вызначэнне спосабаў і магчымасцей узаемадзеянняў клетак паміж сабой і з вонкавым асяроддзем. Існуюць 2 асн. К.п.т.: мембранная і фазавая. Мембранная тлумачыць пранікненне рэчываў праз клетачную мембрану на аснове эл.-хім. градыента рэчываў, якія ўтвараюць або не ўтвараюць злучэнні з пэўнымі рэчывамі (пераносчыкамі) самой мембраны. Недахоп гэтай тэорыі ў тым, што яна грунтуецца толькі на фіз.-хім. тлумачэнні працэсаў. Фазавая (сарбцыённая) тэорыя разглядае пранікальнасць клетачных мембран на аснове растваральнасці рэчываў у цытаплазме (іншай, чым у вадзе); такая ўласцівасць вызначаецца каацэрватнай сістэмай цытаплазмы. Важнай акалічнасцю з’яўляецца і магчымасць цытаплазмы хімічна звязваць і адсарбіраваць розныя рэчывы. Гэта тэорыя ўлічвае ўласцівасці ўсяго змесціва клеткі, але ігнаруе ўласцівасці мембраны. Вырашэнне праблемы верагодна ў збліжэнні абедзвюх тэорый. Клетачная пранікальнасць вызначае з’явы пінацытозу і фагацытозу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАРЫ́ЦКІ ПАРК,
помнік садова-паркавага мастацтва ў в. Нарыца Пастаўскага р-на Віцебскай вобл. Заснаваны, верагодна, у сярэдзіне 18 ст. на беразе невял. рэчкі. Парк рэгулярнага тыпу, пл. каля 2 га. Цэнтр кампазіцыі — мураваны палац (пазней драўляны, не захаваўся), пабудаваны на месцы стараж. замка, ад якога засталіся валы і равы. На У ад яго ў бок вадаёма, які аддзяляў палац ад асн. паркавага масіву, прамавугольная тэраса з кветнікавым партэрам і групамі ясеню звычайнага. Планіровачную аснову парку складае сістэма ўзаемна перпендыкулярных ліпавых алей, з багатым кветнікавым афармленнем, баскетамі і круглымі пляцоўкамі на перакрыжаванні алей. Папярочная вось кампазіцыі падкрэслена сістэмай вадаёмаў (раней было 9). Парк моцна пашкоджаны. Захаваліся часткі алей, пляцовак, тэрас і асн. вадаёмы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЁТР З ДУ́СБУРГА (Petrus de Dusburg),
храніст канца 13 — пач. 14 ст., святар Тэўтонскага ордэна. Паходзіў з ням.г. Дуйсбург або галандскага г. Дусбург. Падрабязнасці жыцця і дзейнасці не захаваліся. Магчыма, быў набліжаным да вял. магістра ордэна Вернера фон Орзельна, якому прысвяціў «Хроніку зямлі Прускай» на лац. мове. «Хроніка» ахоплівае падзеі ад заснавання ордэна ў Палесціне ў 1190 і да 1326, асаблівая ўвага аддадзена падзеям канца 13 — пач. 14 ст., сучаснікам якіх быў аўтар. Ёсць дапаўненні за 1326—30, аўтарам якіх, верагодна, быў таксама Пётр. «Хроніка» змяшчае багаты і часта унікальны матэрыял пра войны ордэна з зах.-балцкімі плямёнамі, Літвой, Польшчай, пра напады рыцараў на Гародна і Новагародак («Крывіцкую зямлю»), пра ваен. дзейнасць Давыда Гарадзенскага.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЎКАВЫ́СКАЕ КНЯ́СТВА,
