пісьменства, створанае на аснове уйгурскага алфавіта (гл.Уйгурскае пісьмо). Першыя помнікі М.п. — надпіс на т.зв. Чынгісавым камені (1225), Пісьмо іль-хана Аргуна (1289). Напрамак пісьма зверху ўніз, радкі чытаюцца злева направа, знакі паліфоннага характару (многія перадаюць па 2 ці 3 фанемы). У залежнасці ад становішча ў слове некат. знакі маюць 2 ці 3 абрысы. У алфавіце 20 асн. і 8 дадатковых літар (для перадачы іншамоўных гукаў) — вытворныя ад 14 асн. знакаў уйгурскага алфавіта, які захоўваўся ў манголаў у запазычаным выглядзе; на мяжы 16—17 ст. у яго ўнесены значныя змены. Вядомы таксама квадратнае пісьмо (13—14 ст., на аснове тыбецкага алфавіта), з 17 ст. — айрацкае «яснае пісьмо» Зая-Пандзіты (на аснове «старога пісьма»; атрымала шырокае распаўсюджанне сярод айратаў і калмыкаў). М.п. існавала да 1931 у буратаў (Бурація) і да 1945 у Манголіі; ва Унутр. Манголіі (Кітай) ім працягваюць карыстацца.
Літ.:
Санжеев Г.Д. Старописьменный монгольский язык. М., 1964;
Яго ж. Лингвистическое введение в изучение истории письменности монгольских народов. Улан-Удэ, 1977.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛО́ДЗЕЖ, калодзезь,
1) гідратэхнічнае збудаванне ў выглядзе верт. шахты ці свідравіны для збору падземных або адводу паверхневых вод.
Шахтавыя К. — круглыя або квадратныя ў плане, дыям. (стараной) да 1,5, глыб. да 40 м і болей; трубчастыя — з абсадных труб (уваходзяць адна ў адну), дыям. да 30 см, глыб. да 100 м і больш. Выкарыстоўваюцца для водазабеспячэння і арашэння (артззіянскія калодзежы), для збору вады з асушальных каналаў (зумпфы), апаражнення трубаправодаў (скідныя К.), гашэння энергіі воднага патоку (вадабойныя К.), для назірання за работай абсталявання і ўзроўнем грунтавых вод (назіральныя К.) і інш.
Збудаванне для тэхн. абслугоўвання падземных камунікацый (назіральныя К. на водаправоднай сетцы, каналізацыйнай сетцы, на трасах цепла- і газазабеспячэння), а таксама для выканання работ у складаных грунтавых умовах (апускныя калодзежы). Будуюцца з бетону, жалезабетону, часам з цэглы, металу, дрэва. Унутры К. размяшчаецца розная арматура, помпы, лесвічныя маршы, драбінкі і інш., зверху — надземнае збудаванне або лаз (люк) з накрыўкай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЕГІ́ПЕЦКАЕ ПІСЬМО́,
слоўна-складовая сістэма пісьма, якая абслугоўвала старажытнаегіпецкую мову (каля 4-га тыс. да н.э. — 3—4 ст.н.э.). Мела 3 разнавіднасці: іерагліфіка, іератыка і дэмотыка (гл.Дэматычнае пісьмо). Пачатковы этап Е.п. — малюнкавая ідэаграфія (гл.Ідэаграфічнае пісьмо) якая развілася з піктаграфічнага пісьма.
