ГАЛО́ДНЫ Міхаіл (сапр.Эпштэйн Міхаіл Сямёнавіч; 24.12.1903, г. Арцёмаўск, Украіна — 20.1.1949),
рускі паэт, перакладчык. Вучыўся ў Вышэйшым літ.-маст. ін-це імя В.Я.Брусава. Аўтар зб-каў «Палі» (1922), «Дарогі» (1925), «Вершы і песні» (1930), «Вершы пра Грамадзянскую вайну» (1932), «Песні і балады Айчыннай вайны» (1942), «З новых вершаў» (1946), тэкстаў песень «Партызан Жалязняк», «Песня пра Шчорса». На рус. мову пераклаў каля 30 твораў Я.Купалы (у т. л. паэму «Курган» і інш.), асобныя вершы А.Александровіча. На бел. мову творы Галоднага перакладалі Александровіч, П.Броўка, П.Глебка, А.Дудар, Я.Журба, А.Звонак, К.Кірэенка, В.Маракоў, П.Пестрак, М.Хведаровіч.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛЯНІ́ШЧАЎ-КУТУ́ЗАЎ Ілья Мікалаевіч (25.4.1904, с. Наталіна Пензенскай вобл., Расія — 24.4.1969),
рускі літаратуразнавец і перакладчык. Скончыў Бялградскі ун-т (1925). З 1920 у эміграцыі. З 1955 у СССР, працаваў у Ін-це сусв. л-ры імя А.М.Горкага АНСССР. Пісаў вершы, перакладаў з лац., франц., італьян., сербскахарвацкай моў. Даследаваў творчасць Дантэ, узаемасувязі еўрап. л-р, сербскі эпас, гісторыю і тэорыю вершаскладання. У манаграфіі «Італьянскае Адраджэнне і славянскія літаратуры XV—XVI ст.» (1963) паказаў вял. ўклад слав. народаў у гуманіст. культуру еўрап. Адраджэння. У працы «Гуманізм ва ўсходніх славян (Украіна і Беларусь)» (1963) сцвердзіў думку аб важнай ролі Беларусі і Украіны ў агульнаеўрап. культурных узаемасувязях эпохі Адраджэння і барока.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРАЙ-ХМА́РА Міхайла (сапр.Драй Міхайла Панасавіч; 10.10.1889, с. Малыя Каніўцы Чаркаскай вобл., Украіна — 19.1.1939),
укр. паэт, перакладчык, літ.-знавец. Скончыў Кіеўскі ун-т (1913), дзе ў 1926—33 быў прафесарам. У 1935 рэпрэсіраваны. Загінуў на Калыме. Аўтар зб. вершаў «Прорасць» (1926), манаграфіі «Леся Украінка» (1926), даследаванняў па гісторыі ўкр., серб., польск., бел. л-р. Пераклаў на ўкр. мову вершы і паэмы А.Пушкіна, М.Лермантава, А.Міцкевіча, П.Верлена, Ш.Бадлера, карэла-фінскі эпас «Калевала» і інш., зб. М.Багдановіча «Вянок» (1929). Аўтар арт. «Паэт беларускага адраджэння Максім Багдановіч» (1928), «Жыццё і творчасць Максіма Багдановіча» (1929), «Фрагменты Мінскага пергаментнага апракаса XIV ст.» (1931).
Тв.:
Вибране. Київ, 1989.