удзельнае княства ў 13 ст. ў бас.р. Рось (левы прыток Нёмана). Цэнтр — г.Ваўкавыск. Паводле пісьмовых крыніц, вядомы адзіны князь Глеб. Іпацьеўскі летапіс пад 1256 паведамляе, што ў паходах галіцка-валынскіх і мазавецкіх князёў на яцвягаў удзельнічалі князі новагародскі Раман, свіслацкі Ізяслаў і ваўкавыскі Глеб як васальна залежны ад галіцка-валынскага князя. У час паходу татарскага ваяводы Бурундая на Літву ў 1258 галіцкі кн. Даніла Раманавіч захапіў Ваўкавыск, узяў у палон кн. Глеба. У 1260—80-я г. княства падуладнае князям ВКЛ Войшалку, Шварну, Трайдзеню. У 1289 князі ВКЛ Будзікід і Будзівід перадалі Ваўкавыскае княства валынскаму кн. Мсціславу Данілавічу, «абы с ними мир держал». Верагодна, Ваўкавыскае княства існавала працяглы час у складзе ВКЛ у канцы 13 — пач. 14 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕ́ЧА (ад стараслав. вет — рада, стараж.-рус. вещать — гаварыць),
народны сход у стараж. і сярэдневяковай Русі, Украіне і Беларусі; орган дзярж. улады. Узнікла з племянных сходак славян. На вечы вырашаліся пытанні вайны і міру, заканадаўства, заключэння дагавораў, веча магло запрашаць ці выганяць князёў, судзіць за паліт. і інш. значныя злачынствы. Упершыню веча згадваецца ў Белгарадзе ў летапісах пад 997, у Ноўгарадзе Вялікім пад 1016, Кіеве пад 1068. На Беларусі існавала ў стараж. Полацку, Друцку, верагодна, у Мінску, Віцебску і інш. З канца 11 ст. роля веча павялічылася. Яго збіралі па меры неабходнасці, склікалі па ініцыятыве князя, пасаднікаў (службовых асоб) ці гар. насельніцтва. Правам удзелу ў вечы карысталіся ўсе паўнапраўныя вольныя мужчыны, вядучая роля належала заможным гараджанам і баярам. Паступова страціла сваё значэнне і ў 14—15 ст. у ВКЛ заменена сеймам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАСЕ́Я,
гістарычная воласць, у верхнім цячэнні р. Басі, на стыку сучасных Горацкага і Шклоўскага р-наў Магілёўскай вобласці. Упершыню згадваецца каля 1136 у грамаце смаленскага кн.Расціслава Мсціславіча, які атрымліваў з Басеі даніну ў памеры 15 грыўняў і вызначаў з яе дзесяціну на карысць смаленскага епіскапа. Цэнтр воласці ў 12—13 ст. знаходзіўся, верагодна, у сучасным урочышчы Пагост каля в. Новае Вільянава Шклоўскага р-на. У складзе ВКЛ разам з суседняй Горскай воласцю належала кн. Друцкім. У 1-й пал. 16 ст. адна частка Басеі належала кн. В.Ю.Друцкаму-Талачынскаму, другая — кн. С.Ямантовічу-Падбярэзскаму. Пазней у выніку падзелаў частка Басеі ўвайшла ў Шклоўскае і Капыскае графствы, паўд. ўскраіна — у Магілёўскую эканомію. Астатняя частка ператварылася ў самаст. маёнткі Сялец і Якаўлевічы Аршанскага пав.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУ́ДНЫ Бенеш, дзеяч бел. культуры 16—17 ст., пісьменнік, перакладчык. Нарадзіўся, верагодна, у мяст. Лоск (цяпер у Валожынскім р-не Мінскай вобл.). Скончыў Кёнігсбергскі пратэстанцкі ун-т. Да 1594 жыў пры двары бел. магнатаў Ф.Скуміна, А.Храптовіча, потым служыў у М.К.Радзівіла. Яго асн. твор «Кароткія і ясныя аповесці, якія па-грэчаску называюцца «Апафегматы» (Вільня, 1599) у 17 ст. вытрымаў 11 выданняў, у 1711 па загадзе Пятра I перакладзены на рус. мову і надрукаваны ў Маскве. Гэта філас.-этычныя сентэнцыі з нагоды вучэння ці жыцця ант. філосафаў і паліт. дзеячаў. Будны спрабаваў хрысціянізаваць ант. этыку і на аснове сінтэзу духоўных каштоўнасцяў антычнасці і хрысціянства выпрацаваць агульначалавечыя прынцыпы і нормы маралі, карысныя для ўсіх эпох. Пераклаў трактаты Цыцэрона «Аб старасці» (1956 1596), «Аб дружбе» (1603).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЭ́ЙДЭН ((Weyden) Рагір ван дэр) (каля 1400, г. Турнэ, Бельгія — 18.6.1464),
