фіксуе залежнасць паміж аб’ёмам і зместам паняццяў: чым шырэйшы аб’ём паняцця, тым вузейшы яго змест, і наадварот. Калі аб’ём аднаго паняцця складае частку аб’ёму другога, то для іх зместу ўласцівыя адваротныя адносіны. Прынята лічыць, што першае вызначэнне гэтага закону належыць логікам Пор-Раяля (1660-я г.), але найб. вядомая фармулёўка дадзена І.Кантам. Адваротных адносін закон дае магчымасць тлумачыць лагічныя аперацыі абагульнення і абмежавання паняццяў. Калі ідуць ад паняццяў меншага аб’ёму да паняццяў большага аб’ёму, то за кошт звужэння зместу адбываецца іх абагульненне, калі ж ад паняццяў большага да меншага, то з-за пашырэння зместу адбываецца абмежаванне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́ЛБРЭЙТ, Гэлбрэйт (Galbraith) Джон Кенет (н. 15.10.1908, г. Аяна-Стэйшэн, Канада), амерыканскі эканаміст, філосаф. Скончыў ун-т у Таронта (1931). Праф. эканомікі Гарвардскага ун-та. Прыхільнік дзярж. рэгулявання эканомікі (распрацаваў тэорыю «ўраўнаважвальнай сілы», у якасці якой выступае дзяржава, што спрыяе стварэнню раўнавагі паміж попытам і прапановай). Аўтар канцэпцыі новага індустрыяльнага грамадства, дзе вырашальная роля належыць «тэхнаструктуры» (увасабленне калектыўнай улады спецыялістаў розных узроўняў). Выступаў за мірнае суіснаванне капіталіст. і сацыяліст. сістэм, прытрымліваўся канвергенцыі тэорыі.
Тв.:
Рус.пер. — Новое индустриальное общество. М., 1969;
Экономические теории и цели общества. М., 1979;
Жизнь в наше время: Воспоминания. М., 1986;
Капитализм, социализм, сосуществование. М., 1988 (разам з С.Меншыкавым).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДВУХГАДО́ВЫЯ РАСЛІ́НЫ, двухлетнікі,
травяністыя расліны з жыццёвым цыклам (ад насення да насення) на працягу 2 гадоў. Каля 50 тыс. відаў з розных сістэм. груп. Пашыраны па ўсім зямным шары, асабліва ва ўмераным поясе Паўн. паўшар’я. На Беларусі больш за 60 відаў. Да Д.р. належыць большасць агароднінных (цыбуля, морква, буракі, капуста і інш.), лекавыя (баркун, наперстаўка, пакрывец, блёкат і інш.), дэкар. (браткі, гваздзік турэцкі, званочак сярэдні, незабудка альпійская і інш.) віды.
У 1-ы год Д.р. развіваюць падземную і надземную вегетатыўныя часткі (корань, цыбуліну, караняплод, сцёблы, лісце), на 2-і ўтвараюць (за кошт назапашаных пажыўных рэчываў) прадаўгаваты парастак з кветкамі, цвітуць, пладаносяць і адміраюць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АМАЛАДЖЭ́ННЕ,
1) набыццё арганізмам, які старэе, прыкмет маладосці; працэс процілеглы старэнню. Першая навук. канцэпцыя амаладжэння належыцьфранц. вучонаму Ш.Э.Броўн-Секару (1889), які меркаваў, што прычына старэння — аслабленне палавой актыўнасці, а амаладжальны сродак — экстракт палавых залоз жывёл. Амаладжальныя ўласцівасці ў розны час прыпісваліся балгарскай сыраквашы, антырэтыкулярнай цытатаксічнай сываратцы, гармонам, навакаіну і інш. Па сучасных уяўленнях амаладжэнне складанага шматклетачнага арганізма немагчыма з прычыны незваротнасці фаз антагенезу (дзяцінства, маладосць, сталасць, старасць). Можна гаварыць пра запаволенае старэнне, карэкцыю ўзроставых змен, працягласць жыцця, але не пра амаладжэнне ў поўным сэнсе гэтага слова.
2) Павелічэнне маладых асобін у складзе папуляцыі або ўзмоцненае размнажэнне клетак шматклетачнага арганізма.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПО́РНАЕ СВІДРАВА́ННЕ,
праходка глыбокіх свідравін з мэтай вывучэння геал. будовы пэўнай тэрыторыі і вызначэння напрамку пошукава-разведвальных работ. Выконваецца з адборам керну да глыб. ад некалькіх дзесяткаў метраў да некалькіх кіламетраў (у найб. спрыяльных структурных і стратыграфічных умовах). Адрозніваецца дэталёвым паслойным вывучэннем геал. разрэзу комплексам метадаў: геафіз., літолага-петраграфічных, геахім., гідрагеал., палеанталагічных, геахраналагічных і інш. Да апорнага свідравання таксама належыць свідраванне звышглыбокіх свідравін (да 10—15 км) для вывучэння будовы зямной кары і верхняй мантыі Зямлі. На Беларусі планамерна праводзіцца з 1960-х г. з мэтай вывучэння стрататыпаў геал. падраздзяленняў, тэктанічных структур і адкладаў, перспектыўных на карысныя выкапні (нафта, солі, жал. руды, алмазы і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСЕ́ННІ ПАЛАСА́ТЫ, штрэйфлінг, штрыфель,
старадаўні асенні сорт яблыні. Належыць да зах.-еўрап. групы сартоў. Паходжанне невядома. Упершыню апісаны ў пач. 17 ст. Вельмі пашырыўся ў сярэдняй паласе Расіі, Прыбалтыцы, на Украіне. На Беларусі раянаваны ва ўсіх садовых зонах.
