ЕГІ́ПЕЦКАЯ ЭКСПЕДЫ́ЦЫЯ 1798—1801,

паход франц. арміі ў Егіпет напярэдадні і ў час напалеонаўскіх войнаў. Была вынікам экспансіі Францыі на Б. Усход і яе барацьбы з Англіяй за сусв. панаванне. 19.5.1798 франц. войскі (30—38 тыс. чал.) пад камандаваннем ген. Напалеона Банапарта адплылі з Тулона і 1.7.1798 высадзіліся каля г. Александрыя (на шляху ў Егіпет да франц. уладанняў быў далучаны в-аў Мальта). Разбіўшы гал. сілы мамлюкаў у бітве каля пірамід (21.7.1798), Банапарт падпарадкаваў б.ч. Егіпта. У 1799 армія Банапарта ўварвалася ў Сірыю, аднак, страціла там ​1/2 асабовага складу і адступіла ў Егіпет. Пасля высадкі ў Егіпце англічан у 1801 франц. войскі капітулявалі і выведзены з Егіпта. Паводле Ам’енскага мірнага дагавора 1802 з Англіяй Францыя адмовілася ад прэтэнзіі на Егіпет. У складзе экспедыцыі была група франц. вучоных, якая вывучала помнікі егіп. гісторыі і культуры, падрыхтавала і выдала іх апісанне.

т. 6, с. 381

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕ́ПЕЛЬСКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1943,

аперацыя партыз. злучэнняў Віцебскай вобл. па разгроме буйных фаш. гарнізонаў у тыле ням. 3-й танк. арміі з мэтай дэзарганізацыі кіравання і абароны праціўніка, адцягвання часткі яго сіл з віцебскага ўчастка Калінінскага (з 20 кастр. 1-ы Прыбалтыйскі) фронту 19—22 кастр. ў Вял. Айч. вайну. У аперацыі ўдзельнічала больш за 20 партыз. брыгад і палкоў Віцебскай і Мінскай абл. пад агульным камандаваннем ген.-маёра Ф.Ф.Дуброўскага. Партызаны правялі цяжкія баі за г. Лепель (гл. Лепельскі бой 1943), Чашнікі (гл. Чашніцкія баі 1943), в. Бачэйкава (гл. Бачэйкаўскія баі 1943), поўнасцю разграмілі 9 гарнізонаў ворага ў вёсках. Ім дапамагалі мясц. жыхары, якія капалі процітанк. равы, разбуралі дарогі, рабілі на іх завалы. Выканаўшы задачу, партызаны адышлі з раёнаў баявога сутыкнення з праціўнікам і распачалі ўдары па яго камунікацыях. У выніку Л.а. таксама сарвана буйная карная аперацыя захопнікаў.

У.​С.​Пасэ.

т. 9, с. 207

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЦКЯ́ВІЧУС (Mackevičius) Антанас (Мацкевіч Антоній; 26.6.1828, в. Маркяй Шаўляйскага пав., Літва — 28.12.1863),

адзін з кіраўнікоў паўстання 1863—64 у Літве. Вучыўся ў Кіеўскім ун-це; скончыў духоўную семінарыю (1853), быў ксяндзом у Панявежскім пав. Прыйшоў да думкі аб неабходнасці ўзбр. барацьбы супраць царызму, за ліквідацыю прыгонніцтва і перадачу зямлі сялянам. Вёў асветніцкую работу сярод сялян, прапаведаваў свае погляды. У жн. 1862 звязаўся з К.Каліноўскім і З.Серакоўскім. З пачаткам паўстання (студз. 1863) арганізаваў з сялян атрад (250 чал.), у сак.—маі ўдзельнічаў з ім у баях у цэнтр. Літве самастойна, потым у складзе злучэння Серакоўскага. Пасля разгрому злучэння (7—9 мая) і пакарання смерцю Серакоўскага атрады паўстанцаў пад камандаваннем М. працягвалі дзейнічаць у цэнтры і на З Літвы. З ліст. 1863 узначальваў паўстанцкія сілы Ковенскай губ. 17 снеж. схоплены і павешаны ў Коўне.

Літ.:

Жюгжда Ю.И. Антанас Мацкявичус // За нашу и вашу свободу: Герои 1863 г. М., 1964.

