АСТРАХА́НСКАЕ ХА́НСТВА,
татарская феад. дзяржава са сталіцай у Астрахані. Узнікла ў выніку распаду Залатой Арды, адасобілася ў 1459—60. Асн. занятак насельніцтва — качавая жывёлагадоўля, паляванне, рыбалоўства. Уладу хана абмяжоўвалі феадалы. Падданае насельніцтва плаціла хану ясак. Барацьба за Астраханскае ханства паміж Крымскім ханствам і Нагайскай Ардой прывяла ханства да збліжэння з Расіяй і падпісання ў 1533 саюзнага дагавора. У 1554 рас. ўрад, зацікаўлены ў выхадзе да Каспійскага м., з дапамогай войска паставіў на чале Астраханскага ханства свайго васала Дэрвіш-Алі. Намаганне апошняга выйсці з-пад залежнасці ад Масквы выклікала новы паход рас. войскаў. У 1556 Астраханскае ханства далучана да Рас. дзяржавы.
т. 2, с. 54
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНДЗЕ́ЙЦЫ,
карэннае насельніцтва Амерыкі (акрамя эскімосаў і алеутаў). Каля 35 млн. чал. (1992). Буйнейшыя народы — кечуа, аймара, ацтэкі, мая, гуарані і інш. Навук. даследаваннямі ўстаноўлена, што продкі І. пачалі перасяляцца ў Амерыку 30—20 тыс. гадоў назад з Паўн.-Усх. Азіі. У выніку еўрап. каланізацыі многія плямёны цалкам ці часткова знішчаны або выцеснены ў інш. раёны. У ЗША і Канадзе жывуць пераважна ў рэзервацыях. У Балівіі і Гватэмале складаюць б. ч. насельніцтва. Моцна метысаваны. Гавораць на індзейскіх мовах, значная ч. таксама на ісп. (Лац. Амерыка) і англ. (Паўн. Амерыка) мовах. Паводле веравызнання католікі, пратэстанты, ёсць прыхільнікі сінкрэтычных культаў і традыц. вераванняў.
т. 7, с. 234
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІНЬКО́ (Леанід Іосіфавіч) (н. 15.10.1926, в. Скорабагатаўшчына Дзяржынскага р-на Мінскай вобл.),
бел. этнограф. Канд. гіст. н. (1965). Скончыў Мінскі пед. ін-т (1955). У 1955—59 працаваў у школе, у 1963—92 — у Ін-це мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН Беларусі. Даследуе побыт і духоўную культуру беларусаў. Аўтар кніг «Народная медыцына Беларусі» (1969), «Знахарства» (1971), «Забабоны і прыкметы» (1975), сааўтар кніг «Народная сельскагаспадарчая тэхніка беларусаў» (1974), «Змены ў побыце і культуры сельскага насельніцтва Беларусі» (1976), «Пытанні этнаграфіі і фалькларыстыкі» і «Помнікі народнай архітэктуры і побыту Беларусі» (1979), «Грамадскі, сямейны побыт і духоўная культура насельніцтва Палесся» (1987), «Беларусы» (М., 1998).
В.С.Семенякоў.
т. 10, с. 460
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАСА́ДСКІЯ ЛЮ́ДЗІ,
прынятая ў гіст. л-ры назва гандл.-рамеснага і прамысл. насельніцтва гарадоў і ч. паселішчаў гар. тыпу (пасадаў, слабод) Стараж. Русі і Расіі 10—18 ст. Тэрмін «Пл.» паходзіць ад слова «пасад» і сустракаецца ў крыніцах з 15 ст. П.л. аб’ядноўваліся ў абшчыны на чале з земскімі старастамі, якія адказвалі за своечасовую выплату падаткаў і выкананне розных дзярж. павіннасцей. Паводле Саборнага ўлажэння 1649 у склад Пл. увайшлі жыхары скасаваных прыватнаўласніцкіх гар. слабод. У 1775 урад падзяліў Пл. на гільдзейскае купецтва і мяшчан. Паводле Жалаванай граматы гарадам 1785 Пл. — бяднейшы з 6 разрадаў прамысл. і рамеснага насельніцтва гарадоў. У далейшым гэтая катэгорыя паступова злілася з мяшчанамі.
т. 12, с. 159
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПА́ШПАРТНАЯ СІСТЭ́МА,
сукупнасць правіл, якія рэгулююць парадак уліку і перамяшчэння насельніцтва пры дапамозе ўвядзення адзінага дакумента, што сведчыць асобу, — пашпарта. Упершыню П.с. ўведзена ў СССР пастановай ЦВК і СНК 27.12.1932. Асн. прынцыпы, якія выкладзены ў палажэнні аб П.с., зацверджаным пастановай СМ СССР 28.8.1974, захоўваюцца ў некаторых краінах СНД, у т. л. ў Рэспубліцы Беларусь. Парадак пашпартызацыі насельніцтва Беларусі рэгламентуецца адпаведным палажэннем, зацверджаным пастановай урада Рэспублікі Беларусь ад 14.7.1993 і ўнесенымі ў яго наступнымі зменамі і дапаўненнямі. Пашпарт пэўнага ўзору і зместу належыць прапісцы па месцы жыхарства грамадзяніна. Кантроль за выкананнем патрабаванняў П.с. ўскладзены на органы міліцыі. Парушальнікі П.с. прыцягваюцца да адм. адказнасці.
Г.А.Маслыка.
т. 12, с. 248
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕНЕСУЭ́ЛЬЦЫ,
нацыя, асн. насельніцтва Венесуэлы (больш за 15,7 млн. чал.). Агульная колькасць 15,77 млн. чал. (1987). Каля 80% — метысы, мулаты, самба, каля 5% — негры. Гавораць на варыянце іспанскай мовы. Сярод вернікаў пераважаюць католікі.
т. 4, с. 84
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАТЧА́НЕ,
нацыя, асн. насельніцтва Даніі (5 млн. чал.). Жывуць таксама ў ЗША, Германіі, Канадзе, Швецыі, Нарвегіі і інш. Агульная колькасць 5,6 млн. чал. (1992). Гавораць на дацкай мове. Вернікі пераважна лютэране, частка — католікі.
т. 6, с. 62
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЙЕМЕ́НСКІЯ АРА́БЫ, йеменцы,
народ, асн. насельніцтва Йемена (12,3 млн. чал.). Агульная колькасць 13,7 млн. чал. (1992). Жывуць таксама ў Саудаўскай Аравіі (1,4 млн. чал.). Гавораць на арабскай мове. Вернікі мусульмане (суніты і шыіты).
т. 7, с. 374
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІВА́НЦЫ, ліванскія арабы,
народ, асноўнае насельніцтва Лівана (2,25 млн. чал.). Агульная колькасць 2,36 млн. чал. (1992). Гавораць на сіраліванскім дыялекце арабскай мовы. Вернікі — хрысціяне (мараніты, грэка-праваслаўныя і інш.) і мусульмане (суніты, шыіты).
т. 9, с. 240
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫРО́ДНЫЯ ЎМО́ВЫ,
сукупнасць геаграфічнага становішча тэрыторыі, прыродных рэсурсаў і інш. кампанентаў геаграфічнага асяроддзя (напр., рэжым рэк і азёр, клімат, рэльеф). Непасрэдна ўплываюць на размяшчэнне вытворчасці, рассяленне насельніцтва, рэкрэацыю і інш. формы чалавечай дзейнасці.
т. 13, с. 82
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)