ПЛЮ́СКАЕ ПЕРАМІ́Р’Е 1583, адзін з дагавораў паміж Расіяй і Швецыяй, якімі закончылася Лівонская вайна 1558—83. Заключаны на р. Плюса тэрмінам на 3 гады (потым прадоўжаны да 1590). Паводле П.п. пад уладай Швецыі заставаліся рус. землі, якія яна захапіла ў час вайны: гарады Івангорад, Ям, Капор’е і Карэла з іх паветамі. У выніку рус.-шведскай вайны 1590—93 паводле Цяўзінскага мірнага дагавора 1595 усе гэтыя тэрыторыі вернуты Расіі. Гл. таксама Ям-Запольскі мірны дагавор 1582.

т. 12, с. 439

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЙНА́ МАСКО́ЎСКАЙ ДЗЯРЖА́ВЫ З ВЯЛІ́КІМ КНЯ́СТВАМ ЛІТО́ЎСКІМ 1507—08,

вайна за аб’яднанне ўсх.-слав. зямель у складзе Маскоўскай дзяржавы. У лют. 1507 віленскі сейм прыняў рашэнне аб вяртанні зямель, страчаных у папярэдніх войнах. У крас. 1507 конныя маскоўскія палкі ўчынілі набегі на Полацк і Смаленск; у ліст. 1507 яны асадзілі Крычаў і Мсціслаў. Калі на дапамогу асаджаным стала падыходзіць паспалітае рушэнне ВКЛ, рус. войскі вярнуліся ў свае землі. Другі этап вайны звязаны з Глінскіх мяцяжом 1508. Сабраўшы каля 2 тыс. чал., М.Л.Глінскі заняў Тураў і Мазыр, спрабаваў захапіць Слуцк і інш. гарады. Вял. князь маскоўскі Васіль III накіраваў пад Слуцк на дапамогу Глінскаму войска на чале з В.​І.​Шамячычам, а палкі Д.​Шчэні і Я.​Захар’іна — на Смаленск, трэцюю групу войска — на Полацк. Шамячыч і Глінскі аблажылі Мінск, рабілі рэйды аж да Слоніма. Паспалітае рушэнне ВКЛ, аб’яднаўшыся з польск. войскам (усяго 15—16 тыс. чал.), пад камандаваннем К.І.Астрожскага прымусіла Шамячыча і Глінскага адступіць, а маскоўскае войска — зняць аблогу Оршы. Асобныя атрады ВКЛ напалі на Северскую зямлю, занялі Дарагабуж і Таропец. Маскоўскія ваяводы неўзабаве зноў вярнулі гэтыя гарады. Вайна скончылася безвынікова. Пагадненне аб чарговым «вечным міры» замацавала паміж дзяржавамі ранейшыя межы.

Г.​М.​Сагановіч.

т. 3, с. 455

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЎНО́ЧНЫ ПАХО́Д 1926—28,

састаўная частка рэвалюцыі 1925—28 у Кітаі. Праводзіўся сіламі Нац.-рэв. арміі (НРА), створанай Нац. (Гуанчжоўскім) урадам пры ваен. дапамозе СССР (галоўнакамандуючы ген. Чан Кайшы, гал. ваен. саветнік В.К.Блюхер). П.п. быў накіраваны супраць мясц. ваен. правіцеляў, якія перашкаджалі аб’яднанню краіны. Пачаўся 7.9.1926. Наступленне вялі некалькі карпусоў (каля 100 тыс. чал.), якія былі падзелены на 2 групоўкі (калоны), іх падтрымліваў авіяц. атрад сав. лётчыкаў-добраахвотнікаў. У ліп.жн. 1926 войскі НРА разбілі армію ген. У Пэйфу, занялі правінцыю Хунань, у кастр.г. Ухань, у ліст.снеж. — правінцыі Цзянсі і Фуцзянь, у сак. 1927 — гарады Шанхай і Нанкін. Пасля ваен. перавароту, здзейсненага Чан Кайшы ў Шанхаі (крас. 1927), і стварэння паралельных нац. урадаў (у Шанхаі і Ухані) войскі НРА дзейнічалі паасобку. У маі 1927 войскі уханьскага ўрада злучыліся з нац. арміямі Фэн Юйсяна, якія дзейнічалі ва Унутр. Манголіі. Пасля аб’яднання Гаміньдана і стварэння адзінага нац. ўрада да 1928 П.п. адноўлены. У крас.—маі 1928 НРА заняла правінцыю Шаньдун, у чэрв.гарады Пекін і Цяньцзінь. Поспехі НРА прымусілі ваен. правіцеля Маньчжурыі маршала Чжан Сюэляна прызнаць у снеж. 1928 уладу нац. ўрада, што і стала завяршэннем П.п.

