваюцца, ці могуць быць выкарыстаны ў якасці сродкаў вытворчасці і прадметаў спажывання для забеспячэння матэрыяльных і інш. патрэб чалавека; гіст. катэгорыя, звязаная з патрэбнасцямі і магчымасцямі грамадства, развіццём навукі і тэхнікі. Уключаюць сонечную радыяцыю, атмасферу, спрыяльныя кліматычныя ўмовы (т-ра паветра, ападкі), карысныя выкапні, глебы, водныя рэсурсы, натуральную расліннасць, жывёльны свет, ландшафты і інш. Маюць дваісты характар: паводле матэрыяльнай формы іх уласцівасці, генезіс і геагр. размеркаванне маюць прыродныя заканамернасці і вывучаюцца прыродазнаўчымі навукамі; паводле эканам. зместу вызначаюцца ўзроўнем даследаванасці, тэхн. магчымасцямі, сац.-эканам. мэтазгоднасцю выкарыстання. Паводле генезісу вылучаюцца мінер., водныя, зямельныя, біял., кліматычныя рэсурсы. Паводле вычарпальнасці П.р. падзяляюцца на вычарпальныя і невычарпальныя (энергія сонца, ветру, прыліваў і інш.). Вычарпальныя прадстаўлены рэсурсамі, якія ўзнаўляюцца (урадлівасць глебы, біяпрадукцыйнасць расл. і жывёльнага свету) і не ўзнаўляюцца (карысныя выкапні). Могуць пераходзіць з адной катэгорыі ў другую. Паводле магчымасці замены адных рэсурсаў інш. вылучаюцца замяняльныя (метал — пластмасай, керамікай і інш.) і незамяняльныя (атмасферны кісларод для дыхання і інш.); паводле эканам. папаўняльнасці (за кошт з’яўлення новых крыніц, новых тэхналогій) — папаўняльныя і непапаўняльныя рэсурсы. Энергетычныя рэсурсы таксама падзяляюцца на рэсурсы, якія ўдзельнічаюць у пастаянным звароце і патоку энергіі (сонечная і гравітацыйная энергія, зямны магнетызм і інш.), дэпаніраваныя (нафта, вугаль, прыродны газ, торф, гаручыя сланцы) і штучныя крыніцы энергіі (атамная, тэрмаядзерная). Вылучаюць асобна пазнавальна-інфарм. рэсурсы, якія дазваляюць людзям уявіць сучасны і мінулы стан прыродных і прыродна-антрапагенных утварэнняў; рэсурсы прасторы (тэрыторыі, прастораў водных і паветраных) і часу (запас часу, які можа быць выкарыстаны для вырашэння экалагічных праблем). Існуе тэрмін інтэгральны рэсурс планеты — сукупнасць усіх рэсурсаў Зямлі, які дае магчымасць больш поўна ацэньваць іх стан і наяўнасць. На Беларусі ёсць розныя П.р.: спрыяльныя для гаспадарання кліматычныя ўмовы і глебавае покрыва, каля 1/3 тэр. ўкрыта лесам, густая сетка рэк, вял. колькасць азёр, багатых рыбай, радовішчы калійных і каменнай солей, нафты, бурага вугалю, гаручых сланцаў, торфу, сапрапеляў, буд. матэрыялаў, мінер. і прэсных вод і інш.

В.​С.​Аношка.

т. 13, с. 81

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІНАФЕСТЫВА́ЛЬ,

агляд твораў кінамастацтва з мэтай выяўлення дасягненняў і тэндэнцый развіцця кінематографа. Падзяляюцца на конкурсныя і пазаконкурсныя, спецыялізаваныя і неспецыялізаваныя. На конкурсных К. лепшым фільмам і іх стваральнікам прысуджаюць узнагароды.

Неспецыялізаванымі (агульнымі) лічаць К., для фільмаў-удзельнікаў якіх не ўстанаўліваецца дадатковых абмежаванняў (жанрава-тэматычных, геагр. і інш.). Спецыялізаваныя К. групуюць паводле відаў кінапрадукцыі (дакумент., ігравыя, навукова-папулярныя, рэкламныя, турыстычныя, навучальныя, аматарскія, анімацыйныя, тэлевізійныя), жанрава-тэматычных і маст. крытэрыяў (К. эксперым., фантаст., камед., дзіцячых і юнацкіх, спарт. і інш. фільмаў). рэгіёнаў (К. краін СНД, Міжземнамор’я, Азіі, Афрыкі, Лац. Амерыкі, араб. краін і інш.), а таксама па інш. адметных прыкметах (К. маладых рэжысёраў, рэжысёраў-жанчын, фільмаў мінулых гадоў). У рамках агульных К. часта праводзяць рэтраспектыўныя паказы фільмаў мінулых гадоў.

