зямельная тэрыторыя з комплексам размешчаных на ёй гідратэхн. збудаванняў, прызначаных для арашэння. Уключае крыніцу вады, водазабор, водаправодную і водаразмеркавальную сетку, прыстасаванні для пераводу вады з праточнага стану ў глебавыя вільгацезапасы, прылады і абсталяванне для кіравання арашэннем, дапаможныя збудаванні.
Адрозніваюць арашальную сістэму: самацёчныя (арашальныя землі ніжэй за ўзровень вады ў вадаёме) і з мех. водападыманнем (арашальны масіў вышэй за ўзровень вады); адкрытыя (каналы і латкі), закрытыя (напорныя і безнапорныя трубаправоды) і камбінаваныя; з паверхневым паліваннем (вада размяркоўваецца па паверхні поля напускам, па палосах, па барознах), з дажджаваннем (вада распырскваецца над полем у выглядзе дажджу) і ўнутрыглебавыя (вада падаецца па поласцях у падворыўным гарызонце). Выкарыстоўваюцца таксама сістэмы дробнадысперснага (аэразольнага) увільгатнення, якія дробна распыляюць ваду ў прыземным слоі паветра, і сістэмы падглебавага ўвільгатнення, якія рэгулююць узровень грунтавых водаў з мэтай увільгатнення кораненаселенага слоя капілярнай вільгаццю. На Беларусі найбольш пашыраны сістэмы падглебавага ўвільгатнення і сістэмы з дажджаваннем.
А.П.Ліхацэвіч.
Схема арашальнай сістэмы з дажджаваннем: 1 — вадаём (рака); 2 — водазабор (помпавая станцыя); 3 — водаправодная сетка (падземны напорны трубаправод); 4 — водаразмеркавальная сетка (напорныя трубаправоды); 5 — дажджавальныя машыны кругавога дзеяння; 6 — дажджавальныя машыны франтальнага дзеяння; 7 — гідранты для далучэння дажджавальнай машыны; 8 — стацыянарныя дажджавальныя апараты.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДАМО́ВІЧ (Антон) (н. 26.6.1909, Мінск),
гісторык і літаратуразнавец. З 1928 вучыўся ў БДУ. У 1930 арыштаваны па надуманай справе «Саюза вызвалення Беларусі» і высланы ў Расію. У 1938 вызвалены; вярнуўся ў Мінск, скончыў БДУ. У час 2-й сусв. вайны чл.Цэнтр. рады Бел.нар. самапомачы, прэзідыума Бел.навук.т-ва, рэферэнт па справах прапаганды і прэсы пры Ген. камісарыяце Беларусі, супрацоўнік рэдакцыі «Менскай газэты» («Беларускай газэты»). Пасля вайны ў Зах. Германіі рэдагаваў бел. эмігранцкія газеты і часопісы. Адзін са стваральнікаў Мюнхенскага ін-та па вывучэнні СССР, кіраўнікоў бел. рэдакцыі радыёстанцыі «Свабода». З 1960 у ЗША. Аўтар прац па гісторыі, эканоміцы і культуры Беларусі: «Бальшавізм на шляхах устанаўлення кантролю над Беларуссю» (1954); «Бальшавізм у рэвалюцыйным руху на Беларусі» (1956); «Як дух змагання Беларусі (да 100-х угодкаў нараджэння Івана Луцкевіча)» (1983). Пісаў пра бел. л-ру («Максім Гарэцкі», 1928; «Якуб Колас у супраціве саветызацыі», 1955; «Супраціўленне саветызацыі ў беларускай літаратуры», 1958, на англ. мове). Аўтар тэндэнцыйных уступных арт. да эмігранцкіх выданняў твораў Н.Арсенневай, М.Багдановіча, А.Гаруна, У.Жылкі, Л.Калюгі, А.Мрыя, А.Салаўя, публікацый пра бел. паэтаў, якія былі рэпрэсіраваны (У.Дубоўка, Я.Пушча і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКРУЖЭ́ННЕ (ваен.),
ізаляцыя групоўкі праціўніка ад астатніх яго войскаў з мэтай знішчэння ці ўзяцця ў палон. Паспяховае акружэнне часцей бывае, калі прарыў абароны праціўніка ажыццяўляецца на двух або некалькіх участках фронту з развіццём наступленняпа напрамках, якія сыходзяцца; калі створана перавага над праціўнікам у сілах і сродках (пры спрыяльных умовах акружэнне магчыма і пры роўных сілах). Акружаная групоўка адначасова блакіруецца з паветра, а на прыморскіх напрамках і з боку мора.
