ПУ́КІРАЎ Васіль Уладзіміравіч (1832, с. Лужнікі Тульскай вобл., Расія — 13.6.1890),

расійскі жывапісец. Вучыўся ў Маскоўскім вучылішчы жывапісу, скульптуры і архітэктуры (1847—58), у 1861—73 выкладаў у гэтым вучылішчы (з 1863 праф.). У 1850-я г. працаваў пераважна ў жанры партрэта, пазней звярнуўся да жанравага жывапісу сац.-выкрывальнага зместу: «Няроўны шлюб» (1862), «Збор нядоімак» (1869—70), «Патрава» (1870), «Прыём пасагу па роспісе» (1873) і інш.

В.Пукіраў. Няроўны шлюб. 1862.

т. 13, с. 120

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РА́ЧЫЧ (Račić) Іосіп (22.3.1885, Хорваці каля г. Заграб, Харватыя — 20.6.1908),

харвацкі жывапісец; адзін з заснавальнікаў харвацкай школы жывапісу 20 ст. Вучыўся ў Мюнхене ў школе А.​Ажбе і АМ (1905—08). Аўтар партрэтаў і жанравых кампазіцый, якія вызначаюцца інтымнасцю вобразаў, драм. выразнасцю абагульненай манеры пісьма, стрыманай, размытай, багатай тонавымі пераходамі колеравай гамай: аўтапартрэт, «Дама ў чорным», «Партрэт старога» (абодва 1907), «Маці і дзіця», «Дзяўчынка перад люстэркам» (1908) і інш.

т. 13, с. 385

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФЕ́ДЭР, Федэрс (Fedders) Юлій (19.6.1838, г. Кокнесе, Латвія — 1.2.1909), латышскі жывапісец; адзін з заснавальнікаў лат. рэаліст. пейзажнага жывапісу. Вучыўся ў Пецярбургскай (1856—62) і Дзюсельдорфскай (1875—76) АМ. Выкладаў у навуч. установах Елгавы, у Расіі. Сярод твораў: «Пейзаж з маланкавым небам» (1873), «Рака Персе» (1890), «Даліна ракі Гаўі» (1891), «Руіны замка ў Кокнесе» (1904), «У парку Сігулды» (1905—07).

Літ.:

Эглит А., Лапинь А. Ю.​Феддерс. Рига, 1958.

т. 16, с. 345

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХО́ЛАШЫ (Hollósy) Шыман (2.2.1857, г. Сігет, Румынія — 8.5.1918),

венгерскі жывапісец. Вучыўся ў Мюнхенскай АМ (1878—82), з 1886 кіраваў Маст. школай у г. Мюнхен. У 1896 арганізаваў калонію мастакоў у Надзьбанье (цяпер г. Бая-Марэ, Румынія). У творах адлюстроўваў рэчаіснасць Венгрыі, яе нац. своеасаблівасць, звяртаўся да прыёмаў пленэрнага жывапісу. Аўтар святочных і светлых па каларыце карцін («Абіранне кукурузы», 1885, і інш.), эскізаў да работы «Марш Ракацы» (1890—1910-я г.).

т. 17, с. 44

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХО́НДЭКУТЭР (Hondecoeter) Мельхіяр дэ (1636, г. Утрэхт, Нідэрланды — 3.4.1696),

галандскі жывапісец; адзін з вядучых прадстаўнікоў галандскага анімалістычнага жанру. З 1659 працаваў у Гаазе, з 1663 у Амстэрдаме. Пад уплывам майстроў фламандскага нацюрморта адлюстроўваў пераважна «птушыныя двары», пісаў карціны з выявамі розных відаў хатніх, дзікіх або экзатычна-дэкар. птушак: «Птушкі ў парку», «Свойскія птушкі». Творы вылучаюцца барочнай пабудовай кампазіцыі, дэкаратыўнасцю каларыту. Пісаў таксама нацюрморты з бітай дзічынай.

М. дэ Хондэкутэр. Свойскія птушкі.

