французскі літаратар. Паходзіў з італьян. роду, аселага ў Францыі. З 1739 чл. каталіцкай кангрэгацыі аратарыянцаў. Падарожнічаў па Італіі і Германіі. У 1754—61 у Рэчы Паспалітай, выхавацель сыноў кароннага гетмана польскага Вацлава Жавускага. Аўтар твораў «Лісты, адрасаваныя знакамітай нябожчыцы, што нядаўна памерла ў Польшчы» (1770, 1771), «Польшча, якая яна была, якая ёсць і якая будзе» (1775), «Жыццё графа Вацлава Жавускага, вялікага генерала і першага сенатара Польшчы» (1782), у якіх даў звесткі па гісторыі Рэчы Паспалітай, апісаў свае асабістыя ўражанні ад падарожжаў па краіне, сустрэч з вядомымі дзярж. дзеячамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРЛ МАРТЭ́Л (Carolus Martellus, ад позналац. martellus молат; каля 688—22.10.741),
маярдом (правіцель) Франкскай дзяржавы [715—741], палкаводзец. Зроду Піпінідаў (пазней наз Каралінгамі). Сын і пераемнік Піліна Герыстальскага (п. у 714), бацька Піпіна Кароткага, дзед Карла Вялікага. Разбіў сілы знаці Нейстрыі (716—717), што паўстала, герцагаў Аквітаніі і ўладальнікаў Праванса, падпарадкаваў і абклаў данінай зарэйнскія стараж.-герм. плямёны фрызаў (733—734), саксаў, алеманаў, бавараў. Каб прыцягнуць на службу ў сваё войска васалаў, правёў бенефіцыяльную рэформу (замена алода бенефіцыем). У выніку вырашальнай бітвы пры Пуацье (732) спыніў прасоўванне арабаў у Еўропу. Клапаціўся аб асвеце і прапагандзе хрысціянства.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРО́ЛЬ,
манархічны тытул. Этымалогію назвы К. выводзяць з лац. формы імя Карла Вялікага — Carolus (8—9 ст.); паводле інш. версіі, паходзіць з прагерманскага Karla (стары, старэйшына). Скандынаўскія крыніцы і хроніка Пятра Дусбургскага ўпершыню на землях Беларусі называюць К. (Konung, rex) полацкіх князёў, якія рэальна былі вярх. ўладарамі і ўспрымаліся адпаведна вярх. сюзерэнамі. К. ў Польшчы, пазней і ў Рэчы Паспалітай выбіраліся сеймам. У час каранацыі К. атрымліваў знакі ўлады — залатую карону, скіпетр, яблык (залаты шар з крыжам), каралеўскі меч і пярсцёнак. З’яўляўся найвышэйшым суддзёй, узначальваў войска ў час паходаў, быў кіраўніком знешняй палітыкі. Гл. таксама Каралеўства.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУХАМАДЗІ́ЕЎ (Фазлідзін) (15.6.1928, г. Самарканд, Узбекістан — 6.10.1986),
таджыкскі пісьменнік. Нар. пісьменнік Таджыкістана (1986). Друкаваўся з 1955. У кнігах нарысаў і апавяданняў «Перасяленцы» (1959), «Сад кахання» (1969), аповесцях «Узрыў, якога не было» (1961), «Домік на ўскраіне» (1962), «Зайнабібі» (1964), «Падарожжа на той свет, або Аповесць пра вялікага Хаджу» (1966), «Японскі шоўк» (1982), рамане «Вуглавая палата» (1974) надзённыя сац.-паліт. і маральна-этычныя праблемы. У творах спалучаў лірызм і тонкі гумар, паглыблены псіхалагізм, публіцыстычны пафас і дакументалізм. На бел. мову асобныя творы М. пераклалі М.Стральцоў, Г.Ткачова.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЧАЛІ́НЦАЎ (Сяргей Міхайлавіч) (н. 22.10.1952, г. Броды Львоўскай вобл., Украіна),
бел. мастак. Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1975), у 1978—85 выкладаў у ім. Аўтар графічных твораў «Развянчаны час» (1984), «Раніца» (1987), «У рытме вадзяных кругоў» (1988), дыпціхаў «Кантрапункт» (1980), «Часовыя ўражанні» (1987), трыпціха «На краі» (1989), серыі «Загадкі вялікага лесу» (1988—90); жывапісных кампазіцый «Удар кап’ём» (1993), «Паток» (1995), «Збіранне ракавін», «На каўчэгу» (1998), «У рытме вадзяных кругоў» (2000), серыі «Татэмы» (1991—92), плакатаў, афармлення кніг. Творам уласцівы асацыятыўная і сімвалічная мова, спалучэнне выяўл. матываў і абстрактнай кампазіцыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЯ́ДЗЯ,
старажытная адзінка (мера) даўжыні ў Беларусі і Расіі, роўная макс. адлегласці па прамой лініі паміж канцамі выцягнутых вялікага і ўказальнага пальцаў рукі чалавека. Слова «П.» абазначае «кісць рукі» і паходзіць ад агульнага кораня са словам «пяць». Лікавае значэнне П. вагалася ад 18 да 27 см. У 16 ст. мерную П. прыраўнавалі да 1/4аршына (17,78 см), пасля чаго найменне «П.» паступова выйшла з карыстання. Захавалася ў прымаўках: «Ні пядзі зямлі» (не аддаць, не саступіць). У англамоўных краінах выкарыстоўваюць падобную адзінку даўжыні спэн (англ. span — пядзя), роўную 9 цалям, або 22,86 см.
