ЛІХЕНАІНДЫКА́ЦЫЯ (ад грэч. leichēn лішай, лішайнік + лац. indico указваю, вызначаю),
метад ацэнкі забруджанасці навакольнага асяроддзя з выкарыстаннем лішайнікаў як найб. адчувальных індыкатарных раслін. Адрозніваюць колькасную (з дапамогай матэм. індэксаў), якасную (параўнанне пашырэння відаў з паказчыкамі забруджанасці) і ўскосную (па стане жыццядзейнасці) індыкацыю. Па паказчыках Л. выяўляецца: стан прыродных і культурных ландшафтаў, узрост і захаванасць першаснага лесу, кіслотнасць глеб, сан.-гігіенічны стан паветра населеных пунктаў і прамысл. цэнтраў, узрост валуноў і стараж. збудаванняў, геал. ўмовы мясцовасці і інш. На Беларусі Л. выкарыстоўваецца пры даследаванні забруджанасці атмасферы двухвокісам серы, экалагічнай экспертызе населеных пунктаў, ланд шафтна-экалагічных даследаваннях раслінных комплексаў.
Літ.:
Горбач Н.В. Об индикационной роли лишайников в лесных сообществах // Геоботанические исследования. Мн., 1966;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАМА́Й (Ала Мікалаеўна) (н. 14.9.1932, с. Займо-Абрыў Растоўскай вобл., Расія),
бел. мастачка. Скончыла Бел.тэатр.-маст.ін-т (1959). Выкладала ў Мінскай дзіцячай маст. школе (1959—63), працавала ў газ. «Піянер Беларусі» (1963—80). Творчасці ўласцівы арыгінальнасць колеравага бачання і жанравая разнастайнасць, работы адметныя аптымістычнасцю і цеплынёй. Сярод твораў: тэматычныя карціны «Будаўнікі» (1957), «Апошні з нашага квартала» (1961), «Купалле» (1976), «Крыніца жыцця» (1982), «Сонейка» (1988), «Звон святыні» і «Цішыня» (абодва 1994), «Маё дзяцінства» (1995); пейзажы «Макі» (1966), «Восень» (1990), «Бярозавы гай» (1991), «Ваколіца Забалоцця» (1995), «Раніца» (1996); нацюрморты «Антоны» (1984), «Водар лесу» (1986), «Васількі» і «Армянскі вінаград» (абодва 1992), «Палявыя кветкі» (1995); партрэты, ілюстрацыі да кніг. Іл.гл. таксама ў арт.Нацюрморт.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРО́СТЫ СКАЗ,
сінтаксічная адзінка, што ўтворана па пэўным граматычным узоры, валодае значэннем прэдыкатыўнасці, мае ўласную семантычную структуру, выконвае акрэсленую камунікатыўную задачу, на якую ўказвае інтанацыя і пэўны парадак слоў. Напр., «З краю лесу стаіць адзінокая хатка палясоўшчыка» (Я.Колас). П.с. з’яўляецца тыповым няўскладненым увасабленнем сказа. Проціпастаўляецца складанаму сказу, ад якога адрозніваецца тым, што ў якасці грамат. асновы мае толькі адно прэдыкатыўнае спалучэнне (напр., «Бацька прыехаў на заходзе сонца» і «Бацька прыехаў, калі заходзіла сонца»), Мае складаную ўнутр. будову, таму можа аналізавацца з розных пазіцый: колькасці і якасці членаў сказа, яго структурнай схемы, рэалізаванай семантыка-сінтакс. мадэлі, камунікатыўнага задання, мадальнасці, грамат. правільнасці, лагічных і грамат. асаблівасцей.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫЛЕ́ПСКАЕ ПАТРЫЯТЫ́ЧНАЕ ПАДПО́ЛЛЕў Вялікую Айчынную вайну.
