БУТКЕ́ВІЧ Уладзімір Сцяпанавіч

(19 6.1872, в. Русакова Адоеўскага р-на Тульскай вобл., Расія — 4.11.1942),

савецкі вучоны ў галіне фізіялогіі раслін і біяхімік. Чл.-кар. АН СССР (1929). Скончыў Маскоўскі ун-т (1894). З 1928 у Маскоўскай с.-г. акадэміі імя К.А.Ціміразева. Навук, працы па фізіялогіі дыхання і абмене рэчываў у раслінах. Вызначыў ролю аспарагіну як рэзерву азоцістых рэчываў у раслінах. Выявіў жалезабактэрыі на дне арктычных мораў і вызначыў іх ролю ў стварэнні жалезіста-марганцавых канкрэцый. Прапанаваў экспрэс-метад вызначэння патрэбнасці раслін у фосфарных і калійных угнаеннях, распрацаваў спосаб прамысл. атрымання лімоннай кіслаты з цукру з дапамогай мікраарганізмаў, мікрабіял. метад разведкі нафты і гаручых газаў.

т. 3, с. 360

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)