ПАЎЛО́ЎСКІ (Мікалай Восіпавіч) (27.1. 1903, г. Гродна — 21.10.1960),
генерал-палкоўнік (1954). Скончыў акадэмію Генштаба (1948). У Чырв. Арміі з 1920. У Вял.Айч. вайну з 1942 на Закаўказскім, 1-м, 2-м Укр., Забайкальскім франтах: нач. штаба ўмацаванага раёна, брыгады марской пяхоты, арміі, нач. аператыўнага аддзела, упраўлення штаба франтоў. Удзельнік абароны Кубані, бітвы за Каўказ, Новарасійска-Таманскай, Жытомірска-Бярдзічаўскай, Яска-Кішынёўскай, Дэбрэцэнскай, Будапешцкай, Венскай, Пражскай, Хінгана-Мукдэнскай аперацый. Пасля вайны на адказных пасадах у Сав. Арміі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПУЦЕ́ЙКА (Міхаіл Канстанцінавіч) (21.11.1913, в. Раўкуцевічы Мінскага р-на — 21.4.1945),
генерал-маёр (1944). Скончыў Мінскае пях. вучылішча (1937), Ваен. акадэмію імя Фрунзе (1941). У Чырв. Арміі з 1934. У Вял.Айч. вайну з 1941 на Паўн., Паўн.-Зах., Варонежскім, 2-м і 1-м Укр. франтах: камандзір батальёна, палка, нач. штаба, камандзір дывізіі. Удзельнік абарончых баёў у Прыбалтыцы, ліквідацыі Дзямянскага (Наўгародская вобл., Расія) плацдарма праціўніка, вызвалення Правабярэжнай Украіны, Яска-Кішынёўскай, Сандамірска-Сілезскай і Ніжнесілезскай аперацый. Смяротна паранены ў баі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАГО́ЗНЫ (Зіновій Захаравіч) (10.5.1901, г. Орша Віцебскай вобл. — 12.1.1990),
генерал-маёр (1940). Скончыў камандныя курсы (1920), Ваен. акадэмію імя Фрунзе (1931, 1935). У Чырв. Арміі з 1919. Удзельнік грамадз. вайны 1918—20 на Паўд., Зах. франтах. У сав.-фінл. вайну 1939—40 нач. штаба корпуса. У Вял.Айч. вайну з 1941 на Бранскім, Паўд.-Зах., Варонежскім, 1-м і 2-м Укр. франтах: камандзір корпуса, нач. штаба арміі. Да 1954 у Сав. Арміі і на выкладчыцкай рабоце.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУДЧУ́К (Пётр Лукіч) (20.5.1893, г. Высокае Камянецкага р-на Брэсцкай вобл. — 6.5.1969),
генерал-маёр (1940). Скончыў Ваен. акадэмію імя Фрунзе (1935). Ў арміі з 1912, у Чырв. гвардыі з 1917, у Чырв. Арміі з 1918. У грамадз. вайну на Зах. і Паўд. франтах нам. камандзіра кав. палка 1-й коннай арміі, з 1921 камандзір кав. брыгады, дывізіі. У Вял.Айч. вайну на Калінінскім, 1-м Прыбалт. франтах: камандзір палка, брыгады, дывізіі, інспектар кавалерыі фронту. Да 1946 у Сав. Арміі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СВІ́ТА (Канстанцін Мікалаевіч) (11.11.1896, в. Сёмкава Слабада Асіповіцкага р-на Магілёўскай вобл. — 24.12.1981),
генерал-маёр (1944). Скончыў ваен. вучылішча (1917), вышэйшыя стралк.-тактычныя курсы (1931). У арміі з 1915, у Чырв. Арміі з 1919. Удзельнік грамадз. вайны, разгрому антыбальшавіцкага кранштацкага паўстання 1921. Да 1941 у штабе БВА. У Вял.Айч. вайну на Паўд.-Зах., Карэльскім і 1-м Укр. франтах: нач. тылу арміі; удзельнік Старарускай, Свірска-Петразаводскай, Вісла-Одэрскай, Берлінскай і Пражскай аперацый. Да 1955 у Сав. Арміі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЛАГУ́БЫ, Давойна-Салагубы,
шляхецкі род герба «Праўдзіц» у ВКЛ Родапачынальнік Андрэй жыў у 2-й.пал. 15 ст. З 17 ст. ўжывалі прыдомак Давойна, з 18 ст. карысталіся графскім тытулам. Найб. вядомыя:
Юрый Андрэевіч (?—1514), намеснік смаленскі ў 1503—07. Я н Міхал (? —5.5.1748), сын Гераніма, чашнік жамойцкі ў 1713, падкаморы гастынскі ў 1722—24, лоўчы ВКЛ у 1724—31, вял. падскарбі ВКЛ у 1731—46, ваявода брэсцкі з 1746; брыгадзір войска ВКЛ (1724), маршалак Трыбунала ВКЛ у 1729 і 1747, староста рэчыцкі, езярышчанскі, стралецкі і санніцкі. Валодаў Горы-Горкамі, Чарэяй, Туравам. Юзаф Антоній (26.7.1709—81), сын Яна Міхала, кашталян жамойцкі ў 1742—48 і віцебскі ў 1748—52, ваявода віцебскі з 1752; палкоўнік, староста эйшышкскі і санніцкі. Ён і брат тытулаваліся графамі на Ільі, Івянцы, Тураве і Горы-Горках. Антоній (? — вер. 1759), сын Яна Міхала, палкоўнік, генерал артылерыі ВКЛ з 1746; староста езярышчанскі. Ян (? — 1812), сын Антонія, маёр артылерыі, з 1774 генерал-ад’ютант караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага. З’ехаў у Расію, палкоўнік рас. арміі, камандзір Славянскага гусарскага палка з 1777, Бел. гусарскага палка з 1779, ген.