нідэрландскі жывапісец. Прадстаўнік ранняга нідэрл. Адраджэння. Зазнаў уплыў Р.Кампена, у якога, верагодна, вучыўся. З 1435 працаваў у Бруселі. У 1450 наведаў Італію. Раннія творы не захаваліся. Для творчасці характэрна перапрацоўка маст. прыёмаў Я. ван Эйка. У рэліг. кампазіцыях, персанажы якіх адлюстраваны ў інтэр’ерах з відамі на прыроду або на ўмоўных фонах, гал. ўвагу засяроджвае на выявах першага плана, на ўнутр. стане чалавека, не імкнецца да дакладнай перадачы глыбіні прасторы і бытавых дэталей абстаноўкі. У творах Вэйдэна ўраўнаважанасць кампазіцыі, эмац. насычанасць і мяккасць колеру, некаторая падоўжанасць у прапорцыях выяў людзей. Сярод работ: «Распяцце», «Зняцце з крыжа», «Святы Лука малюе мадонну», «Партрэт жанчыны», «Франчэска д’Эстэ» і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАДЗЮ́КАВЫЯ (Viperidae),
сямейства ядавітых змей атр. лускаватых. 11 родаў, 60 відаў. Пашыраны ў Афрыцы (адкуль, верагодна, паходзяць) і Еўразіі. Насяляюць вільготныя экватарыяльныя лясы, сухія саванны і стэпы, бязводныя пустыні, паўн. хваёвыя лясы, скалістыя горы да 3000 м над узр. м. Большасць вядзе наземны спосаб жыцця, іншыя жывуць на дрэвах або пад зямлёй. Найб. вядомыя — гюрза, эфа. На Беларусі 1 від — гадзюка звычайная. 4 віды гадзюкавых у Чырв. кнізе МСАП.
Даўж. да 2 м. Цела тоўстае, рознай афарбоўкі, хвост кароткі, галава пляскатая. Зрэнка вертыкальная. На верхняй сківіцы 1—2 вял. рухомыя ядавітыя зубы і па 3—5 больш дробных. Актыўныя пераважна прыцемкам і ўначы. Дарослыя кормяцца дробнымі жывёламі, птушкамі, яйцамі, моладзь — насякомымі і членістаногімі. Яйцажывародныя, некаторыя адкладваюць яйцы. Аб’екты адлову і ўтрымання ў серпентарыях для атрымання змяінага яду.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРУ́ЦКІЯ,
старажытны княжацкі род герба «Друцк». Паходзяць, верагодна, ад кн.Рагвалода Рагвалодавіча, які пасля паражэння ў 1161 у барацьбе за полацкі трон замацаваў за сабой Друцкае княства (адсюль прозвішча яго нашчадкаў). У 1-й пал. 14 ст. Д. падзяліліся на 2 лініі: старэйшую (ад кн. Васіля Міхайлавіча), прадстаўнікі якой пасля ўдзелу ў Глінскіх мяцяжы 1508 выехалі ў Маскву, і малодшую (ад кн. Сямёна Міхайлавіча), прадстаўнікі якой засталіся ў ВКЛ і падзяліліся на некалькі галін, атрымаўшы другія прозвішчы ад сваіх маёнткаў (Д.-Азярэцкія, Друцкія-Горскія, Друцкія-Любецкія, Друцкія-Сакалінскія і інш.) і ад мянушак заснавальнікаў асобных галін роду (Д.-Адзінцэвічы, Д.-Бабічавы, Д.-Каноплі, Д.-Пуцяцічы і інш.).
Літ.:
Насевіч В.Л. Род князёў Друцкіх у гісторыі Вялікага княства Літоўскага (XIV—XVI стст.) // Старонкі гісторыі Беларусі. Мн., 1992.