Дрэва моцнарослае, утварае высокашарападобную крону. Зімаўстойлівасць высокая. Сорт сярэднеўстойлівы да паршы. Плоданашэнне пачынае на 9—13-ы год. Высокаўраджайны. Плады буйныя (100—120 г), злёгку рабрыстыя, тупаканічныя, крыху сціснутыя з трох бакоў, зеленавата-жаўтаватыя з кармінавым румянцам у выглядзе палос і штрыхоў, выспяваюць у 2-й пал. верасня і могуць захоўвацца да лістапада. Мякаць кісла-салодкая, духмяная. Плады спажываюць пераважна свежыя, гатуюць варэнне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕ́ЗДНАЎСКАЕ ВЫСТУПЛЕ́ННЕ 1861,
выступленне сялян Казанскай губ. Расіі ў адказ на сялянскую рэформу 1861.
Пачалося ў в. Бездна Спаскага пав. пад кіраўніцтвам селяніна А.Пятрова (А.П.Сідарава), які абвясціў сялянам, што ўся зямля належыць ім і што яны не павінны больш працаваць на паноў. Хваляванні ахапілі больш як 75 вёсак. Каля 10 тыс. чалавек адмовіліся адбываць паншчыну, выконваць распараджэнні адміністрацыі, забіралі панскае збожжа. 12 крас. ў Бездну прыбыў карны атрад і пачаў страляць у натоўп сялян. Было забіта і паранена больш за 350 чал., многія арыштаваны, пакараны розгамі. Пятрова расстралялі. Расправа над удзельнікамі Безднаўскага выступлення выклікала пратэст дэмакр. колаў у Расіі і за мяжою.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНТЭЛСА́Т (англ. INTELSAT ад International Telecommunication Satellites міжнар. сувязныя спадарожнікі),
міжнародная арг-цыя па стварэнні і эксплуатацыі глабальнай камерцыйнай спадарожнікавай сувязі. Створана ў 1964 у ЗША. З 1973 наз. таксама «ІТСО». У арг-цыю ўваходзяць больш за 140 краін І. належыцьаднайм. сістэма касм. сувязі (тэлеф., тэлеграф., факсімільная сувязь, перадача даных і рэтрансляцыя тэлевізійных і гукавых праграм) на аснове аднайм.ШСЗ (24 спадарожнікі, 1997); больш за 200 наземных станцый, больш за 600 ліній сувязі. Рэспубліка Беларусь карыстаецца (на правах арэнды) сістэмай касм. сувязі І. для перадачы сігналаў шматканальнай тэлефаніі і даных сеткі Інтэрнет, магчымы таксама прыём тэлевізійных праграм з ШСЗ І.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЙЛА́-ДЭ-МАЯ́К,
археалагічны комплекс (паселішча і могільнікі) позняга бронзавага і ранняга жал. веку каля г. Нарбон (Францыя). Вылучаюць 5 фаз. Паселішча заселена каля 700 да н.э. (1-я фаза); у 600—500 да н.э. пашыраны вырабы з жалеза, пахаванне ў павозцы з могільніку Ла-Рэдорт сведчыць пра сувязі з гальштацкай культурай (2-я фаза). 3-я фаза датуецца 2-й пал. 6 ст. да н.э. ў адпаведнасці з імпартам грэчаскай чорнафігурнай і этрускай керамікі. Паселішча 4-й фазы акружана валам, дамы будавалі з сырцовай цэглы (ранні латэн). 5-я фаза належыць да сярэдняй стадыі латэнскай культуры (не пазней 100 да н.э.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАСПО́РСКАЯ Любоў Канстанцінаўна (к. 25.10.1941, в. Локці Чэлябінскай вобл., Расія),
бел. спявачка (лірыка-каларатурнае сапрана), педагог. Засл. арт. Беларусі (1978), нар.арт. Беларусі (1991). Скончыла Бел. кансерваторыю (1967, клас М.Людвіг). З 1978 выкладае ў Бел. акадэміі музыкі. З 1966 салістка Хору акадэмічнага Беларускага тэлебачання і радыё, выканала шматлікія партыі саліруючага сапрана ў буйных кантатна-аратарыяльных творах муз. класікі і бел. кампазітараў. У яе камерным рэпертуары значнае месца належыць творам бел. кампазітараў (упершыню выканала вак. цыклы «Дзявочыя песні» Г.Гарэлавай, «Вясёлыя дзіцячыя песні» С.Картэса, «Песні кахання» А.Мдывані, «Перайманне англійскіх балад» і «Незвычайная школа» Э.Тырманд і інш.).