Найб. папулярная форма агляду — Міжнародны К. Міжнар. асацыяцыяй прадзюсераў (засн. ў 1933) устаноўлены некалькі класаў К. у залежнасці ад іх значнасці. Да класа «А» аднесены К. ў Венецыі (Італія, 1932; 1-ы міжнар. К.), Канах (Францыя, з 1946), Берліне (з 1951), Сан-Себасцьяне (Іспанія, з 1953), Маскве (з 1959). Сярод неспецыялізаваных міжнар. К. па неігравым кінематографе — К. ў Обергаўзене (Германія, з 1955), Лейпцыгу (Германія, з 1956), Кракаве (Польшча, з 1964). Сярод спецыялізаваных К. — міжнар. К. «новага кіно» ў Пезара, аўтарскіх фільмаў у Сан-Рэма, навукова-фантаст. фільмаў у Трыесце (усе Італія). На «фестывалях фестываляў» дэманструюцца фільмы, адзначаныя на між нар. К. па рэліг. прыкмеце (міжнар. К. слав. і правасл. народаў «Залаты віцязь», Мінск, 1996). З 1989 у С.-Пецярбургу праводзіцца адзіны ў СНД фестываль дакумент. фільмаў «Пасланне да чалавека» (з 1994 К. дакумент. і кароткаметражных фільмаў), у якім удзельнічаюць таксама маст. і анімацыйныя фільмы.

У СССР у 1958—80 праводзіліся ўсесаюзныя К., а таксама К. Прыбалтыйскіх рэспублік, Беларусі і Малдавіі (1960 — пач. 1970-х г.; у 1964 і 1969 праходзіў у Мінску). На Беларусі ў 1995 адбыўся першы К. «Панарама новага беларускага кіно», у 1997 — першы Нац. К. (Брэст), на якім былі прадстаўлены фільмы па ўсіх намінацыях. Сярод К., што праходзяць на Беларусі, міжнар. К. жаночага кіно (з 1992), К. фільмаў краін СНД «Лістапад» (з 1993), фільмаў чарнобыльскай тэматыкі (з 1996, Гомель). Бел. фільмы неаднаразова адзначаліся на ўсесаюзных і міжнар. К.

Г.​У.​Шур.

т. 8, с. 267

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУ́РСКАЯ ВО́БЛАСЦЬ У цэнтры еўрап. часткі Рас. Федэрацыі. Утворана 13.6.1934. Пл. 29,8 тыс. км². Нас. 1339 тыс. чал. (1997), гарадскога 60%. Цэнтр — г. Курск. Найб. гарады: Жалезнагорск, Курчатаў, Льгоў, Шчыгры, Рыльск, Абаянь.

Прырода. К.в. займае паўд.-зах. схілы Сярэднярускага ўзв. (выш. да 275 м). Паверхня — узгоркавая раўніна, моцна парэзаная далінамі рэк, ярамі і лагчынамі. Карысныя выкапні: жал. руда (Курская магнітная анамалія), фасфарыты, буд. матэрыялы. Клімат умерана кантынентальны. Сярэдняя т-ра студз. -8 °C, ліп. 19 °C. Ападкаў 500—600 мм за год. Рэкі належаць да басейнаў Дняпра (Сейм, Псёл) і Дона (Аскол). Глебы чарназёмныя, на ПнЗ шэрыя лясныя. Пераважае культурная расліннасць, участкі лесастэпаў і стэпаў (Стралецкі і Казацкі стэпы) засталіся толькі ў Цэнтральначарназёмным запаведніку. Пад лесам каля 8% тэрыторыі (дуб, ясень, ліпа, клён). З жывёл трапляюцца лось, казуля, ліс, куніца, заяц-русак, суслік і інш.