Класічны прыклад акружэння — бітва пры Канах у 216 да н.э. паміж рым. і карфагенскай арміямі. Шырока практыкавалася ў час Вял.Айч. вайны, калі сав. войскі правялі шэраг значных аперацый па акружэнні войскаў праціўніка (гл.Сталінградская бітва 1942—43, Корсунь-Шаўчэнкаўская аперацыя 1944, Яса-Кішынёўская аперацыя 1944). На тэр. Беларусі ў ходзе Віцебска-Аршанскай аперацыі 1944, Бабруйскай аперацыі 1944, Мінскай аперацыі 1944 трапілі ў акружэнне вял. групоўкі ням. войскаў (гл.Віцебскі «кацёл», Бабруйскі «кацёл», Мінскі «кацёл»).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́ГАЛЬ (Bucephala clangula),
птушка сям. качыных атр. гусепадобных. Пашыраны на вадаёмах лясной і часткова лесастэпавай зон Еўразіі і Паўн. Амерыкі. Селіцца пераважна на таежных рэках і азёрах па поймах вял. рэк з лясістымі берагамі. Патэр. Беларусі праходзіць паўд. мяжа арэала віду; гняздуецца ў паўн.ч. рэгулярна, у паўд. раёнах рэдка. Занесены ў Чырв. кнігу Беларусі. Нар. назвы вогаліца, гагаліца, вогаль.
Даўж. цела да 50 см, маса да 1,4 кг. Галава вялікая, шыя кароткая, тонкая. Самец белы з чорнай спінай і чорнай з зялёным адценнем галавой, на крыле вял. белае «люстэрка», каля дзюбы — круглаватая белая пляма. Самка драбнейшая, шэрая, з карычневай галавой і белым ашыйнікам. Гняздуецца ў дуплах высока над зямлёй. Займае і штучныя гнёзды — дуплянкі. Нясе 5—18 (часцей 8—9) яец. Добра лятае, плавае і нырае. Корміцца воднымі жывёламі, насеннем раслін. Аб’ект палявання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́МЕЛЬСКІ ПЕТРАПА́ЎЛАЎСКІ САБО́Р,
помнік архітэктуры класіцызму. Пабудаваны па ініцыятыве і на сродкі графа М.П.Румянцава. Пастаўлены ў 1809—24 (арх. Дж.Кларк) непадалёку ад Гомельскага палаца (гл.Гомельскі палацава-паркавы ансамбль). Закладзены 18.10.1809 протаіерэем Іаанам Грыгаровічам. Дзейнічаў да 1935 і ў 1941—60. У 1988—89 перададзены вернікам. Будынак мае цэнтрычную кампазіцыю. У плане — выцягнуты крыж з развітым трансептам, кароткім сярэднім нефам і невял. рызніцамі абапал алтарнай часткі. Сяродкрыжжа завершана купалам на высокім светлавым барабане. На тарцах 4 дарычныя 6-калонныя порцікі, па баках нефа рады паўкалон. У афармленні фасадаў выкарыстаны асн. класіцыстычныя элементы дэкору. У левай частцы трансепта магіла Румянцава, на якой устаноўлена копія скульптуры італьян. майстра А.Кановы «Багіня міру» (выканана скульпт. В.І.Дэмут-Маліноўскім), сцены над магілай у абразах, сярод якіх і копія з карціны італьян. мастака Карэджа.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭСПУБЛІКА́НСКІ ПАЛА́Ц КУЛЬТУ́РЫ ПРАФСАЮ́ЗАЎ.
Пабудаваны ў 1954 (арх. У.Яршоў) у Мінску на праспекце Ф.Скарыны ў духу неакласіцызму. Да 1998 наз. Палац культуры Белсаўпрофа. Гал. фасад, вырашаны ў выглядзе 10-калоннага порціка, увянчанага франтонам са скульпт. групамі (скульпт. В.Папоў, А.Глебаў, С.Селіханаў), арыентаваны на Кастрычніцкую плошчу. Прамавугольны ў плане будынак мае строга сім. аб’ём, па перыметры абрамлены калонамі і паўкалонамі карынфскага ордэра. Знутры порцік аздоблены кесонным скляпеннем. Аналагічна вырашаны тыльны фасад. Над складаным карнізам бакавых фасадаў па 3 франтоны, упрыгожаныя пінаклямі. Разнастайныя дэкар. элементы класічнай спадчыны выкарыстаны ў інтэр’ерах залаў — глядзельнай (на 670 месцаў), танц. і лекцыйнай, у фае, холах. У палацы працуюць выяўл. студыя, школы эстэт., інтэлектуальна-лагічнага выхавання, гурткі замежных моў і інш.; нар. калектывы (хар. капэла, ансамблі танца «Вясёлка», узорны — «Равеснік», сімф.арк. «Рычыкар», т-р гульні «Вечнае дзяцінства» і інш).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕРНУ́ЛІ (Bernoulli),
сям’я швейц. вучоных 17—18 ст.
