дзяржаўнае ўтварэнне ў Зах. Судане ў 8—17 ст. на тэр. сучасных Малі і Гвінеі, у раёне верхняга цячэння р. Нігер. Этн. аснова М. — плямёны мандынга. Да пач. 13 ст. знаходзілася ў залежнасці ад Ганы. З 11 ст.дзярж. рэлігія М. — іслам. У 2-й пал. 13 ст. пры мансе (правіцелі) Сундзьяце пачаўся хуткі ўздым М. (сталіца — г. Ніяні). Дасягнула росквіту пры Мусе I (1312—37) і Сулеймане (1341—60), калі М. займала тэр. ад Атлантычнага ак. да г. Гао ў сярэднім цячэнні Нігера. Асновай багацця быў гандаль рабамі і золатам. З 1370-х г. пачаўся заняпад, з 2-й пал. 15 ст. М. ў залежнасці ад дзяржавы Сангаі. У 17 ст. існавала як невял. вобласць вакол паселішча Кангаба, дзе захавалася ўлада царскага клана Кейта.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛУ́ЖЫЦКАЯ КУЛЬТУ́РА,
археалагічная культура плямён канца бронзавага і ранняга жал. вякоў (15—4 ст. да н.э.), якія насялялі зах. землі Польшчы, усх. вобласці Германіі, паўн. раёны Чэхіі і Славакіі. Назва ад Лужыцкай вобл. (Германія), дзе ўпершыню выяўлены характэрныя помнікі. Насельніцтва жыло на паселішчах у наземных жытлах слупавой канструкцыі і ў паўзямлянках з глінянымі печамі. Пахавальны абрад — трупаспаленне ў грунтавых могільніках, трапляецца і трупапалажэнне ў курганных могільніках. Плямёны Л.к. займаліся земляробствам і жывёлагадоўляй. Выраблялі метал. прылады працы, зброю, упрыгожанні, цюльпана- і яйцападобныя гаршкі, біканічныя і пукатыя вазы, інш. посуд, арнаментаваны шышкападобнымі выступамі і гарыз. жалабкамі. Скіфскія набегі з 6 ст. да н.э. паскорылі заняпад Л.к. На Беларусі зафіксаваны асобныя знаходкі рэчаў Л.к. каля Навагрудка, вёсак Здзітава Бярозаўскага, Барысы Брэсцкага р-наў Брэсцкай вобл. і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРЫ́ЙЦЫ, арыі,
індаеўрапейскія плямёны, што ў 4—3-м тысячагоддзях да нашай эры насялялі стэпавую зону паўднёва-ўсходняй Еўропы (паводле іншых звестак — Поўдзень Сярэдняй Азіі і прылеглую да яго тэрыторыю Іранскага плато). Размаўлялі на мове, якая была ранняй формай санскрыту. У канцы 2-га тысячагоддзя да нашай эры. Арыйцы праніклі ў Іран і Індыю, што паводле адной з версій, прывяло да гібелі Інда даліны цывілізацыі і распаўсюджання культуры шэрай размаляванай керамікі. Арыйцы эпохі «Рыгведы» (канец 2-га — пачатак 1-га тысячагоддзя да нашай эры) яшчэ не ведалі жалеза і карысталіся меднымі прыладамі працы, посуд выраблялі ўручную. У іх існавалі культы каня, птушак і агню. Разглядаюцца як непасрэдныя продкі сучасных індаіранскіх і большасці еўрапейскіх народаў. Ад слова «арыйцы» паходзіць шэраг геаграфічных і этнічных назваў (Іран, даліна Ганга Ар’яварта і іншыя). Гл. таксама Арыйская раса.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЯСНІ́НСКАЯ КУЛЬТУ́РА,
археалагічная культура неалітычных плямён, якія ў 2-й пал. 4-га — 3-м тыс. да н.э. жылі ў бас. Дзясны і на У Пасожжа. Асн. заняткі насельніцтва — паляванне, рыбалоўства, збіральніцтва. Паселішчы пл. 300—600 м² размяшчаліся на прыбярэжных тэрасах, узгорках, якія ўдаваліся ў даліны рэк. Жытлы наземныя або заглыбленыя ў зямлю, прамавугольнай або авальнай формы, пл. 10—12 м². Агнішчы адкрытага тыпу былі ў цэнтры жытлаў. Плямёны Дз.к. выраблялі крамянёвыя, грубаапрацаваныя сякеры, скрэблы, бакавыя і клінападобныя разцы, канцавыя скрабкі, вастрыі і інш., грубы гліняны вастрадонны посуд аздоблены круглымі, авальнымі і ромбападобнымі ямкамі, з якіх скампанаваны паясы, рамбічныя і шахматныя кампазіцыі. На познім этапе Дз.к. з’явіліся адбіткі перавітай шнурам палачкі (т.зв. лапчасты арнамент), наколы пад вуглом, што было вынікам уплыву суседніх плямён днепра-данецкай культуры і верхнедняпроўскай культуры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЕНО́БІЯ (Септымія) (лац. Zenobia Septimia, сірыйскае Bathzabbai; ? — пасля 274),