Кожны малюнак абазначаў канкрэтны прадмет, з часам малюнкі сталі набываць пэўную сімволіку (напр., малюнак пчалы стаў абазначаць не толькі пчалу, а і занятак, стараннасць, працавітасць). Большасць іерогліфаў маглі мець гукавое значэнне: абазначалі спалучэнне 2 і больш зычных гукаў або асобны гук (усяго 24). Галосныя гукі ў іерагліфічным Е.п. не абазначаліся. Фанаграмы ў ім пераважалі над ідэаграмамі. Іерогліфаў, што найчасцей ужываліся, было каля 700. Выкарыстанне папірусу і трысняговай палачкі выклікала выпрацоўку курсіву — іератыкі, якая з’яўлялася спрашчэннем іерагліфікі. Абедзве разнавіднасці ўжываліся паралельна каля 3000 гадоў. Іератыкай пісаліся літ., навук. творы, дзелавыя паперы і інш. У 8 ст. да н.э. з іератыкі развіўся новы курсіў — дэмотыка, якая характарызуецца наяўнасцю большай колькасці лігатур і большай курсіўнасцю. Е.п. ўпершыню (1822) дэшыфраваў франц. вучоны Ж.Ф.Шампальён.
Літ.:
Павленко Н.А. История письма. 2 изд. Мн., 1987.
М.А.Паўленка.
Да арт.Егіпецкае пісьмо. Узор іератычнага пісьма (зверху); той жа тэкст у іерагліфічнай перадачы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАБСТ ((Pabst) Георг Вільгельм) (27.8.1885, г. Роўдніцы, Чэхія — 30.5.1967),
нямецкі і аўстрыйскі кінарэжысёр. З 1905 акцёр і рэжысёр у т-рах Цюрыха, Зальцбурга, Берліна, Нью-Йорка, Вены. З 1921 у кіно, з 1923 кінарэжысёр. З 1933 працаваў у Францыі і ЗША, з 1939 у Аўстрыі. У фільмах спалучыў традыцыі экспрэсіянізму, камершпіле (разнавіднасць драмы з павышаным псіхалагізмам, імкненнем агаліць унутр. сутнасць звычайна нешматлікіх персанажаў, сац. песімізмам), тэорыю псіхааналізу З.Фрэйда з рэаліст. падыходам да адлюстравання рэчаіснасці; «Скарб» (1923), «Графіня Донелі» (1924), «Бязрадасны завулак» (1925, у сав. пракаце «Бязрадасная вуліца»), «Тайнікі душы» (1926), «Каханне Жанны Ней» (паводле І.Эрэнбурга, 1927), «Памылковы шлях» («Пажадлівасць», 1928), «Скрынка Пандоры» (паводле Ф.Ведэкінда, у сав. пракаце «Лулу»), «Дзённік паўшай» (абодва 1929), «Заходні фронт, 1918» (1930, першы гукавы фільм), «Трохграшовая опера» (паводле Б.Брэхта і К.Вейля, 1931), «Дон Кіхот» (паводле М.Сервантэса, 1933), «Зверху ўніз», «Сучасны герой» (паводле Л.Бромфілда, абодва 1934), «Мадэмуазель доктар» (1937), «Шанхайская драма» (1938), «Працэс» (паводле Ф.Кафкі, 1947, прэмія Міжнар. кінафестывалю ў Венецыі 1948), «Апошні акт» (паводле Э.М.Рэмарка, 1955) і інш.