В.​У.​Адзярыха.

т. 12, с. 228

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЭ́ПАСЦЬ,

умацаваны пункт з пастаянным гарнізонам, узбраеннем і прыпасамі, прызначаны для кругавой доўгатэрміновай абароны ва ўмовах аблогі. Асн. абарончыя элементы К.: земляныя валы, равы, драўляныя ці мураваныя сцены і вежы з байніцамі, брамы, барбаканы, бастыёны, равеліны і інш. Падзяляліся на сухапутныя і марскія (прыморскія).

Правобразамі К. былі ўмацаваныя паселішчы першабытнай эпохі. У рабаўладальніцкіх дзяржавах многія гарады былі адначасова і К. (Карфаген, Рым, Канстанцінопаль). Для прыкрыцця граніц К. будавалі ў Стараж. Егіпце, Рыме, Асірыі, Вавілоне, Персіі і інш.

У сярэдневякоўі ў Зах. Еўропе выгляд К. набылі ўмацаваныя замкі феадалаў, гарады і манастыры. На Русі буд-ва К. пачалося ў 10—11 ст. з мэтай абароны насельніцтва гарадоў і навакольных раёнаў.

На Беларусі тэрмін «К.» у сучасным яго разуменні вядомы з 18 ст. Раней К. называлі водныя перашкоды, балоты, высокія схілы, якія ахоўвалі паселішчы. У 11—13 ст. функцыі К. адыгрывалі некат. парубежныя гарады (Мінск, Гродна, Камянец, Кукенойс, Герцыке). Асновай іх абароны былі дзядзінцы. Другую лінію абароны складалі ўмацаванні вакольнага горада. Вузлавымі пунктамі абароны гарадоў з’яўляліся замкі, умацаваныя манастыры і кляштары. У 15—17 ст. некат. бел. гарады (Магілёў, Мсціслаў, Віцебск, Полацк) адыгрывалі ролю парубежных К. Іх абарончыя ўмацаванні звычайна складаліся з некалькіх паясоў магутных фартыфікацыйных збудаванняў вакол горада. У функцыян. адносінах значна бліжэй да К. былі ўмацаваныя гарадкі-астрогі Туроўля, Сітна, Суша, Сокал, Казьян і інш., пабудаваныя ў 16 ст. на Полаччыне. Пад уплывам італьян. і галандскай фартыфікацыі з 2-й пал. 16 ст. на Беларусі пашырылася буд-ва бастыённай сістэмы ўмацаванняў. Сярод К. новага тыпу вылучаліся Магілёў, Быхаў, Ляхавічы, Нясвіж, асабліва Слуцк, які да канца 18 ст. называлі «бастыёнам Вялікага княства Літоўскага». На Беларусі крапаснымі збудаваннямі былі таксама многія цэрквы, у т. л. Мураванкаўская царква-крэпасць, Супрасльская царква-крэпасць, Сынковіцкая царква-крэпасць, жылыя дамы — Гайцюнішскі дом-крэпасць, Гродзенскі новы замак. Традыц. драўляна-земляныя збудаванні паступова трацілі сваё стратэг. значэнне. Павелічэнне далёкасці і магутнасці агню артылерыі прывяло да ўзнікнення ў 19 ст. фортавай К., якая складалася з т. зв. ядра (звычайна старой К.) і вынесеных уперад на 2—3 км асобных фортаў на адлегласці 1,5—2 км адзін ад аднаго. Такія ўмацаванні мелі Бабруйская крэпасць і Брэсцкая крэпасць. У 1914 на тэр. Еўропы было больш за 150 разнастайных К. У перыяд паміж 1-й і 2-й сусв. войнамі, з развіццём узбраення і ваен. тэхнікі, усе краіны адмовіліся ад фортавых К. і пачалі ствараць умацаваныя раёны і палосы. Гл. таксама Абарончыя збудаванні.

Літ.:

Rogalski M., Zaborowski M. Fortyfikacja wczoraj i dziś. Warszawa, 1975;

гл. таксама пры арт. Абарончыя збудаванні.

М.​А.​Ткачоў.

Схема Брэсцкай крэпасці. 1941.
Крэпасць Туроўля. 1566—67.

