1)у ацяпляльных сетках — прылада сістэм вадзянога і паравога ацяплення. Чыгунныя складаюцца з секцый (адна-, двух- ці шматканальных), па якіх цыркулюе цепланосьбіт — вада або пара. Бываюць таксама стальныя (панэльнага тыпу) і керамічныя (фарфоравыя).
2) Р. рухавіка ўнутранага згарання — прыстасаванне сістэмы ахаладжэння рухавіка, дзе зніжаецца т-ра ахаладжальнай вадкасці. Складаецца з частак: ахаладжальнай (трубчаста-пласціністай ці трубчаста-стужачнай), верхняй (з заліўной гарлавінай) і ніжняй (з кранам для зліву вадкасці).
3) У радыёэлектроніцы — прыстасаванне, што адводзіць цеплату ад паўправадніковых прылад, інтэгральных схем, рэзістараў і інш. Бываюць у выглядзе асобнай (пласціністыя, драцяныя, штырковыя) або апорнай канструкцыі корпуса радыёэлектронных вырабаў.
Радыятары: 1 — сістэма вадзянога ацяплення; 2 — сістэмы вадзянога ахаладжэння аўтамабільнага рухавіка; 3 — штыравы для паўправадніковых прылад.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ВІ́КІНГ»
(англ. Viking),
амерыканскія аўтаматычныя арбітальна-пасадачныя станцыі для даследавання Марса. Маса 3420 кт, выш. 4,9 м. Маюць арбітальны (для даследаванняў з каляпланетнай арбіты) і пасадачны (для даследаванняў у час спуску і на паверхні планеты) блокі.
«Вікінг-1» і «Вікінг-2», запушчаныя (адпаведна) 20.8.1975 і 9.9.1975, выйшлі на арбіты вакол Марса 19.6.1976 і 7.8.1976. Пасадачныя блокі зрабілі мяккую пасадку на паверхню планеты 20.7.1976 і 3.9.1976. Даследаванні з пасадачным блокам «Вікінга-2» закончыліся ў сак. 1980, «Вікінга-1» — у ліст. 1982. Упершыню атрыманы фотатэлевізійны відарыс паверхні Марса, здымкі планеты і яе спадарожнікаў Фобаса і Дэймаса; зроблены аналіз грунту (арган. рэчываў і прыкмет жыцця не выяўлена) і атмасферы планеты (выяўлены азот, вадзяная пара); атрыманы прыкметы пластоў вечнай мерзлаты.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІСТАНО́ГІЯ (Phyllopoda),
атрад шчэлепаногіх ракападобных. 3 падатр.: шчэлепаногія (Anostraca) галінаставусыя (Cladocera), шчытні (Notostraca) і ракавінныя (Conchostraca). Больш за 600 відаў. Пашыраны ўсюды, пераважна ва ўнутр. вадаёмах. Найб. прымітыўныя з сучасных ракападобных. Выкапнёвыя вядомы з марскіх (кембрый—дэвон) і кантынентальных (карбон—антрапаген) адкладаў. На Беларусі рэшткі Л. адзначаны ў пародах дэвону—трыясу. Найб. вядомыя — дафніі, шчытні, басміна даўгадзюбая (Bosmina longirostris) і інш.
Даўж. да 30 мм. Большасць з хіцінавай ракавінай, на галаве шчыток. Органы руху — да 7 (зрэдку да 70) пар лістападобных ног (адсюль назва) і другая пара галінастых вусікаў. Вочы фасетачныя. Раздзельнаполыя, размнажэнне часта шляхам партэнагенезу. Развіццё прамое або з метамарфозай. Кормяцца пераважна мікраарганізмамі, дэтрытам. Фільтратары, індыкатары забруджвання вады. Некат, Л. (дафніі, басміны і інш.) — корм для рыб.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЗІ́ДЫ (Mysidacea),
атрад ракападобных жывёл тыпу членістаногіх. 4 падатр., 765 відаў. Вядомы з карбону (каля 350 млн. гадоў назад). Пашыраны ва ўсіх акіянах да глыб. 8,7 км; трапляюцца ў прэсных водах, вадаёмах пячор. Марскія віды могуць канцэнтравацца ў вял. колькасці. Жывуць у тоўшчы вады і на дне. На Беларусі (азёры Воласа, Дрысвяты, Браслаўскі р-н) — прэснаводная М. рэліктавая (M. relicta) занесена ў Чырв. кнігу.
