група моў, якія адносяцца да індаіранскай галіны індаеўрап, сям’і моў (гл.Індаеўрапейскія мовы). Пашыраны ў Іране, Афганістане, Сярэдняй Азіі, часткова на Каўказе, у Турцыі, Пакістане. Усталяваны падзел на ўсх. і зах. групы не зусім адпавядае іх сучаснаму геагр. пашырэнню. Усх. група ўключае асецінскую, афг., ягнобскую, памірскія, зах. — перс., тадж., курдскую, белуджскую і прыкаспійскія мовы.
Стараж. І.м. — стараж.-перс. (клінапісныя надпісы 6—4 ст. да н.э.); мова «Авесты» (1-е тыс. да н.э.), скіфская (сакская, зберагліся паасобныя словы і ўласныя імёны). Мёртвыя І.м. сярэдняга перыяду (1-е тыс. да н.э.) — сярэднеперс., парфянская, сагдыйская, харэзмійская і інш. Новымі літ. І.м. з’яўляюцца перс., тадж., курдская, афг., асецінская, белуджская (у Пакістане). Стараж. І.м. характэрны развіты сінтакс.лад, флектыўны тып марфалогіі з разгорнутай сістэмай імя і дзеяслова; гэтыя рысы ў сучасных І.м. спрасціліся: страчана катэгорыя роду, скарацілася колькасць склонаў, пашырыліся аналіт. рысы. Асаблівасць сінтаксісу — наяўнасць ізафетнай канструкцыі са спец.марфал. абазначэннем таго слова, да якога адносіцца атрыбут. Вывучае І.м. іраністыка.
Літ.:
Оранский И.М. Иранские языки. М., 1963;
Основы иранского языкознания. [Кн. 1—4.] М., 1979—87.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«НО́ВЫ ШЛЯХ»,
часопіс. Выдаваўся ў студз. 1942 — маі 1944 у Рызе з дазволу і пры падтрымцы герм. улад на рус. (наз. «Новый путь») і бел. мовах. Матэрыялы агульнапаліт. характару былі аднолькавыя. Рэдакцыя бел. варыянта знаходзілася ў Мінску (гал. рэдактар У.Сядура), у Рызе выданне рыхтаваў да друку К.Езавітаў. У падрыхтоўцы матэрыялаў прымаў удзел аддзел прэсы рэйхскамісарыята «Остланд». Друкаваў агульнапаліт. і ваен. агляды, артыкулы, у якіх усхваляліся лад жыцця, навука і культура фаш. Германіі, нарысы і фотанарысы пра розныя краіны і рэгіёны свету. Змясціў шмат публікацый пра бел.нар. творчасць, архітэктуру, жывапіс, музыку, тэатр, дзейнасць Беларускага культурнага згуртавання, матэрыялы да юбілеяў Ф.Аляхновіча, К.Каганца, А.Кіркора, І.Насовіча, Е.Раманава і інш., успаміны Аляхновіча, Я.Лёсіка, літ. творы Н.Арсенневай, У.Дудзіцкага, М.Кавыля, У.Клішэвіча, Т.Лебяды, А.Салаўя, М.Сяднёва і інш. фотанарысы «Вуліцамі Менска», «25 год Віленскай беларускай гімназіі», «Першае пасяджэнне аб урачыстым адкрыцці і дзейнасці Беларускай цэнтральнай рады» і інш. Друкаваў хроніку з гарадоў Беларусі. Выйшла 45 нумароў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЗБАЎЛЕ́ННЕ БАЦЬКО́ЎСКІХ ПРАВО́Ў,
мера, накіраваная на абарону дзяцей. Паводле Закона Рэспублікі Беларусь «Аб шлюбе і сям’і» ад 9.6.1999, бацькі (або адзін з іх) пазбаўляюцца правоў у адносінах да непаўналетніх дзяцей, калі ўстаноўлена, што яны ўхіляюцца ад выканання сваіх абавязкаў па выхаванні дзяцей або злоўжываюць бацькоўскімі правамі, жорстка абыходзяцца з дзецьмі, вядуць амаральны лад жыцця (хранічныя алкаголікі, наркаманы і інш.) або падалі пісьмовую заяву пра адмаўленне ад дзіцяці. П.б.