КА́РЫ, лесавозы,

сані для перавозкі лесу і буд. матэрыялаў. Рабілі з масіўных, часцей натуральна выгнутых палазоў, якія трывала злучалі паміж сабой па капылах дубовымі вязамі, брускамі ці патоўшчанымі на канцах калодкамі. Спосаб укладкі бярвён залежаў ад даўжыні, канструкцыі К., мясц. тыпаў запрэжкі. Былі пашыраны да сярэдзіны 20 ст. Выйшлі з ужытку.

В.​С.​Цітоў.

т. 8, с. 112

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРА́ЙЧЫ,

пасада ў ВКЛ і Польшчы. Да 13 ст. прыдворны, які пасля падрыхтоўкі стала стольнікам наразаў стравы для свайго пана. У ВКЛ вядомы з 15 ст. У Рэчы Паспалітай ВКЛ і Польшча мелі асобных вялікіх К. У паветах былі пасады К. земскіх. У 16 ст. К. — ганаровае званне (тытул) без пэўных абавязкаў.

т. 8, с. 444

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ЛУ́НАР О́РБІТЭР»

(Lunar Orbiter),

серыя амерыканскіх штучных спадарожнікаў Месяца для пошуку раёнаў пасадкі месяцавай кабіны касм. карабля «Апалон» і аўтам. міжпланетных станцый «Сервеер», навук. даследаванняў; праграма іх распрацоўкі і запускаў. Запушчана 5 «Л.о.» (1966—67). У выніку былі выбраны ўчасткі для пасадкі касм. караблёў, складзена падрабязная карта бачнага боку і некаторых раёнаў нябачнага боку Месяца.

т. 9, с. 368

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРА́НЫ (ісп. marranos),

яўрэі ў Іспаніі і Партугаліі ў 14—17 ст., якія афіцыйна (у т. л. вымушана) прынялі каталіцтва. Займаліся гандлем, некат. з М. былі на дзярж. службе і нават сярод каталіцкага духавенства. Значная частка М. працягвала тайна выконваць яўр. рэліг. абрады, за што ісп. інквізіцыя падвяргала іх ганенням і пакаранню смерцю.

т. 10, с. 105

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАУ́С,

у працах сярэдневяковых арабамоўных аўтараў — назва немусульманскіх пахавальных пабудоў. Н. былі пашыраны ў старажытнасці і сярэднявеччы ў некат. народаў Сярэдняй і Пярэдняй Азіі, рэлігія якіх забараняла хаваць нябожчыкаў у зямлю. У рус. усходазнаўчай і археал. л-ры Н. называюць скляпы, якія зараастрыйцы будавалі з гліны, ці камянёў для захавання асуарыяў ці для наземных пахаванняў.

т. 11, с. 210

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ПАЛЁТ»,

савецкі ШСЗ для вывучэння касм. прасторы і манеўравання ў космасе. Абсталяваны спец. апаратурай і сістэмай рухальных установак, якія забяспечвалі змену вышыні і плоскасці арбіты ў палёце. На борце ШСЗ былі таксама ўстаноўлены: навук. апаратура, тэлеметрычная сістэма, радыёперадавальныя прыстасаванні. «П.—1» — першы манеўравальны ШСЗ; запушчаны 1.11.1963. У 1963—64 запушчаны 2 «П.».

т. 11, с. 554

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«БА́ЦЬКАЎШЧЫНА»,

культурна-асветнае таварыства бел. нац. меншасці ў Латвіі ў 1921—25. Створана ў Дзвінску (цяпер. г. Даўгаўпілс) групай інтэлігенцыі на чале з настаўнікам Я.​В.​Харлапам. Членамі кіраўніцтва т-ва ў розны час былі М.​Гарэцкі, І.​С.​Дварчанін, К.​Езавітаў, У.​Жылка, І.​І.​Краскоўскі, П.​В.​Мядзёлка, У.​В.​Пігулеўскі, С.​П.​Сахараў, А.​П.​Якубецкі і інш. Дзейнасці т-ва спрыялі прадстаўнікі лат. інтэлігенцыі Б.​Р.​Брэжга, Я.​Райніс. Пры падтрымцы Райніса пры Мін-ве асветы Латвіі ў 1921 створаны Бел. аддзел для кіраўніцтва навуч. ўстановамі (кіраўнік Сахараў), у Дзвінскім і Люцынскім пав. адкрыта каля 60 бел. школ, заснаваны Люцынская і Дзвінская бел. гімназіі, настаўніцкія курсы, с.-г. школа. Паводле сфабрыкаваных паліцыяй Латвіі матэрыялаў супраць членаў «Бацькаўшчыны» былі арыштаваны Езавітаў, Мядзёлка, Пігулеўскі, Краскоўскі, Якубецкі і інш. У крас. 1925 суд апраўдаў усіх абвінавачаных, але дзейнасць т-ва паступова спынілася.