Літ.:
Кракауэр З. Психологическая история немецкого кино: От Калигари до Гитлера: Пер. с англ.М., 1977.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЭТАЗГО́ДНАСЦЬ,
адпаведнасць з’явы (працэсу) пэўнаму (адносна завершанаму) стану, матэрыяльная ці ідэальная мадэль якога прадстаўляецца ў якасці мэты. Спецыфічна праяўляецца ў арган. свеце, грамадскіх сістэмах, дзеяннях чалавека. Паняцце «М.» генетычна звязана з мэтамеркаваннем як сутнасным элементам чалавечай дзейнасці, які характарызуе мысліцельныя працэсы і прадметную яго дзейнасць. Дзеянні чалавека, якія адпавядаюць нейкай мэце, мэтазгодныя ў шырокім сэнсе слова. У больш вузкім сэнсе мэтазгодна такая дзейнасць, што адпавядае ўмовам дадзенага моманту і агульнаму кірунку развіцця, заснаванаму на веданні грамадскіх законаў і патрэб развіцця. М. арганічна разглядаецца як прыстасаванасць арганізмаў да ўмоў існавання, накіраванасць працэсаў развіцця жывых сістэм, якая вызначаецца ўзаемадзеяннем знешніх і ўнутр. умоў, актыўнасцю арганізмаў. Паводле Ч.Дарвіна, адносная М. жывых арганізмаў — вынік натуральнага адбору, у ходзе якога назапашваюцца і замацоўваюцца карысныя для арганізмаў адзнакі. Тэлеалогія пашырае М. на ўсю прыроду і разглядае развіццё ўсяго існуючага як ажыццяўленне загадзя прадугледжанага плана — руху да ўстаноўленай, зададзенай зверху мэты, што пацвярджаецца гарманічнай, мэтазгоднай будовай жывых арганізмаў. У кібернетыцы М. вызначаецца тым, што складаная дынамічная сістэма захоўвае сваю ўстойлівасць дзякуючы наяўнасці адваротнай сувязі — атрыманай інфармацыі пра фактычны стан дзейных органаў сістэмы, іх узаемадзеянні з навакольным асяроддзем, а не ў сілу ўсвядомленага імкнення да якой-н. мэты.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІ́ЧБЫ,
умоўныя знакі для абазначэння лікаў. У вузкім сэнсе — знакі 0, 1, 2, 3, 4, 5, 6, 7, 8, 9.
Найб. раннім з’яўляецца запіс лікаў словамі, які захоўваўся, напр., у матэматыкаў Сярэдняй Азіі і Б. Усходу да 10 ст. З развіццём эканомікі ўзнікла неабходнасць стварэння больш дасканалых спосабаў абазначэння лікаў і распрацоўкі прынцыпаў іх запісу (сістэм лічэння). Самыя старажытныя Л. з’явіліся ў 3—2-м тыс. да н. э. (Вавілон, Стараж. Егіпет, Кітай). Напр., вавілонскія Л. ўяўлялі сабой клінапісныя знакі для абазначэння лікаў 1, 10 і 100 (ці толькі 1 і 10); астатнія натуральныя лікі запісвалі з дапамогай іх злучэння. У егіпецкай іерагліфічнай нумарацыі існавалі асобныя знакі для абазначэння адзінак дзесятковых разрадаў. З 1-га тыс. да н. э. многія народы (грэкі, фінікійцы, арабы, армяне, славяне і інш.) з алфавітным пісьмом Л. абазначалі літарамі алфавіта; у славянскай нумарацыі пры гэтым зверху ставіўся спец. знак (цітла). У сярэднія вякі ў Еўропе карысталіся рымскай нумарацыяй, у якой асобнымі знакамі (рымскімі лічбамі) можна было запісаць любы лік да мільёна. Больш дасканалая нумарацыя ўзнікла ў Індыі не пазней 5 ст.; у Еўропу яе перанеслі арабы (адсюль назва арабскія Л.); сучасная дзесятковая сістэма лічэння вядома з 15 ст.Гл. таксама Лічэнне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІСТу біялогіі,