Літ.:
Рагойша В. І нясе яна дар... Мн., 1977. С. 141—146.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЦЕ́НІН Павел Аляксандравіч (22.12.1792, в. Шаёва Калагрыўскага р-на Кастрамской вобл., Расія — 4.6.1853),
рускі пісьменнік, драматург, перакладчык. Ганаровы чл. Пецярбургскай АН (з 1841). У 1810—20 і 1833—38 на ваен. службе, удзельнік Айч. вайны 1812. З канца 1816 чл.т-ва дзекабрыстаў «Саюз выратавання», у 1817 узначальваў адно з аддзяленняў Ваен.т-ва. Друкаваўся з 1810. Кіраваў адной з плыняў дзекабрысцкага рамантызму. У грамадз. лірыцы, эпічных вершах, баладах, драм. творах адлюстраванне рус. побыту, выкарыстанне прастамоўных форм. Сярод твораў: трагедыя «Андрамаха» (1809—19, паст. 1827), балада «Вольга» (1816), камедыя «Студэнт» (1817, з А.С.Грыбаедавым), паэма-казка «Княжна Мілуша» (1834). Перакладаў трагедыі П.Карнеля, Ж.Расіна і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́ЧУР Рыгор Парфіравіч (17.11.1908, с. Фяскіўка Менскага р-на Чарнігаўскай вобл., Украіна — 15.12.1994),
украінскі паэт, перакладчык, літ.-знавец. Скончыў Кіеўскі ін-тпрафес. асветы (1932). Рэпрэсіраваны (1943). Друкаваўся з 1938. Аўтар паэт.зб. «Інцінскі сшытак. Вершы 1945—1953 гг.» (1989), даследаванняў «Майстры перакладу» (1966), «Дантэ ва ўкраінскай літаратуры» (1971). Перакладаў з англ., італьян., ісп., партуг., польск., чэш., славацкай, харвацкай, бел., рус., літ. і інш. моў. Пераклаў на ўкр. мову асобныя вершы Я.Купалы, М.Багдановіча, Н.Гілевіча, М.Танка. Адзін з ініцыятараў і арганізатараў выдання «Максім Багдановіч. Лірыка» (Кіеў, 1967). За кн.выбр. перакладаў «Другі водгук» (1991) Дзярж. прэмія Украіны імя Т.Шаўчэнкі 1995. За пераклады 1960—80-х г.Рэсп. прэмія імя М.Рыльскага 1989.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЯЎДА́НСКІ Уладзімір Аляксандравіч (7.2.1911, в. Гудавічы Чэрвеньскага р-на Мінскай вобл. — 18.9.1973),
бел. пісьменнік і перакладчык. Скончыў Мінскі пед.ін-т (1938). З 1930 працаваў у выд-вах. У 1949—63 і з 1969 у Ін-це гісторыі партыі пры ЦККПБ, у 1963—69 дырэктар выд-ва «Народная асвета». Друкаваўся з 1938. Аўтар кн. апавяданняў «Адкрыццё сезону» (1960), «На беразе ракі» (1962), «На прывале» (1966), «Ноч над Нёманам» (1969), «Пад старым дубам» (1971), «Яшка прыляцеў» (1973). На бел. мову пераклаў раман Э.Сінклера «No pasaran!: (Яны не пройдуць)», аповесць А.Талстога «Хлеб», раманы «Пастка» Э.Заля, «Коннік без галавы» М.Рыда, зб-кі апавяданняў Л.Талстога, І.Тургенева, М.Салтыкова-Шчадрына, аповесць С.Мсціслаўскага «Грак, птушка вясенняя» і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НКІН Алег Гаўрылавіч (н. 31.3.1952, в. Чарняўка Хоцімскага р-на Магілёўскай вобл.),
