РУБО́ (Франц Аляксеевіч) (17.6.1856, г. Адэса, Украіна — 13.3.1928),

расійскі жывапісец-баталіст. Вучыўся ў Рысавальнай школе ў Адэсе (з 1865) і ў АМ у Мюнхене (1877—83). Жыў пераважна ў Пецярбургу. У 1904—12 выкладаў у Пецярбургскай АМ. З 1913 у Германіі. Працаваў пераважна ў панарамным жывапісе. Аўтар грандыёзных паводле маштабаў твораў, якія вызначаюцца дакумент. дакладнасцю адлюстравання гіст. падзей: панарамы «Штурм аула Ахульга» (каля 1896, не захавалася), «Абарона Севастопаля» (1902—04, адкрыта ў 1905 у Севастопалі; у 1941—42 пашкоджана пры абароне горада, адноўлена і зноў адкрыта ў 1954), «Барадзінская бітва» (1911, адкрыта ў 1912 у Маскве; адрэстаўрыравана і зноў адкрыта ў 1962). Пісаў таксама станковыя карціны: «Атака Новачаркаскага палка ў баі на рацэ Шахэ» (1907), «Барадзінскі бой» (1913, з К.​Бекерам) і інш.

Літ.:

Федорова О. Ф.​Рубо. М., 1982.

Ф.Рубо. Фрагмент панарамы «Барадзінская бітва». 1911.

т. 13, с. 424

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЯЗІ́Д I Маланкавы

(Bayezid I Yildirim; 1354? — 8.3.1403),

турэцкі султан у 1389—1402. З дынастыі Асманаў. Захапіў вял. тэрыторыі на Балканах і ў Малой Азіі. Войскі Баязіда ў 1394—1401 неаднаразова асаджалі Канстанцінопаль. У бітве з Цімурам каля Анкары (гл. Анкарская бітва 1402) разбіты і ўзяты ў палон, дзе і памёр.

т. 2, с. 368

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКРУЖЭ́ННЕ (ваен.),

ізаляцыя групоўкі праціўніка ад астатніх яго войскаў з мэтай знішчэння ці ўзяцця ў палон. Паспяховае акружэнне часцей бывае, калі прарыў абароны праціўніка ажыццяўляецца на двух або некалькіх участках фронту з развіццём наступлення па напрамках, якія сыходзяцца; калі створана перавага над праціўнікам у сілах і сродках (пры спрыяльных умовах акружэнне магчыма і пры роўных сілах). Акружаная групоўка адначасова блакіруецца з паветра, а на прыморскіх напрамках і з боку мора.

Класічны прыклад акружэння — бітва пры Канах у 216 да н.э. паміж рым. і карфагенскай арміямі. Шырока практыкавалася ў час Вял. Айч. вайны, калі сав. войскі правялі шэраг значных аперацый па акружэнні войскаў праціўніка (гл. Сталінградская бітва 1942—43, Корсунь-Шаўчэнкаўская аперацыя 1944, Яса-Кішынёўская аперацыя 1944). На тэр. Беларусі ў ходзе Віцебска-Аршанскай аперацыі 1944, Бабруйскай аперацыі 1944, Мінскай аперацыі 1944 трапілі ў акружэнне вял. групоўкі ням. войскаў (гл. Віцебскі «кацёл», Бабруйскі «кацёл», Мінскі «кацёл»).

т. 1, с. 201

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СВЯТАСЛА́Ў ІВА́НАВІЧ (? — 29.4.1386),

вялікі князь смаленскі з 1358. Сын вял. кн. смаленскага Івана Аляксандравіча. Праводзіў палітыку па захаванні незалежнасці Смаленскага княства. Спрабаваў вярнуць захопленыя вял. кн. Альгердам паволжскія землі (паход 1358 на р. Белая), але ў выніку страціў Мсціслаў з Пасожжам (1359). Дружына С.І. ў 1368 і 1370 прымала ўдзел у паходах Альгерда на Маскву 1368—72. За парушэнне дагавора з Масквой у 1368 С.І. быў адлучаны мітрапалітам Алексіем ад царквы, што пацвердзіў у 1370 канстанцінопальскі патрыярх. У 1375 заключыў саюзны дагавор з Масквой і ўдзельнічаў у паходзе супраць Цверы. У 1386 разам з Андрэем Альгердавічам пачаў барацьбу супраць Вільні і спрабаваў вярнуць захопленыя ВКЛ паўн.-зах. воласці Смаленскага княства. Пасля няўдалай аблогі Віцебска і Оршы спрабаваў узяць Мсціслаў. 29 крас. пад сценамі горада адбылася бітва з падышоўшым войскам ВКЛ, у якой С.І. быў разбіты (гл. Мсціслаўская бітва 1386).