Гаспадарка. Гал. галіны прам-сці — жалезарудная, электраэнергетыка, машынабудаванне і металаапрацоўка, хім., харч., лёгкая, вытв-сць буд. матэрыялаў. Здабыча (10,5 млн. т, 1996) і абагачэнне жал. руды (Міхайлаўскі горна-абагачальны камбінат, г. Жалезнагорск). Вытв-сць электраэнергіі 20 млрд. кВтгадз. (1996), пераважна на ЦЭЦ. Буйная Курская АЭС. Машынабудаванне і металаапрацоўка прадстаўлены вытв-сцю аўтамаб. акумулятараў, кавальска-прэсавага абсталявання, лічыльных машын, падшыпнікаў, элеватарнага абсталявання, свідравальных установак, сродкаў аўтаматызацыі для цукр. прам-сці, трактарных агрэгатаў, аўтарамонтам. Завод «Атамрамонт» (Курчатаў). Вытв-сць гумава-тэхн., гумавых, пластмасавых вырабаў, лекавых сродкаў. Больш за 10 цукр. з-даў. Развіта мясная, малочная, масласыраробная, кансервавая, крупяная прам-сць. Вытв-сць камбікармоў. Лёгкая прам-сць (гарбарна-абутковая, трыкат., швейная, пяньковая). Вытв-сць дываноў. Дрэваапрацоўчая і мэблевая прам-сць. Вытв-сць буд. матэрыялаў (жалезабетонныя канструкцыі і вырабы, цэгла, вапна). Вядучая галіна сельскай гаспадаркі — земляробства. Пад с.-г. ўгоддзямі 2432 тыс. га, у т. л. пасяўная пл. займае 1640 тыс. га. Вырошчваюць збожжавыя (жыта, пшаніца, ячмень, авёс, грэчка) і тэхн. культуры (цукр. буракі), бульбу, агародніну. Садоўніцтва. Малочна-мясная жывёлагадоўля. Гадуюць буйн. раг. жывёлу, свіней, авечак, коз, птушку. Пчалярства. Даўж. чыгунак 1,1 тыс. км, аўтадарог з цвёрдым пакрыццём 8,8 тыс. км. Гал. чыгункі Масква—Харкаў, Кіеў—Варонеж, аўтамагістраль Масква—Сімферопаль. Мясц. суднаходства па р. Сейм.

Л.​В.​Лоўчая.

т. 9, с. 52

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІ́ПЕЦКАЯ ВО́БЛАСЦЬ Размешчана ў цэнтры еўрап. часткі Рас. Федэрацыі. Утворана 6.1.1954. Пл. 24,1 тыс. км². Нас. 1249 тыс. чал. (1997), гарадскога 63%. Цэнтр — г. Ліпецк. Найб. гарады: Ялец, Гразі, Данкоў, Лебядзянь, Усмань.

Прырода. Л.в. знаходзіцца ў цэнтр. ч. Усх.-Еўрап. раўніны, у бас. верхняга цячэння р. Дон. На З — ускраіна Сярэднярускага ўзв. (выш. да 262 м), паверхня хвалістая, парэзана ярамі і лагчынамі; на У — Окска-Данская раўніна (выш. 150—170 м). Карысныя выкапні: жал. руда, вапнякі, даламіты, гліны, пяскі, торф. Крыніцы мінер. вод. Клімат умерана кантынентальны. Сярэдняя т-ра студз. -10 °C, ліп. 19 °C. Ападкаў каля 500 мм за год. Гал. рака — Дон з прытокамі Красівая Меча, Сасна (справа), Варонеж з прытокам Матыра (злева). Вобласць размешчана ў зоне лесастэпаў. Глебы пераважна чарназёмныя (тыповыя і вышчалачаныя), па далінах і лагчынах — лугава-чарназёмныя, трапляюцца цёмна-шэрыя і шэрыя лясныя глебы. Пераважаюць мяшаныя лясы (7% тэрыторыі). Варонежскі запаведнік (паўн. частка) і запаведнік Галічча Гара.

