ДО́БРАВІЧ ((Dobrović) Нікола) (12.11.1897, г. Печ, Венгрыя — 11.1.1967),

сербскі архітэктар і горадабудаўнік, прадстаўнік функцыяналізму. Чл. Сербскай акадэміі навук і мастацтваў (з 1965). Скончыў Вышэйшую тэхн. школу ў Празе (1923). У 1946—67 дырэктар Сербскага горадабуд. ін-та і гал. архітэктар г. Бялград. Аўтар Дома югасл. студэнтаў у Празе (1932), гасцініцы на в-ве Лопуд каля г. Дуброўнік (1936), ген. планаў гарадоў Бялграда (1947—50, разам з М.​Самборскім), Штып (1952), Херцэгнові (1957) і інш.

т. 6, с. 173

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́ЭН ((Cohen) Стэнлі) (н. 17.10.1922, Нью-Йорк),

амерыканскі біяхімік. Чл. Нац. АН ЗША і Амер. акадэміі навук і мастацтваў. Скончыў Бруклінскі каледж (1943) і Оберлін-каледж у Агайо (1946). З 1952 у Вашынгтонскім ун-це, з 1959 ва ун-це Вандэрбільда ў г. Нашвіл. Навук. працы па вывучэнні структур фактараў росту і іх уздзеянні на развіццё клеткі і органаў, эндакрыналогіі. Адкрыў фактар росту эпідэрмісу. Нобелеўская прэмія 1986 (разам з Р.Леві-Мантальчыні).

С.Коэн.

т. 8, с. 441

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МО́НТЭ-КА́РЛА (Monte Carlo),

горад у Манака. Каля 12 тыс. ж. (1997). Порт на Міжземным м. Кліматычны курорт. Буйны цэнтр міжнар. турызму і банкаўскіх аперацый. Сусветна вядомае казіно, пабудаванае ў 1878 (дае каля 4% нац. гадавога прыбытку). Суднарамонт. Адна з самых магутных у Еўропе радыёстанцый. Оперны т-р Музей выяўл. мастацтваў. Штогадовыя міжнар. фестывалі цыркавога мастацтва, тэлевізійных фільмаў і інш. Штогадовыя сусв. «Ралі Монтэ-Карла» (з 1911). Штаб-кватэра Міжнар. акадэміі па турызме.

т. 10, с. 520

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕРУ́ДЖА (Perugia),

горад у Цэнтр. Італіі. Адм. ц. вобл. Умбрыя і прав. Перуджа. Засн. ў 5 ст. да н.э. этрускамі. Каля 170 тыс. ж. (2000). Вузел чыгунак і аўтадарог. Аэрапорт. Прам-сць: харч. (вылучаецца вытв-сць шакаладу), тэкст. (карункі), гарбарна-абутковая, трыкат., швейная, металаапр., керамічная. Ун-т (з 13 ст.). Акадэмія выяўл. мастацтваў і музыкі. Нац. галерэя Умбрыі, маст. музеі. Арх. помнікі стараж.-рым. эпохі, а таксама 5—6, 13—16 ст.

т. 12, с. 304

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАХЛЕ́НКА (Валянціна Леанідаўна) (н. 4.3.1931, г. Гомель),

бел. піяністка. Засл. дз. мастацтваў Беларусі (1995). Дачка Л.​Р.​Рахленкі і Л.​І.​Ржэцкай. Скончыла Бел. кансерваторыю (1954, кл. Р.​Шаршэўскага), БДУ (1955). З 1958 выкладае ў Бел. акадэміі музыкі (з 1989 праф.). Яе майстэрства найб. выявілася ў выкананні твораў В.​А.​Моцарта, Ф.​Шапэна, Р.​Шумана, С.​Пракоф’ева. Адна са стваральніц фартэпіяннай школы Беларусі. Сярод вучняў Дз.​Марозаў, І.​Юркоўская, А.​Пятроў.

Л.​А.​Шымановіч.