А.​А.​Мяцельскі.

т. 14, с. 274

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́ЛГАРАД,

горад у Расійскай Федэрацыі, цэнтр Белгародскай вобл., на р. Северскі Данец. 315,7 тыс. ж. (1994). Чыг. вузел. Аэрапорт. Вытв-сць буд. матэрыялаў (цэмент, азбестацэмент, мел, вапняк і інш.). Машынабудаванне і металаапрацоўка (энергет. машынабудаванне, прыладабудаванне, эл.-тэхн., радыёэлектронная прам-сць і інш.), хім. (сінт. паўфабрыкаты, вітаміны), харч. (плодаагароднінная, кансервавая, мясная і інш.) прам-сць. 5 ВНУ. Белгарад — цэнтр н.-д. і праектных работ па асваенні Курскай магнітнай анамаліі. 2 тэатры, 2 музеі. Музей-дыярама «Курская бітва». Арх. помнікі 18—19 ст.

Упершыню ўпамінаецца ў 1237. У 1598—1785 горад-крэпасць, цэнтр Белгародскай абарончай лініі супраць крымскіх татараў на паўд. межах Расіі. З 1708 у Кіеўскай губ. З 1719 цэнтр Белгародскай прав., з 1727 у Курскай губ. З 1779 павятовы горад Курскага намесніцтва, з 1796 — Курскай губ. У 1869 праз Белгарад пракладзена Курска-Харкаўская чыгунка. У Вял. Айч. вайну ў раёне Белгарада ў ліп.—жн. 1943 адбываліся цяжкія баі (гл. ў арт. Курская бітва 1943). З 1954 цэнтр Белгародскай вобл.

т. 3, с. 74

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІЕ́НА (Jena),

горад на У Германіі, у зямлі Цюрынгія, на р. Заале. Упершыню ўпамінаецца ў 9 ст. як крэпасць. Гар. правы з 13 ст. 100,1 тыс. ж. (1994). Вузел чыгунак. Буйны цэнтр аптычнай прам-сці (прадпрыемства «Карл Цэйс»). Хім.-фармацэўтычная прам-сць. Ун-т (з 1558). Планетарый. Бат. сад. Каля І. адбылася Іена-Аўэрштэцкая бітва 1806.

т. 7, с. 170

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАС-НА́ВАС-ДЭ-ТАЛО́СА (Las Navas de Tolosa),

сяло ў Іспаніі (прав. Хаэн, Андалусія), каля якога 16.7.1212 аб’яднаныя войскі ісп. каралеўстваў Кастыліі, Леона, Арагона і Навары на чале з кастыльскім каралём Альфонсам VIII разграмілі арабскія войскі Альмахадаў. Бітва стала пераломным момантам у гісторыі Рэканкісты: пасля яе пачаўся заняпад дзяржавы Альмахадаў і хуткае тэр. пашырэнне ісп. дзяржаў.

т. 9, с. 143

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІЛІ́БІН (Аляксандр Іванавіч) (11.9.1911, г. Сімферопаль, Украіна — 8.6.1993),

бел. дырыжор, дзеяч самадзейнага муз. мастацтва. Засл. арт. Беларусі (1955). Скончыў ваенна-дырыжорскі ф-т Маскоўскай кансерваторыі (1942). У 1952—62 узначальваў Маладзечанскі абласны ансамбль песні і танца. З 1962 маст. кіраўнік Мінскай абл. нар. філармоніі пры Бел. філармоніі, у 1968—73 дырэктар Рэсп. Дома маст. самадзейнасці Белсаўпрофа.

І.Білібін. Кулікоўская бітва. 1941.

т. 3, с. 151

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРЭ́ЙСКІ ПРАЛІ́Ў,

праліў паміж Карэйскім п-вам і а-вамі Японскага архіпелага (Ікі, Кюсю і паўд.-зах. канцавой ч. Хонсю). Злучае Японскае і Усх.-Кітайскае моры. Даўж. 324 км, найменшая шыр. 180 км, найменшая глыб. на фарватэры 73 м. А-вамі Цусіма падзяляецца на 2 праходы: Усходні і Заходні. У час рус.-яп. вайны ў К.п. ў 1905 адбылася Цусімская бітва.

т. 8, с. 121

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРАПІ́ЎНА,

вёска ў Аршанскім р-не Віцебскай вобл., на р. Крапівенка. Цэнтр сельсавета і саўгаса. За 11 км на У ад горада і 14 км ад чыг. ст. Орша, 91 км ад Віцебска. 782 ж., 271 двор (1998). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Прачысценская царква (2-я пал. 19 ст.). Каля вёскі адбылася Аршанская бітва 1514.

т. 8, с. 452

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)