ПІРЭ́ТРУМ,

рамоначнік (Pyrethrum), род кветкавых раслін сям. складанакветных. Каля 100 відаў. Пашыраны ў Еўразіі і Паўн. Афрыцы. На Беларусі 1 еўрасібірскі рэліктавы від П. шчытковы (P. corymbosum), занесены ў Чырв. кнігу. Расце ў асветленых лісцевых лясах, сухадольных астэпаваных лугах. Трапляецца здзічэлы П. вялікі, або бальзамічны кануфер (P. majus), які культывуюць як прыпраўную расліну, як інсектыцыдную — культывуюць П. цынерарыялісты, або далмацкі рамонак (P. cinerariifolium). Інтрадукаваны 2 віды П.: чырвоны, або каўказскі рамонак (P.coccineum) і дзявочы (P.parthenium).

Шматгадовыя травяністыя расліны выш. 5—150 см. Сцёблы апушаныя, прамыя і ўзыходныя. Лісце чаргаванае, перыстарассечанае, радзей суцэльнае. Кветкі дробныя, ў адзіночных або сабраных у агульнае шчыткападобнае суквецце кошыках. Плод — сямянка. Некат. віды маюць пірэтрыны. Род П. часта аб’ядноўваюць з родам піжма і хрызантэма. Інсектыцыдныя, лек., харч., дэкар. расліны.

Пірэтрум цынерарыялісты.

т. 12, с. 385

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДРУКАВА́ННЕ,

працэс атрымання адбіткаў шляхам пераносу фарбы з друкарскай формы на паперу, тканіну, кардон, пластмасу, метал і інш. матэрыялы. Асн. віды Д. ў паліграфіі: высокі друк, плоскі друк (у т. л. афсетны друк), глыбокі друк. Пашыраны таксама трафарэтны друк і электраграфія. Гл. таксама Кнігадрукаванне, Нотадрукаванне, Друкаванне тканін.

т. 6, с. 220

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНВЕНЦЫ́ЙНЫЯ ЦЭ́НЫ,

у знешнім гандлі цэны на экспартуемую і імпартуемую прадукцыю (тавары і паслугі), якія ўстанаўліваюцца міжнар. дагаворамі і пагадненнямі на ўзроўні ўрадаў краін. У адпаведных канвенцыях па цэнах прадугледжваюцца таксама ўзаемныя правы і абавязкі дзяржаў у галіне цэнаўтварэння і ўзроўняў цэн на пэўныя віды прадукцыі, тавараў.

т. 7, с. 574

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕТРЫ́ЧНЫ ВЕРШ,

верш, у аснове якога ляжаць метрычныя прынцыпы арганізацыі вершаванага радка (гл. Метр у вершаскладанні). Да яго адносяцца ўсе віды вершаў ант. (метрычнай) і сілаба-танічнай сістэм вершаскладання. Як яго процілегласць існуе дысметрычны верш, што ўключае формы верша (сілабічны, танічны, свабодны), у якіх не вылучаюцца стопы.

В.​П.​Рагойша.

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРЭ́ЛКА,

моцны алкагольны напітак; сумесь рэктыфікаванага этылавага спірту (40—56 аб’ёмных %) са змякчанай вадой. Для прыгатавання гарэлкі водна-спіртавую сумесь прапускаюць праз актываваны вугаль, потым фільтруюць. Розныя віды гарэлкі маюць цукар, пітную соду, ацэтат натрыю і інш. Перагонкай зброджаных пладоў і ягад атрымліваюць гарэлку вінаградную, вішнёвую і да т.п.

т. 5, с. 79

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКАЯ КАНДЫ́ТАРСКАЯ ФА́БРЫКА «КАМУНА́РКА».

Буд-ва пачата ў 1930 у Мінску. У 1931 выпушчана першая прадукцыя. У Айч. вайну разбурана. У снежні 1944 адноўлена. З 1994 адкрытае акц. т-ва. Асн. віды прадукцыі: карамель, дражэ, ірыс, шакаладныя цукеркі, шакаладныя пліткі, какава-парашок, вафлі.

Прадукцыя Мінскай кандытарскай фабрыкі «Камунарка».

т. 10, с. 426

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАСТЭРЭ́ЛЫ (Pasteurella),

род бактэрый сям. бруцэлавых. 4 віды. Найб. пашыраная і вывучаная P. multocida, якая выклікае захворванні свойскай і дзікай жывёлы (напр., пастэрэлёзы, бывае прычынай рэспіраторных хвароб чалавека.