Якаб Бернулі (27.12.1654, г. Базель, Швейцарыя — 16.8.1705), матэматык. Праф. Базельскага ун-та (1687). Развіў метады злічэння бесканечна малых Г.Лейбніца; у тэорыі імавернасцяў даказаў самы просты выпадак закону вял. лікаў (тэарэма Бернулі); разам з братам Іаганам заклаў асновы варыяцыйнага злічэння. Іаган Бернулі (27.7.1667, Базель — 1.1.1748), матэматык. Праф. Гронінгенскага (1695) і Базельскага (1705) ун-таў. Ганаровы чл. Пецярбургскай АН (1725). Працы па злічэнні бесканечна малых і варыяцыйным злічэнні.
Данііл Бернулі (29.1.1700, г. Гронінген, Нідэрланды — 17.3.1782), механік і матэматык. Сын Іагана. Замежны ганаровы чл. Пецярбургскай АН (1733), дзе працаваў у 1725—33, чл. Балонскай (1724), Берлінскай (1747), Парыжскай (1748) АН, Лонданскага каралеўскага т-ва (1750). Працы па фізіялогіі, медыцыне, матэматыцы і механіцы. Распрацаваў метад лікавага рашэння алг. ураўненняў з дапамогай зваротных шэрагаў, вывеў асн. ўраўненне стацыянарнага руху ідэальнай вадкасці (Бернулі ўраўненне), працаваў над кінетычнай тэорыяй газаў.
Якаб Бернулі (17.10.1759, Базель — 3.7.1789), механік. Унук Іагана. Акад. Пецярбургскай АН (1787). Асн. працы па дыферэнцыяльных і інтэгральных ураўненнях, механіцы, муз. акустыцы.
Літ.:
Никифоровский В.А. Великие математики Бернулли. М., 1984.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІЯСТРО́МЫ (ад бія... + грэч. stroma подсціл),
1) арганагенныя пабудовы, утвораныя арганізмамі жывёльнага і расліннага паходжання (сцелюцца па дне вадаёмаў). Бываюць слаістыя, радзей масіўныя пластападобныя. Марфалагічна біястромы як геал. целы — пласты, серыі пластоў або сплюшчаныя лінзы, палеагеаграфічна — падводныя зараснікі, лугі. Біястромы, якія развіваюцца адна над адной, могуць утвараць біястэпы. У асадкавых адкладах Беларусі вядомы выкапнёвыя, пераважна складзеныя з сіне-зялёных водарасцяў (страматаліты) бістромы ва ўтварэннях верхняга пратэразою і сярэдняга дэвону Аршанскай упадзіны, сілуру і ніжняга дэвону Брэсцкай упадзіны, верхняга дэвону і карбону Прыпяцкага прагіну. У Прыпяцкім прагіне бістромы цікавыя як пасткі нафты і газу.
2) Сучасныя каралавыя рыфы. Пры жыцці арганізмаў біястромы могуць уваходзіць у склад рыфа або яго лагуннай часткі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКСА́КАЎ (Сяргей Сяргеевіч) (7.1.1891, г. Самара — 4.9.1968),
бел. кампазітар. Скончыў Аляксандраўскі ліцэй у С.Пецярбургу (1914). Музыцы вучыўся ў К.Ігумнава, А.Грачанінава, Ю.Энгеля. Працаваў у Полацку, Пскове, Самары, Харбіне, Шанхаі. З 1955 у Мінску, выкладаў у Сярэдняй спец.муз. школе пры Бел. кансерваторыі. У праграмных інстр. творах увасобіў карціны бел. прыроды і побыту, сюжэты і вобразы нац. л-ры: сімф. паэмы «У Тураўскай пушчы» паводле верша У.Дубоўкі і «Лясная казка» па матывах твораў Я.Коласа, канцэртная уверцюра «Сельскае свята» і балада для сімф. аркестра; фантазія для фп. з арк. «Над Нёманам», рамансы і хары на словы бел. паэтаў. З інш.тв.: кантата «Памяці Пушкіна»; сімфонія, канцэрт для фп. з арк., інстр. п’есы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУДА́Н, курэнь,
часовая жылая пабудова, вартоўня ці склад у садах, на вял. агародах, у лесе, на сенажаці. Вядомы на Беларусі і Украіне са старажытнасці. Найчасцей будан будавалі ў выглядзе 2-схільных канструкцый з тонкіх жэрдак на 2 слупах-сохах, злучаных уверсе перакладзінай, накрывалі карой, галлём, саломай, сенам. У пач. 20 ст. на Палессі зафіксаваны буданы больш складанай пірамідальнай канструкцыі: васьмігранныя ў плане з 4 слупамі ў цэнтры, якія звязваліся перакладзінамі і служылі асновай нахіленых сцен з плашак або драніц, абкладзеных звонку дзёрнам. Часам ніжнюю частку будана рубілі з бярвён, а над агнішчам (у цэнтры) ставілі 2-схільны дах з дымнікам па баках. Выкарыстоўвалі будан і як часовае жыллё ў перыяд розных нягод, асабліва войнаў.