Гаспадарка. Вядучыя галіны прам-сці: чорная металургія, машынабудаванне і металаапрацоўка, хім., харчовая. Прадпрыемствы чорнай металургіі працуюць пераважна на жал. рудзе Курскай магнітнай анамаліі, выпускаюць чыгун, сталь, пракат, трубы, ферасплавы. Машынабудаванне і металаапрацоўка прадстаўлены вытв-сцю трактароў, рухавікоў, станкоў, ліцейнага абсталявання, электратэхн. вырабаў, сантэхнікі, хім.-азотных угнаенняў (на базе коксахім. вытв-сці), гумава-пластмасавых вырабаў, лакаў, смалы, клею. Вытв-сць электраэнергіі на ЦЭЦ (найб. Ліпецкая). Харч. прам-сць (цукр., масласыраробная, мясная, кансервавая, харч. канцэнтратаў, тытунёвая) перапрацоўвае мясц. сыравіну. Развіта прам-сць буд. матэрыялаў (вытв-сць цэменту, сілікатнай цэглы, жалезабетонных канструкцый і вырабаў). Ёсць прадпрыемствы лёгкай (швейныя, трыкат. і скургалантарэйныя ф-кі) і дрэваапр. (мэблевыя ф-кі) прам-сці. Нар. маст. промыслы: Ялецкія карункі (у г. Ялец), дыванаткацтва (с. Баравое). Сельская гаспадарка спецыялізуецца на вытв-сці збожжа, малочна-мясной жывёлагадоўлі, свінагадоўлі, авечкагадоўлі. Пад с.-г. ўгоддзямі 1960 тыс. га, у т. л. ворныя землі займаюць 1640 тыс. га (1996). Вырошчваюць пшаніцу, жыта, ячмень, цукр. буракі, сланечнік, бульбу, агародніну, а таксама махорку. Садоўніцтва. Гадуюць буйн. раг. жывёлу, свіней, авечак мяса-воўнавага кірунку. Птушкагадоўля. Па тэр. вобласці праходзяць чыгункі Масква—Данбас, Масква—Растоў-на-Доне, Рыга—Валгаград, аўтамагістраль Масква—Ялец—Варонеж. Газаправод Стаўрапаль—Масква. Курорт Ліпецк.

Л.​В.​Лоўчая.

т. 9, с. 274

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПСІ́ХІКА (ад грэч. psychikos душэўны),

вышэйшая форма ўзаемасувязі жывых істот с прадметным светам, якая праяўляецца ў іх здольнасці дзейнічаць на аснове інфармацыі аб ім і рэалізоўваць свае намеры. Узнікла на пэўнай ступені біял. эвалюцыі, выступіла ў якасці аднаго з яе фактараў і забяспечвае ўсё большую складанасць прыстасавання арганізмаў да ўмоў існавання. Дзякуючы актыўнаму і аператыўнаму адлюстраванню органамі пачуццяў і галаўным мозгам аб’ектаў становіцца магчымым ажыццяўленне дзеянняў, адэкватных уласцівасцям гэтых аб’ектаў, а тым самым — выжыванню арганізма. Забяспечвае пошук і надсітуатыўную актыўнасць арганізмаў. П. чалавека і жывёл уключае комплекс працэсаў і станаў: успрыманне, памяць, мысленне, намеры, сны і інш., а таксама элементы псіхічнага вопыту: адчуванні, вобразы, уяўленні, эмоцыі. У чалавека П. набывае якасна новы характар, абумоўлены наяўнасцю мовы, свядомасці і самасвядомасці. П. чалавека развіваецца пад уплывам сацыякульт. фактараў і ўключае псіхічныя ўласцівасці (накіраванасць, тэмперамент, характар, здольнасці), працэсы (пазнавальныя, эмацыянальныя і валявыя), станы (уздым, прыгнечанасць і інш.), вопыт (веды, навыкі, уменні, звычкі). У П. прадстаўлены і ўпарадкаваны падзеі мінулага, сучаснага і магчымай будучыні. Падзеі мінулага выступаюць у даных вопыту, уяўленнях памяці; сучаснага — у сукупнасці вобразаў, перажыванняў, разумовых актаў; магчымай будучыні — у імкненнях, намерах, мэтах, а таксама ў фантазіі і інш. Залежнасць псіхічных працэсаў ад аб’ектыўнай рэчаіснасці адлюстравана ў тэорыі І.М.Сечанава, які вызначыў рэфлекторную прыроду П. ў процілегласць уяўленням аб П. як асобнай бесцялеснай субстанцыі — душы і механістычна-матэрыялістычным тэорыям, якія зводзілі П. да нервовых працэсаў. Ідэя Сечанава лягла ў аснову тэорыі грамадска-гіст. паходжання П. чалавека (рас. вучоныя Л.​С.​Выгоцкі, А.​Р.​Лурыя, А.​М.​Лявонцьеў). Рас. вучоны С.​Л.​Рубінштэйн разглядаў П. як працэс, які фарміруецца і выяўляецца ў дзейнасці і павінен даследавацца праз праяўленні ў асн. відах дзейнасці. Асаблівы падыход у вывучэнні П. чалавека прапанавалі заснавальнік псіхааналізу З.Фрэйд і заснавальнік аналітычнай псіхалогіі К.Г.Юнг.