адзін з асноўных органаў вышэйшых раслін, займае бакавое становішча па восі парастка і выконвае функцыі фотасінтэзу, транспірацыі і газаабмену. Складаецца з ліставой пласцінкі і чаранка (калі яго няма, Л. наз. сядзячым). Зверху і знізу пакрыты эпідэрмай з кутыкулай, часам з разнастайнымі валаскамі. Пад эпідэрмай знаходзіцца некалькі слаёў зялёнай тканкі (хларэнхімы), дзе адбываюцца асн.фізіял. працэсы — фотасінтэз і дыханне раслін. Праводзячыя пучкі праходзяць па жылках Л.: па драўніне (ксілеме) ад каранёў паступае вада і раствораныя ў ёй пажыўныя рэчывы, па лубе (флаэме) у інш. органы адцякаюць прадукты фотасінтэзу. Памеры Л. пераважна 3—10 см, але бываюць да 20 м (некат. пальмы). Часам відазмяняюцца ў калючкі, вусікі, лускавінкі або рэдукуюцца. Адрозніваюць простыя (з адной пласцінкай) і складаныя (з некалькімі пласцінкамі, што размешчаны перыста ці пальчата на агульнай восі). Форма Л. — характэрная адзнака віду і адлюстроўвае прыстасаванасць да пэўных экалагічных умоў — вільготнасці, асвятлення і інш. Працяг жыцця — ад некалькіх месяцаў да некалькіх гадоў (напр., у лаўра 3—4, у елкі Шрэнка да 30 гадоў). Лістапад бывае паступовым ці амаль адначасовым.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДО́МЕННАЯ ПЕЧ, домна,
шахтавая печ для выплаўкі чыгуну з жалезарудных матэрыялаў (афлюсаванага агламерату, акатышаў, жал. руды). Характарызуецца карысным аб’ёмам (бывае да 5000 м³ і больш) і прадукцыйнасцю (да 12 000 т/сут і больш). Працягласць бесперапыннага дзеяння ад пуску да спынення на капітальны рамонт (т.зв. кампанія) 10—15, часам 20 і больш гадоў.
Зверху праз калашнік у печ загружаюць порцыямі (калошамі) зыходную плавільную сыравіну (шыхту), знізу праз фурмы ў горне падаюць нагрэтае і абагачанае кіслародам паветра, вадкае. газа- або пылападобнае паліва. У шахце з жалезаруднай часткі шыхты адбываецца ўзнаўленне жалеза з вокіслаў і насычэнне яго вугляродам, у выніку чаго ўтвараецца чыгун (гл.Доменны працэс). У распары (самая шырокая цыліндрычная ч. печы) і заплечыках (конусная ч.) чыгун і шлак плавяцца (пераходзяць у вадкі стан) і праз спец. адтуліны (ляткі) перыядычна выпускаюцца ў каўшы. Доменны газ, які ўтвараецца ў доменным працэсе, выходзіць з Д.п. праз газаадводы; шлак гранулюецца (выкарыстоўваецца ў буд-ве). Д.п. футэруюць вогнетрывалай муроўкай: верхнюю ч. выкладваюць малагліназёмістым, ніжнюю — высокагліназёмістым шамотам; ч. горна, дзе назапашваецца чыгун. і под — вугляродзістымі блокамі. Звонку печ адзяецца ў стальны кажух, які ахалоджваецца пераважна праточнай вадой. Д.п. абсталёўваецца скіпавымі пад’ёмнікамі з ваганеткамі або канвеерамі, сродкамі механізацыі і аўтаматызацыі вытв. працэсу. Непадалёку ад Д.п. звычайна размяшчаецца агламерацыйная ф-ка (гл.Агламерацыя). Д.п. з’явіліся ў Еўропе ў сярэдзіне 14 ст., у Расіі каля 1630.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІТА́ЙСКАЕ ПІСЬМО́,
слоўна-складовае пісьмо для запісу тэкстаў на кітайскай мове, у якім выкарыстоўваюцца асобыя знакі — іерогліфы. Агульная колькасць такіх знакаў каля 50 тыс., у сучаснай кіт. мове выкарыстоўваюць 4—7 тыс. іерогліфаў. Кожны іерогліф прадстаўляе аднаскладовае слова ці марфему і графічна з’яўляецца камбінацыяй рысак, упісаных у квадрат. Запіс тэксту злева направа або зверху ўніз. Вылучаюць 3 тыпы іерогліфаў: піктаграмы — схематычны відарыс прадметаў (山 «гара», 目 «вока»); ідэаграмы — матываваныя камбінацыі піктаграм (人 «чалавек» + 木 «дрэва» = 休 «адпачываць»); фанаграмы — матываваныя камбінацыі піктаграм з намёкам на гучанне іерогліфа (人 жэнь «чалавек» + 圭 гуй «нефрытавы скіпетр» = 佳 цзя «прыгожы»).