зборнік дакументаў з Метрыкі Вялікага княства Літоўскага за 1413—1507. Выдадзены Ф.І.Леантовічам у Варшаве (т. 1, вып. 1—2, 1896—97). Уключана больш за 750 дакументаў на бел. і лац. мовах, выяўленых у 66 кнігах-копіях, што захоўваліся ў Варшаўскім архіве. Пераважаюць матэрыялы пра Беларусь і Літву, часткова — Украіну і Падляшша. Большасць з іх асвятляе сац.-эканам. і сац.-прававыя адносіны: прывілеі вял. князёў на зямельную ўласнасць, прыгонных сялян, судовыя дакументы, дагаворы куплі-продажу маёнткаў, прывілеі на корчмы, мыта, дзярж. пасады і інш. З публічна-прававых актаў змешчаны агульназемскія прывілеі 15 ст., абласныя прывілеі 16 ст.
зборнік дакументаў па сац.-эканам. гісторыі ВКЛ 14—16 ст. Выдадзены ў Маскве (вып. 1, 1899; т. 2, 1897) М.В.Доўнар-Запольскім. Змешчаны дакументы на старабел. і лац. мовах з Метрыкі Вялікага княства Літоўскага: прывілеі гарадам на магдэбургскае права, велікакняжацкія граматы на землі, інвентары, матэрыялы Віленскіх 1563 і 1565, Гарадзенскіх 1567 і 1568, Люблінскага 1569 вальных соймаў, апісанне межаў ВКЛ з Маскоўскай дзяржавай 1523, попіс гарадоў ВКЛ з указаннем колькасці воінаў, адпраўленых імі на вайну (каля 1513), кантракты на арэнду велікакняжацкіх мытняў, корчмаў, прыходна-расходныя кнігі велікакняжацкіх пісараў, уставы сялянам гаспадарскіх уладанняў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯЛІ́КІ КНЯЗЬ,
найвышэйшы княжацкі тытул на Русі і ў ВКЛ. Вядомы з 10 ст., належаў феад. сюзерэну ўсіх князёў (Вялікі князь кіеўскі), у 12—14 ст. — правіцелям буйнейшых феад. княстваў і асобным прадстаўнікам уплывовых княжацкіх родаў. Пасля стварэння Рус. цэнтралізаванай дзяржавы (канец 15 — пач. 16 ст.) належаў Вялікім князям маскоўскім, з 1547 увайшоў у царскі, а з 1721 у імператарскі тытулы. У ВКЛафіц. тытул Вялікі князь літоўскі, рускі, жамойцкі і інш. зямель; называўся таксама гаспадаром. Быў кіраўніком дзяржавы. Пасля падзелаў Рэчы Паспалітай у канцы 18 ст. тытулам Вялікі князь літоўскі да 1917 карысталіся рас. імператары. Тытул Вялікага князя насілі члены рас. імператарскай сям’і.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛАВІ́Н (Фёдар Аляксеевіч) (1650—10.8.1706),
расійскі дзярж. і ваен. дзеяч, дыпламат. Адмірал (1699), ген.-фельдмаршал (1700). Граф (1701). Паплечнік Пятра I. З дваранскага роду Галавіных. Склаў і падпісаў з Кітаем Нерчынскі дагавор 1689. Удзельнічаў у Азоўскіх паходах Пятра I (1695—96), камандаваў эскадрай (1695). З 1697 узначальваў Зброевую, Залатую і Сярэбраную палаты. Быў 2-м паслом Вялікага пасольства (1697—98) у краіны Зах. Еўропы. У 1698—99 узначальваў Ваенна-Марскі прыказ і Манетны двор, з 1700 — Пасольскі прыказ. Стварыў сістэму пастаянных рас. прадстаўніцтваў за мяжой. З 1701 кіраваў маскоўскай Навігацкай школай. Аўтар твора «Глобус нябесны» (выдадзены ў Амстэрдаме ў 1715).