Літ.:

Лурия А.Р. Мозг человека и психические процессы. Т. 1—2. М., 1963—70;

Веккер Л.М. Психические процессы. Т. 1—3. Л., 1974—76;

Выготский Л.С. История развития высших психических функций // Собр. соч. М., 1983. Т. 3;

Гримак Л.П. Резервы человеческой психики: Введение в психологию активности. 2 изд. М., 1989;

Юнг К.Г. Структура психики и процесс индивидуации: Пер. с нем. М., 1996;

Леонтьев А.Н. Эволюция психики: Избр. психол. тр. М.;

Воронеж, 1999.

Л.​А.​Кандыбовіч.

т. 13, с. 104

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРАЎНА́ЛЬНА-ГІСТАРЫ́ЧНАЕ ЛІТАРАТУРАЗНА́ЎСТВА, кампаратывізм,

галіна літаратуразнаўства, якая даследуе сувязі паміж літаратурамі ўвогуле або літаратурнымі фактамі ў прыватнасці: гісторыю, тэорыю, праблемы, кантэкст іх пашырэння ў межах сусв. і нац. літаратурных працэсаў.

Метадам параўнальнага вывучэння пры даследаванні фалькл. матэрыялу карысталіся ням. філолагі бр. Грым, рус. вучоныя А.​М.​Афанасьеў, Ф.​І.​Буслаеў (гл. Міфалагічная школа), а таксама А.​М.​Весялоўскі, які пісаў пра т.зв. «сустрэчныя асяроддзі», у т. л. пра ўзаемасувязі бел. фальклору з фальклорам інш. народаў. Асновы П.-г. л. — у працах франц. даследчыкаў Ф.​Бальданспержэ і П. ван Тыгема. У сав. літ.-знаўстве на этапе дыскурсіўнага вывучэння л-ры, адзначанага эклектычнымі і вульгарна-сацыялаг. тэндэнцыямі, важную ролю адыгралі бібліягр. паказальнікі, якія фіксавалі пераклады з інш. л-р і адзначалі публікацыі, прысвечаныя замежным пісьменнікам. Праблемы гісторыка-тэарэт. характару былі ў цэнтры ўвагі даследчыкаў 1950—70-х г. (В.​М.​Жырмунскі, М.​І.​Конрад). Комплекснае вывучэнне л-ры садзейнічала з’яўленню прац абагульненага тэарэт. характару. У развіцці л-р П.​Н.​Беркаў вылучыў 2 строга не размежаваныя этапы: існаванне л-ры ў асноўным для свайго народа (вырашэнне нац. задач, распрацоўка ўласных традыцый) і ўваходжанне яе ў сусв. л-ру (аддае ёй створаныя эстэт. каштоўнасці і застаецца па-ранейшаму л-рай свайго народа). Пра гэта пісаў і М.​Багдановіч ў арт. «За тры гады» (1913) і інш. Некат. з’явы нац. літ. працэсу маюць апераджальны характар у адносінах да асэнсавання гэтых з’яў у л-рах вядучых краін, якія і выводзяць гэтыя паняцці «ў свет». Новы этап развіцця параўнальнага вывучэння л-р звязаны з паяўленнем канцэптуальна новых падыходаў: канцэпцыі М.​М.​Бахціна, працы структуралістаў (Р.​Барт, Ю.​Крысцева), дэканструктывістаў (Ж.​Дэрыда). Дасягненні П.-г. л. ў 20 ст. звязаны з разуменнем адзінства сацыякульт. развіцця чалавецтва, сусв. характару падзей, а ў апошняй чвэрці — з прызнаннем глабальнасці шэрагу праблем, перад якімі яно паўстала, паколькі л-ра адлюстроўвае гэтыя праблемы ў сканцэнтраваным маст. выглядзе.