Найб. стараж. знакі К.п. — «іньскія пісьмёны» (варажбітныя надпісы на бронзе, камянях, касцях, панцырах чарапах; 2-е тыс. да н. э). У 1066—771 да н. э. яны атрымалі развіццё ў выглядзе «галавастыкавага пісьма». У 221 да н. э. пачаўся працэс стандартызацыі іерогліфаў, з’явіліся стылі «вялікіх» і «малых» пячатак, уведзена «дзелавое пісьмо» лішу (спрошчаны варыянт «малых пячатак»). У 1 ст.н. э. канчаткова сфарміраваўся сучасны стыль напісання іерогліфаў (кайшу — «узорнае пісьмо»). Побач з кайшу выкарыстоўваюць скарочаныя стылі цаошу — «травяное пісьмо» і сіншу — «хадавы скорапіс». З 1956 у КНР вядзецца работа па спрашчэнні іерогліфаў. Поўныя абрысы іерогліфаў (фаньтыцзы) выкарыстоўваюцца ў Сінгапуры, Японіі (з яп. складовым пісьмом), Паўд. Карэі (з кар. азбукай) і на Тайвані. Сярод найстараж кіт.літ. помнікаў «Шуцзін» («Кніга паданняў», 12—5 ст. да н. э.), «Іцзін» («Кніга перамен», 12—8 ст. да н. э.) і «Шыцзін» («Кніга песень», 11—6 ст. да н. э.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАМО́РСКАЯ КУЛЬТУ́РА, культура тваравых урнаў, усходнепаморская культура, культура падклёшавых пахаванняў,
вейхераўска-краташынская культура, археалагічная культура плямён, якія ў 7—2 ст. да н.э. насялялі тэр. Польшчы, ПдЗ Беларусі і ПнЗ Украіны. Падзяляецца на 3 этапы: 7 — сярэдзіна 6 ст., сярэдзіна 6 ст. — 5 ст., 4—2 ст. да н.э. На тэр. Беларусі яе помнікі маюць перыферыйны характар і датуюцца 4—2 ст. да н.э. Прадстаўлены неўмацаванымі паселішчамі і бескурганнымі могільнікамі з абрадам трупаспалення. На Бел. Палессі зафіксавана каля 20 пунктаў з матэрыяламі П.к. Селішчы размяшчаліся паблізу рэк і азёр, забудоўваліся невял. паўзямлянкамі і наземнымі жытламі слупавой канструкцыі. На Беларусі, на тэр. ад Зах. Буга да р. Льва, адкрыта 8 могільнікаў П.к., на якіх выяўлена ад 1 да 5 пахаванняў. Яны прадстаўлены 3 тыпамі — падклёшавыя, урнавыя і ямныя. Нябожчыкаў спальвалі па-за межамі могільніка, рэшткі спалення ссыпалі на дно ямкі або змяшчалі ў гліняныя урны; у шэрагу выпадкаў урну накрывалі зверхувял. гаршком — клёшам. У магілы ставілі разнастайны посуд, клалі быт. рэчы і ўпрыгожанні: жал. і бронзавыя фібулы, спіральныя бранзалеты, кольцы, каменныя і шкляныя пацеркі. Асн. маса знаходак — ляпны посуд (таўстасценныя гаршкі з бугрыстай і шурпатай паверхняй, глянцаваныя міскі, збаны, вазы, накрыўкі, кубкі, падстаўкі). Насельніцтва займалася земляробствам і жывёлагадоўляй, чорнай і каляровай металургіяй, ганчарствам і інш. П.к. мела поліэтнічны характар. Ёсць меркаванні пра ўваходжанне яе ў склад праславян. Найб. вядомыя на Беларусі помнікі П.к. Камень Пінскага, Аздамічы Столінскага, Трасцяніца і Кусічы (Агароднікі) Камянецкага р-наў Брэсцкай вобл. і інш.