т. 13, с. 380

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУСЬКО́ (Мікола) (Мікалай Іосіфавіч; н. 27.9.1940, в. Пагарэлка Карэліцкага р-на Гродзенскай вобл.),

бел. паэт. Скончыў Баранавіцкі тэхнікум лёгкай прам-сці (1962) і Маскоўскі нар. ун-т мастацтваў (1967). Друкуецца з 1970. У зб-ках вершаў «У Нёмна на плячах» (1986), «Сузор’е Шаляў» (1995) паэт. асэнсаванне гіст. вопыту, урокаў вайны і міру. Вершам уласцівы лірычная спавядальнасць, багатая вобразнасць, назіральнасць, трапнасць дэталяў. Піша таксама для дзяцей (зб-кі «Ад галінкі да сучка — тэлефон у павучка», 1993; «Шасцікрылец Хмарагон», 1996).

т. 3, с. 358

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЗНА́НСКАЯ ((Boznańska) Вольга) (15.4.1865, Кракаў — 26.10.1940),

польскі жывапісец. Вучылася у Мюнхене (1886—89) у К.​Крыгельдорфа і В.​Дзюра, з 1898 у Парыжы. Член т-ва польскіх мастакоў «Мастацтва» (з 1898, Кракаў). Нац. т-ва прыгожых мастацтваў (з 1901, Парыж). Аўтар інтымных рэалістычных партрэтаў у духу імпрэсіянізму, якія выкананы ў лёгкай, светлай гаме: «Дзяўчынка з хрызантэмай» (1894), «Партрэт дзвюх дзяўчынак» (1896), «Аўтапартрэт» (1900), партрэты Ф.​Ясенскага (1907), Ядвігі Сапегі (1910), Г.​Сянкевіча (1913) і інш.

В.Базнанская. Аўтапартрэт. 1900.

т. 2, с. 221

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЕ́ЙНІКАЎ (Пётр Марцінавіч) (12.7.1914, в. Крывель Шклоўскага р-на Магілёўскай вобл. — 9.6.1965),

рус. кінаакцёр. Скончыў Ін-т сцэн. мастацтваў у Ленінградзе (1935). З 1932 здымаўся ў кіно. Яго героі — абаяльныя маладыя хлопцы, нястомныя гумарысты, адданыя сябры, добрыя і высакародныя: Малібога («Сямёра смелых»), Пётр Алейнікаў («Камсамольск»), Ваня Курскі («Вялікае жыццё»), Саўка («Трактарысты»), танкіст («Беларускія навелы») і інш. Творчаму шляху Алейнікава прысвечаны фільм «Пётр Марцінавіч і гады вялікага жыцця».

П.М.Алейнікаў.
П.М.Алейнікаў (у цэнтры) у ролі Малібогі (фільм «Сямёра смелых»).

т. 1, с. 238

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«АРТ-СЕ́СІЯ»,

мастацкая акцыя, якая ўключае правядзенне конкурсу-выставы візуальных мастацтваў творчай моладзі і фестывальную харэаграфічную праграму. Праводзіцца з 1992 штогод у Віцебску. У выстаўцы ўдзельнічаюць студэнты маст. спецыяльнасцяў ВНУ Віцебска (факультэты мастацка-графічны, педагогікі і методыкі пач. навучання, музыкі і выяўл. мастацтва пед. ін-та, маст. канструявання вырабаў лёгкай прам-сці тэхнал. ін-та) і вучні маст. аддзяленняў вучылішчаў. Экспазіцыя выстаўкі ўключае раздзелы: жывапіс, графіка, дызайн, скульптура, дэкар.-прыкладное мастацтва, мадэлі адзення.

М.​Л.​Цыбульскі.

т. 1, с. 507

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭЛАРО́Ш ((Delaroche) Поль) (Іпаліт; 17.7.1797, Парыж — 4.11.1856),

французскі жывапісец. Вучань А.Гро. Творы Д. («Дзеці Эдуарда IV», 1831; «Забойства герцага Гіза», 1834, і інш.) адлюстроўваюць драм. эпізоды гісторыі сярэдневякоўя. Ім уласціва натуралістычная тэндэнцыя (празаічна-павярхоўная трактоўка гіст. падзей, імкненне да дакладнай перадачы быт. дэталей), якая спалучаецца з займальнасцю рамант. сюжэтаў і ідэалізацыяй герояў. Аўтар размалёўкі ў Школе прыгожых мастацтваў у Парыжы («Геміцыкл», 1837—41), шэрагу партрэтаў («Партрэт Генрыеты Зонтаг», 1831) і рэліг. кампазіцый.

П.Дэларош. Партрэт Генрыеты Зонтаг. 1831.

т. 6, с. 341

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)