т. 17, с. 47

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Я́РНЕФЕЛЬТ (Järnefelt) Эра (8.11.1863, г. Выбарг, Расія — 15.11.1937),

фінскі жывапісец. Вучыўся ў Пецярбургскай АМ (1883—85) і акадэміі Жуліяна ў Парыжы (1886—91). Пісаў партрэты прадстаўнікоў фінскай інтэлігенцыі: Я.​Сібеліуса (1892), І.​Ф.​Пальмена (1892); жанравыя карціны на тэмы паўсядзённай працы і быту фінскага народа: «Гаспадар і батракі» (1893), «Дзеці гуляюць» (1895). Аўтар насценнай размалёўкі ун-та ў Хельсінкі (1916—20). Творы вылучаюцца гучным каларытам, класічна завершанай кампазіцыяй.

т. 18, кн. 1, с. 302

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БО́НІНГТАН (Bonington) Рычард Паркс (25.10.1801 ці 1802, каля г. Нотынгем, Вялікабрытанія — 23.9.1828),

англійскі жывапісец і графік; майстар пейзажнай акварэлі і літаграфіі. Вучыўся ў АМ у Парыжы (1819). Тонкія лірычныя пейзажы («Лодкі каля берага», «Венецыя»), адзначаныя непасрэднасцю назіранняў, пракладвалі шляхі пленэрным пошукам еўрап. жывапісу 19 ст., у т. л. барбізонскай школе жывапісу. Яго невял. жанрава-гіст. карціны («Генрых IV і іспанскі пасол» і інш.) адметныя рысамі рамантызму, свабодай жывапіснай манеры.

Р.П.Бонінгтан. Венецыя. 1820-я г.

т. 3, с. 213

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВА́ЛЬДМЮЛЕР (Waldmüller) Фердынанд Георг (15.1.1793, Вена — 23.8.1865),

аўстрыйскі жывапісец. Вучыўся (1807—13) і выкладаў (1829—57) у Венскай АМ. Працаваў у Вене, Заграбе, Празе, Брно. Прадстаўнік аўстр. бідэрмеера. Маляваў паэтычныя горныя ландшафты, сцэны сял. побыту («Вялікі пейзаж Пратэра», 1849; «Збіральнікі галля ў Венскім лесе», 1855; «Пасля апісання маёмасці», 1856) і партрэты, адметныя інтымнай непасрэднасцю і тонкасцю назіранняў («Сям’я натарыуса І.​А.​Эльца», 1835; «Сям’я ў парку», 1840).

Ф.Г.Вальдмюлер. Пасля апісання маёмасці. 1856.

т. 3, с. 490

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАБІНЬІ́ (Daubigny) Шарль Франсуа (15.2.1817, Парыж — 19.2.1878),

французскі жывапісец і графік. У 1840-я г. працаваў пераважна як ілюстратар, потым прымкнуў да барбізонскай школы жывапісу. Маляваў пейзажы простыя па матывах, з ціхім інтымным замілаваннем («Бераг Уазы» і «Запруда ў даліне Аптэво», абодва 1855, «Раніца», 1858, «Марскі заліў», 1864), у якіх паэтычна перадаваў свежасць, трапяткое дыханне і зменлівасць прыроды. Для яго жывапісу характэрна лёгкасць, празрыстасць колераў, багаты валёрамі танальны каларыт.

Ш.Ф.Дабіньі. Марскі заліў. 1864

т. 5, с. 557

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАМА́НАВА Вольга Мікалаеўна (н. 24.12.1958, г. Магілёў),

бел. жывапісец. Скончыла Мінскае маст. вучылішча (1978). У ранняй творчасці сімволіка-алегарычнае асэнсаванне рэчаіснасці (серыя з 9 работ «Успамін пра Русь», 1989—90). У творах «Збіральнікі галля» (1994), «Збіральнікі камення» (1995), «Малітва» (1997) і інш. асацыятыўна-філас. трактоўка вобразаў, увасобленая праз нюансавы колеравы лад. Працуе таксама ў плакаце («Не парушаць экалагічную раўнавагу!», «У што веру?»).

А.​І.​Атраховіч.

В.Даманава. Работа з серыі «Успаміны пра Русь». 1989—90.

т. 6, с. 24

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)