Даўж. звычайна да 2,5 см (прэснаводнай да 2,2 см), глыбакаводных — да 37 см. Знешне нагадваюць маленькіх паўпразрыстых крэветак. Галавагрудны шчыток зрослы з 3 груднымі сегментамі. Вочы сцябліністыя, вялікія. Адна пара нагасківіц. Грудныя ногі (8 пар) двухгалінкавыя, брушныя часткова рэдукаваныя, хваставыя добра развітыя, у многіх нясуць орган раўнавагі — статацыст. Кормяцца сестонам, водарасцямі, дэтрытам, ёсць драпежнікі. Яйцы выношваюць у вывадкавай сумцы. Развіццё прамое (без лічынкі). Ядомыя. Корм для рыб.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРАГАЗАТУРБІ́ННАЯ ЎСТАНО́ЎКА,
энергетычная ўстаноўка, у якой камбінуюцца цыклы паравых і газавых турбін. Як рабочыя целы выкарыстоўваюцца прадукты гарэння паліва і падагрэтае паветра (у газавай турбіне), пара (у паравой турбіне) або парагазавая сумесь у адной турбіне.
Найб. выкарыстанне знайшлі камбінаваныя П.ў., у якіх у камеру згарання газавай турбіны падаецца паліва (прыродны газ або мазут), якое складае 20% усяго паліва, што выкарыстоўваецца. Прайшоўшы праз газавую турбіну, прадукты згарання, якія маюць у сабе нявыкарыстаны кісларод, паступаюць у топку паравога катла, дзе спальваюцца разам з астатнім палівам. Пашыраны таксама схемы П.у. з катламі-утылізатарамі, якія не маюць уласнай топкі, а абаграюцца адыходнымі газамі турбіны. П.ў. з катламі-утылізатарамі будуюць магутнасцю да 800 МВт.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКЛАДА́НЫЯ РЭА́КЦЫІ,
хімічныя рэакцыі, у якіх канчатковыя прадукты ўтвараюцца з зыходных рэчываў у выніку некалькіх (2 і больш) простых (элементарных) стадый (рэакцый). Асобныя стадыі С.р. прыводзяць да ўтварэння ці ператварэння прамежкавых рэчываў (малекул, свабодных атамаў, радыкалаў і інш.), што не ўваходзяць у састаў прадуктаў рэакцыі. Да С.р. адносяць найб. пашыраныя класы рэакцый — каталітычныя (гл.Каталіз), ланцуговыя хімічныя рэакцыі, а таксама абарачальныя рэакцыі.
Паводле характару ўзаемасувязі элементарных рэакцый адрозніваюць: паралельныя рэакцыі, у якіх з аднолькавых зыходных рэчываў у выніку розных элементарных рэакцый, што адбываюцца адначасова, утвараюцца розныя прадукты (напр., пры хлараванні бензолу ўтвараецца сумесь орта-, мета- і пара-хлорбензолу); паслядоўныя рэакцыі, калі прадукт папярэдняй элементарнай рэакцыі з’яўляецца зыходным рэчывам наступнай (напр., пры хлараванні метану CH4 паслядоўна ўтвараюцца метылхларыд CH3Cl, метыленхларыд CH3Cl2, трыхлорметан CHCl3, тэтрахлорметан CCl4); паслядоўна-паралельныя і інш.Гл. таксама Кінетыка хімічная, Рэакцыі хімічныя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭКА́РТАВА СІСТЭ́МА КААРДЫНА́Т,
прамалінейная сістэма каардынат на плоскасці ці ў прасторы. Названа ў гонар Р.Дэкарта. Бывае прамавугольная (восі каардынат узаемна перпендыкулярныя) і косавугольная (вугал паміж каардынатнымі восямі адрозны ад прамога).
Прамавугольную Д.с.к. на плоскасці вызначаюць 2 каардынатныя восі — перпендыкулярныя прамыя, на кожнай з якіх пазначаны дадатны напрамак і зададзены адрэзак адзінкавай даўжыні (OE1=OE2=1). Пункт 0 іх перасячэння наз. пачаткам каардынат, вось Ox — воссю абсцыс, вось Oy — воссю каардынат. Прамавугольнымі дэкартавымі каардынатамі пункта М наз. ўпарадкаваная пара лікаў (x, y), вызначаных формуламі: x=OMx, y=OMy (прамыя MM і MMy паралельныя адпаведна восям Oy і Ox). У выпадку агульнай Д.с.к. (афінная сістэма каардынат) маштабныя адрэзкі на кожнай восі розныя (OE1 ≠ OE2) і каардынатныя восі не перпендыкулярныя. Аналагічна вызначаецца Д.с.к. у прасторы (дадаецца вось аплікат Oz).