правіцельніца рым. калоніі Пальміра (цяпер у Сірыі). Пасля забойства мужа каля 266 стала рэгенткай пры сваім малалетнім сыне Вабалату. У 270, калі Рым. імперыі з захаду пагражалі герм.плямёны, прыняла тытул «Аўгусты», захапіла Егіпет. У 271 Вабалат абвясціў сябе імператарам Усходу і напаў на рым. ўладанні ў М. Азіі. У 272 пальмірцы былі пераможаны арміяй імператара Аўрэліяна, у 273 яны зноў напалі на рымлян, але былі разгромлены, а іх горад Пальміра зруйнаваны. З. трапіла ў палон і ў 274 разам са сваімі сынамі прайшла ў працэсіі пераможаных у час трыумфу Аўрэліяна. Аддадзеная замуж за рым. сенатара, да канца жыцця заставалася ў Тыбуры (цяпер г. Тывалі, Італія). Яе біяграфія змешчана ў «Гісторыі імператараў» («Historia Augusta») і стала сюжэтам драм 17 і 19 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІБЕ́РЫ,
1) старажытныя плямёны, якія першапачаткова насялялі тэр.Усх. і Паўд. Іспаніі і потым рассяліліся на значнай частцы Пірэнейскага п-ва (адсюль стараж. назва п-ва Іберыя). Упершыню згадваюцца ў крыніцах 6 ст. да н.э. Важнейшым цэнтрам іх культуры была паўд.ч. Іспаніі (сучасныя Андалусія і Мурсія), дзе, паводле звестак стараж. аўтараў, знаходзілася дзяржава Тартэс, заснаваная да 1100 да н.э. У выніку змяшэння І. з кельтамі (уварваліся ў Іспанію ў 6—3 ст. да н.э.) узнікла група плямён — кельтыбераў. І. мелі сваю пісьменнасць. Да 8 ст. да н.э. склалася мастацтва І., якое ў 5—4 ст. да н.э. дасягнула росквіту. У 5—3 ст. да н.э. заваяваны карфагенянамі, у 3—2 ст. да н.э. — рымлянамі. Паступова раманізаваны.
2) Этнічная назва ў ант. крыніцах усх.-груз. (картлійскіх) плямён, якія жылі на тэр.Іберыі (Іверыі); адыгралі гал. ролю ў працэсе кансалідацыі груз. плямён і фарміраванні адзінага груз. этнасу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАГА́ЙСКАЯ АРДА́,
у 15—16 ст. дзяржаўнае ўтварэнне нагайцаў і інш. качавых цюркамоўных плямён на тэр. ад Паўн. Прыкаспія і Прыаралля да рэк Тура і Кама і ад Волгі да р. Іртыш. Вылучылася з Залатой Арды ў канцы 14 — пач. 15 ст., канчаткова аформілася ў 1440-я г. Яе ядро склалі цюркамоўныя плямёны мангытаў і кунгратаў, якія ў 2-й пал. 13 ст. ўваходзілі ў склад арды цемніка Нагая і ад яго імя ў 2-й пал. 15 ст. пачалі наз. нагаямі (нагайцамі). Цэнтр — г. Сарайчык у вусці р. Яік (цяпер р. Урал). Узначальваў Н.А. спадчынны (у парадку радавога старшынства) князь. Падзялялася на паўсамаст. улусы на чале з мірзамі. Грамадскі лад — феадалізм з моцнымі элементамі хатняга нявольніцтва. Асн. заняткі насельніцтва — качавая жывёлагадоўля і гандаль жывёлай. У 2-й пал. 16 ст. НА. распалася на некалькі самаст.дзярж. утварэнняў: Нагаі Вялікія і Малыя, Алтыулская арда і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЭ́НСКАЯ КУЛЬТУ́РА,
археалагічная культура плямён, якія ў познім палеаліце і раннім мезаліце (12—8 тыс.г. назад) жылі ў Верхнім Падняпроўі. Назва ад стаянкі Грэнск. Мае 2 этапы: фінальна-палеалітычны (ранні) і раннемезалітычны (позні). Пасяленні грэнскай культуры прадстаўлены сезоннымі стаянкамі паляўнічых па берагах рэк, часцей на пясчаных дзюнах. Па меры раставання апошняга ледавіковага покрыва ў гарах Скандынавіі плямёны грэнскай культуры разам з плямёнамі свідэрскай культуры прасоўваліся на Пн. Асаблівасцю культуры з’яўляецца пашырэнне крамянёвых асіметрычных наканечнікаў стрэл (грэнскі тып), апрацаваных з аднаго краю. Самыя стараж. помнікі грэнскай культуры Бароўка, Каромка, Хвойна (Магілёўскі р-н), другога этапа развіцця — Грэнск, Дальняе Ляда (Быхаўскі р-н), Рэкорд (Лоеўскі р-н). На рубяжы ранняга і позняга мезаліту Грэнская культура змянілася сожскай культурай. Вылучыў грэнскую культуру ў 1960-я г. У.Дз.Будзько, даследавалі А.Г.Калечыц, В.Ф.Капыцін, У.П.Ксяндзоў.
