паміж Азіяй (Чукоцкі п-аў) і Паўн. Амерыкай (штат Аляска). Злучае Паўн. Ледавіты ак. (Чукоцкае м.) з Ціхім ак. (Берынгава м.). Даўж. 60 км, шыр. 35—86 км, найменшая глыб. на фарватэры 42 м. Па праліве (паміж а-вамі Дыяміда) умоўна праходзіць лінія перамены дат. Упершыню пройдзены С.І.Дзяжнёвым у 1648, потымрус. экспедыцыяй В.Берынга ў 1728, названы ў яго гонар.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЖЭ́ШКА (Арэшка) Фларыян
(Фларэнцій) Феліксавіч (1833, Кобрынскі пав. — 1905),
удзельнік паўстання 1863—64 на Беларусі. З роду Ажэшкаў. Скончыў Пецярбургскую медыка-хірург. акадэмію (1861). Уваходзіў у Кобрынскую паўстанцкую арг-цыю. У крас. 1863 уступіў у атрад Р.Траўгута, удзельнічаў у баях. Пасля разгрому атрада спрабаваў яго аднавіць. 5.7.1863 арыштаваны. У 1864 сасланы ў Томск. З 1878 23 гады працаваў урачом томскай турмы, потым урачом духоўнай семінарыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЗАПРЭСІ́Н, антыдыурэтычны гармон,
нейрагармон многіх пазваночных жывёл і чалавека, які рэгулюе дыурэз. Паводле хім. прыроды — пептыд (октапептыд). Вазапрэсін вырабляецца гіпаталамусам, з якога ён паступае ў гіпофіз, потым у кроў. Выклікае скарачэнне капіляраў, што павышае крывяны ціск (прэсорны эфект) і стымулюе зваротнае ўсмоктванне вады ў ныркавых канальцах, зніжаючы дыурэз (антыдыурэтычны эфект). Недахоп вазапрэсіну ў арганізме можа прывесці да нецукр. дыябету, пры якім выдзяленне мачы рэзка павышаецца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЎКАВЫ́СКІ МАЛОЧНАКАНСЕ́РВАВЫ КАМБІНА́Т ДЗІЦЯ́ЧЫХ ПРАДУ́КТАЎ, «Беллакт». Створаны ў 1970 у г. Ваўкавыск Гродзенскай вобл. У 1986—90 рэканструяваны. З 1991 арэнднае, потымнар. прадпрыемства «Беллакт». Гал. цэхі з высокай ступенню механізацыі і аўтаматызацыі вытв-сці: кансервавы, заменніку неразведзенага малака, натуральнамалочны. Асн. прадукцыя (1995): сухія малочныя прадукты дзіцячага, дыетычнага і спецыялізаванага харчавання, масла сметанковае, сухое неразведзенае і абястлушчанае малако, натуральнамалочная і нятлустая прадукцыя, сыры, марожанае, маянэз, безалкагольныя напіткі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫСОКАЧАСТО́ТНАЯ СУ́ВЯЗЬ,
электрасувязь з дапамогай токаў высокай частаты. Дазваляе адначасовую і незалежную перадачу па адной лініі сувязі многіх паведамленняў (гл. таксама Многаканальная сувязь); дае магчымасць устанаўліваць высакаякасную сувязь на вял. адлегласці. Распрацавана ў 1920-я г. для радыётэлегр., потым для інш. відаў сувязі па паветраных, кабельных, радыёрэлейных і спадарожнікавых лініях. Выкарыстоўваецца для тэлеф. і тэлегр. сувязі, у перадачы даных па міжнар., унутрыабл. і ўнутрыраённых лініях і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРАДНІ́ЧЫ (Антон Ягоравіч) (каля 1848, в. Касцяневічы Вілейскага р-на Мінскай вобл. — 1917?),
удзельнік рэв. руху ў Расіі. З 1871 працаваў на з-дах Пецярбурга, дзе вёў рэв. прапаганду; чл. «Паўночнага саюза рускіх рабочых». У 1874 арыштаваны. З 1876 жыў у Пецярбургу пад тайным наглядам паліцыі. У 1879 зноў арыштаваны, сасланы на радзіму, потым у г. Мезень Архангельскай губ. Пасля ад паліт. дзейнасці адышоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕРУ́СІ́Я (грэч. gerusia ад gerōn старац, старэйшына),
у Старажытнай Грэцыі савет старэйшын у гарадах-дзяржавах, дзе пераважала арыстакратычнае ўпарадкаванне. Разглядаў важныя дзярж. справы, якія потым абмяркоўваліся нар. сходам. Колькасць членаў герусіі (геронтаў), іх паліт. роля ў розных полісах былі неаднолькавыя. Напр., у Спарце герусія складалася з 30 чал. (28 геронтаў ва ўзросце за 60 гадоў, якія выбіраліся пажыццёва, і 2 цары), была вышэйшым урадавым органам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАЛАТО́Е РУНО́,
у грэчаскай міфалогіі залатая воўна барана. Паводле міфаў, Нефела, жонка цара Фіваў Афаманта, атрымала барана ад Гермеса і аддала сваім дзецям Фрыксу і Геле. На спіне гэтага барана Фрыкс прыбыў (Гела па дарозе загінула) да цара Ээта ў Калхіду, дзе ахвяраваў жывёлу Зеўсу, а скуру барана павесіў у гаі Арэса. Потым З.р., якое ахоўваў дракон, укралі арганаўты. У пераносным сэнсе З.р. — багацце, якім імкнуцца завалодаць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗО́РГЕ ((Sorge) Фрыдрых Адольф) (9.11.1828, Бетаў, Германія — 26.10.1906),
дзеяч міжнар. рабочага руху. Дзед Р.Зорге. Удзельнік Бадэнска-Пфальцкага паўстання 1849. Эмігрыраваў у Швейцарыю, потым у Бельгію, Вялікабрытанію; з 1852 у ЗША, дзе прапагандаваў марксізм, уваходзіў у кіраўніцтва шэрагу рабочых і сацыяліст. арг-цый. Арганізатар секцый Інтэрнацыянала 1-га ў ЗША, у 1872—74 яго ген. сакратар. Удзельнічаў у заснаванні Сацыяліст. рабочай партыі Паўн. Амерыкі (1876—77).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІЛІРЫ́ЙЦЫ (грэч. Illyriōi),
старажытнаіндаеўрапейскія плямёны, якія ў 1-м тыс. да н.э. насялялі ПнЗ Балканскага п-ва ад узбярэжжа Адрыятычнага м. да Дуная. Найб. вядомыя з гэтых плямён істры, яподы, далматы, лібурны і інш. Пасля працяглай барацьбы І. заваяваны рымлянамі ў 1 ст. да н.э. і потым моцна раманізаваны. Канчаткова асіміляваны ў час Вялікага перасялення народаў. Нашчадкамі стараж. І. некат. вучоныя лічаць сучасных албанцаў.