Клеткі шара- ці яйцападобнай формы, нерухомыя, грамадмоўныя, інтэнсіўна афарбоўваюцца на полюсах. Аэробы або факультатыўныя анаэробы. Спор не ўтвараюць.

А.​І.​Ерашоў.

т. 12, с. 175

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРЧЫ́ЦА (Sinapis),

род кветкавых раслін сям. капуставых. 10 відаў. Пашыраны пераважна ў Міжземнамор’і, Еўропе, Зах. Азіі і Паўн. Афрыцы. На Беларусі як пустазелле на палях, агародах, каля дарог трапляюцца гарчыца палявая, або дзікая (S. arvensis), і гарчыца белая, або англійская (S. alba). Гарчыцу белую культывуюць як кармавую, алейную і вострапрыпраўную расліну. Гарчыцай таксама называюць некат. віды капусты, марской гарчыцы.

Адна-, рэдка двух- і шматгадовыя травяністыя расліны з прамастойным галінастым сцяблом выш. да 1 м. Лісце суцэльнае ці лірападобна-надрэзанае, чаргаванае, апушанае. Кветкі невялікія, двухполыя, жоўтыя ці белавата-жоўтыя, у доўгіх гронках. Плод — двухстворкавы стручок з доўгім носікам. Вострапрыпраўныя, харч., кармавыя, лек. і меданосныя расліны, некаторыя віды — пустазелле. Насенне мае да 40% тлустага алею, гліказід сінігрын, фермент міразін. З яго робяць харч. гарчычны і эфірны алеі, сталовую гарчыцу, мед. гарчычнікі і інш.

Гарчыца палявая.

т. 5, с. 73

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЯДКІ́ (Agrimonia),

род кветкавых раслін сям. ружавых. 10 відаў. Пашыраны пераважна ў Паўн. паўшар’і. На Беларусі 3 дзікарослыя віды: Дз. аптэчныя, або звычайныя (A. eupatoria), валасістыя (A. pilosa) і высокія, або пахучыя (A. procera). Растуць у шыракалістых і шыракаліста-хваёвых лясах, на сухіх схілах, у хмызняках і інш. У Цэнтр бат. сад Нац. АН інтрадукаваны 2 віды, з якіх найб. перспектыўныя як лек. і фарбавальныя расліны Дз. азіяцкія (A. asiatica).

Шматгадовыя залозіста-апушаныя травяністыя расліны з высокімі прамастойнымі простымі ці галінастымі сцябламі і кароткімі карэнішчамі. Лісце чаргаванае, няпарнаперыстае. Кветкі дробныя, двухполыя, 5-членныя, жоўтыя, у доўгіх коласападобных гронках. Плод — 1—2-арэшак, укрыты кручкападобнымі шчацінкамі (адсюль бел. назва роду), з дапамогай якіх ён чапляецца да шэрсці жывёл і вопраткі людзей. Лек., эфіраалейныя, дубільныя, фарбавальныя і дэкар. расліны.

Г.​У.​Вынаеў.

Дзядкі аптэчныя.

т. 6, с. 136

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖУРАВІ́НЫ (Oxycoccus),

род кветкавых раслін сям. верасовых. 4 віды. Пашыраны ў халодных і ўмераных абласцях Паўн. паўшар’я. На Беларусі 2 віды: Ж. балотныя (O. palustris) і драбнаплодныя (O. microcarpus). Растуць пераважна на сфагнавых балотах, нярэдка ўтвараюць зараснікі. У шэрагу раёнаў Беларусі створаны спецыялізаваныя заказнікі-журавіннікі. У культуры вырошчваюць Ж. буйнаплодныя (O. macrocarpus), інтрадукаваныя з Паўн. Амерыкі.

Шматгадовазялёныя паўкусты і кусцікі 3 тонкім, доўгім (даўж. больш за 1 м), разгалінаваным сцяблом. якое сцелецца, і дробным чаргаваным суцэльным скурыстым лісцем. Кветкі двухполыя, дробныя, ружовыя, на доўгіх кветаножках, па 1—6 у парасонападобных суквеццях. Плод — цёмна-чырв. ягада. Ягады маюць лімонную, бензойную і інш. к-ты, пекціны, гліказід вакцыніін, вітаміны C і P. Захоўваюцца доўгі час, шырока выкарыстоўваюцца ў харч. і лікёра-гарэлачнай прам-сці. Лек., харч., кармавыя, вітамінаносныя і меданосныя расліны.

Г.​У.​Вынаеў.

Журавіны балотныя.

т. 6, с. 450

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)