п. праводзіцца ў суд. парадку, справа разглядаецца з удзелам пракурора і прадстаўніка органа апекі і папячыцельства. Пазбаўленыя бацькоўскіх правоў трацяць правы на дзіця (дзяцей), у т. л. правы на атрыманне забеспячэння ад іх, на іх спадчыну і на пенсіённае забеспячэнне пасля смерці дзяцей. П.б.п. не вызваляе бацькоў ад абавязкаў па ўтрыманні непаўналетніх дзяцей. Аднаўленне ў бацькоўскіх правах дапускаецца, калі гэтага патрабуюць інтарэсы дзяцей і калі дзеці не ўсыноўлены. Іск аб П.б.п. мае права прад’явіць адзін з бацькоў, апякун, папячыцель дзіцяці, пракурор, орган апекі і папячыцельства, камісія (інспекцыя) па справах непаўналетніх, інш.дзярж. органы, на якія ўскладзены абавязак па абароне правоў і інтарэсаў непаўналетніх дзяцей.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛІНЕЗІ́ЙСКІЯ МО́ВЫ,
адна з груп аўстранезійскіх моў. Пашыраны на астравах Палінезіі паміж Новай Зеландыяй, Гавайскімі астравамі і в-ам Вялікадня (Пасхі) на Ціхім акіяне. Падзяляюцца на падгрупы: танганскую (мовы тонга і ніўэ) і ўласна палінезійскую, якая складаецца з моў самаанскіх (самоа, тувалу, такелаў, усх. футуна, пука-пука, нукуора, такуў, лунгіўа, увеа, маэ і інш.) і ўсх.-палінезійскіх (маоры, гавайская, таіці, рапануі, раратонга і інш.). П.м. ўзыходзяць да агульнай прапалінезійскай мовы, якая мела сістэму з 5 галосных (i, e, a, o, u — доўгія і кароткія) і 13 зычных, што з пэўнымі зменамі адлюстравана ў фаналагічных сістэмах сучасных П.м. У граматычным ладзе пераважае аналітызм, у сінтаксісе — наяўнасць іменных і вербальных аналітычных комплексаў, што складаюцца са знамянальнага слова і шэрагу прэ- і постпазіцыйных службовых адзінак. Большасці П.м. уласцівы намінатыўны лад, для астатніх — эргатыўны. Гал. спосабы словаўтварэння — рэдуплікацыя і словаскладанне. Са старажытнасці захаваліся нерасшыфраваныя тэксты ронга-ронга (в-аў Вялікадня). Пісьменства ў некаторых П.м., што маюць літ. форму, з 19 ст. на аснове лацініцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РА́ДАМСКАЯ КАНФЕДЭРА́ЦЫЯ,
саюз магнацка-шляхецкіх колаў Рэчы Паспалітай, утвораны ў 1767 супраць спроб караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага і яго акружэння (група Чартарыйскіх) узмацніць цэнтр. ўладу шляхам памяркоўных рэформ. Вытокі Р.к. ў рашэннях сейма 1766, які адхіліў планы рэформ, у т. л. аб прадастаўленні паліт. і грамадз. правоў дысідэнтам (некатолікам). Гэта стала зачэпкай для ўмяшання Расіі і Прусіі, якія ў сак. 1767 утварылі дысідэнцкія Тарунскую канфедэрацыю і Слуцкую канфедэрацыю 1767. У адказ шырокія колы каталіцкай шляхты і духавенства ў Кароне і ВКЛ сталі злучацца ў мясц. канфедэрацыі. 23.6.1767 у г. Радам (Люблінскае, цяпер Мазавецкае ваяв., Польшча) з’ехаліся 178 паслоў ад кароннай і літ. канфедэрацый, якія абралі К.С.Радзівіла маршалкам Р.к. — аб’яднанай канфедэрацыі Рэчы Паспалітай. Аднак рас. пасол у Варшаве М.В.Рапнін патрабаваў паставіць на чале канфедэрацыі караля, узаконіць раўнапраўе дысідэнтаў і пакінуць існуючы дзярж.лад пад апекай Расіі. Пад пагрозай чарговага гвалту радамчане згадзіліся з гэтымі патрабаваннямі. Яны ўвайшлі ў праекты «вечнага» дагавору з Расіяй, акта Кардынальных правоў, і былі ўзаконены скліканым 5.11.1767 надзвычайным сеймам Рэчы Паспалітай пад пратэктаратам Расіі. Усе канфедэрацыі былі распушчаны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«РУНЬ»,