т. 10, с. 230

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШВЕ́ДСКА-НАРВЕ́ЖСКАЯ УНІЯ 1814—1905,

дзяржаўна-прававое аб’яднанне Швецыі і Нарвегіі на падставе рэальнай уніі. Навязана Нарвегіі Швецыяй у выніку швед.-нарв. вайны 1814, набыла сілу 4.11.1814 з выбраннем каралём Нарвегіі швед. караля Карла XIII.

Адносіны бакоў у уніі рэгуляваў «Дзярж. акт» (Rikzakt) ад 6.8.1815, прыняты парламентамі абедзвюх дзяржаў. Швецыя і Нарвегія мелі агульнае дыпламат. ведамства, кожная з іх захоўвала свае законы, кіраванне, суды, царкву. Нарв. армія (афіцэры — толькі нарвежцы) знаходзілася пад камандаваннем караля, але яе выкарыстанне па-за межамі Нарвегіі патрабавала санкцыі нарв. сторцінга (парламента). Прызначэнне каралём членаў нарв. ўрада праводзілася паводле рэкамендацыі сторцінга, які захаваў таксама права распараджацца фінансамі краіны і даваць нарв. грамадзянства. 7.6.1905 сторцінг, які абапіраўся на моцны антышвед. рух у краіне і падтрымку ўрадаў Расіі і Вялікабрытаніі, абвясціў аб разрыве уніі. За яе спыненне амаль аднагалосна выказаліся ўдзельнікі плебісцыту ў Нарвегіі (13.8.1905). Скасаванне уніі аформлена швед.-нарв. Карльстадскімі пагадненнямі 1905.

т. 17, с. 402

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛТА́ЎСКАЯ БІ́ТВА 1709,

генеральная бітва паміж расійскімі і шведскімі войскамі 8.7.1709 каля г. Палтава (Украіна) у час Паўночнай вайны 1700—21. У канцы крас. 1709 войскі Карла XII (больш за 30 тыс. чал., 32 гарматы) асадзілі Палтаву, гарнізон якой (4,2 тыс. салдат, 2,5 тыс. узбр. гараджан, 29 гармат) 2 месяцы адбіваў іх штурмы. У канцы мая да Палтавы падышлі гал. сілы рас. арміі на чале з Пятром I (42 тыс. салдат, 72 гарматы), каля в. Якаўцы пабудавалі ўмацаваны лагер з рэдутамі. Уначы 8 ліп. шведы (20 тыс. чал.) пад камандаваннем фельдмаршала К.​Г.​Рэншыльда (Карл XII 28 чэрв. ў час рэкагнасцыроўкі быў паранены) пачалі наступаць; 10 тыс., у т. л. частка запарожскіх і ўкр. казакоў, засталіся пад Палтавай і ў рэзерве. Пасля сутычкі са шведамі рас. конніца адышла пад прыкрыццё сваёй пяхоты і артылерыі. Шведы, трапіўшы пад моцны агонь, вымушаны былі пачаць адступленне, якое пад націскам рас. войск перарасло ва ўцёкі. 11 ліп. рас. конніца ўзяла ў палон рэшткі швед. войска. Карл XII і гетман Мазепа з невял. атрадам уцяклі на тэр. Асманскай імперыі. Шведы страцілі 9234 чал. забітымі і больш за 18 тыс. палоннымі, 32 гарматы, увесь абоз; рускія — 1345 чал. забітымі, 3290 параненымі. У выніку П.б. ў вайне наступіў пералом на карысць Расіі. Перамозе ў П.б. садзейнічаў поспех рас. войск у бітве каля в. Лясная ў 1708, якую Пётр I назваў «маці Палтаўскай баталіі».

Літ.:

Тарле Е.В. Северная война и шведское нашествие на Россию. М., 1958;

Дядиченко В.А. Полтавська битва. Київ, 1962.

Да арт. Палтаўская бітва 1709. Палтаўская баталія 27.6.1709. Другі этап. Гравюра Лармесена з арыгінала П.-Д.​Мартэна Малодшага. 1-я чвэрць 18 ст. (фрагмент).