бел. паэт, перакладчык. Скончыў Маскоўскі ін-т інжынераў с.-г. вытв-сці (1975). Працаваў электрамантажнікам, майстрам па буд-ве электрападстанцый, інжынерам у сістэме «Галоўтранснафта». З 1981 у Брэсце. З 1991 у Вільнюсе. З 1998 рэдактар газ. беларусаў Літвы «Рунь». Друкуецца з 1980. Аўтар зб-каў паэзіі «Сурма» (1985), «Расколіна» (1991), «Пенаты» (1999), кніжкі для дзяцей «За месяцам месяц» (1994), кн. прозы (антыутопіі) «Праўдзівая гісторыя Краіны Хлудаў» (1994). Паводле бел.нар. казкі напісаў п’есу «Як Лыска ваўком быў» (1985). З польскай пераклаў на бел. мову кнігі паэзіі «Ідзі за мною» Ц.Норвіда (1993), «Пан Блішчынскі» Б.Лесьмяна, «Высокія дрэвы» Л.Стафа (абедзве 1994).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРЭ́ЦКІ Якаў Ільіч (29.9.1913, г. Кёнігсберг, цяпер г. Калінінград, Расія — 13.11.1992),
бел.літ.-знавец, перакладчык, мовазнавец. Скончыў Лідскую гімназію (1932), Мінскі пед.ін-т (1948). Настаўнічаў, працаваў у мінскіх пед. ін-це, пед. ін-це замежных моў. Друкаваўся з 1960. Аўтар манаграфій «Сымон Будны» (1975), «Элементы лацінскага словаўтварэння і сучасныя мовы» (1977), «Саламон Рысінскі» (1983), «Мікола Гусоўскі» (1984), «Міхаіл Карыцкі», «Ян Вісліцкі» (абедзве 1991). Даследаваў шматмоўную л-ру Беларусі 16—17 ст. З лац. і польскай моў пераклаў на бел. мову некат. творы Міколы Гусоўскага (з Я.Семяжонам), М.Карыцкага (з Ю.Свіркам), на рус. мову — творы Міколы Гусоўскага (з Семяжонам), С.Буднага, Я.Вісліцкага (з Ю.Прэнскай), С.Рысінскага, Карыцкага, С.Кляновіча (з С.Яўсеевай), Я.Ліцынія Намыслоўскага, А.Рымшы і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАП’Я́Х Станіслаў Апанасавіч (н. 14.5.1938, г. Глухаў Сумскай вобл., Украіна),
украінскі паэт і перакладчык. Засл. работнік культ. Чувашыі (1983). Скончыў Вінніцкі пед.ін-т (1962). Друкуецца з 1960. Аўтар зб-каў вершаў «Тваім імем» (1965), «Колеры» (1967), «Лісце» (1969), «Многавугольнік» (1972), «Творцы дабра» (1977), «Паэзія» (1983), «Сыноўняе» (1985); дакумент. аповесцей, нарысаў. На ўкр. мову перакладае вершы М.Багдановіча, У.Верамейчыка, Н.Гілевіча, А.Грачанікава, В.Зуёнка, Я.Коласа, М.Кусянкова, П.Макаля, А.Пысіна, М.Танка, С.Шушкевіча, Я.Янішчыц, В.Яраца, апавяданні Л.Гаўрылкіна, М.Даніленкі, Я.Каршукова і інш. Яго творы на бел. мову перакладалі Гілевіч, І.Кірэйчык, А.Пісьмянкоў, Пысін, Ярац.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТАРКО́ЎСКІ Арсеній Аляксандравіч (12.6.1907, г. Кіраваград, Украіна — 27.5.1989),
рускі паэт, перакладчык. Скончыў Вышэйшыя літ. курсы ў Маскве (1929). Друкаваўся з 1926. Першая кніга паэзіі — «Перад снегам» (1962). У зб-ках «Зямлі — зямное» (1966), «Чарадзейныя горы» (1978), «Зімовы дзень» (1980), «Ад юнацтва да старасці» (1987) і інш. сцверджанне цэласнасці духоўнага жыцця чалавека, успрыняцце надзённага ў кантэксце агульначалавечага, ант. і біблейская сімволіка, усх. матывы, тэмы паэта і паэзіі, кахання. Паэзіі 1. ўласцівы напружаная філасафічнасць, маштабнасць, шчырасць. Аўтар артыкулаў пра паэзію і праблемы маст. перакладу, рэцэнзій. Перакладаў з арм., груз., арабскай і інш. моў. Дзярж. прэмія Каракалпакіі 1967. Дзярж. прэмія Туркменістана 1971. Дзярж. прэмія СССР 1989 (пасмяротна).
Арсеній Аляксандравіч Таркоўскі.
Тв.:
Избранные стихотворения, поэмы, переводы, 1929—1979. М., 1982;