С.​С.​Панізнік.

т. 2, с. 361

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЯРО́ЗАЎСКІ КАСЦЁЛ І КЛЯ́ШТАР КАРТЭЗІЯ́НЦАЎ.

Пабудаваны ў 1648—89 у г. Бяроза Брэсцкай вобл. У час Паўночнай вайны 1700—21 і баёў з Барскімі канфедэратамі (1772) часткова разбураны. У 1831 закрыты за ўдзел манахаў у паўстанні 1830—31. У 1866 часткова разабраны. Захаваліся рэшткі паўд. і зах. частак кляштара. У барочны комплекс уваходзілі мураваныя будынак касцёла, каплічка, жылыя карпусы з маленькімі ўнутр. дворыкамі, трапезная, б-ка, шпіталь, аптэка, гасп. пабудовы, якія былі абнесены крапасной сцяной з вежамі. Гал. уваходам у кляштар служыла магутная брама з байніцамі. Двухпавярховыя карпусы келляў манахаў-самотнікаў былі злучаны з касцёлам калідорамі-галерэямі. Дэкар. аздабленне — пілястры, раскрапоўкі, глыбокія нішы, фігурныя франтоны. Касцёл — 3-нефавая базіліка з трыма гранёнымі апсідамі і гранёным тамбурам пры ўваходзе. Сілуэт ансамбля фарміравала абарончая 8-гранная шмат’ярусная вежа-званіца з магутнымі сценамі, вузкімі вокнамі-байніцамі.

Бярозаўскі касцёл і кляштар картэзіянцаў. З малюнка Н.​Орды. 1870-я г.

т. 3, с. 411

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДУХО́ЎНЫЯ ВЕ́РШЫ,

эпічныя і лірычныя песні на сюжэты старазапаветных, евангельскіх казанняў і міфаў, жыцій святых, рэліг. легенд, апокрыфаў. Выконвалі вандроўныя жабракі, лірнікі. Паэт. формай адны блізкія да былін, другія — да абрадавых песень, трэція — да малітваў. Былі пашыраны ва ўсіх слав. народаў. Першы запіс рус. Д.в. вядомы з 15 ст. У 1848 упершыню некалькі бел. Д.в. разам з рус. апублікаваў П.​В.​Кірэеўскі. Шмат іх сабралі П.​А.​Бяссонаў, П.​В.​Шэйн, Е.​Р.​Раманаў, М.​Я.​Нікіфароўскі, М.​Федароўскі. Эпічныя Д.в. апавядалі пра стварэнне свету, страшны суд, Адама і Еву, Ісуса Хрыста, Лазара, Барыса і Глеба і інш. Лірычныя былі блізкія да малітваў, царк. песень, кантаў. Асабліва папулярнай была песня пра беднага Лазара і багатыра.

Літ.:

Карский Е.Ф. Белорусы. М., 1916. Т. 3, ч. 1. С. 496—531;

Беларуская народная вусна-паэтычная творчасць. Мн., 1967. С. 97—104.

А.​С.​Фядосік.

т. 6, с. 267

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫПЛАДО́КІ (Diplodocus),

род вымерлых паўзуноў падатр. заўрапод атр. яшчаратазавых дыназаўраў. 3—4 віды. Вядомы з юры Паўн. Амерыкі і Пд Англіі. Упершыню рэшткі Д. выяўлены ў штаце Каларада (1887).

Даўж. да 27 м, маса каля 10 т. Зграбныя жывёлы з невял. галавой, тонкай доўгай шыяй і доўгім прутападобным хвастом. Магутная спінная мускулатура дазваляла адрываць пярэднія ногі ад зямлі і падымацца на задніх, каб дацягвацца да крон дрэў. Маса ног складала амаль палову масы цела. Мускулатура мацавалася пры дапамозе высокіх асцістых адросткаў крыжавых і злучаных з імі спінных і хваставых пазванкоў. На ніжняй паверхні хваставых пазванкоў былі двайныя (парныя) адросткі для засцярогі хваста, калі ён цягнуўся па зямлі (адсюль назва роду, якая азначае «двайны адростак», або «двухадросткавая істота». Насавыя адтуліны і вочы размяшчаліся на вяршыні чэрапа. Зубы нешматлікія, слабыя, былі толькі ў пярэдняй частцы сківіц. Расліннаедныя, карміліся мяккай воднай і наземнай расліннасцю.

П.​Ф.​Каліноўскі.

т. 6, с. 287

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)