т. 12, с. 16

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЎЛУ́ЦКІ, Паўлоцкі Зміцер Іванавіч (?, г. Табольск Цюменскай вобл., Расія — сак. 1747), расійскі падарожнік бел. паходжання, даследчык Чукоткі. Яго бацька з ліцвінаў, што перайшлі ў рас. падданства. Служыў у войску, капітан. У 1727 узначаліў экспедыцыю (400 казакаў, 10 матросаў) на Камчатку і інш. землі Д. Усходу. Паводле загаду П. судна «Св. Гаўрыіл» пад камандаваннем І.Фёдарава выйшла з Анадыра (на Чукотцы) і 31.8.1732 дасягнула «Вялікай Зямлі» (узбярэжжа сучаснага амер. штата Аляска ў раёне м. Прынца Уэльскага), якую геадэзіст М.С.Гвоздзеў упершыню нанёс на карту. Т.ч. была адкрыта паўн.-зах. ўскраіна Паўн. Амерыкі. П. на чале экспедыцыі (215 казакаў і 220 абарыгенаў) даследаваў Чукотку; прайшоў чукоцкім узбярэжжам Паўн. Ледавітага і Ціхага акіянаў ад Чаўнскай губы да Анадыра (2000 вёрст), некалькі разоў перасек увесь край па розных маршрутах. Даў першыя звесткі па геаграфіі, араграфіі, гідраграфіі і этнаграфіі Чукоткі. Загінуў у сутычцы з чукчамі.

Літ.:

Ермоленко В.А. Д.​И.​Павлуцкий (? — 1747) // Вест. Бел. гос. ун-та. Сер. 2. 1997. № 3.

В.​А.​Ярмоленка.

т. 12, с. 209

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТАБАРЫ́ТЫ,

радыкальна настроеныя ўдзельнікі гусіцкіх войнаў у сярэдневяковай Чэхіі, апаненты памяркоўных гусітаў-чашнікаў. Летам 1419 каля 42 тыс. сялян і гар. беднякоў заснавалі ў Паўд. Чэхіі на гары Табар (адсюль назва) умацаваны лагер (пазней ператварыўся ў горад), які стаў цэнтрам іх руху. Аб’ядноўвалі таксама рамеснікаў, ніжэйшае духавенства, частку дробнай шляхты. У Табары і інш. гарадах і паселішчах утваралі абшчыны-камуны, выбіралі ўласных біскупа, ваен. кіраўнікоў (гетманаў); прапагандавалі ідэю «боскага царства» ўсеагульнай роўнасці і сац. справядлівасці ў грамадстве, адмаўлялі несправядлівыя парадкі, пышны каталіцкі культ. Былі асн. сілай гусіцкага руху, стварылі палявое войска, якое пад камандаваннем палкаводцаў Мікулаша з Гусі (да 1420), Я.Жыжкі (да 1424), Пракопа Вялікага (да 1434) адбіла 5 крыжовых паходаў (1420, 1421, 1426, 1427, 1431), накіраваных супраць іх, у 1428—33 здзейсніла некалькі паспяховых паходаў у суседнія краіны. Але ў выніку ўнутр. расколу пацярпелі паражэнне ад аб’яднаных сіл чашнікаў і іх саюзнікаў (май 1434). Канчаткова разбіты ў 1437.

т. 15, с. 365

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ЦЁПЛЫ ВЕ́ЦЕР»

(«Föhn»),

кодавая назва карнай аперацыі ням. фашыстаў абапал чыгункі Лунінец—Баранавічы (Лунінецкі, Ганцавіцкі, Ляхавіцкі, Клецкі р-ны) 2—23.3.1943 у Вял. Айч. вайну. Праводзілася баявымі групамі Бінца (23, 57, 271-ы паліцэйскія батальёны, батальён «Рускай нацыянальнай народнай арміі», батальён СС Дырлевангера), Грыпа (2-і паліцэйскі полк), Нікеля (13-ы паліцэйскі полк) пад камандаваннем обергрупенфюрэра СС Готберга. Гал. мэты — знішчыць партыз. фарміраванні, што вырваліся з блакады ў час аперацыі «Русалка», — гітлераўцам дасягнуць не ўдалося. За час аперацыі карнікі загубілі больш за 540 сав. грамадзян, захапілі 1226 чал. для вывазу на -катаржныя работы ў Германію, разрабавалі і спалілі дзесяткі вёсак, у т. л. Пясчанікі (загубілі 38 чал.) Лунінецкага, Залужжа (60 чал.), Свяціца (106 чал.) Ляхавіцкага р-наў; забралі ў насельніцтва 2890 галоў жывёлы, больш за 7 т ільновалакна, 5 т ільнасемя, 563 т збожжа. На кароткі час гітлераўцам удалося аднавіць рух па чыг. Лунінец—Баранавічы і Пінск—Мікашэвічы.