Дзейнічала з ліп. 1941 да снеж. 1942 у вёсках Багута, Задомля, Ляды, Пагарэлкі, Прылепы, Прыстрамы Прылепскага с/с Смалявіцкага р-на Мінскай вобл. У розны час налічвала больш за 20 чал. (кіраўнікі І.Д.Будай, П.І.Санковіч). Падпольшчыкі трымалі сувязь з падп. групамі і партыз. атрадамі Смалявіцкага, Лагойскага і Барысаўскага р-наў, працавалі па іх заданнях. Арг-цыя была своеасаблівым базавым перасылачным пунктам для людзей, што ішлі з лесу ў Мінск або ў партызаны, і тут атрымлівалі зброю, дакументы, прытулак, праваднікоў. Падполлю Мінска патрыёты дапамагалі прадуктамі, вывозілі з горада лістоўкі, шрыфты, зброю, учынялі дыверсіі. У вер. 1942 пасля правалу Мінскага падполля асн. частка падпольшчыкаў пайшла да партызан.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРАХНАЛО́ГІЯ (ад грэч. arachnē павук + ...логія),
раздзел заалогіі, які вывучае павукападобных. Вылучылася ў самастойную дысцыпліну ў сувязі з вял. пашырэннем павукападобных у свеце, стратамі, якія яны наносяць сельскай гаспадарцы, а таксама з небяспечнасцю для здароўя чалавека і жывёл ядавітых павукападобных, розных відаў кляшчоў — узбуджальнікаў і пераносчыкаў хвароб. Распрацоўка тэарэт. асноў арахналогіі звязана з імёнамі рус. вучоных М.А.Халадкоўскага, Я.М.Паўлоўскага, А.А.Бялыніцкага-Бірулі, У.М.Беклямішава. На Беларусі развіваецца з 1920-х г.; найб. ўвага аддаецца вывучэнню кляшчоў (гл.Акаралогія). Навукова-даследчая работа вядзецца ў ін-тах АН Беларусі (заалогіі, лесу), НДІэксперым. ветэрынарыі, эпідэміялогіі і мікрабіялогіі, ВНУ. Вывучаюцца відавы склад, экалогія і ўплыў антрапагенных фактараў на згуртаванне павукападобных. Распрацоўваюцца практычныя мерапрыемствы па ахове чалавека, жывёл і раслін ад шкодных павукападобных і выкарыстанні карысных відаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЬБЕ́ДА (ад лац. albus светлы),
велічыня, якая характарызуе адбівальную здольнасць паверхні цела. Вымяраецца адносінамі колькасці адбітага паверхняй святла да колькасці святла, якое падае на яе. Выражаецца ў працэнтах ці долях адзінкі. Альбеда натуральных паверхняў вымяраецца альбедаметрам, вывучаецца актынаметрыяй. Характарызуе адбівальную здольнасць нябеснага цела, якое само не свеціцца.
Адрозніваюць інтэгральнае альбеда — для ўсяго патоку выпрамянення, монахраматычнае — для пэўнай даўжыні хваляў, спектральнае — для розных участкаў спектра (ультрафіялетавае, бачнае, інфрачырв. і інш.). Інтэгральнае альбеда планеты Зямля (з атмасферай) каля 35%, у бачнай частцы спектра 40%. Залежыць ад геагр. шыраты, пары года, часу сутак, стану расліннага покрыва, воднай паверхні і інш. Альбеда вільготнай глебы 5—10%, лесу 5—20%, травянога покрыва 20—25%. свежага снегу 70—90%. Ад велічыні альбеда залежыць радыяцыйны баланс паверхні Зямлі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІДРАЛАГІ́ЧНЫ ЗАКА́ЗНІК,
тэрыторыя, вылучаная з мэтай захавання і аднаўлення каштоўных водных аб’ектаў і комплексаў прыроды. Уключаюць азёрныя, балотныя і рачныя заказнікі. На Беларусі (на 1.1.1997) 14 гідралагічных заказнікаў рэсп. значэння: Балота Мох, Белае, Вялікае Астравіта, Глыбокае-Чарбамысла, Доўгае, Ельня, Карыценскі Мох, Крывое, Рычы, Сосна ў Віцебскай, Заазер’е ў Магілёўскай, Чарэмшыца ў Мінскай, Выганашчанскае ў Брэсцкай, Дзікае ў Брэсцкай і Гродзенскай абласцях (агульная пл. 93 825 га); 14 заказнікаў мясц. значэння: 2 у Брэсцкай, 8 у Віцебскай, 3 у Гомельскай і 1 у Мінскай абласцях.
