ДА́ТЧЫК,

элемент вымяральнага, сігнальнага, рэгулявальнага або кіравальнага прыстасавання, які пераўтварае велічыню, што кантралюецца (ціск, т-ру, частату, эл. напружанне і інш.), у сігнал, зручны для вымярэння, перадачы, захоўвання, апрацоўкі, рэгістрацыі, а таксама для ўздзеяння ім на кіроўныя працэсы. Звычайна мае ўспрымальны (адчувальны) орган і адзін або некалькі прамежкавых пераўтваральнікаў. Тэрмін «Д.», які ўжываецца ў шырокім сэнсе, стандартам заменены на тэрмін вымяральны пераўтваральнік.

т. 6, с. 62

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАМЕНДАТУ́РА (ням. Kommandantur),

1) орган кіравання ваен. каменданта гарнізона, крэпасці, станцыі, порта і да т.п., а таксама памяшканне, якое ён займае.

2) У СССР падраздзяленне пагранічных войск, якое прызначалася для аховы пэўнага ўчастка дзярж. граніцы і складалася з некалькіх пагранзастаў; уваходзіла ў склад пагранатрада. К. ствараюцца і ў інш. выпадках, напр., у 1945—49 існавалі як органы сав. ваен. адміністрацыі ва Усх. Германіі.

т. 7, с. 511

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАЦІНААМЕРЫКА́НСКАЯ АСАЦЫЯ́ЦЫЯ ІНТЭГРА́ЦЫІ (ЛАІ),

гандлёва-эканамічная арг-цыя 11 краін Лац. Амерыкі (Аргенціна, Балівія, Бразілія, Венесуэла, Калумбія, Мексіка, Парагвай, Перу, Уругвай, Чылі, Эквадор). Створана ў 1981 замест Лацінаамерыканскай асацыяцыі свабоднага гандлю, якая дзейнічала з 1960. Асн. задача ЛАІ — садзейнічанне развіццю рэгіянальнага эканам. супрацоўніцтва і гандлю; гал. мэта — стварэнне лацінаамер. агульнага рынку. Вышэйшы орган — Савет Міністраў; штаб-кватэра ў г. Мантэвідэо (Уругвай).

т. 9, с. 165

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«МАГА́ЗЫН ПО́ЛЬСКІ»

(«Magazyn polski», «Часопіс польскі»),

штоквартальны часопіс; орган Саюза палякаў ў Беларусі. Выдаецца з 1992 у Гродне на польск. мове (лісты чытачоў друкуюцца на бел. і рус. мовах). Асвятляе пытанні гіст., культ. развіцця Беларусі, ВКЛ, некаторыя аспекты міжнац. адносін на тэр. сучаснай Беларусі. Змяшчае матэрыялы пра сусветна вядомых дзеячаў навукі, гісторыі Беларусі. Публікуе маст. творы бел. і замежных пісьменнікаў.

т. 9, с. 442

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«БЕЛАРУ́СЬ»,

газета. Выдавалася з 30.3 да 18.5.1919 у Гродне на бел. мове. Орган Цэнтр. бел. рады Гродзеншчыны. Асвятляла культ. жыццё горада, пісала пра бел. школу, літ.-муз. вечары, бел. настаўніцкі рух і інш. Друкавала матэрыялы па гісторыі і этнаграфіі Беларусі. Пад рубрыкай «У нашых суседзяў» змяшчала інфармацыю пра падзеі ў Польшчы, на Украіне і ў Літве. Друкавала агляд міжнар. жыцця. Вяла рубрыку «Мясцовая хроніка».

А.​М.​Пяткевіч.

т. 3, с. 65

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКАЯ ПА́РТЫЯ ЗЯЛЁНЫХ (БПЗ),

палітычная партыя сацыяльна-экалагічнага кірунку. Створана ў снеж. 1992. Кіруючы орган паміж з’ездамі — Зялёная рада. Асн. мэты — забеспячэнне грамадзянам Беларусі права пражывання ў здаровым асяроддзі, удзел у распрацоўцы заканад. актаў па ахове навакольнага асяроддзя і падрыхтоўцы праектаў рашэнняў, у т. л. альтэрнатыўных, якія маюць дачыненне да аховы і аздараўлення навакольнага асяроддзя. Найбольшыя арг-цыі ў Гомелі, Магілёве, Віцебску, Брэсце, Салігорску, Светлагорску.

т. 2, с. 420

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКІ КАНГРЭ́САВЫ КАМІТЭ́Т АМЕ́РЫКІ (БККА),

грамадская арганізацыя беларусаў у ЗША. Створаны ў 1951 у г. Саўт-Рывер (штат Нью-Джэрсі) як выканаўчы орган Кангрэса беларусаў Амерыкі. Каардынуе работу бел. згуртаванняў, якія прытрымліваюцца паліт. платформы Бел. цэнтр. рады. Старшыні БККА М.​Шчорс (1951—57), І.​Касяк (1957—89), Р.​Завістовіч (з 1990). Збірае і распаўсюджвае інфармацыю на надзённыя бел. тэмы. Выдае час. «Беларуская думка».

А.​С.​Ляднёва.

т. 2, с. 446

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«БЕЛАРУ́СКІ ЭМІГРА́НТ»,

штомесячная газета бел. эміграцыі, орган Згуртавання беларусаў Канады. Выдавалася ў 1948—54 у Таронта (да кастр. 1949, № 1—19, на рататары). Гал. рэдактар К.​Акула (з № 9 за 1948). Газета прапагандавала ідэю нац. незалежнасці Беларусі, друкавала матэрыялы аб грамадска-паліт. жыцці на Беларусі і інш. Імкнучыся дапамагчы беларусам прыстасавацца да жыцця ў эміграцыі, змяшчала інфармацыю аб Канадзе, парады. Выйшла 58 нумароў.

А.​С.​Ляднёва.

т. 2, с. 463

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРГАНІЗА́ЦЫЯ АЗІЯ́ЦКА-ЦІХААКІЯ́НСКАГА ЭКАНАМІ́ЧНАГА СУПРАЦО́ЎНІЦТВА (Asia-Pacific Ekonomic Cooperation Conference; АЦЭС),

аб’яднанне краін Азіяцка-Ціхаакіянскага рэгіёна. Створана ў 1989. Уваходзяць (1995): Аўстралія, Бруней, ЗША, Інданезія, Канада, Кітай, Малайзія, Мексіка, Новая Зеландыя, Папуа-Новая Гвінея, Паўд. Карэя, Сінгапур, Сянган (Ганконг), Тайвань, Тайланд, Філіпіны, Чылі, Японія. Асн. мэты: лібералізацыя гандлю, інвестыцый, руху капіталаў і тэхналогій. Вышэйшы орган — Канферэнцыя кіраўнікоў урадаў. Штаб-кватэра ў Сінгапуры.

Дз.​В.​Панамароў.

т. 1, с. 464

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«АКЦЯ́БР»,

газета, орган ЦК КП(б)Б. Выдавалася з 7.11.1925 да 22.6.1941 штодзённа ў Мінску на яўр. мове. Асвятляла міжнар. становішча, гасп. і культ. жыццё рэспублікі, змены ў побыце яўр. насельніцтва. Раз на тыдзень змяшчала літ. старонку, на якой друкаваліся пісьменнікі І.​Харык, З.​Аксельрод, М.​Кульбак і інш., пераклады твораў Я.​Купалы, Я.​Коласа, З.​Бядулі, Ц.​Гартнага, М.​Чарота, М.​Лынькова і інш.

т. 1, с. 223

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)