ілюстраваны літ.-мастацкі часопіс нац.-дэмакр. кірунку. Выходзіў з 2.5 да 4.7.1920 у Мінску на бел. мове штотыднёва. Рэдактар Янка Луцэвіч (Я.Купала), выдавец В.Іваноўскі. Выступаў за нац. дзяржаўнасць бел. народа, развіццё яго эканомікі, пашырэнне культуры і асветы на роднай мове. Актыўны ўдзел у выданні часопіса прымалі З.Бядуля, Л.Родзевіч, М.Чарот, мастак Я.Драздовіч. Упершыню апублікаваў цыкл вершаў Я.Купалы «Песні на ваяцкі лад», «Брат і сястра», сцэнічны жарт «Прымакі», арт. «Справа беларускага нацыянальнага гімну», апавяд. М.Багдановіча «Апокрыф», апавяданні, артыкулы, нарысы З.Бядулі, арт. Ф.Аляхновіча «Першае таварыства беларускай драмы і камедыі», сцэнічны абразок «Лес шуміць», нарыс «Тэатр на вёсцы», вершы А.Гаруна, Чарота, К.Буйло, А.Петрашкевіча, І.Піліпава, У.Жылкі. Змясціў даследаванні Я.Карскага («Духоўныя вершы і канты, штучна створаныя», «Беларускі пісьменнік-народнік А.Р.Пшчолка», «Арцём Вярыга-Дарэўскі»), У.Ігнатоўскага («Кароткі гістарычны нарыс Гродзеншчыны»), І.Гердэра («Штукарства мовы і красамоўства», пер. з ням.). Надрукаваў рэцэнзіі на творы М.Гарэцкага, даведкі пра бел. пісьменнікаў, фатаграфіі і малюнкі бел. краявідаў, помнікаў гісторыі і культуры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРА́ЦА,
мэтазгодная свядомая дзейнасць чалавека, накіраваная на захаванне, відазмяненне, прыстасаванне асяроддзя пражывання для задавальнення сваіх патрэб, на вытв-сць тавараў і паслуг. Як працэс гіст. адаптацыі чалавека да знешняга асяроддзя характарызуецца развіццём і ўдасканаленнем падзелу працы, яе прылад і сродкаў. Як абмен паміж чалавекам і прыродай азначае, што чалавек выкарыстоўвае мех., фіз. і хім. якасці прадметаў і з’яў прыроды і прымушае іх узаемна ўплываць адно на аднаго для дасягнення загадзя вызначанай мэты. Прац. дзейнасці ўласцівы апасродкаваныя рэгулюючая і кантралюючая функцыі, якія змяняюцца ў адпаведнасці з развіццём навукі і тэхнікі. Выкарыстаннем саматужнай, рамеснай тэхнікі і эмпірычных пазнанняў чалавек устанаўліваў новыя ўзаемасувязі паміж прадметамі прыроды і т.ч. ажыццяўляў абмен рэчываў з прыродай (апасродкаваная функцыя). Машынная тэхніка і прыродазнаўчыя веды далі магчымасць чалавеку ўплываць на ўзаемадзеянне паміж рознымі прыроднымі з’явамі і прадметамі (рэгулюючая функцыя), а сучасная навук.-тэхн. рэвалюцыя дае яму магчымасць кантраляваць унутр. механізм з’яў і прадметаў прыроды. У гэтым выпадку змест П. выяўляецца ў канкрэтнай акрэсленасці прац. функцый, абумоўленых тэхнікай, тэхналогіяй, арганізацыяй вытв-сці і майстэрствам работніка; адлюстроўвае спосаб спалучэння вытворцы са сродкамі вытв-сці, абумоўлены ўзроўнем развіцця прадукц. сіл, цэнтр. звяно якіх — чалавек.