-маёр (1785); у 1794—98 шлісельбургскі павятовы прадвадзіцель дваранства. Яго нашчадкі (у т. л. ўнук — рус. пісьменнік У.А.Салагуб) атрымалі ў Расіі 11.3.1861 пацвярджэнне традыцыйна ўжыванага графскага тытула.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САМО́СА (Somoza),
сямейства, прадстаўнікі якога шляхам рэпрэсій і выбарчых махінацый утрымлівалі паліт. ўладу ў Нікарагуа ў 1930—70-я г.Самоса Гарсія (Somoza García) Анастасіо (1.2.1896, Сан-Маркас, Нікарагуа — 29.9.1956), заснавальнік паліт. дынастыі С. Скончыў Нац.ўсх.ун-т (г. Гранада, Нікарагуа). Быў міністрам абароны і ВМФ, паслом у Коста-Рыцы, міністрам замежных спраў. З 1932 каманд.Нац. гвардыяй Нікарагуа, генерал. У 1934 паводле яго загаду забіты А.С.Сандзіна. У 1936 шляхам фальсіфікацый і насуперак канстытуцыі абраны прэзідэнтам краіны. Прэзідэнт Нікарагуа ў 1937—47 і 1950—56 (у 1947—50 прэзідэнтам краіны быў яго дзядзька В.М.Раман-і-Рэес). Смяротна паранены праціўнікам рэжыму. Самоса Дэбайле (Somoza Debayle) Луіс Анастасіо (18.11.1922, г. Леон, Нікарагуа — 13.4.1967), сын Самоса Гарсіі. Атрымаў адукацыю ў ЗША. Каманд.Нац. гвардыяй Нікарагуа, палкоўнік. У 1956—63 прэзідэнт Нікарагуа. З 1963 пажыццёвы сенатар, фактычны кіраўнік краіны пры марыянетачным прэзідэнце Р.Шык Гуцьерэсе. Самоса Дэбайле (Somoza Debayle) Анастасіо (5.12.1925, г. Леон — 17.9.1980), малодшы сын Самосы Гарсія. Скончыў ваен. акадэмію ў Уэст-Пойнце (ЗША). У 1964 каманд.Нац. гвардыяй Нікарагуа, генерал. Прэзідэнт Нікарагуа ў 1967—72 і 1974—79. Скінуты ў выніку Нікарагуанскай рэвалюцыі 1979. Уцёк у Парагвай, дзе загінуў у выніку тэрарыст. акта.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДЫНЦЫ́,
шляхецкі род герба «Адынец» у ВКЛ.
Найб. вядомыя: Марцін, сын Яна, скарбнік смаленскі (1745). Тадэвуш (1781—1833), сын Станіслава. Адвакат пры Гал. трыбунале ВКЛ. У 1800 набыў Гейстуны (Ашмянскі пав.), віцэ-маршалак гэтага павета. Меў 7 дзяцей, сярод іх пісьменнік А.Адынец. Верагодна, да гэтага роду належаў Вінцэнт Адынец (1865—1952) з сям’і шляхціца ў Ліцвінаве пад Мінскам. Генералрус. арміі, удзельнічаў у рус.-японскай вайне 1904—05. Служыў у Першым Польскім корпусе, Бел.-Літ. дывізіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРЫГАДЗІ́Р (ням. Brigadier),
1) ва ўзбр. сілах Францыі ў 1667—1788 афіцэрскі чын камандзіра пяхотных ці конных брыгад, пазней чын мал. унтэр-афіцэра ў кавалерыі, артылерыі, жандарскіх, інж. часцях; у Германіі да 1674 назва (па пасадзе) камандзіра артыл. брыгады; у Расіі ў 1722—99 афіцэрскі чын, прамежкавы паміж палкоўнікам і генерал-маёрам; у ВКЛ да 1794 назва камандзіра артыл. ці кав. брыгады. У сучасных умовах званне брыгадзір прысвойваецца афіцэрам сухап. войск Вялікабрытаніі, Індыі, Егіпта і некаторых інш. дзяржаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУЛАНЖЭ́ ((Boulanger) Жорж Эрнест) (29.4.1837, г. Рэн, Францыя — 30.9.1891),
палітычны дзеяч Францыі, генерал. Удзельнік аўстра-італа-франц. (1859), франц. каланіяльнай (Індакітай, 1852—62) і франка-прускай (1870—71) войнаў, задушэння Парыжскай камуны 1871. У 1886—87 ваен. міністр. У 1887—89 узначальваў шавіністычны рух (буланжызм), які меў на мэце ўсталяванне ваен. дыктатуры, перагляд дэмакр. свабод і роспуск парламента, імкнуўся развязаць рэваншысцкую вайну з немцамі. У 1889 Б. абраны ў палату дэпутатаў, але абвінавачаны ў сувязі з манархістамі, уцёк у Бельгію, дзе скончыў самагубствам.