ПАТО́ЧНАЕ БУДАЎНІ́ЦТВА,

метад арганізацыі будаўнічай вытворчасці, пры якім тэхналагічны працэс падзяляецца на састаўныя часткі, што выконваюцца брыгадамі (звеннямі) пастаяннага складу. Пры П.б. аб’екты разбіваюцца на секцыі, пралёты, паверхі, часткі памяшканняў і збудаванняў; комплекс буд. мантажных работ расчляняецца на цыклы. Кожная брыгада спецыялізуецца на выкананні пэўнага цыкла работ і аснашчаецца адпаведнымі машынамі, механізмамі, прыстасаваннямі. Скончыўшы работу на адным участку брыгада пераходзіць на наступны, а на яе месцы інш. брыгада выконвае работы па сваёй спецыялізацыі. Такі метад дае найб. поўнае сумяшчэнне работ у часе, высокія і ўстойлівыя тэмпы буд-ва.

т. 12, с. 181

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЎТАТРЭ́НІНГ (ад аўта... + англ. training трэніроўка),

псіхатэрапеўтычны метад уздзеяння чалавека на свой фіз. і псіхічны стан пры дапамозе самаўнушэння (гл. таксама Аўтагенная трэніроўка).

т. 2, с. 121

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУКАЎЗНАЎЛЕ́ННЕ,

працэс атрымання інфармацыі ад фанаграмы. Адрозніваецца ў адпаведнасці з відамі гуказапісу. Найб. пашыраны эл.-акустычны метад па схеме: фанаграма — пераўтваральнік — узмацняльнік — гучнагаварыцель.

т. 5, с. 525

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫНАМІ́ЧНАЯ СІСТЭ́МА,

у першасным значэнні мех. сістэма з канечным лікам ступеней свабоды (напр., сістэма матэрыяльных пунктаў або цвёрдых цел, якія рухаюцца па законах класічнай механікі). У эўрыстычным сэнсе (гл. Эўрыстыка) — сукупнасць фіз. аб’ектаў, для якіх характэрна адназначная залежнасць працэсаў, што працякаюць у іх, ад знешніх уздзеянняў, узаемных сувязей паміж аб’ектамі і іх пачатковых станаў. У больш шырокім сэнсе — адвольная фіз. сістэма (напр., сістэма аўтам. рэгулявання, радыётэхн. сістэма), якая апісваецца звычайнымі дыферэнцыяльнымі ўраўненнямі, а таксама сістэма такіх ураўненняў (незалежна ад яе паходжання).

У матэм. тэорыі Д.с. разглядаюцца матэм. мадэлі рэчаісных фіз. і мех. сістэм, якія адлюстроўваюць іх асн. ўласцівасці. Для апісання ўсіх тыпаў Д.с. выкарыстоўваюць метад уваходна-выхадных уяўленняў (метад «чорнай скрыні»; выяўленне адпаведнасці паміж уваходнымі і выхаднымі сігналамі) ці метад прасторы станаў (метад фазавай прасторы; выхадны сігнал залежыць ад стану Д.с., уваходнага сігналу і папярэдніх уваходных уздзеянняў). Складаныя Д.с. служаць мадэлямі розных фіз.-хім. асяроддзяў (напр., актыўнае рэчыва лазера, вязкая вадкасць), фізіял. органаў (мышца сэрца, нервовае валакно) і інш. На Беларусі даследаванні Д.с. праводзяцца з 1960-х г. у Ін-це тэхн. кібернетыкі Нац. АН, у Бел. політэхн. акадэміі, Бел. ун-це інфарматыкі і радыёэлектронікі і інш.

Літ.:

Калман Р., Фалб П., Арбиб М. Очерки по математической теории систем: Пер. с англ. М., 1971;

Крот А.М. Дискретные модели динамических систем на основе полиномиальной алгебры. Мн., 1990.

А.​М.​Крот.

т. 6, с. 285

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭАКАРДЫЯГРАФІ́Я (ад грэч. rheos цячэнне, паток + кардыяграфія),

метад даследавання функцыян. стану сэрца, засн. на графічнай рэгістрацыі змен яго эл. супраціўлення за поўны сардэчны цыкл.

т. 13, с. 531

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВА́ДКАСНАЯ ХРАМАТАГРА́ФІЯ,

фізічна-хімічны метад аналізу і раздзялення сумесяў, дзе рухомая фаза — вадкасць; від храматаграфіі. Выкарыстоўваюць у хіміі, біялогіі, біяхіміі, медыцыне, парфумерыі, харч. прам-сці, крыміналістыцы.