Асн. законамі, што кіруюць развіццём грамадскай П., з’яўляюцца законы падзелу і перамены П., а таксама закон канкурэнцыі, які ўзмацняе іх. Змест закону падзелу П. ў тым, што грамадскі лад параджае свае спосабы падзелу П., а кожны новы грамадскі лад дабаўляе ўласцівыя яму новыя віды падзелу П., што вынікаюць з узроўню развіцця прадукц. сіл і прыроды эканам. адносін. Гэты закон пракладвае сабе дарогу стыхійна і ў той жа час з’яўляецца аб’ектыўнай неабходнасцю. Ён вызначае дынаміку падзелу П. на розныя віды (фіз. і разумовая, прамысл. і с.-г., кваліфікаваная і некваліфікаваная, выканаўчая, кіраўніцкая і інш.) і адначасова аснову падзелу грамадства на сац. групы занятых пэўнымі відамі П., адносіны паміж групамі ў залежнасці ад іх сац. статуса і прэстыжу П. З законам падзелу П. звязаны закон перамены П., які стаў дзейнічаць у працэсе замены мануфактурнай вытв-сці машыннай, калі ўзнікла неабходнасць фарміравання гнуткай, універсальнай, шматбакова развітой рабочай сілы, здольнай да навучання і перанавучання ў ходзе змены вытв. працэсаў. Аб’ектыўным законам, які ўплывае праз адносіны суб’ектаў уласнасці на ўзаемадзеянне законаў падзелу і перамены П., выступае закон канкурэнцыі, які прымушае капітал напружваць прадукц. сілы П. Гл. таксама Псіхалогія працы, Арганізацыя працы, Ахова працы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТЫ́ЧНАСЦЬ (ад лац. antiquus старажытны),
тэрмін, які абазначае старажытнасць, даўніну; пераважна ўжываецца ў дачыненні да грэка-рымскай даўніны і ўсёй сукупнасці яе праяў. Ахоплівае перыяд з 9 ст. да н.э. Да 476 н.э. (падзенне Зах.Рым. імперыі). Тэрмін «антычнасць» сфарміраваўся ў эпоху Адраджэння, калі разам з абуджэннем цікавасці да грэка-рымскай культуры ўзніклі паняцці антычнае мастацтва, ант.л-ра, антычная філасофія, ант. гісторыя і інш. У ант. грамадстве нарадзіліся агульначалавечыя каштоўнасці, якія пазней вызначаны як гуманізм, дэмакратыя, патрыятызм. Тыповай формай ант. дэмакратыі сталі дзяржава-поліс у грэкаў і цывітас (гарадская абшчына) у рымлян (адсюль паходжанне слоў «цывільны», «цывілізацыя»). У антычнасці расквітнелі розныя філас. сістэмы, развіваліся этыка, эстэтыка, гісторыя, тэатр, архітэктура і скульптура, асновай заканадаўства многіх краін стала антычнае права. Гуманіст. ідэі ант. культуры паўплывалі на развіццё культуры ўсіх еўрап. народаў, асаблівае месца ў навуцы заняла лац. мова. Больш падрабязныя і канкрэтныя звесткі пра антычнасць гл. ў арт.Грэцыя Старажытная, Рым Старажытны, Рабаўладальніцкі лад, Элінізм і інш.