т. 8, с. 540

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРДАШЫ́Р I, Арташыр Папакам (каля 180 — 22.9.239 або 241),

заснавальнік і першы цар [224—241] дынастыі Сасанідаў у Іране. Служыў у правіцеля парфянскай крэпасці ў Фарсе. Каля 200 стаў правіцелем гэтай крэпасці, падпарадкаваў гарады Фарс, Керман і Гей (сучасны г. Ісфахан). 28.5.224 пры падтрымцы знаці і жрацоў разбіў войскі парфянскага цара Артабана V, пасля чаго Парфянскае царства перастала існаваць. Стварыў Сасанідаў дзяржаву. У выніку барацьбы Ардашыра з Рымам за Месапатамію і Арменію, войнаў на Усходзе значна пашырыў тэр. дзяржавы.

т. 1, с. 475

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БА́ЛАТАН (Balaton),

возера ў Венгрыі, на Сярэднедунайскай раўніне, каля паўд.-ўсх. падножжа гор Бакань на выш. 105 м. Пл. 598 км². Даўж. з ПдЗ на ПнУ 78 км. Глыб. да 11 м. Берагі пераважна нізкія, часткова забалочаныя, уздоўж паўн. ўзбярэжжа месцамі высокія. У Балатан упадае шмат кароткіх рэк, сцёк з возера праз канал ў р. Шыо (бас. Дуная). Суднаходства. Рыбалоўства. Балатан і яго наваколле — курортны раён міжнар. значэння. Па берагах гарады Шыяфок, Кестхей; ландшафтны заказнік Ціхань, рэзерват Кішбалатан.

т. 2, с. 240

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДРА́ВА (Drava, ням. Drau),

рака ў Аўстрыі, Славеніі, Харватыі, часткова з’яўляецца мяжой паміж Харватыяй і Венгрыяй; правы прыток р. Дунай. Даўж. 749 км, пл. бас. 40,4 тыс. км². Пачынаецца ў Карнійскіх Альпах, перасякае Клагенфурцкую катлавіну, прарываецца праз паўд. адгор’і Усх. Альпаў і цячэ па Сярэднедунайскай раўніне. Гал. прытокі — Гурк, Мура (злева), Гайль, Карашыца (справа). Сярэдні расход вады 610 м³/с. Веснавое разводдзе, летне-асеннія паводкі. Каскад ГЭС. Суднаходная. На Д. — гарады Філах (Аўстрыя), Марыбар (Славенія), Враждзін, Осіек (Харватыя).

т. 6, с. 190

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАБУ́Л,

рака ў Афганістане і Пакістане, правы прыток р. Інд. Даўж. 460 км, пл. бас. каля 75 тыс. км². Пачынаецца ў гарах Гіндукуша (хр. Баба), цячэ пераважна ў яго адгор’ях, перасякае Джэлалабадскую міжгорную ўпадзіну, ад г. Пешавар — па ўзгорыстай раўніне. Летнія паводкі. Сярэдні гадавы расход вады каля 700 м³/с. Выкарыстоўваецца для арашэння Кабульскага, Джэлалабадскага, Пешаварскага аазісаў. На К. ГЭС Наглу (Афганістан), вадасховішча. Суднаходная летам на 120 км. На К. — гарады Кабул, Джэлалабад (Афганістан), у даліне — Пешавар (Пакістан).

т. 7, с. 388

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУРГА́Б,

рака ў Афганістане і Туркменістане. Даўж. 978 км, пл. бас. 46,9 тыс. км². Пачынаецца ў гарах Парапаміза, цячэ ў вузкай даліне паміж хр. Банды-Туркестан і Сафедкох. На тэр. Туркменістана даліна пашыраецца, каля г. Мары перасякае Каракумскі канал. Заканчваецца М. ірыгацыйным веерам у пясках Каракумаў. Разводдзе ў сак.—маі, зімой паводкі. Расход вады ў сярэднім цячэнні каля 52 м³/с. Шэраг вадасховішчаў, у т. л. Сарыязінскае. Выкарыстоўваецца для арашэння. На М. — гарады Іалатань, Мары, Байрам-Алі.

т. 11, с. 34

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕ́РШАЕ БАЛГА́РСКАЕ ЦА́РСТВА,

раннефеадальная дзяржава на Балканскім п-ве ў 680—1018. Сталіцы — гарады Пліска (да 893) і Прэслаў. Засн. ў 680 ханам цюркскіх протабалгараў Аспарухам на слав. землях Візантыі, якая ў 681 прызнала яго незалежнасць. Найб. магутнасці дасягнула пры цару Сімяоне [893—927], У 969 з яго вылучылася асобнае Зах.-Балг. царства з цэнтрам у сучаснай Македоніі. У 971 астатнюю тэр. П.Б.ц. з г. Прэслаў захапіла Візантыя, якая ў 1018 заваявала і Зах.-Балг. царства. Гл. таксама Балгарыя.

т. 12, с. 307

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)