Дэкартава сістэма каардынат: а, б, в — прамавугольная, косавугольная, афінная на плоскасці; г — прамавугольная ў прасторы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГНІТАСТРЫ́КЦЫЯ (ад магніт + лац. strictio сцісканне, нацягванне),
змена памераў і формы цела пры намагнічванні. Выяўлена для жалеза Дж.П.Джоўлем у 1842. Адлюстроўвае ўзаемасувязь падсістэм атамных магнітных момантаў і крышталічнай рашоткі; уласціва ўсім рэчывам.
Тлумачыцца тым, што ўзаемадзеянні, якія вызначаюць магн. стан крышталя, залежаць ад адлегласці паміж атамамі (ці іонамі). Змены магн. стану пры зменах магн. поля, т-ры, пругкіх напружанняў і інш. вядуць да зрушэння атамаў і іонаў ад стану раўнавагі і тым самым да дэфармацыі цела. Характарызуецца адноснай зменай лінейных памераў цела λ = Δl/l (лінейная М.) або аб’ёму (аб’ёмная М.) і залежыць ад напрамку вымярэння адносна знешняга магн. поля. Пры вымярэннях уздоўж поля М. наз. падоўжнай, перпендыкулярна полю — папярочнай, напр., у фера- і ферымагнетыках λ дасягае 10−2, у антыфера-, пара- і дыямагнетыках — да 10−6. Гл. таксама Магнітастрыкцыйныя матэрыялы.
Літ.:
Белов К.П. Магнитострикционные явления и их технические приложения. М., 1987.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРАВО́З,
лакаматыў, які прыводзіцца ў рух парасілавой устаноўкай. Складаецца з паравога катла, дзе награваннем вады атрымліваецца пара, паравой машыны, у якой энергія пары пераўтвараецца ў зваротна-паступальны рух поршня, экіпажнай часткі (рама з колавымі парамі) і тэндэра, у якім размяшчаюцца запасы вады, паліва і змазкі.
Створаны ў Вялікабрытаніі Р.Трэвітыкам у 1803 і Дж.Стэфенсанам у 1814 (практычна прыдатны П. «Ракета» выпрабаваны ў 1829). У Расіі П. стварылі Я.А. і М.Я.Чарапанавы ў 1833—34. Найб. развіццё паравозабудаванне атрымала з канца 19 ст. да 1950-х г. Магутнасць П. дасягала 4000 к.с. (2942 кВт), скорасць 130 км/гадз. З-за нізкай эканамічнасці (ккдз да 9%) выпуск П. у СССР спынены з 1956; заменены цеплавозамі і электравозамі.
Паравозы: а — Дж.Стэфенсана «Ракета» (1829; 1 — паравы кацёл, 2 — цыліндр, 3 — топка, 4 — паравы кацёл); б — Я.А. і М.Я. Чарапанавых (1833—34); в — грузавы тыпу 1—5—0 (1947).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СВІНЦУ́ СПЛА́ВЫ,
сплавы на аснове свінцу. Характарызуюцца нізкай (48—320 °C) т-рай плаўлення, невысокімі мех. трываласцю і цвёрдасцю, добрымі антыфрыкцыйнымі і тэхнал. ўласцівасцямі, высокай пластычнасцю, каразійнай устойлівасцю ў разбаўленых растворах кіслот. Асн. легіруючыя элементы С.с. — волава, сурма, медзь, вісмут, ртуць (гл.Легіраванне).
Паводле прызначэння С.с. падзяляюць на антыфрыкцыйныя (гл.Бабіт), друкарскія, прыпоі і легкаплаўкія. Друкарскія С.с. маюць да 20—23% сурмы, 1—4,5% мыш’яку, 5—7% волава, 1% медзі. Вызначаюцца цвёрдасцю, высокай вадкацякучасцю і невял. усадкай пры крышталізацыі. Захоўваюць пастаянны састаў пасля шматразовай пераплаўкі. Выкарыстоўваюць для адліўкі шрыфтоў ручнога і машыннага набору. Прыпоі на аснове С.с. маюць ад 1,3 да 51% легіруючых элементаў. Плавяцца пры 90—310 °C. Выкарыстоўваюць для нізкатэмпературнай пайкі жалеза, сталей, нікелю, медзі і яе сплаваў. Легкаплаўкія С.с. (tпл 48—96 °C) выкарыстоўваюць у электратэхніцы, сістэмах пажарнай сігналізацыі (плаўкія засцерагальнікі) і мед. тэхніцы. Пара С.с. атрутная.