На тэр. гідралагічнага заказніка забараняецца здабыча торфу, нарыхтоўка моху, правядзенне меліярацыйных работ. Пры ўмове захавання водаахоўнай ролі насаджэнняў дазваляецца высечка лесу, кустоў, нарыхтоўка прутоў, дубільнай кары, а таксама касьба, збор грыбоў і ягад. Паляванне і рыбная лоўля вядуцца па вызначаных правілах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВУСАЧЫ́, дрывасекі (Cerambycidae),
сямейства жукоў падатр. разнаедных. У сусв. фауне каля 25 тыс. відаў, найб. шматлікія ў тропіках. Жывуць на хвойных і лісцевых дрэвах, травяністых раслінах, у глебе, у драўляных будынках. На Беларусі да 100 відаў. Найб. вядомыя: вусач дамавы (Hylotrupes bajulus), вусач караткавусы (Spondylis buprestoides), вусач мускусны (Aromia moschata). Вусач вял. дубовы (Cerambyx cerdo) занесены ў Чырв. кнігу Беларусі.
Цела прадаўгаватае, даўж. 3—180 мм, у многіх відаў укрытае валаскамі, афарбоўка часта яркая. Вусы пераважна даўжэйшыя за цела, могуць загінацца назад. Сківіцы развітыя. Лічынкі вял., белыя, развіваюцца пад карой або ў драўніне, дзе прагрызаюць хады, радзей у глебе або ў сцёблах траў. Большасць вусачоў — шкоднікі лесу, тэхн. драўніны, лесаматэрыялаў, драўляных частак будынкаў, мэблі, культ. раслін.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫКА́ЗНІК,
галоўны член сказа, які знаходзіцца ў сэнсавай і граматычнай залежнасці ад дзейніка і абазначае дзеянне, стан ці прыкмету прадмета, названага дзейнікам. Паводле будовы ў бел. мове адрозніваюць выказнікі простыя, састаўныя і складаныя.
Самыя пашыраныя простыя выказнікі; яны падзяляюцца на дзеяслоўныя (выражаюцца найчасцей дзеясловамі абвеснага, загаднага ці ўмоўнага ладу: «За ракой туманяцца лугі», А.Русак) і іменныя (выражаюцца звычайна назоўнікамі, прыметнікамі ці займеннікамі: «Душа народа — песня», Я.Брыль; «Неба сіняе, сіняе», В.Каваль; «Хлеб у нас свой», І.Шамякін). Састаўны выказнік складаецца з дзеяслоўнай звязкі і выказальнага слова, якім можа быць дзеяслоў і інш. часціны мовы: «Я рад паслухацьлесу шум» (З.Бядуля). Складаны выказнік — мнагачленнае словазлучэнне, куды ўваходзяць тры ці больш структурных кампанентаў: «Я хацеў навучыцца іграць на скрыпцы» (Я.Колас).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕСАНАРЫХТО́ЎЧЫЯ РАБО́ТЫ,
работы па валцы, тралёўцы і першаснай апрацоўцы дрэў, вывазцы лесаматэрыялаў. Выконваюцца лесанарыхтоўчымі прадпрыемствамі (леспрамгасы, адкрытыя акц. аб’яднанні, лесакамбінаты і інш.) і часткова арг-цыямі лясной гаспадаркі (лясгасы).
Для валкі дрэў адводзяць участкі спелага лесу (лесасекі). Выкарыстоўваюць бензаматорныя ланцуговыя пілы, машыны і агрэгаты для валкі і пакетавання, у т. л. валачна-сучкарэзна-распіловачныя. Ствалы (хлысты) транспартуюць у пункты першаснай апрацоўкі тралёвачнымі трактарамі або валачна-тралёвачнымі машынамі і вывозяць аўтамаб., чыг. або водным транспартам (лесавозамі). Аўтамабілі часта абсталёўваюць гідраманілулятарамі для аўтаномнага выканання пагрузачна-разгрузачных работ. У горных раёнах пашыраны канатны транспарт. На цэнтр. складах драўніну распілоўваюць на сартыменты, акорваюць, маркіруюць, штабялююць і рыхтуюць да адпраўкі. Склады абсталёўваюць распіловачнымі лініямі, сучкарэзна-распіловачнымі працэсарамі, ланцуговымі транспарцёрамі, пагрузачнымі кранамі і інш.Гл. таксама Лесанарыхтоўчая прамысловасць.