В.Ф.Капыцін.
Крамянёвыя наканечнікі стрэл грэнскай культуры з паселішча Бароўка Быхаўскага раёна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕ́ЛЬБАРСКАЯ КУЛЬТУ́РА,
археалагічная культура плямён, якія з сярэдзіны 1 ст. насялялі тэр.паўн.-ўсх. Польшчы. Назва ад могільніка каля мяст. Мальбарк-Вельбарк у Ніжнім Павісленні. Мае 2 стадыі развіцця: вельбарска-любавідскую (1—2 ст.) і вельбарска-цэцэльскую (2—4 ст.), у час якой пачалося прасоўванне плямён Вельбарскай культуры на ПдУ, таму ў 2 ст. яны займалі тэр. ад правабярэжжа Зах. Буга да р. Гарынь. Насельніцтва жыло на адкрытых селішчах па берагах рэк, у 2-камерных жытлах глінабітна-каркаснай канструкцыі. Выраблялі ляпныя прысадзістыя шыракагорлыя гаршкі, арнаментаваныя рэльефнымі геам. ўзорамі, нешматлікую ганчарную кераміку. Пахавальныя абрады — трупапалажэнне і трупаспаленне на бескурганных могільніках; пахавальны інвентар найчасцей складаўся з глінянага гаршка, бронзавай фібулы і касцянога грэбеня. На фарміраванне Вельбарскай культуры, на думку многіх даследчыкаў, паўплывалі ўсх.-герм.плямёны готаў і гепідаў. На тэр. Беларусі вядомы толькі могільнікі Вельбарскай культуры з абрадам трупаспалення: Брэсцкі бескурганны могільнік, Дружба (Брэсцкі р-н), Вялічкавічы (Камянецкі р-н) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАГА́ІВялікія і Малыя,
дзярж. ўтварэнні (княствы) нагайцаў (мангыты, кунграты і інш. цюркамоўныя плямёны, якія ўзялі сабе агульную назву ад імя золатаардынскага цемніка Нагая, у склад арды якога ўваходзілі ў 2-й пал. 13 ст.), што ўзніклі ў выніку распаду Нагайскай Арды ў 2-й пал. 16 ст. Н. Вялікія ўтварыліся з улусаў, што качавалі паміж Волгай і р. Урал, у 1555—1600 неаднаразова прымалі рас. падданства; у 1634 выцеснены калмыкамі на правабярэжжа Волгі, дзе качавалі ў Прыкаспіі (да р. Церак) разам з некаторымі ўлусамі Н. Малых, б.ч. жыхароў якіх з сярэдзіны 16 ст. насяляла Прыазоўе (паміж Донам і Кубанню) у якасці васалаў Крымскага ханства і Турцыі. У 17—18 ст. Н. Малыя амаль поўнасцю выцеснены рас. казакамі ў стэпы Паўн. Прычарнамор’я, дзе падзяліліся на орды (Буджакскую, Едысанскую і інш.). У канцы 18 — пач. 19 ст. іх жыхары часткова прынялі рас. падданства і былі зноў пераселены ва ўсх. Прыазоўе, часткова перасяліліся ў Турцыю паводле Бухарэсцкага мірнага дагавора 1812.