т. 3, с. 438

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАДЫЯГРА́ФІЯ (ад радые... + ...графія),

неразбуральны метад кантролю суцэльнасці цвёрдых цел; метад радыяцыйнай дэфектаскапіі. Засн. на прасвечванні аб’екта іанізавальным выпрамяненнем і рэгістрацыі выпрамянення, якое прайшло праз аб’ект, фатагр. метадам.

Пры Р. ў якасці крыніцы іанізавальнага выпрамянення звычайна выкарыстоўваюць радыенукліды, якія вылучаюць γ-кванты (напр., цэзій-137, ірыдый-192, селен-75), у якасці дэтэктара выпрамянення, што прайшло праз аб’ект, — рэнтгенаграфічныя плёнкі, у т. л. каляровыя, спец. ядз. фотаматэрыялы. Асн. разнавіднасць Р. — аўтарадыяграфія, калі фатагр. метадам рэгіструюць іанізавальнае выпрамяненне радыеактыўных атамаў, размеркаваных у аб’ёме ці паверхневым слоі цвёрдага цела. Выкарыстоўваюць Р. для кантролю якасці ліцця, зваркі, пайкі і інш.

т. 13, с. 239

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РОТ (Лазар Артуравіч) (н. 13.12.1920, г. Курган, Расія),

бел. вучоны ў галіне тэарэт. фізікі. Д-р фіз.-матэм. н., праф. (1977). Скончыў Ваенна-паветраную інж. акадэмію (1944). З 1953 у Бел. тэхнал. ун-це (у 1964—92 заг. кафедры). Навук. працы па статыст. тэрмадынаміцы, механіцы суцэльных асяроддзяў, біяфізіцы, даследаванні крытычных з’яў і турбулентнасці, праблемах удасканалення падрыхтоўкі навук. кадраў. Стварыў метад умоўных размеркаванняў — новы метад статыст. механікі, які дазволіў адзіным чынам апісаць ўсе віды фазавых пераходаў I роду.

Тв.:

Статистическая теория молекулярных систем. М., 1979;

За спиной двадцатый век. Мн., 1999.

Я.​Г.​Міляшкевіч.

т. 13, с. 410

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭНТГЕНАГРА́МА,

зарэгістраваны на спец. фотаплёнцы (фотапласцінцы) відарыс аб’екта, што ўзнікае ў выніку ўзаемадзеяння яго з рэнтгенаўскім выпрамяненнем. Пры такім узаемадзеянні адбываецца паглынанне, адбіццё ці дыфракцыя рэнтгенаўскіх прамянёў. Прасторавае размеркаванне інтэнсіўнасці выпрамянення фіксуецца на фотаматэрыяле і адлюстроўвае будову аб’екта.

Абсарбцыйная Р. рэгіструе «ценявы» відарыс аб’екта, які ўзнікае з-за неаднолькавасці паглынання рэнтгенаўскага выпрамянення рознымі ўчасткамі аб’екта. Выкарыстоўваецца ў медыцыне, біялогіі, дэфектаскапіі і рэнтгенаўскай мікраскапіі. Дыфракцыйныя Р. атрымліваюць у рэнтгенаўскіх камерах і рэгіструюць дыфракцыйнае рассеянне выпрамянення крышт. ўзорамі (гл. Дэбая—Шэрэра метад, Лаўэ метад). Выкарыстоўваюцца для рашэння задач рэнтгенаструктурнага аналізу, рэнтгенаграфіі матэрыялаў, рэнтгенаўскай тапаграфіі.

т. 14, с. 14

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭНТГЕНАГРА́ФІЯ МАТЭРЫЯ́ЛАЎ,

сукупнасць метадаў даследаванняў будовы крышталічных і аморфных рэчываў, заснаваных на вывучэнні дыфракцыі рэнтгенаўскіх прамянёў.

Для мэт Р.м. карыстаюцца ў асн. характарыстычным рэнтгенаўскім выпрамяненнем (гл. Рэнтгенаўская спектраскапія); дыфракцыйныя карціны рэгіструюцца фатагр. метадам (гл. Рэнтгенаграма) або з дапамогай лічыльнікаў іанізавальных выпрамяненняў. Рэнтгенаграфічнымі метадамі даследуюць узоры пры іх награванні і ахаладжэнні, ва ўмовах вакууму і высокага ціску, раўнаважныя і нераўнаважныя станы матэрыялаў, вывучаюць іх структуру, фазавы састаў і яго змены, будуюць фазавыя дыяграмы, даследуюць станы дэфармаваных (ці падвергнутых інш. уздзеянням) матэрыялаў, працэсы ўпарадкавання з’явы бліжэйшага парадку. Гл. таксама Дэбая—Шэрэра метад, Лаўэ метад.

т. 14, с. 14

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)