У.​С.​Пасэ.

т. 17, с. 109

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКІЯ ПАЎСТА́НЦКІЯ АТРА́ДЫ 1863,

узброеныя фарміраванні Мінскай паўстанцкай арганізацыі 1863 у перыяд паўстання 1863—64. Агульны план узбр. выступлення, прызначанага на 19.4.1863, распрацаваны членам арг-цыі паручнікам С.​Ляскоўскім, які ўзначаліў найбольшы на Міншчыне Ігуменскі паўстанцкі атрад. Паводле загаду арг-цыі 19 крас. некалькі соцень мінчан тайком выйшлі з горада і з’явіліся на загадзя намечаныя зборныя пункты. Атрад пад камандай А.​Трусава сабраўся каля Халяўшчыны. У баі 28.4.1863 каля в. Пятровічы ён быў разбіты ўрадавымі войскамі. Другі атрад пад камандаваннем ваен. кіраўніка Мінскага пав. П.​Дыбоўскага (са жн. Л.​Рамішэўскага) сабраўся каля в. Прылукі і дзейнічаў каля Слуцкага тракту. У жн. 1863 атрад вытрымаў бой з урадавымі войскамі каля Навасёлак, але хутка быў распушчаны. У Пінскім пав. Мінскай губ. ў розныя часы дзейнічалі паўстанцкія атрады Р.​Рагінскага, Р.​Траўгута, Я.​Ваньковіча. Атрад Слуцкага пав. на чале з У.​Машэўскім быў разбіты 21.4.1863 каля в. Азярцы. Пасля паражэння навагрудскіх паўстанцаў 7.4.1863 ва ўрочышчы Белыя Імхі навагрудскі атрад сфарміраваўся нанава ў Налібоцкай пушчы. Гэты атрад на чале з В.​Міладоўскім удзельнічаў у Мілавідскай бітве 1863 на Слонімшчыне, а пасля вярнуўся ў Навагрудскі пав. Некалькі паўстанцкіх груп Барысаўшчыны, Лепельшчыны, Магілёўшчыны аб’ядналіся ў Барысаўскім пав., але былі разбіты 7.5.1863 каля в. Падбярэззе. На Вілейшчыне змагаліся атрады Ю.​Бакшанскага, В.​Козела, Г.​Чаховіча.

Г.​В.​Кісялёў.

т. 10, с. 456

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НО́ВЫ АРЛЕА́Н (New Orleans),

горад на Пд ЗША, у штаце Луізіяна. 476,6 тыс. ж., з прыгарадамі каля 1,5 млн. ж. (1998). Буйны рачны і марскі порт у дэльце р. Місісіпі, за 175 км ад яе ўпадзення ў Мексіканскі зал. (вываз нафты і нафтапрадуктаў, бавоўны, серы, увоз трапічных прадуктаў, баксітаў). Вузел чыгунак і аўтадарог. Міжнар. аэрапорт. Важны гандл.-фін. і культ. цэнтр Поўдня ЗША. Прам-сць: суднабуд. (у т. л. платформ для марскога бурэння), суднарамонтная, нафтаперапр., нафтахім., каляровая металургія. Авіякасмічная прам-сць і вытв-сць узбраення. Перапрацоўка прадуктаў трапічнага земляробства. 13 ун-таў і каледжаў. Музеі. Арх. помнікі 18 і 19 ст.

Засн. ў 1718 французамі на месцы індзейскага паселішча, названы ў гонар франц. рэгента Філіпа Арлеанскага. З 1722 адм. ц. франц. калоніі Луізіяна. З 1762 пад уладай Іспаніі. У 1803 вернуты Францыі і куплены ЗША у складзе тэр. Луізіяна. У 1805 атрымаў гар. правы. У 1812—49 сталіца штата Луізіяна. У час англа-амер. вайны 8.1.1815 каля Н.А. адбылася апошняя бітва паміж амер. і англ. войскамі. У грамадзянскую вайну ў ЗША 1861—65 захоплены 24.4.1862 федэральным флотам пад камандаваннем адм. Д.​Фарагута. У 19 ст. цэнтр гандлю і буйны марскі порт. Значны працэнт негрыцянскага насельніцтва паўплываў на культ. своеасаблівасць горада. На мяжы 19 і 20 ст. тут узнік новаарлеанскі джаз.

т. 11, с. 371

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)