Асн. задача П.-г. л. — выяўленне агульнага і адрознага паміж асобнымі літ. фактамі, што, з аднаго боку, дазваляе вызначыць агульначалавечае, «вечнае» ў асаблівым, з другога, бачыць у сусветным нац., канкрэтна-гіст., спецыфічна адметнае. Вылучаюць некалькі відаў літ. узаемасувязей: кантактныя, тыпалагічныя, генетычныя або параўнальна-гіст. (факты, што ўзніклі на аснове адной гіст. з’явы незалежна адзін ад аднаго). Кантактныя ўзаемасувязі зарадзіліся ў старажытнасці. Яны прадстаўлены творамі, якія перакладаліся з інш. моў на царкоўнаславянскую, перапісваліся і пераносіліся на бел. землі, у іх пераймаліся сюжэты, матывы, вобразы з замежных помнікаў (спадчына Клімента Смаляціча, Кірылы Тураўскага, мітрапаліта Іларыёна, Ф.​Скарыны і інш.), творамі, на якія ўплывалі вядомыя ў інш. л-рах відавыя і жанравыя формы (апокрыфы, воінская аповесць і інш.). Найб. шырока кантактныя сувязі прадстаўлены прыкладамі асабістых кантактаў з прадстаўнікамі інш. культур (Кіпрыян, Грыгорый Цамблак, ірл. графы О’Руркі на Беларусі, асабістае знаёмства выхадцаў з Беларусі з Эразмам Ратэрдамскім і інш.). З развіццём сусв. і нац. літ. працэсаў кантактныя ўзаемасувязі актывізуюцца, паглыбляюцца, іх каардынаты (парадыгматыка і сінтагматыка) надзвычай шматстайныя. Тыпалагічныя ўзаемасувязі скіраваны да вывучэння літ. эпох (напр., тыпалагічнае падабенства стараж. л-ры «маладых» зах.-еўрап. народнасцей да стараж. бел. л-ры ў часы сярэдневякоўя); літ. кірункаў, плыняў, школ (тыпалагічнае падабенства зах.-еўрап. класіцызму, сентыменталізму, рамантызму, рэалізму, натуралізму, сімвалізму, імпрэсіянізму да аналагічных з’яў у бел. л-ры); родаў, відаў, жанраў (тыпалагічнае падабенства ў нар.-эпічнай л-ры, напр., франц. гераічны эпас «Песня пра Раланда» і слав. «Слова пра паход Ігаравы», л-ра розных народаў, у т. л. дакумент., пра 1-ю і 2-ю сусв. войны); асобных сюжэтаў, матываў, вобразаў («знакі папярэджання» ў «Песні пра Раланда» і ў «Слове пра паход Ігаравы», матывы дэгераізацыі вайны ў творах А.​Барбюса, Э.​М.​Рэмарка, М.​Гарэцкага і інш.); вобразна-выяўл. сродкаў (паўторы і інш. ў фальклоры розных народаў). Літ. факты пры пераходзе ў нац. л-ру з інш. краіны або эпохі падпадаюць пад працэсы інтэрпрэтацыі «нац. адаптацыі», чужыя элементы замяняюцца сваімі, індывідуальна-аўтарскімі, нац., адпаведнымі духу часу (напр., бел. ананімная «Энеіда навыварат» — пародыя на «Энеіду» Вергілія).

Літ.:

Неупокоева И.Г. История всемирной литературы: Пробл. систем. и сравнит. анализа. М., 1976;

Дима А. Принципы сравнительного литературоведения: Пер. с рум. М., 1977;

Берков П.Н. Проблемы исторического развития литератур. Л., 1981;

Садружнасць літаратур. Мн., 1968;

Старонкі літаратурных сувязей. Мн., 1970;

Каваленка В.А. Вытокі. Уплывы. Паскоранасць: Развіццё бел. літ. XIX—XX стст. Мн., 1975;

Мушынскі М.І. Беларуская крытыка і літаратуразнаўства, 40-я — першая палавіна 60-х гг. Мн., 1985;

Брунэль П., Пішуа К., Русо А.-М. Што такое параўнальнае літаратуразнаўства?: Пер. з фр. Мн., 1996;

Лявонава Е.А. Плыні і постаці. Мн., 1998;

Адамовіч Г.Я. З крыніц сусветнай літаратуры. Мн., 1998.