Літ.:
Античная цивилизация. М., 1973;
Штаерман Е.М. Роль античного наследия в европейской культуре // История Европы. М., 1988. Т. 1.
К.А.Равяка.
Да арт.Антычнасць. Сход багоў. Размалёўка старажытнагрэчаскага келіха. Каля 510 да н.э.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЯЛЕ́ВІЧ (Антон Пятровіч) (27.5.1914, в. Дуброўка Уздзенскага р-на Мінскай вобл. — 11.4.1978),
бел.паэт. Вучыўся ў Магілёўскім педтэхнікуме, у 1933—35 — у Магілёўскім палітасветным ін-це. Друкаваўся з 1937. У першым зб. «Чалавек з Дубровы» (М., 1945, на рус. мове) — творы ваен. часу. У творчасці Бялевіча ўслаўленне подзвігу народа ў Вял.Айч. вайну, жыццё калгаснай вёскі. Яго паэзіі ўласцівыя традыцыйна-фалькл. вобразнасць, нар.-песенны лад, выразнасць маст.-выяўл. сродкаў, даступнасць лексікі, адкрытасць выказвання. Аўтар сатыр. і гумарыстычных твораў (зб-кі «Хлеб і нахлебнікі», 1957; «Маштабны Міканор», 1963), вершаў, казак і паэм для дзяцей. Выступаў як празаік і публіцыст (зб-кі нарысаў «Людзі робяць вясну», 1959; «Споведзь сэрца», 1978; нарыс «Хатынь: боль і гнеў», 1971; аповесць «Малюнкі маленства», 1977; кн.літ. партрэтаў пісьменнікаў «Чарадзеі», 1970). Пераклаў на бел. мову паэму А.Твардоўскага «За даллю — даль» (1962), паасобныя творы А.Пракоф’ева, М.Бажана, А.Малышкі, У.Няходы і інш. На словы Бялевіча напісалі песні М.Аладаў, А.Багатыроў, Я.Цікоцкі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІБЕРЫ́ЙСКА-КАЎКА́ЗСКІЯ МО́ВЫ, каўказскія мовы,
умоўная назва сукупнасці каля 40 аўтахтонных (карэнных) моў Каўказа. Пашыраны пераважна на Паўн. Каўказе, у Закаўказзі, Турцыі і Іране. Пытанне іх роднасці з інш. мовамі свету канчаткова не высветлена. І.-к.м. падзяляюць на 3 групы: абхазска-адыгскія, картвельскія і нахска-дагестанскія мовы (паводле інш. класіфікацыі нахска-дагестанскую групу падзяляюць на 2 — нахскую і дагестанскую). Найб. пашырана грузінская мова, што мае стараж. пісьменства. Пасля 1917 літаратурнымі сталі абазінская, абхазская, аварская, адыгейская, даргінская, інгушская, кабардзінская, лакская, лезгінская, табасаранская і чэчэнская. Алфавіты на арабскай і лац. графіцы, у 1936—39 пераведзены на рускую. Астатнія 25 моў бяспісьменныя (занская, сванская, бацбійская, убыхская і шэраг дагестанскіх моў).
Асаблівасць фанетыкі І.-к.м. — багатая сістэма зычных (напр., ва убыхскай мове 82 зычныя). Марфалогія І.-к.м. аглюцінатыўная (з элементамі фузіі ў нахска-дагестанскіх і з’явамі полісінтэтызму ў абхаза-адыгскіх мовах); прэфіксальны лад — агульнакаўк. рыса словазмянення і словаўтварэння. Іменныя класы раней уласцівы ўсім І.-к.м. Асаблівасць сінтаксісу — наяўнасць эргатыўнай канструкцыі сказа. Лексіка ўключае шмат агульных запазычанняў з араб., іранскай, цюркскіх і інш. моў.
Літ.:
Климов Г.А., Алексеев М.Е. Типология кавказских языков. М., 1980;
Климов Г.А. Введение в кавказское языкознание. М., 1986.