Г.​Я.​Адамовіч.

т. 12, с. 91

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНТЫ́ГУА І БАРБУ́ДА (Antigua and Barbuda),

дзяржава ў Вест-Індыі, на а-вах Антыгуа, Барбуда і Рэдонда ў групе М.​Антыльскіх а-воў у Карыбскім моры. Пл. 442,6 км². Нас. 65 тыс. чал. (1993), у асн. негры. Афіц. мова — англійская. Большасць вернікаў — пратэстанты (англіканская царква). Сталіца — горад і порт Сент-Джонс (на в-ве Антыгуа). Падзяляецца на 7 раёнаў. Кіраўнік дзяржавы фармальна — брыт. манарх, прадстаўлены ген.-губернатарам. Двухпалатны парламент (палата прадстаўнікоў і сенат) ажыццяўляе заканад. ўладу. Урад узначальвае прэм’ер-міністр, якога прызначае ген.-губернатар.

Прырода. Астравы складзены пераважна з каралавых вапнякоў. Паверхня ўзгорыстая, выш. да 402 м (в-аў Антыгуа). Клімат трапічны пасатны, гарачы. Сярэднямесячная т-ра ад 15 да 33 °C. Ападкаў каля 1300 мм за год. Восенню характэрны ўраганы. Адносная раўніннасць, адсутнасць рачной сеткі і недастатковасць ападкаў выклікаюць перыяд. засухі. Вострай з’яўляецца праблема прэснай вады (атрымліваюць з артэзіянскіх калодзежаў).

Гісторыя. Старажытныя насельнікі Антыгуа і Барбуда — індзейцы. Пасля адкрыцця астравоў Х.​Калумбам (1493) тут з’явіліся ісп. каланізатары. Потым Барбуда (у 1628) і Антыгуа (у 1632) каланізаваны англ. пасяленцамі. На кароткі час астравы трапілі пад уладу Францыі, з 1667 сталі брыт. калоніяй. Пасля вынішчэння карэннага насельніцтва на іх пасялілі нявольнікаў-неграў з Афрыкі, якіх прымушалі працаваць на плантацыях цукр. трыснягу. У 1834 рабства адменена. У 1871—1956 тэр. Антыгуа і Барбуда — частка брыт. калоніі «Федэрацыя Падветраных астравоў»; у 1958—62 уваходзіла ў Вест-Індскую федэрацыю. У 1967 Антыгуа і Барбуда атрымалі аўтаномію як «асацыіраваная з Вялікабрытаніяй дзяржава»; 1.11.1981 абвешчана іх незалежнасць. У 1981 краіна ўступіла ў ААН, Арг-цыю Амер. Дзяржаў, у 1982 — у Карыбскае супольніцтва, з 1983 мае статус наглядальніка ў Руху недалучэння. Дзейнічаюць Лейбарысцкая партыя Антыгуа (створана пасля 1940), Аб’яднаная прагрэсіўная партыя (з 1992).

Гаспадарка арыентавана на турызм, які забяспечвае 60% валавога ўнутр. прадукту (ВУП; 424 млн. дол., 1991), 70% занятасці насельніцтва і валютных паступленняў (1990). Сельская гаспадарка (вырошчванне цукр. трыснягу, бананаў, какосавых арэхаў, манга, цытрусавых і інш.) дае 4% ВУП, прам-сць (вытв-сць цукру, какосавага і бавоўнавага алею, зборка быт. электратэхнікі, нафтаперапрацоўка) — 5%, транспарт і сфера паслуг — 8%. Даўж. аўтадарог 548 км, вузкакалейнай чыгункі каля 80 км. Экспарт: нафтапрадукты, трансп. абсталяванне, цукар-сырэц, патака-мелес, бавоўна-сырэц, цытрусавыя. Імпарт: паліва, прадукты харчавання, тэкст. тавары, піламатэрыялы і інш. Гал. знешнегандл. партнёры — Вялікабрытанія, ЗША, Канада, Японія, КНР, карыбскія і зах.-еўрап. краіны. Грашовая адзінка — усх.-карыбскі долар.

Ф.​С.​Фешчанка (гаспадарка).

Герб і сцяг Антыгуа і Барбуда.

т. 1, с. 396

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРДО́ВІКСКАЯ СІСТЭ́МА (ПЕРЫ́ЯД), ардовік,

другая сістэма палеазойскай эратэмы (групы эры), якая адпавядае другому перыяду палеазойскай эры геал. гісторыі Зямлі. Падсцілаецца кембрыйскай, перакрываецца сілурыйскай сістэмамі. Пачалася каля 500 млн. гадоў назад, доўжылася каля 65 млн. гадоў. Тэрмін ардовікская сістэма (перыяд) уведзены англ. Геолагам Ч.​Лапуарсам у 1879. Адклады ардовікскай сістэмы (перыяду) вядомы на ўсіх кантынентах, удзельнічаюць у будове платформавага чахла большасці платформаў Паўн. паўшар’я, выходзяць на паверхню на ўсіх мацерыках Паўн. паўшар’я (на ўскраінах стараж. платформы Гандвана), пашыраны ў складкавых сістэмах Апалачаў, Урала, Алтая, Саянаў і інш. У сярэдзіне ардовіку адбылося максімальнае пашырэнне мора на ўскраіны платформаў, дзе намнажаліся асадкі магутнасцю да 500 м (вапнякі, гліны, пяскі). Ва ўнутр. частках геасінклінальных паясоў, занятых глыбакаводнымі морамі, на тэр. Паўн. Амерыкі, на З Паўд. Амерыкі, у Еўразіі і на ПдУ Аўстраліі ўтварыліся адклады магутнасцю да 10 км (абломкавыя, вулканічныя, крамяністыя, карбанатныя). У канцы ардовіку пачалася каледонская складкавасць. Клімат на тэр. сучасных Паўн. Амерыкі, Грэнландыі, Паўн. Еўропы, б. ч. Азіі і Аўстраліі быў гарачы і сухі, астатняя ч. сучаснай сушы адпавядала прыпалярным абласцям, дзе знойдзены сляды ардовікскага мацерыковага зледзянення. Тэр. Беларусі ў ардовіку была сушай, якую абмывала мора на крайнім ПдЗ у Брэсцкай упадзіне (дзе намножылася да 40 м асадкаў) і на ПнЗ у межах Прыбалтыйскай монакліналі (магутнасць асадкаў да 150 м). Намнажаліся карбанатныя і гліністыя пароды — вапнякі з праслоямі мергелю, аалітамі і глаўканітам, гліны і гліністыя вапнякі. У арганічным свеце ардовікскай сістэмай (перыядам) прадстаўлены амаль усе тыпы і большасць класаў марскіх беспазваночных жывёл, сярод раслін пашыраны бактэрыі і водарасці. З’явіліся першыя прымітыўныя пазваночныя; беспазваночныя і расліны выйшлі на сушу. Найб. важныя для расчлянення адкладаў групы ардовікскай фауны: грапталіты, канадонты, трылабіты, брахіяподы і каланіяльныя каралы. Карысныя выкапні: нафта і газ (у Паўн. Амерыцы), гаручыя сланцы (Прыбалтыка), фасфарыты, руды жалеза, марганцу, медзі, свінцу, цынку, кобальту, ёсць золата, рэдказямельныя металы, хрызатыл-азбест, графіт. Стратыграфічны падзел ардовікскай сістэмы (перыяду) у кожным рэгіёне асобны. Найб. пашыраны — на 3 аддзелы і 6 ярусаў. Да ніжняга аддзела адносяць трэмадокскі і арэнігскі ярусы, да сярэдняга — ланвірнскі, ландэйльскі і карадокскі, верхні ўключае ашгільскі ярус. Гэты падзел пакладзены ў аснову рэгіянальнай стратыграфічнай схемы ардовікскіх адкладаў Беларусі (1981), у якой на падставе характэрных комплексаў брахіяподаў і імшанак вылучаны больш дробныя адзінкі — рэгіянальныя гарызонты.

Літ.:

Ропот В.Ф., Пушкин В.И. Ордовик Белоруссии. Мн., 1987;

Никитин И.Ф. Ордовик // Стратиграфия и палеонтология древнейшего фанерозоя. М., 1984.

А.​С.​Махнач, У.​І.​Пушкін.

т. 1, с. 475

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)